БЕЛАРУ́СКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ ВАЙСКО́ЎЦАЎ (БЗВ),

грамадскі добраахвотны рух, у якім незалежна ад нацыянальнасці, веравызнання, паліт. поглядаў і членства ў іншых рухах і партыях аб’ядноўваліся былыя вайскоўцы, а таксама калектыўныя члены — інш. грамадскія арг-цыі і паліт. партыі. Засн. 19—20.8.1991 у час жнівеньскіх падзей 1991. Устаноўчы з’езд адбыўся 12—13.10.1991 у Мінску. Мэты і задачы: садзейнічанне ажыццяўленню вайск. рэформы, абарона дэмакратыі і дзярж. суверэнітэту Беларусі, правоў бел. вайскоўцаў, выхаванне патрыятызму і нац. годнасці ў вайскоўцаў і шырокіх колаў грамадства. У сак. 1992 выступіла ініцыятарам і арганізатарам падпісання «Антыкрызіснага пагаднення супраць знешняй пагрозы суверэнітэту Рэспублікі Беларусь». 16.2.1994 Вярх. суд Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасць БЗВ за ахову забастоўкі рабочых у Мінску. 16.2.1994 створаны аргкамітэт патрыят. руху БЗВ, 10.3.1995 зарэгістраваны Патрыятычны рух БЗВ запасу асобаў у адстаўцы і інш. грамадзян.

т. 2, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́МАН»

(«Homan»),

бел. грамадска.-паліт. і літ. газета нац.-дэмакр. адраджэнскага кірунку. Выдавалася з 15(28).2.1916 да канца 1918 у Вільні на бел. мове з дазволу акупац. герм. улад. Выходзіла 2 разы на тыдзень лацінкай і кірыліцай (з 1.9.1916). Рэдактары В.​Ластоўскі і Я.​Салавей (з сярэдзіны 1917). Выступала за нац.-культ. адзінства бел. народа, незалежную Бел. рэспубліку, якая магла б уваходзіць на канфедэратыўнай аснове ў адроджанае ВКЛ. Вітала звяржэнне самадзяржаўя ў Расіі, асвятляла дзейнасць Дзярж. думы, друкавала інфармацыю з франтоў. Надрукавала шэраг артыкулаў, нарысаў, іншых матэрыялаў па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню апублікавала некат. творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, А.​Гаруна, Ц.​Гартнага, А.​Гурло, а таксама даследаванні М.​Нікіфароўскага, літ.-крытычныя нарысы А.​Луцкевіча (пад. псеўд. А.​Навіна).

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСЯЛЕ́ННЕ,

пазбаўленне грамадзяніна права карыстацца жылым памяшканнем, якое ён займае. З дамоў дзярж. або грамадскага фонду высяленне дапускаецца, як правіла, у суд. парадку. У адм. парадку з санкцыі пракурора высяляюцца асобы, якія самаўпраўна занялі жыллё ці пражываюць у дамах, якім пагражае абвал. Высяленне з выдзяленнем інш. жылога памяшкання дазваляецца ў выпадках, калі дом пагражае абвалам, падлягае зносу ці пераабсталяванню ў нежылы. Гэта датычыцца таксама ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў пры выхадзе ў адстаўку ці ў запас і некаторых катэгорый рабочых і служачых пэўных галін нар. гаспадаркі, якія карысталіся жыллём прадпрыемстваў. Без забеспячэння жыллём высяляюць асоб, якія самаўпраўна занялі жылыя памяшканні, тых наймальнікаў і членаў іх сем’яў, што сістэматычна разбураюць ці псуюць жыллё, выкарыстоўваюць яго не па прызначэнні ці робяць немагчымым для іншых пражыванне ў адной кватэры або доме.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУЦЫ́ЙНЫ СУД,

асобы орган краін, адзінай або гал. функцыяй якога з’яўляецца ажыццяўленне канстытуцыйнага нагляду. Упершыню засн. ў Аўстрыі ў 1920. З таго часу атрымаў распаўсюджанне ў Еўропе, некат. краінах Азіі, Амерыкі і Афрыкі. У адрозненне ад звычайных вярх. судоў К.с. не ўваходзіць у сістэму судоў агульнай юрысдыкцыі. У адных краінах (напр., Расія) К.с. лічыцца судом асобай катэгорыі і ўваходзіць адпаведна ў суд. сістэму; у іншых (ФРГ, Італія, Румынія, Балгарыя, Манголія) — асобым органам кантролю, які не адносіцца да суд. улады. Члены К.с. выбіраюцца парламентам або назначаюцца кіраўніком дзяржавы, часам назначаюцца парламентамі і інш. органамі ўлады і юстыцыі. Поруч з ажыццяўленнем канстытуцыйнага нагляду К.с. у розных краінах мае права тлумачэння канстытуцыі. вырашае пытанне пра адпаведнасць канстытуцыі дзейнасці паліт. партый, разглядае спрэчкі аб кампетэнтнасці і інш. Гл. таксама Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.

т. 7, с. 597

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНТАДО́РСКАЯ ГРУ́ПА»,

міжнародная пасрэдніцкая група ў Лац. Амерыцы ў 1980-я г. Створана ў студз. 1983 у час нарады прадстаўнікоў Мексікі, Венесуэлы, Панамы і Калумбіі на панамскім в-ве Кантадора (адсюль назва) з мэтай садзейнічаць мірнаму паліт. ўрэгуляванню крызісу ў Цэнтр. Амерыцы (ваен. канфлікты ў Нікарагуа, Сальвадоры і інш.). У ліп. 1983 прэзідэнты краін групы падпісалі Канкунскую дэкларацыю, у якой прапанаваны ў якасці перадумоў мірнага ўрэгулявання вывад замежных ваен. саветнікаў, забарона выкарыстання тэрыторыі адных краін для ваен. і паліт. акцый супраць іншых, спыненне паставак зброі і інш. У 1984 распрацаваны праект «Акта міру і супрацоўніцтва ў Цэнтр. Амерыцы». У 1985 створана т. зв. група лац.-амер. падтрымкі К.г. (Аргенціна, Бразілія, Перу, Уругвай). Аднак матэрыяльная падтрымка нікарагуанскай узбр. апазіцыі з боку ЗША падрывала намаганні К.г., якая пасля 1987 фактычна спыніла дзейнасць.

т. 7, с. 602

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯВІ́К (Bistorta),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў горных раёнах Азіі. На Беларусі амаль па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, палянах і ў хмызняках трапляецца З. вялікі, або драсён змяіны, ці ракавыя шыйкі (B. major). З. таксама наз. віды раслін з іншых родаў і сямействаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым, звычайна змеепадобным карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі. Лісце прыкаранёвай разеткі буйное, на доўгіх чаранках, сцябловае — з доўгімі похвамі і невял. ліставымі пласцінкамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя. ружовыя або ружова-белаватыя, у густых гронкападобных суквеццях; у З. жывароднага (B. vivipara) кветкі ніжняй ч. суквецця відазменены ў клубеньчыкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Плод — 3-гранны арэшак. Лек., таніданосныя (у карэнішчах да 25% дубільных рэчываў), фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Змеявік вялікі.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТА́РСІЯ (ад італьян. intarsio інкрустацыя),

спосаб дэкарыроўкі драўляных вырабаў (мэблі, пано, куфэркаў, сувенірных вырабаў і інш.) арнаментам або сюжэтнымі выявамі шляхам урэзвання ў іх паверхню кавалачкаў дрэва, іншых па фактуры і колеры; від інкрустацыі. Вядома са старажытнасці. Пашырэнне мела ў краінах Зах. Еўропы пры аздабленні мэблі. У 18—19 ст. бел. майстры аздаблялі І. мэблю для панскіх сядзіб і маёнткаў (у Нац. маст. музеі Беларусі захоўваецца гасціны гарнітур сярэдзіны 19 ст., упрыгожаны І.). З 1950-х г. некат. мэблевыя прадпрыемствы Беларусі выпускаюць мэблю, аздобленую І. па матывах бел. нар. арнаменту. У гэтай тэхніцы працуюць прафес. і самадз. мастакі П. і А.​Гапакі, Р.​Гебелеў, Дз.​Сакажынскі, А.​Сліжыкаў, У.​Курбан і інш., а таксама народныя.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Інтарсія. Сакрэтнік. 18 ст.

т. 7, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОЧАЎТВАРЭ́ННЕ,

працэс, які бесперапынна адбываецца ў нефрыдыях або іншых выдзяляльных органах беспазваночных і ў нырках пазваночных жывёл і чалавека. Забяспечвае выпрацоўку мачы і мочавыдзяленне. Складаецца з працэсаў ультрафільтрацыі, рэабсорбцыі (зваротнае ўсмоктванне) і канальцавай сакрэцыі. Пачатковы этап М. (ультрафільтрацыя плазмы крыві) адбываецца ў ныркавых клубочках (са 100 л вадкасці, што праходзіць праз клубочкі ныркі чалавека, у мачу ператвараецца 1 л). У першаснай мачы ёсць амаль усе рэчывы плазмы крыві, акрамя бялкоў. Большая ч. вады і неабходных для арганізмаў рэчываў (амінакіслоты, глюкоза, вітаміны і інш.) зваротна ўсмоктваецца ў канальцах. У прасвет нефрона адбываецца сакрэцыя арган. к-т, іонаў вадароду, некат. прадуктаў абмену, чужародных рэчываў і інш. Рэгуляцыя М. ажыццяўляецца праз ныркі эферэнтнымі нервамі і гармонамі (напр., альдастэрон, паратгармон).

Літ.:

Наточин Ю.В. Ионорегулирующая функция почки. Л., 1976.

С.​С.​Ермакова.

т. 10, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кінатэ́ка

(ад кіна- + -тэка)

збор, архіў кінафільмаў і іншых кінаматэрыялаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

го́ні

1. Вузкая і доўгая паласа раллі (БРС). Тое ж гоня (Тал. Мядзв.), гані́ (Рэч.).

2. Частка палетка, якая апрацоўваецца асобна ад іншых (Зах. Бел. Др.-Падб.). Тое ж ато́рка (Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)