археалагічная культура гета-фракійскіх плямён, якія ў 1—2 ст. насялялі рэгіён Верхняга Паднястроўя. Назва ад могільніка каля в. Верхняя Ліпіца Івана-Франкоўскай вобл. (Украіна). Асн. заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля, жалезаробчая вытв-сць. Паселішчы размяшчаліся на схілах гор. Жытлы — зямлянкі чатырохвугольнай і авальнай формы пл. да 25 м² з каменнымі агнішчамі. Большасць вядомых пахаванняў — грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Рэшткі трупаспалення разам з асабістымі рэчамі змяшчалі ў керамічную урну і накрывалі міскаю. Насельніцтва вырабляла жал. сякеры, долаты, нажы. крэсівы, спражкі і інш. Кераміка — ляпная і ганчарная (цюльпанападобныя і акруглыя гаршкі, нярэдка з наляпнымі валікамі, міскі, чашы на высокай ножцы і інш.). Выкарыстоўваліся прывазныя і мясц. рэчы з каляровых металаў: падвескі, фібулы, люстэркі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЕЎСКАЯ БІ́ТВА 1651,
бітва паміж войскамі ВКЛ і казацкім войскам у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі. З мэтай абароны паўн.-ўсх. межаў Украіны і Кіева ад войск ВКЛ Б.Хмяльніцкі накіраваў у раён Лоева, да пераправы цераз Дняпро (т. зв. «Лоеўская брама») 15-тыс. войска на чале з М.Нябабам. Гетман польны Я.Радзівіл, які ўзначальваў войска ВКЛ, 29 чэрв. падышоў да Рэчыцы і пачаў наступленне на Лоеў. У бітве, якая адбылася 6 ліп., загінулі сам Нябаба, амаль уся казацкая старшына, некалькі тыс. казакоў (частка ўзята ў палон). Потым Я.Радзівіл здзейсніў паход на Кіеў, які 4 вер. абаронцы здалі без бою. 28 вер.Украіна падпісала з Рэччу Паспалітай Белацаркоўскі дагавор 1651.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ЙТАР (Навум Барысавіч) (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),
бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).
Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага (1942), «Проба агнём» К.Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.Астроўскага, «Рэвізор» М.Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУЧЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (14.6.1845, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 22.8.1918),
расійскі гісторык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1908). Скончыў Кіеўскі ун-т (1866), з 1877 праф. у ім. Адзін з лідэраў партыі кадэтаў, дэп. 3-й Дзярж. думы (1907—12). З 1908 выкладаў на Вышэйшых жаночых курсах у Пецярбургу. Даследаваў пераважна гісторыю Францыі 16—18 ст. (рэліг. войны, агр. адносіны ў сувязі з рэвалюцыяй 1789—99). Працы Л. па агр. гісторыі Францыі стварылі школу яго паслядоўнікаў у Францыі і інш. краінах. Асн. творы: «Феадальная арыстакратыя і кальвіністы ў Францыі» (1871), «Каталіцкая ліга і кальвіністы ў Францыі» (1877), «Сялянскае землеўладанне ў Францыі напярэдадні рэвалюцыі» (1900), «Стан земляробчых класаў у Францыі напярэдадні рэвалюцыі і аграрная рэформа 1789—1793 гг.» (1912).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮБО́ВІЧ (Мікалай Мікалаевіч) (28.3. 1855, г. Тульчын Вінніцкай вобл., Украіна — 1935),
расійскі гісторык-славіст. Чл.-кар.АНСССР (1924), д-р гісторыі (1890), праф. (1890). Скончыў Кіеўскі ун-т (1877). З 1880 працаваў у Варшаўскім ун-це. У 1915 разам з ун-там эвакуіраваўся ў Растоў-на-Доне, выкладаў у Растоўскім (Паўн.-Каўказскім) ун-це. Гал. праблемы даследаванняў — гісторыя Рэфармацыі і Контррэфармацыі ў Рэчы Паспалітай, у т. л. Беларусі. Гіст. працы Л. засн. на метадалагічных прынцыпах пазітывізму («Гісторыя рэфармацыі ў Польшчы. Кальвіністы і антытрынітарыі», 1883; «Да гісторыі езуітаў у літоўска-рускіх землях у XVI ст.», 1888; «Пачатак каталіцкай рэакцыі і заняпад рэфармацыі ў Польшчы», 1890, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́ХАЎ (Уладзімір Афанасьевіч) (н. 20.7.1941, г. Антрацыт Луганскай вобл., Украіна),
савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1983), лётчык-касманаўт СССР (1979), палкоўнік. Скончыў Харкаўскае вышэйшае ваен.авіяц. вучылішча лётчыкаў (1964), Ваенна-паветр. акадэмію імя Ю.Гагарына (1975). З 1967 у атрадзе касманаўтаў. 25.2—19.8.1979 з В.В.Руміным здзейсніў палёт на касм. караблі (КК) «Саюз-32» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6» (як камандзір; вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз-34»); 27.6—23.11.1983 з А.П.Аляксандравым — палёт на КК «Саюз Т-9» і АС «Салют-7» (як камандзір); 29.8—7.9.1988 з В.У.Паляковым і А.Мамандам — палёт на КК «Саюз ТМ-6» і АС «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-5»). Правёў у космасе 333,33 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКУШО́К (Маркел Емяльянавіч) (14.1.1881, с. Вярхнячка Уманскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 31.1.1952),
бел. вучоны ў галіне заалогіі. Акад.АН Беларусі (1950, чл.-кар. 1947). Д-рбіял.н. (1937), праф. (1918). Засл. дз. нав. Беларусі (1944). Скончыў Кіеўскі ун-т (1910). З 1918 праф. Маскоўскага ун-та, з 1927 заг. кафедры Казанскага ун-та, з 1931 у Акіянаграфічным ін-це. У 1937—41 праф., у 1943—52 заг. кафедры, у 1950—52 прарэктар БДУ. Навук. працы па параўнальнай анатоміі жывёл, іхтыялогіі, герпеталогіі. Даследаваў пытанні паходжання лёгкіх і плавальнага пузыра, развіцця галавы пазваночных жывёл, сістэматыкі губак воз. Байкал і Баранцава м., іхтыяфауны Беларусі. Заснаваў у БДУ шкалу заолагаў марфолага-экалагічнага кірунку.
Тв.:
Карликовый сомик, его хозяйственное значение и биологические особенности. Мн., 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я ГВА́РДЫЯ»,
падпольная камсамольска-маладзёжная арг-цыя, якая дзейнічала ў час Вял.Айч. вайны ў акупіраваным ням.-фаш. арміяй г. Краснадон (Луганская вобл., Украіна) у кастр. 1942 — лют. 1943. Аб’ядноўвала каля 100 чал. Мела штаб, які ўзначальвалі камандзір І.В.Туркеніч і камісар А.В.Кашавой. Маладагвардзейцы выпускалі і распаўсюджвалі лістоўкі, вызвалялі ваеннапалонных, што знаходзіліся ў канцлагеры і ў бальніцы, выратоўвалі краснадонцаў ад гвалтоўнага вывазу на работу ў Германію, удзельнічалі ў канфіскацыі і знішчэнні маёмасці акупантаў, рыхтавалі ўзбр. паўстанне да прыходу Чырв. Арміі і інш. У пач. 1943 акупантам і паліцыі ўдалося раскрыць арг-цыю. Загінула больш за 80 чал., 5 з іх пасмяротна прысвоена званне Героя Сав. Саюза. Подзвіг герояў патрыятычнага падполля адлюстраваны ў рамане А.А.Фадзеева «Маладая гвардыя».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЬКО́ (Самуіл Мікітавіч) (парт.псеўд. Паўлік, Грыц; н. 15.9.1905, в. Высоцк Дубровіцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў Мінскую школу КПЗБ (1926). З 1927 сакратар Баранавіцкага акруговага к-та КСМЗБ. У 1927 арыштаваны польск. ўладамі і зняволены на 6 гадоў у турму. У 1934—36 у Прадстаўніцтве ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б. На II з’ездзе КПЗБ (1935) абраны канд. у чл.ЦК. З 1936 упаўнаважаны ЦККПЗБ па кіраўніцтве бел. арг-цыямі нац.-вызв. руху, чл. Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. З 1937 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК Кампартыі Зах. Украіны. На Нар. сходзе Зах. Беларусі (кастр. 1939, Беласток) выступаў з дакладам па сял. пытанні. У 1945—68 на паліт. рабоце ў Войску Польскім.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НІН (Руслан Яўгенавіч) (н. 16.5.1974, г. Львоў, Украіна),
бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1999). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1991, педагог А.Калядэнка). З 1992 саліст Нац.акад.т-ра балета Рэспублікі Беларусь. Яго творчасці ўласцівы тэхнічнасць, схільнасць да выразнай выяўл. пластыкі. Сярод партый: Князь Уладзімір («Страсці» А.Мдывані), Зігфрыд і Ротбарт, Прынц і Драсельмеер («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Конрад і Ланкедэм («Карсар» А.Адана), Актэон («Эсмеральда» Ц.Пуні), Юнак («Балеро» М.Равеля), Кашчэй, Юнак («Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага), Спартак і Крас («Спартак» А.Хачатурана), Абдэрахман («Раймонда» А.Глазунова), Тэрэніо («Ундзіна» Г.Генцэ), Хазэ і Тарэра («Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Д’ябал («Стварэнне свету» А.Пятрова).