аліфатычны просты эфір, H5C2OC2H5. Бясколерная вадкасць са своеасаблівым пахам, tкіп 34,5 °C, шчыльн. 713,8 кг/м³ (20 °C). Атрыманы ў 16 ст. В.Кордусам дэгідратацыяй этанолу ў прысутнасці сернай к-ты (гэтым спосабам карыстаюцца і цяпер).
Д.э. змешваецца са спіртам, бензолам і інш.арган. растваральнікамі, абмежавана — з вадой (6,5% пры 20 °C); выбухова- і вогненебяспечны (т-ра загарання -41 °C). У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры вытв-сці этылавага спірту гідратацыяй этылену. Выкарыстоўваюць як растваральнік нітратаў цэлюлозы (у т. л. ў вытв-сці бяздымнага пораху), жывёльных і раслінных тлушчаў, прыродных і сінт. смол, алкалоідаў і інш.; экстрагент, анестэзіруючы сродак у медыцыне. Злёгку раздражняе дыхальныя шляхі, пры атручэнні настае ўзбуджэнне, потым санлівасць і страта прытомнасці, ГДК 300 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАМО́ЙЦЬ, Жэмайція, Жмудзь, Самагіція,
гістарычная і этнагр. вобласць на З Літвы. З 1260-х г. у складзе ВКЛ (акрамя прыморскага ўзбярэжжа разам з Клайпедай). На працягу 2-й пал. 13 — пач. 15 ст.вял. князі ВКЛ выкарыстоўвалі Ж. як сродак для вырашэння сваіх знешнепаліт. задач у адносінах з Тэўтонскім ордэнам. Паводле Дубіскіх (1382), Салінскага (1398) і Рацыёнжскага (1404) дагавораў вял. князі ВКЛ Ягайла, а пасля Вітаўт саступалі Ж. Тэўтонскаму ордэну. У выніку паўстанняў 1401 і 1409 Ж. вызвалілася з-пад улады ордэна. Пасля Грунвальдскай бітвы 1410 і Мельнскага дагавора 1422 канчаткова далучана да ВКЛ. У 1411—1795 існавала асобнае Жамойцкае староства. З 1413 пачалося хрышчэнне Ж. з язычніцтва ў каталіцкае веравызнанне. З 1795 у складзе Літоўскай, з 1801 — Віленскай, 1843 — Ковенскай губ.Рас. імперыі, з 1918 у складзе Літвы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРЫБУ́ЦЫЯ (лац. contributio),
1) грашовыя сумы, якія выплачваюцца пераможанай дзяржавай дзяржаве-пераможцу пасля заканчэння вайны. У аснову К. пакладзена «права пераможцы» незалежна ад таго, справядлівую ці несправядлівую вайну вяла дзяржава-пераможца. Узнікла як сродак, з дапамогай якога насельніцтва пераможанага горада або дзяржавы адкуплялася ад рабавання. З мэтай абмежавання непамернага рабавання ў Гаагскую канвенцыю аб законах і звычаях сухапутнай вайны 1907 уключаны палажэнні пра К. Аднак у 1-й і 2-й сусв. войнах гэтыя палажэнні груба парушаліся. Жэнеўская канвенцыя 1949 аб абароне грамадз. насельніцтва ў час вайны спагнанне К. не прадугледжвае. Краіны Антанты пры распрацоўцы Версальскага мірнага дагавора 1919 вымушаны былі фармальна адмовіцца ад К., але замянілі яе рэпарацыямі Парыжскія мірныя дагаворы 1947 паслядоўна праводзілі прынцып недапушчэння К. На змену К. прыйшлі рэпарацыі, рэстытуцыі, субстытуцыі і інш. формы матэрыяльнай адказнасці дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАУ́РЫ (інд. kauri),
невялікая ракавіна марскога малюска (даўж. 1—2,5 см). У стараж. часы К. выкарыстоўваліся як упрыгожанні і грашовы сродак у народаў Азіі, Афрыкі, Акіяніі (да пач. 20 ст.), Еўропы. Як грошы ў Афрыцы вядомы ў 11—12 ст. У 17—18 ст. тэрыторыя іх выкарыстання пашыралася, у сярэдзіне 19 ст. у Зах. Афрыцы зафіксаваны іх курс: 1 талер = 2500 ракавін, у народаў Індыйскага акіяна 1 рупія = 2500—12 000 К. На Беларусі К. выяўлены пры раскопках сярод знаходак 12 ст. (Гродзенскі Стары замак, Полацк і інш.) і 15—16 ст. (Панямонне). Звычайна К. мелі адтуліну для нанізвання на шнур. Магчыма, К. выкарыстоўваліся на тэр. Беларусі як грошы у безманетны перыяд (2-я пал. 11—13 ст.).
Каралі з кауры, бронзавыя пярсцёнак і бранзалет 12 ст. з Полацкага гарадзішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ТА (Mentha),
род кветкавых раслін сям. губакветных. Каля 25 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. Некалькі відаў здаўна культывуюцца ў многіх краінах як эфіраалейныя і лек. расліны. На Беларусі 3 дзікарослыя віды М.: водная (M. aquatica), даўгалістая (M. longifolia), палявая (M. arvensis). Трапляюцца на палях, па берагах рэк і азёр. На Беларусі вырошчваюць пераважна М. перцавую (M. × piperita) — гібрыд М. воднай і каласковай (M. spicata).
Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,2 м. Лісце суцэльнае, зубчастае або пілаватае. Кветкі дробныя, 1- і 2-полыя, ружавата-ліловыя ў пазушных кальчаках або коласападобных ці галоўчатых суквеццях. Плод — 4-арэшак. Трава М. мае ментол, ужываецца як лек.сродак. Алей выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці. Лек., эфіраалейныя, харч., меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПЕ́РЦЫЙ (Секст) (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),
рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац.рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Валерый Катулл;
Альбий Тибулл;
Секст Проперций. М., 1963;
У кн.: Античная лирика. М., 1968.
Літ.:
Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАЎКО́ВІЧ (Даір Фёдаравіч) (н. 21.9.1932, Мінск),
бел. пісьменнік. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1960). З 1954 бібліятэкар, у 1962—77 заг. Уздзенскай раённай дзіцячай б-кі. Друкуецца з 1946. Піша пераважна для дзяцей і юнацтва пра гераізм народа ў вайну, вёску, маладых рабочых і інш. Аўтар аповесцей «Сцежкаю мужных» (1971), «Клуб вясёлых чамучак» (1973), «Алесік едзе ў Красабор» (1981), дакумент. аповесці «Свежыя ветры над Дворышчамі» (1982), зб-каў апавяданняў «Каласавічок» (1969), аповесцей і апавяд. «Пачым фунт ліха?» (1975), «Алея невядомага салдата» (1981), «Гвардзейскі знак» (1982), нарысаў «Бібліятэкар» (1983), зб. гумару і сатыры «Фірменны сродак» (1976), п’ес «Крутадух» (1980), «Беражыце мужчын» (1984), «Даеш хуткасны!» (1985) і інш. На бел. мову пераклаў казку В.Гаўфа «Маленькі Мук».