адстая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. Прастаяць нейкі час. Адстаяць гадзіну ў чарзе. // Прастаяць да канца; адбыць. □ [Люба Лук’янская:] — Наша фабрыка была ў прарыве, трэба было выцягваць. Я тры змены адстаяла на рабоце. Чорны.

2. Разм. Стаміць доўгім стаяннем. Адстаяць ногі на варце.

3. перан. Абараніць каго‑, што‑н. ад нападу ворага; не даць захапіць. Не прадам свой народ я ніколі, Беларусь у баях адстаю. Астрэйка. // Абараніць, засцерагчы ад дамаганняў, замаху, недружалюбных або варожых дзеянняў. Адстаяць заваёвы Кастрычніка. □ [Гальяш і Міхась] цвёрда вырашылі, што калі стараста выдасць каменданту Рыгора, адстаяць яго што б там ні было. Гурскі. // Адхіліць пярэчанні, давесці доказамі што‑н. У барацьбе з рэвізіяністамі У. І. Ленін адстаяў і развіў тэарэтычныя асновы партыі — дыялектычны і гістарычны матэрыялізм. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

акуну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

1. Апусціцца ў ваду на некаторы (звычайна кароткі) час. Ліда раней за ўсіх зайшла на глыбокае месца, акунулася і паплыла. Шамякін. Калі мы самі ўрэшце адважыліся акунуцца, адразу зразумелі, чаму так мала плыўцоў на гэтым гарачым беразе. Лынькоў. // перан. Быць ахопленым чым‑н.; апусціцца ў што‑н. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Мы выйшлі з сада на сенажатную дарогу і акунуліся ў сінія, шаўковыя туманы. Пестрак.

2. перан. Поўнасцю аддацца якой‑н. справе. Восенню 1904 года Алаіза Пашкевіч пераехала ў Вільню, каб у губернскім горадзе акунуцца ў рэвалюцыйныя справы. С. Александровіч.

•••

Акунуцца з галавой у што — поўнасцю аддацца якой‑н. рабоце, дзейнасці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непрыкме́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які цяжка заўважыць, прыкмеціць. Ішлі [хлопцы] вузкай, амаль непрыкметнай сцежкай. Шашкоў. Мне да болю жыццё падабаецца — Я нідзе ў ім не бачу драбніц: Мора бурнай вады сабіраецца З рэк, якія з крыніц пачынаюцца, З непрыкметных маленькіх крыніц. Непачаловіч. // Які не кідаецца ў вочы. Ігнась пачаў заўважаць, што між Лявонам і Довідам існуе нейкая непрыкметпая сувязь, якую яны абодва ўтойваюць ад хатніх. Чарнышэвіч. Добрая палова поспехаў атрада грунтавалася на .. непрыкметнай падрыхтоўчай рабоце [сувязных]. Брыль. // Які ледзь адчуваецца, нязначны, невялікі. Непрыкметныя змены.

2. Які не вылучаецца сярод іншых; нявідны. Старастам быў пастаўлены ўпарты аднаасобнік Ларывон Бугай, вельмі маўклівы і непрыкметны чалавек. Шамякін. — Ціхі быў чалавек [Нічыпар], спакойны і ўжо, мабыць, залішне непрыкметны. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да народа (у 1–3 знач.), створаны народам. Народныя песні. Народная мудрасць. Народная творчасць. Краіны народнай дэмакратыі. □ Атрад быў часткай вялікай народнай сям’і. Брыль.

2. Які належыць дзяржаве, усяму народу. Народны набытак. □ Больш увагі рабоце заводаў павінны ўдзяляць мясцовыя Саветы. Гэтага настойліва патрабуюць інтарэсы народнай гаспадаркі. «Звязда».

3. Цесна звязаны з народам, уласцівы духу народа, яго культуры, светапогляду. Савецкая літаратура — народная літаратура. // У складзе некаторых назваў устаноў, арганізацыі службовых асоб. Народная міліцыя. Народны дэпутат. Народны засядацель. Народная дружына. // У складзе ганаровых званняў, якія падаюцца дзеячам культуры. Народны артыст рэспублікі. Народны пісьменнік. Народны мастак.

4. У дарэвалюцыйнай Расіі — створаны спецыяльна для ніжэйшых слаёў грамадства. Народныя школы. Народныя сталовыя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Праяўляць стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Нездарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Гарэцкі.

2. з інф. Імкнуцца дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкладаць намаганні да чаго‑н., намагацца рабіць што‑н. Аднак, не хочучы быць несумленным ні перад сабой, ні перад ёю, у далейшым .. [Казанцаў] стараўся сустракацца з Аняй радзей. Васілевіч. Пасля .. [салдату] пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Чорны. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Б. Стральцоў.

•••

Рад старацца! гл. рады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэск, ‑у, м.

1. Сухі, рэзкі гук, які ўтвараецца пры ламанні, трэсканні, разрыванні і пад. чаго‑н. Трэск ламачча. □ Маўклівы цёмны лес раптам ажыў, напоўніўся шумам, трэскам сухога галля і зламаных дрэў. В. Вольскі. Кладка рыпіць і вагаецца. Раздаецца трэск, і я лячу ў прорву. Аляхновіч. // Шум, які ўтвараецца пры рабоце механізмаў, інструментаў і пад. Неўзабаве .. [Залівака] пачуў роў самалётаў, а потым сухі трэск кулямётаў. Гурскі. Трэск матацыклаў разарваў хвілінную цішыню па паляне. Лынькоў. У рупары пачуўся лёгкі сухі трэск, а потым голас дыктара абвясціў: — Увага! Шашкоў.

2. перан. Разм. Шуміха, пустыя размовы, балбатня. Працаваць без шуму і трэску.

•••

З трэскам — са скандалам, з ганьбай (выгнаць, зняць з пасады, праваліцца на экзамене і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ КАМІТЭ́Т (БНК) у Магілёве, бел. грамадска-паліт., культ.-асв. арг-цыя ў 1917—18. Створаны 17.4.1917. Заснавальнікі: выкладчыкі навуч. устаноў горада, работнікі суда, архіва, б-к, чыгункі, земскіх і гар. устаноў. К-т узначальваў І.​І.​Рэут, з кастр. 1917 — М.С.Кахановіч. У яго ўваходзілі Я. і Дз.​Аляхновічы, Дз.І.Даўгяла (нам. старшыні), В.​Я.​Какошынскі, ксёндз Д.​Лапошка, А.​Ф.​Пігулеўскі, А.​М.​Раждзественскі, І.А.Сербаў, М.​А.​Судзілоўскі, Шчансновіч і інш. Пры к-це працавалі паліт., арганізац., фінансавая, школьная, культ.-асв. і этнагр. камісіі. Меў на мэце стварэнне дзярж.-прававых, культ.-асв. і эканам. умоў для бел. адраджэння, пашырэнне нац. свядомасці сярод бел. насельніцтва. На пач. дзейнасці выступаў за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. дэмакр. рэспублікі, з 1918 за дзярж. незалежнасць Беларусі. Прадстаўнікі к-та ўдзельнічалі ў рабоце з’ездаў бел. арг-цый і партый у Мінску ў ліп. 1917, Усебел. з’ездзе 1917. Разам з інш. бел. арг-цыямі выставіў кандыдатуры ва Устаноўчы сход па Магілёўскай выбарчай акрузе. Спробы пераўтварыць к-т у губ. цэнтр бел, нац. арг-цый не мелі поспеху. Спыніў дзейнасць у ліст. 1918 з прыходам у горад Чырв. Арміі.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 2, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РЫ-БЕ́РЫ (ад сінгальскага beri слабасць),

авітаміноз B1, полінеўрыт аліментарны, хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем перыферычных нерваў, сардэчна-сасудзістай сістэмы і ацёкамі ад недастатковага паступлення ў арганізм вітаміну B1 (тыяміну) ці парушэння яго абмену. Першасны B1-авітаміноз сустракаецца ў краінах Паўд. і Усх. Азіі, дзе насельніцтва харчуецца ў асн. паліраваным рысам, у якім мала тыяміну і інш. вітамінаў групы B. Другасны B1-авітаміноз бывае ад парушэння ўсмоктвання, засваення і абмену тыяміну пры хранічных хваробах тонкай кішкі (калі выключаны з ежы грубыя сарты хлеба, крупы, боб і інш.), пры паскораным разбурэнні ці павышаным выкарыстанні вітамінаў групы B (пры тырэатаксікозе, алкагалізме, цяжарнасці і кармленні грудзьмі, цяжкай фіз. працы, рабоце пры нізкай або высокай тэмпературы).

Адрозніваюць 3 формы хваробы. Сухая (атрафічная) форма з пераважным пашкоджаннем перыферычных нерваў (слабасць і парушэнні адчувальнасці пераважна ніжніх канечнасцяў, атрафія мышцаў), вострая (вільготная) з пераважным пашкоджаннем сардэчна-сасудзістай сістэмы (агульная слабасць, бяссонніца, галаўны боль, перабоі сэрца, ацёкі і інш.), дзіцячая (у асн. груднога ўзросту), калі маці хварэюць на гэтую хваробу і ў малацэ адсутнічае тыямін (адмаўленне дзіцяці ад грудзей, страта ў масе, агульны неспакой, цяжкае дыханне, асіпласць голасу). Лячэнне: вял. дозы тыяміну ўнутр і ў выглядзе ін’екцый.

Г.​Г.​Шанько.

т. 3, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́САЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да канца чэрв. 1944 у Барысаве і раёне. У ліку першых падп. група на чале з І.​П.​Даўгалавым і У.У.​Лазоўскім створана на шклозаводзе. Пад яе кіраўніцтвам знаходзіліся маладзёжныя групы Б.​П.​Качана і ў Стара-Барысаве. Пад кіраўніцтвам Ф.​П.​Падаляна і А.​К.​Саламаціна дзейнічала група піянераў на чале з В.​Пашкевічам. Дзейнічалі групы: на чыг. станцыі (кіраўнік Дз.​І.​Лебедзеў), настаўнікаў (У.​К.​Бранавіцкі), на электрастанцыі, з-дах «Камінтэрн» і «Чырвоны металіст», запалкавай ф-цы, дрэваапр. камбінаце і інш. У рабоце падполля ўдзельнічалі ваеннаслужачыя. У горадзе працаваў падп. шпіталь і дзейнічала падп. група мед. работнікаў на чале з П.​Н.​Вусціным. Працавала друкарня Барысаўскага падп. гаркома-райкома КП(б)Б. Барысаўскія патрыёты выявілі школу абвера ў пас. Печы і яе філіял у прыгарадзе Барысава, знішчылі фельдкаменданта горада і нач. будаўнічай школы, вывезлі да партызанаў нач. барысаўскага аддз. контрразведкі штаба 4-й ням. арміі з важнымі дакументамі, здабылі план умацаванняў і ваен. аб’ектаў Барысава, схемы абарончых ліній Антосіна—Брылі, план перапраў цераз Бярэзіну і інш.

т. 2, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУШЭ́ЎСКІ (Міхаіл Сяргеевіч) (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),

дзеяч укр. нац.-вызв. руху, гісторык. Акад. АН Украіны (1924) і АН СССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук. т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ва ўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл. Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыяду ВКЛ).

Тв.:

Очерк истории украинского народа. Киев, 1990.

С.​Б.​Каўн.

т. 5, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)