ФАЯ́НС (франц. faïence ад назвы італьян. горада Фаэнца, дзе вырабляюць фаянс),
1) у тэхніцы — шчыльны керамічны матэрыял, а таксама вырабы з яго. Атрымліваюць абпалам паўфабрыкатаў з тонкай сумесі белапаленай гліны, кааліну, кварцу, палявога шпату.
Пасля абпалу Ф. мае шчыльны драбнапорысты непрасвечвальны чарапок. Для змяншэння водапаглынання Ф. пакрываюць непразрыстай (глухой) або празрыстай палівай. Вызначаецца мех. трываласцю, воданепранікальнасцю, хім. і тэрмічнай устойлівасцю. Выкарыстоўваецца для вырабу сан.-тэхн. абсталявання, абліцовачных плітак, посуду, дэкар. вырабаў і інш. Вырабы з матэрыялу, блізкага да Ф., вядомыя з 4—5 ст. (Стараж. Егіпет, Кітай). У 16 ст. выраб Ф. пачаўся ў Францыі, з 18 ст. — у Расіі.
2) У мастацтве — вырабы з гэтага матэрыялу (посуд, дробная пластыка, вазы, арх. дэталі, дэкар. пано і інш.) маст. і быт. прызначэння. Фаянсавым вырабам уласцівы большая ў параўнанні з фарфорам абагульненасць форм, разнастайнасць спосабаў дэкарыравання, колеравай палітры і відаў палівы.
Пераважае размалёўка керамічнымі фарбамі: падпаліваная ручная (солямі металаў, ангобам, каляровымі эмалямі і палівай), а таксама мех. (аэраграфія, шаўкаграфія, штамп); надпаліваная ручная спец. фарбавальнікамі, а таксама надпаліваны друк, штамп, абводка золатам, шаўкаграфія і інш. Вырабы аздабляюць таксама ляпным рэльефам і скульпт. дэталямі ў спалучэнні з размалёўкай. Сусв. вядомасць набылі фаянсавыя вырабы краін Усходу, а таксама дэлфцкі Ф. (Нідэрланды), мануфактуры Дж.Уэджвуда (Вялікабрытанія), гжэльская кераміка (Расія) і інш.
На Беларусі Ф. вядомы з 18 ст. Яго выраблялі на мануфактурах кн. Радзівілаў у Свержані (гл.Свержанская фаянсавая мануфактура) і Урэччы (Любанскі р-н Мінскай вобл.), А.Тызенгаўза ў Гродне, М.Агінскага ў Целяханах (гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), з 1818 на ф-цы ў Слуцку, з 1951 на Мінскім фарфора-фаянсавым з-дзе (з 1961 Мінскі фарфоравы завод). З 1960-х г.дэкар. кампазіцыі, вазы, блюды, наборы посуду дэкар. пано стварылі бел. мастакі В.Гаўрылаў, Р.Кійко, Т.Пятроўская, З.Раўко, Э.Фокіна і інш.
Л.Д.Фінкельштэйн.
Да арт.Фаянс. Вазы ў стылі «чорны базальт». Мануфактура «Уэджвуд». Вялікабрытанія. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
цэ́лы, -ая, -ае.
1. Такі, ад якога нічога не аддзелена.
На чыстым абрусе ляжаў ц. бохан хлеба.
2. Які поўнасцю ахоплівае што-н. (пра адрэзак часу, месца, прастору).
Ц. тыдзень.
Калона расцягнулася на цэлую вярсту.
3. Аб вялікай колькасці. вялікіх памерах, аб’ёме чаго-н.
Ц. кавалак сала.
Цэлая гара камення.
Ц. мех бульбы.
4. Не пашкоджаны, не знішчаны, не сапсаваны; не зношаны.
Пасля пажару у́ вёсцы хата засталася цэлая.
Чаравікі былі старыя, але цэлыя.
5. Не паранены, здаровы.
Ц. вярнуўся з вайны.
6.у знач.наз.цэ́лае, -ага, н. Што-н. адзінае, непадзельнае.
Адзінае ц.
○
Цэлы лік або цэ́лае — лік. які складаецца з цэлых адзінак, які не мае дробу.
◊
У цэлым —
1) ва ўсёй сукупнасці. цалкам;
2) увогуле, без падрабязнасцей.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
АБЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. ablatio адніманне),
1) у гляцыялогіі — памяншэнне масы лёду і фірну ледавікоў у выніку раставання, выпарэння ці мех. выдалення (знос снегу ветрам, утварэнне айсбергаў і г.д.). Адрозніваюць падледавіковую (донную), унутраную і паверхневую абляцыю. Асн. фактары: кліматычныя, унутранае цяпло Зямлі, цёплыя крыніцы, цеплыня ад трэння ледавіка аб ложа ці састаўныя яго часткі і інш. На Беларусі абляцыя адбывалася ў антрапагенавым перыядзе на працягу зледзяненняў.
2) У тэхніцы — вынас рэчываў з паверхні цвёрдага цела патокам гарачага газу. З’яўляецца вынікам фіз.-хім. працэсаў, што адбываюцца ў цвёрдым целе пад дзеяннем аплаўлення, выпарэння, раскладання і хім. эрозіі металаў. На абляцыі заснавана абляцыйнае ахаладжэнне (цеплавая ахова) касм. лятальных апаратаў, частак ракет-носьбітаў, ракетных рухавікоў і інш., якія падвяргаюцца аэрадынамічнаму награванню пры ўваходзе ў атмасферу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРАДЖА́ЛЬНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі, якія складаюць вонкавую частку будынкаў ці падзяляюць іх на асобныя памяшканні. Засцерагаюць будынкі ад вільгаці, ветру, шуму, т-ры. Часта адначасова выконваюць функцыі нясучых канструкцый. Адрозніваюць вертыкальныя (сцены, перагародкі) і гарызантальныя (перакрыцці, пакрыцці, дахі).
Паводле канструкцыі агараджальныя канструкцыі бываюць: маналітныя, зборныя і зборна-маналітныя; простыя (аднаслойныя) і комплексныя (мнагаслойныя); з дробных (пліт, шчытоў, насцілаў) і буйнапамерных (буйнаблочныя, буйнапанельныя і каркасна-панельныя) элементаў. Робяць з бетону, жалезабетону, армацэменту, сталі, алюмініевых сплаваў, цэглы, каменю, драўніны, шкла, пластмасаў, паветранепранікальных тканін і плёнак і інш.Асн. патрабаванні да агараджальных канструкцый — мех. трываласць, жорсткасць, вільгаце-, вогне- і марозаўстойлівасць, даўгавечнасць, арх. выразнасць. Удасканаленне агараджальных канструкцый ідзе ў бок змяншэння іх масы і кошту, паляпшэння цеплафіз. уласцівасцяў і канструкцыйных вырашэнняў, павышэння ступені заводскай гатоўнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАМУНІКА́ЦЫЯ (ад бія... + камунікацыя),
сувязі паміж асобінамі аднаго або розных відаў жывёл, якія складаюцца праз перадачу і прыём сігналаў, што ўтвараюцца імі. Адрозніваюць сігналы спецыфічныя — хім., мех., аптычныя, акустычныя, эл. і інш. і неспецыфічныя, якія спадарожнічаюць жыццядзейнасці жывёл, успрымаюцца органамі зроку, слыху, нюху, смаку, дотыку, бакавой лініі, тэрма- і электрарэцэптарамі. Інфармацыя, якая паступае па розных каналах сувязі, перапрацоўваецца нерв. сістэмай, дзе фарміруецца рэакцыя арганізма ў адказ. Біякамунікацыя аблягчае пошукі ежы і спрыяльных умоў жыцця, ахову ад ворагаў і шкодных уздзеянняў, сустрэчу асобін рознага полу (асабліва ў перыяд размнажэння), узаемадзеянне дарослых і моладзі, фарміраванне груп (чарод, зграй, статкаў, калоній і інш.) і рэгуляцыю адносін паміж асобінамі ўнутры іх (тэр. паводзіны, іерархія і інш.). Кожны від жывёл мае свой арсенал біякамунікацыі, які перадаецца ў спадчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯТРАНСФАРМА́ЦЫЯ (ад бія... + трансфармацыя),
1) у генетыцы — змена спадчынных уласцівасцяў бактэрыяльнай клеткі ў выніку пранікнення ў яе чужароднай ДНК; адзін са спосабаў абмену генет. матэрыялам у пракарыётаў (арганізмы з клеткамі без ядраў). Шырока выкарыстоўваецца для ўвядзення чужароднай ДНК і ў клеткі эўкарыётаў (арганізмы з ядзернымі клеткамі).
2) У фізіялогіі раслін — пераўтварэнне энергіі сонечнай радыяцыі, якая ўлоўліваецца зялёнымі раслінамі, у інш. віды (хім., мех. і інш.), пры гэтым частка энергіі страчваецца ў выглядзе цяпла.
3) У біяхіміі — біяхім. пераўтварэнне ядаў, што праніклі ў арганізм, у менш таксічныя рэчывы (абясшкоджванне, ці дэтаксікацыя) або больш таксічныя злучэнні, чым зыходнае рэчыва.
4) Антрапагеннае змяненне згуртавання (звычайна раслін), якое вядзе да ўзнаўленчай сукцэсіі (змены біяцэнозаў), напр., у выніку вытоптвання наземнага расліннага покрыва, высякання лясоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛІ (ад лац. gelo застываю),
дысперсныя сістэмы з вадкім дысперсійным асяроддзем, у якіх часцінкі дысперснай фазы ўтвараюць прасторавую структуру (сетку). Маюць некат. ўласцівасці цвёрдых целаў: здольнасць захоўваць форму, пругкасць, пластычнасць.
Тыповыя гелі ў выглядзе студзяністых асадкаў (каагеляў) утвараюцца з золяў пры іх каагуляцыі ці пры вылучэнні новай дысперснай фазы з перанасычаных раствораў. Ацвярдзенне золяў ва ўсім аб’ёме першапачаткова вадкай сістэмы без парушэння яе макрааднароднасці дае т.зв. ліагелі. Для іх характэрна тыксатрапія — здольнасць у ізатэрмічных умовах самаадвольна аднаўляць структуру, разбураную мех. уздзеяннем. Гелі з водным дысперсійным асяроддзем наз. гідрагелямі, з вуглевадародным — арганагелямі. Высушваннем ліагелей атрымліваюць аэрагелі, ці ксерагелі, — крохкія мікрасітавінныя целы (напр., алюмагель і сілікагель). У хіміі і тэхналогіі палімераў гелямі наз. няплаўкія і нерастваральныя прадукты полікандэнсацыі і полімерызацыі. Гл. таксама Студзяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАМЕТАЛУ́РГІЯ (ад гідра... + металургія),
здабыванне металаў з руд, рудных канцэнтратаў і адходаў вытв-сці воднымі растворамі хім. рэагентаў.
Асн.тэхнал. працэсы гідраметалургіі: мех. апрацоўка сыравіны (драбленне, «мокрае» і «сухое» здрабненне, класіфікацыя, згушчэнне), змена хім. саставу руды або канцэнтрату (абпал, спяканне, раскладанне хім. рэагентамі), вышчалочванне, абязводжванне і прамыўка, асвятленне раствораў і выдаленне шкодных прымесей, асаджэнне металаў ці іх злучэнняў з раствораў, перапрацоўка асадкаў. Спосабы гідраметалургіі выкарыстоўваюцца ў вытв-сці цынку, медзі, нікелю, кобальту, алюмінію, высакародных і рэдкіх металаў, рэдказямельных элементаў. У адрозненне ад піраметалургіі гідраметалургія забяспечвае выбарачнае і комплекснае вылучэнне металаў з бедных і цяжкаабагачальных руд.
Гідраметалургію пачалі прымяняць у сярэдзіне 19 ст. для здабычы золата і серабра. З пач. 20 ст. стала выкарыстоўвацца для атрымання медзі, цынку, свінцу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,
атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.
Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.