А́ЛЬПЫ (ням. Alpen, франц. Alpes, італьян. Alpi ад кельцкага alp высокая гара),

найвышэйшая горная сістэма Зах. Еўропы на тэр. Францыі, Італіі, Швейцарыі, Аўстрыі, Ліхтэнштэйна, Германіі і Славеніі. Даўж. каля 1200 км, шыр. да 260 км, найб. выш. г. Манблан (4807 м). Альпы — складаная сістэма горных масіваў і хрыбтоў, што працягнуліся дугой ад Міжземнага м. да Сярэднедунайскай раўніны. Папярочная даліна між азёрамі Бодэнскім і Кома падзяляе Альпы на больш вышынныя Зах. Альпы і больш нізкія і шырокія Усходнія. У Заходніх вылучаюць Прыморскія, Коцкія, масіў Пельву, Грайскія, Савойскія (з масівам Манблан), Бернскія і інш. Горны ланцуг Усходніх Альпаў прадстаўлены Рэтыйскімі, Эцтальскімі, Цылертальскімі Альпамі, Высокім і Нізкім Таўэрнам. Альпы належаць да маладых складкавых структур альпійскага арагенезу (гл. Альпійская складкавасць). Характэрны зубчатыя грабяні, глыбокае расчляненне, вял. пашырэнне ледавіковых формаў рэльефу (гл. Альпійскі рэльеф). Восевая зона сфарміравана стараж. крышталічнымі (гнейсы, слюдзяныя сланцы), магматычнымі (граніты) і метамарфічнымі (кварцава-філітавыя сланцы) пародамі. Перадгор’і Альпаў складзены з вапнякоў, мергеляў, даламітаў, філітаў і маладых маласавых фармацый. Карысныя выкапні: жалезныя, медныя, уранавыя руды, магнезіты, баксіты, каменная соль, у невял. колькасці каменны і буры вугаль.

Альпы — важны кліматападзел Еўропы. На паўн. і зах. перадгор’ях клімат умераны, вільготны, на паўднёвых — субтрапічны міжземнаморскі. Ва ўнутр. раёнах гор выразная вертыкальная занальнасць (т-ра паніжаецца праз кожныя 100 м на 0,3—0,7 °C), фёнавыя вятры выклікаюць кароткія рэзкія пацяпленні. Ападкаў на наветраных зах. і паўн.-зах. схілах 1500—2000 мм за год (месцамі 4000 мм), ва ўнутр. горных далінах 500—800 мм. Снегавая лінія на выш. ад 2500 м на ПнЗ да 3500 м у найб. сухіх унутр. і ўсх. раёнах. Характэрна сучаснае зледзяненне (каля 1200 ледавікоў агульнай пл. 3 тыс. км). З ледавікоў пачынаюцца рэкі Рона, Рэйн, По, Адыджэ, Ін, Драва і інш. Азёры ледавіковага і тэктанічна-ледавіковага паходжання: Жэнеўскае, Бодэнскае, Лага-Маджорэ, Кома (глыб. да 410 м). Для Альпаў характэрна вышынная пояснасць (вылучаюць 5 ландшафтных паясоў).

Пояс перадгор’яў і горных схілаў да выш. 800 м. Клімат умераны, цёплы, на паўд. схілах з міжземнаморскімі рысамі; букавыя і дубовыя лясы значна высечаныя; сады, вінаграднікі, палі збожжавых на горных бурых глебах. Пояс гор (на выш. 800—1800 м) з умераным і ўмерана вільготным кліматам заняты шыракалістымі (дуб, бук, клён, граб) лясамі, якія змяняюцца хваёвымі (елка, піхта, еўрап. кедр, лістоўніца) на горных бурых лясных ападзоленых глебах. Пашы і агароды да 1100—1400 м. На выш. 1800—2300 м субальпійскі пояс з халодным кліматам, моцнымі вятрамі, доўгатэрміновым снегавым покрывам, пераважна высакагорнай хмызняковай расліннасцю (рададэндран, ядловец, кедравы сланік і інш.) і субальпійскімі лугамі. Вышэй (да граніцы вечнага снегу) альпійскі пояс з суровым халодным кліматам і альпійскімі лугамі і нівальны пояс (вечных снягоў і ледавікоў); ландшафты халодных высакагорных камяністых ледавіковых і снежных пустыняў.

Альпы — адзін з важнейшых рэкрэацыйных раёнаў Еўропы. Цэнтр альпінізму, турызму, гарналыжнага спорту.

Літ.:

Благоволин Н.С., Серебрянный Л.Р. Рельеф Европы // Рельеф Земли. М., 1967;

Ерамов Р.А. Физическая география Зарубежной Европы. М., 1973;

Жучкевич В.А., Лавринович М.В. Физическая география материков и океанов. Ч. 1. Евразия. Мн., 1986.

Г.​Я.​Рылюк.

Альпы.

т. 1, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА.

Рэльеф тэр. Беларусі, размешчанай у зах. частцы Рускай раўніны, характарызуецца перавагай плоскіх і спадзістахвалістых раўнін і нізін, рачных далін і градава-ўзгоркавых комплексаў рознага памеру і канфігурацыі. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 345 м (г. Дзяржынская) на Мінскім узвышшы да 80 м у даліне Нёмана каля мяжы з Літвой. Сярэдняя вышыня паверхні Беларусі 160 м над узр. мора. Большасць узвышшаў, на якія прыпадае 1/3 тэрыторыі, размешчана ў зах. і цэнтральнай частцы краіны і мае абсалютныя вышыні 200—300 м.

Глыбіня расчлянення паніжаных міжрэччаў звычайна не перавышае 5 м, на прыўзнятых раўнінных тэрыторыях павялічваецца да 5—10 м, на ўзвышшах да 10—40 м і больш. У шэрагу выпадкаў ваганні вышыні могуць быць да 50—100 м (за кошт эразійнага ўрэзу).

Густата расчлянення (даўжыня эразійнай сеткі на 1 км² тэр.) на нізінах складае 0—0,2 км/км², на больш прыўзнятых раўнінах — да 0,3—0,5 км/км², на схілах краявых град і каля буйных рачных далін 1—2, радзей 3—3,5 км/км².

Рэльефаўтваральнымі з’яўляюцца пераважна адклады чацвярцічнага перыяду (уласна ледавіковыя марэны, патокава-ледавіковыя і азёрна-ледавіковыя). Магутнасць іх вагаецца ад некалькіх метраў да 300 м і больш (у сярэднім 75—80 м). Ступень дэнудацыйнага пераўтварэння, марфалагічныя асаблівасці і ўзрост рэльефу змяняюцца ў напрамку з Пн на Пд.

У паўн. частцы пераважае ледавіковы рэльеф паазерскага зледзянення з мноствам азёр (каля 3 тыс.), бяссцёкавых катлавін, плоскіх забалочаных нізін, акаймаваных і падзеленых групамі ўзгоркаў і сістэмамі звіліста-разгалінаваных краявых град. Абсалютныя вышыні вагаюцца пераважна ад 120—170 м на нізінах і раўнінах да 250 м у межах узвышшаў і град.

У цэнтральнай частцы рэгіёна рэльеф дэнудаваны, пераважна ледавіковы сожскага ўзросту. Развіта сістэма краявых узвышшаў і платопадобных раўнін, якія з’яўляюцца часткай водападзелу басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў.

Абсалютныя вышыні дасягаюць 200—250 м і больш. На Пд пашыраны дэнудаваны рэльеф сожскага і дняпроўскага ўзросту, а таксама алювіяльны і азёрна-алювіяльны рэльеф паазерска-галацэнавага ўзросту. Абсалютныя вышыні 120—185 м, зрэдку перавышаюць 200 м. Найбольш нізкія ўзроўні зямной паверхні на ўсёй тэр. рэгіёна прыстасаваны да рачных далін, самыя буйныя з якіх працягваюцца на сотні кіламетраў, з’яўляюцца па сутнасці інтразанальнай катэгорыяй рэльефу. Рэкі Беларусі належаць да басейнаў Чорнага (дрэніруецца 58% тэр. краіны) і Балтыйскага мораў. У далінах буйных рэк Чарнаморскага басейна звычайна вылучаюцца 2—3-узроўневая пойма і 2 надпоймавыя тэрасы, у рэк Балтыйскага басейна — 2—3-узроўневая пойма, 2—3 цыклавыя надпоймавыя тэрасы і некалькі лакальных тэрасавых узроўняў (да 8—9 у Нёмана).

Першасны выгляд зямной паверхні на значнай частцы тэр. Беларусі відазменены, а месцамі і поўнасцю знішчаны пазнейшымі эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі і асабліва тэхнагеннай дзейнасцю. Створаныя чалавекам формы (кар’еры, дамбы, катлаваны, адвалы і інш.) часта па сваіх памерах супастаўныя з формамі натуральнага рэльефу, а па сумарнай плошчы займаюць 4—5% усёй тэр. краіны. Інтэнсіўнае антрапагенавае ўздзеянне на зямную паверхню прыводзіць да знікнення многіх характэрных форм рэльефу (озы, камы, краявыя ледавіковыя грады і інш.), і гэта робіць вельмі актуальнай дзейнасць па абгрунтаванні і вылучэнні геамарфалагічных помнікаў прыроды, заказнікаў і запаведнікаў.

т. 18, кн. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,

найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн. км², аб’ём вады 18,1 млн. км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх. ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр. т-ва.

Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).

Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн. км².

Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх. ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб. стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.

Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.

Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр. ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах. ч. акіяна.

Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс. км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць ​2/​3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс. км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.

Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).

Літ.:

Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.

А.​Я.​Яротаў.

т. 12, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКТЫКА,

паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн. км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн. км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн. км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн. км², найб. глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн. км² зімой і каля 8 млн. км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.

У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.​Дз.​Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.

Літ.:

Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;

Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

Да арт. Арктыка. Арктычны ландшафт.
Да арт. Арктыка. Белая сава.
Да арт. Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАНДЫНА́ЎСКІЯ ГО́РЫ, Скандынаўскае нагор’е. На Скандынаўскім п-ве, у Швецыі і Нарвегіі. Даўж. каля 1700 км, шыр. ад 200—300 км на Пн да 600 км на Пд, выш. да 2469 м (г. Гальхёпіген). Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Нарвежскага м., пакатымі ўступамі спускаюцца да Батнічнага зал., утвараючы пласкагор’е Норланд. Складзены з крышт. і метамарфічных парод, якія змяты ў складкі ў каледонскую эпоху; на У злучаюцца з Балт. шчытом. Пасля доўгай дэнудацыі горы перанеслі паўторнае падняцце ў кайназоі, якое ўтварыла сістэму блокаў, трэшчын і разломаў. Найб. амплітуды падняцці дасягнулі ў цэнтр. і зах. частках С.г., што вызначыла зрушанасць водападзельных хрыбтоў на З. і значную шыр. ўсх. схілаў. У чацвярцічны час С.г. траплялі пад покрыўнае зледзяненне, з чым звязана шырокае развіццё ледавіковых адкладаў і форм рэльефу. С.г. ўяўляюць сабой рад выцягнутых з ПнУ на ПдЗ горных плато, якія расчлянёны тэктанічнымі далінамі на асобныя масівы. Вяршынныя паверхні — фіельды, серыя паднятых на выш. больш за 2000 м пенепленаў. Найб. высокія пласкагор’і ў паўд. ч. С.г. — Ютунхеймен, Хардангервіда, Юстэдалсбрэ, Тэлемарк, Доўрэфіель. Над сярэднім узр. пласкагор’яў (ад 900 да 1700 м) узвышаюцца асобныя групы вяршынь і хрыбтоў з альпійскімі формамі рэльефу. У сярэдняй ч. С.г. прыкметна зніжаюцца. Іх перасякае Емтландская зона тэктанічных апусканняў — прадаўжэнне глыбока ўрэзанага ў сушу Тронхеймс-фіёрда. На Пн распасціраецца хр. Х’елен, перасечаны папярочнымі і падоўжнымі далінамі, над якімі ўздымаюцца завостраныя вяршыні з каравымі і даліннымі ледавікамі на схілах (г. Кебнекайсе, 2123 м). Крайняя Пн — пласкагор’е Фінмаркен (300—500 м) з асобнымі астанцовымі вяршынямі. На З С.г. амаль ушчыльную падыходзяць да ўзбярэжжа і моцна расчлянёныя. Вял. колькасць фіёрдаў: самы доўгі ў Еўропе — Согнефіёрд (даўж. 220 км, шыр. 5—6 км), Хардангер-фіёрд, Букн-фіёрд і інш. З боку мора фіёрдавае ўзбярэжжа акаймавана вузкай (30—60 км) паласой прыбярэжнай раўніны, утворанай у выніку маладых тэктанічных падняццяў (выш. да 40 м), дзе сканцэнтравана значная частка нас. пунктаў, гандл. і рыбалавецкіх партоў Нарвегіі. Карысныя выкапні: жал., медна-нікелевыя, сульфідныя, тытанавыя руды. Клімат умераны, пераважна акіянічны з халаднаватым летам, умерана халоднай зімой. Пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння сярэдняя т-ра студз. адносна высокая для гэтых шырот і зменьваецца ад 1 °C да -14 °C, сярэдняя т-ра ліп. ад 16 °C да 6 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000 мм, на ўсх. — 400—800 мм за год. Клімат фіельдаў характарызуецца нізкімі т-рамі зімовых і летніх месяцаў, што разам з вялізнай вільготнасцю вызначае развіццё сучаснага зледзянення. Снегавая лінія ляжыць на выш. 700—800 м на Пн, 1500—1700 м на Пд. На З яна ніжэйшая, чым на У. Агульная плошча зледзянення С.г. каля 5 тыс. км². Найб. ледавікі Юстэдалсбрэ, Фольгефані. Густая сетка мнагаводных, парожыстых рэк, шматлікія азёры тэктанічна-ледавіковага паходжання. С.г. ўкрыты горна-таежнымі лясамі (хвоя, елка), асабліва на ўсх. схілах. Лясы падымаюцца да выш. 300—500 м на Пн і 900—1100 м на Пд. Вышэй паласа бярозавага крывалесся. Фіельды бязлесныя, пераважае горна-тундравая хмызняковая і мохава-лішайнікавая расліннасць, якая месцамі чаргуецца з лугамі. Па рачных далінах — нізкастволыя бярэзнікі. На зах. схілах фармацыі верасоўнікаў і тарфянікаў. На Пд — мяшаныя і шыракалістыя лясы.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 14, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

шэ́раг, ‑а, м.

1. Сукупнасць аднародных прадметаў, размешчаных адно за другім, у адну лінію. Замест лесу цягнуўся шэраг камяністых узгоркаў, сярод якіх было параскідана шмат велізарных скал. Маўр. Месцамі стаялі густымі шэрагамі тонкія .. дубочкі. Бядуля. Куды дзяваліся яго [рынку] былое ажыўленне, святочны гул натоўпу, шэрагі вазоў. Лынькоў. Млечны шлях выплывае з імглы, Азараючы шэраг зямлянак. Танк. // Строй людзей у адну лінію; шарэнга. Скаваныя камандай «смірна», яны моўчкі глядзелі на нас — два шэрагі па дзевяць чалавек. Брыль. / Пра людзей, якія знаходзяцца ў такім страі. Бягом, з карабінкаю напагатове, [Ганна] ўрэзалася ў шэрагі белапалякаў. Нікановіч.

2. Сукупнасць чаго‑н., што ідзе адно за другім у пэўным парадку. Апавяданне распадаецца на шэраг эпізодаў. «Полымя». Па кампазіцыі «Вясна» К. Чорнага — гэта як бы шэраг асобных замалёвак, звязаных задумай расказаць, што за людзі «ў нас на вёсцы». Адамовіч. Беларускі паэт [А. Абуховіч] увёў у свой тэкст шэраг новых мастацкіх дэталей і жыццёвых падрабязнасцей. Казека.

3. Пэўная, звычайна невялікая колькасць чаго‑н. Зараз .. [Дзіму] непакоіў цэлы шэраг іншых пытанняў, звязаных з перасяленнем. Васілевіч. Поспеху [карціны] перашкаджала не толькі прафесіянальная неспрактыкаванасць, але і шэраг іншых прычын. Бракавала звычайнага іканаграфічнага матэрыялу. Ліс. / Пра пэўную колькасць якіх‑н. асоб. Шэраг паэтаў. □ Аўтар [П. Пестрак] паказвае жыццё глухой палескай вёскі Запалянкі, побыт рамеснікаў горада Глушэц, уводзіць шэраг персанажаў. Хромчанка.

4. Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, ідэямі, якой‑н. арганізацыяй. Рады быў Селіханаў, сустрэўшы Антося ў шэрагах Чырвонай гвардыі. Чарнышэвіч. І я сваё жыццё прынёс У тыя шэрагі, дзе б’юцца За долю лепшую — свой лёс. Хведаровіч. Ці шмат баявых адзінак улілося або ўліваецца ў шэрагі тых, чыёй зброяй з’яўляецца слова?.. Гілевіч.

•••

У першых шэрагах — у ліку самых лепшых.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАСПІ́ЙСКАЕ МО́РА, Каспій (назва ад стараж. племя каспіяў; інш. гіст. назвы — Гірканскае, Хазарскае, Хвалынскае мора),

буйнейшы ў свеце замкнёны вадаём на мяжы Еўропы і Азіі. Абмывае берагі Расіі, Казахстана, Туркменістана, Азербайджана і Ірана. Пл. 378,4 тыс. км². Ляжыць на 28 м ніжэй узр. акіяна (1990). З 1929 па 1977 адзначалася зніжэнне ўзроўню вады з -25,9 м да -29 м (самая нізкая адзнака за 400 гадоў), з 1978 пачаўся пад’ём. Даўж. з Пн на Пд 1030 км, шыр. 435 км. Аб’ём вады 78,1 тыс. км³, пераважаюць глыб. 180—200 м. Паводле характару рэльефу і асаблівасцей гідралагічнага рэжыму К.м. падзяляецца на паўн., сярэднюю і паўд. часткі. Паўн. Каспій мелкаводны (глыб. да 25 м), займае 24,3% пл. мора і 0,5% аб’ёму. Рэльеф дна — хвалістая акумулятыўная раўніна. У межах Сярэдняга Каспія (36,4% пл. мора, 33,9% аб’ёму, сярэдняя глыб. 192 м) вылучаецца Дэрбенцкая ўпадзіна (глыб. да 788 м), шэльф і мацерыковы схіл. Паўд. Каспій самы глыбакаводны (да 1025 м, Паўд.-Каспійская ўпадзіна), займае 39,3% пл. мора і 65,5% аб’ёму. Дно ўпадзіны — плоская абісальная раўніна, у паўн. ч. некалькі хрыбтоў. Даўж. берагавой лініі К.м. каля 7 тыс. км. Паўн. берагі нізінныя, зах. і паўд. месцамі гарыстыя, да іх падыходзяць адгор’і Каўказа і Эльбурса, усх. — узвышаныя. Берагавая лінія пераважна мала расчлянёная. Буйныя залівы: Кізлярскі, Мангышлакскі, Казахскі, Краснаводскі, Кара-Багаз-Гол (у 1980 аддзелены глухой дамбай, у 1984 пабудавана водапрапускное збудаванне). Каля 50 тыс. астравоў і некалькі соцень гразевых вулканаў. Найб. астравы: Цюленевы, Чэчэнь, Арцёма, Агурчынскі і інш. У К.м. ўпадаюць рэкі Волга, Эмба, Урал, Кура, Церак, Гарган, Сефідруд. Рачны сцёк дае каля 80% прыбаўлення вады, 18,6% — атмасферныя ападкі, 0,4% — падземны сцёк. Клімат кантынентальны, характэрны антыцыкланальныя ўмовы надвор’я, сухія вятры, рэзкія ваганні тэмпературы, малая колькасць ападкаў (акрамя паўд.-зах. часткі). Т-ра паветра зімой ад -10 °C на Пн да 12 °C на Пд, летам 24—28 °C. Т-ра вады на паверхні зімой ніжэй за 0 °C на Пн, 13 °C на Пд; паўн. частка К.м. замярзае на 2—3 месяцы. За год над морам выпадае ў сярэднім каля 200 мм ападкаў. Салёнасць вады 12,6—13,2‰ на Пн, каля вусця р. Волга 0,05‰, у зал. Кара-Багаз-Гол 300‰. Пастаянныя цячэнні супраць гадзіннікавай стрэлкі. Частыя ўмераныя і моцныя вятры выклікаюць хвалістасць (выш. хваль да 8—10 м на Пд і да 4 м на Пн). У К.м. ёсць 1814 відаў і падвідаў фауны і 733 флоры. Сярод раслін пераважаюць водарасці, у жывёльным свеце — інфузорыі (460 відаў), малюскі (118), рыбы (110) і 1 від млекакормячых (цюлень), 312 відаў птушак. 44% відаў прыпадае на стараж. аўтахтонныя, 2,2% — міжземнаморскія, 1,2% — арктычныя. Прэснаводныя складаюць 19,4%, марскія — 33,2%; эндэмізм у асобных групах дасягае каля 80%. Рыбалоўства (каля 80% сусв. здабычы асятровых рыб, лешч, сазан, судак і інш.). Промысел цюленя. Здабыча нафты і газу (Бакінскі нафтагазаносны басейн, п-аў Чэлекен, Бузачы і інш.), глаўберавай солі (зал. Кара-Багаз-Гол). Канцэнтрацыя нафтапрадуктаў і фенолаў перавышае ўзровень дапушчальнага забруджвання (ад 2 да 16 гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі). Вял. трансп. значэнне; К.м. злучана ўнутр. воднымі шляхамі з Чорным, Азоўскім, Балтыйскім і Белым морамі. Паромная чыг. пераправа Баку—Туркменбашы. Гал. парты: Астрахань, Махачкала (Расія), Баку (Азербайджан), Туркменбашы (Туркменістан), Энзелі (Іран). На зах. узбярэжжы — курортная зона. Запаведнікі — Астраханскі, Гызылагаджскі, Краснаводскі.

Літ.:

Касымов А.Г. Каспийское море. Л., 1987;

Клиге Р.К. Каспийское море: проблемы и прогнозы // Земля и Вселенная. 1992. № 2.

А.​М.​Матузка.

Усходні бераг Каспійскага мора.

т. 8, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКІ РАЁН.

На ПнЗ Мінскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,4 тыс. км². Нас. 49,2 тыс. чал. (1998, без г. Маладзечна), гарадскога 11,8%. Сярэдняя шчыльн. 35 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Маладзечна. Уключае: г.п. Радашковічы, 278 сельскіх населеных пунктаў, Радашковіцкі пасялковы Савет і 14 сельсаветаў: Аляхновіцкі, Гарадзілаўскі, Гарадоцкі, Граніцкі, Красненскі, Лебедзеўскі, Маркаўскі, Мясоцкі, Палачанскі, Радашковіцкі, Хажоўскі, Хоўхлаўскі, Цюрлёўскі, Чысцінскі.

Большую частку тэр. раёна займаюць Ашмянскае ўзвышша і Мінскае ўзвышша, паўн. ч. ў межах Нарачана-Вілейскай нізіны. Паверхня ўзгорыста-раўнінная, месцамі градавы рэльеф. Агульны нахіл на ПнЗ. Пераважныя выш. 150—300 м, найвыш. пункт 320 м (каля в. Дубрава Аляхновіцкага с/с). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровая сумесь, буд. пяскі, гліны, мінер. вада. Сярэдняя т-ра студз. -6,4 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 602 мм за год. Вегетац. перыяд 189 сут. Найб. рэкі: Бярэзіна (бас. р. Нёман), Уша з прытокамі Цна, Гадзея, Тур’я; Рыбчанка, Вілія. Васькаўскае вадасховішча. На У галоўны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя (57,6%), тарфяна-балотныя (18,1%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4%). Пад лесам 33% тэрыторыі Лясы хваёвыя, яловыя, бярозавыя, альховыя і інш., ​1/4 з іх — штучныя насаджэнні. Найб. лясістасць на Пн, дзе вылучаецца вял. лясны масіў Ярэўская пушча. Балоты займаюць 18,4 тыс. га. Найб. балотныя масівы Бярэзінскае балота і Масцішча. Заказнікі мясц. значэння: бат. Арніка горная, біял. Бортнік. Помнікі прыроды мясц. значэння: хвойнік з возерам у Красненскім лясніцтве каля в. Раёўка, хвоя веймутава і звычайная ў Маладзечанскім лясніцтве; паркі — Беразінскае, Маліноўшчына (з алеяй хвоі веймутавай), Якімоўшчына.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 75,6 тыс. га, з іх асушаных 16,7 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 18 калгасаў, 39 фермерскіх гаспадарак, зверагаспадарка, Маладзечанская птушкафабрыка, адкрытае акц. т-ва «Маладзечанская аграхімія», рыбгас «Ізабеліна». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, развітая збожжавая гаспадарка, бульбаводства, ільнаводства. Вырошчваюць кармавыя культуры, агародніну. Прадпрыемствы лёгкай, харч., буд. матэрыялаў, паліўнай, першаснай апрацоўкі лёну і цэлюлозна-папяровай прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Мінск—Вільнюс, Ліда—Полацк, аўтадарогі Мінск—Вільнюс, Маладзечна—Вілейка—Мядзел, Маладзечна—Валожын. У раёне 17 сярэдніх, 14 базавых, 6 пач., 6 муз., маст. школы, 2 ПТВ, дом дзіцячай творчасці, дзіцяча-юнацкі клуб фіз. падрыхтоўкі, 28 дашкольных устаноў, 31 дом культуры, 6 клубаў, 43 б-кі, 7 бальніц, 2 паліклінікі, 9 амбулаторый, 27 фельч.-ак. пунктаў, санаторый «Сасновы Бор». Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка» з філіялам літ. музея Я.​Купалы ў в. Вязынка, філіял літ. музея М.​Багдановіча ў в. Ракуцёўшчына, літ.-краязнаўчыя музеі ў в. Гарадок і в. Плябань. Арх. помнікі: Троіцкі касцёл і брама (1701—04) і царква (1886) у в. Беніца; Феадосьеўская царква (1866) у в. Гарадзілава; вадзяны млын (канец 19 — пач. 20 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Гарадок; Петрапаўлаўская царква (1871) у в. Груздава; касцёл (1912) і Пакроўская царква (1889) у в. Краснае; капліца (пач. 20 ст.) і Крыжаўзвіжанская царква (1869) у в. Лебедзева; сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Маліноўшчына; царква (1860) у в. Маркава; сядзібны дом (пач. 20 ст.) у в. Мясата; касцёл Роха (канец 18 ст.) і царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Палачаны; касцёл (пач. 20 ст.) у в. Плябань; капліца (1935) у в. Раёўка; капліца і касцёл Дзевы Марыі (2-я пал. 18 ст.) у в. Хоўхлава; сядзіба (канец 19 ст.) у в. Яхімоўшчына. Выдаецца «Маладзечанская газета».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМІРАВАННЕ РЭЛЬЕФУ.

Рэльеф Беларусі ўтварыўся ў выніку ўзаемадзеяння экзагенных і эндагенных фактараў на працягу ўсёй геалагічнай, асабліва мезазойска-кайназойскай, гісторыі развіцця зах. часткі Усходне-Еўрапейскай платформы, а ў апошні час і тэхнагенных працэсаў. Вялікую ролю адыгралі ледавіковыя покрывы, якія ў чацвярцічны перыяд неаднаразова насоўваліся ў межы рэгіёна, што прывяло да значнай змены агульнага араграфічнага аблічча.

У канцы перадледавікоўя тэр. Беларусі ўяўляла сабой пераважна спадзіста-хвалістую дэнудацыйную раўніну, паверхня якой мела форму амфітэатра, адкрытага на ПнЗ, і была складзена з карэнных парод. На ПдЗ пераважалі азёрна-алювіяльныя, месцамі забалочаныя нізіны. Перасечанасць рэльефу была невялікая. Паўсюдна сустракаліся азёры тэктанічнага і старычнага паходжання (асабліва на ПдЗ Беларусі). На Пн і У яны займалі невялікія плошчы, і толькі ў раёне сучаснага сярэдняга цячэння Прыпяці знаходзіўся вялікі вадаём або група вадаёмаў.

У нараўскі час значную частку тэр. Беларусі перакрывалі ледавіковыя покрывы, мяжа распаўсюджвання якіх праходзіла па лініі Шарашова—Любань—Глуск—Жлобін—Клімавічы. У выніку дзейнасці ледавіка ўзнік складаны комплекс марэнных, флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых адкладаў, якія ў наш час пашыраны толькі ў зах. і цэнтр. частках краіны. На астатняй тэр. ўтварэнні нараўскага ўзросту ў значнай ступені размыты або здзёрты наступнымі ледавіковымі покрывамі. Морфагенез нараўскага часу на тэр. Беларусі ў генетычных адносінах значна адрозніваецца ад даледавіковага: павялічылася агульная расчлянёнасць зямной паверхні да 120—140 м, паўд. частка (Палессе) пачала набываць выгляд катлавіны. Узніклі краявыя ледавіковыя ўзвышшы, якія прымеркаваны да плошчаў распаўсюджвання сучаснага ўзгоркава-градавага рэльефу. Плошчы гэтых стараж. узвышшаў былі невялікія, найбольшыя з іх — міжлопасцевыя ўтварэнні ў раёне Гродна, Навагрудка і на Пн ад Мінска.

На тэр. Беларусі трапляюцца адклады белавежскага міжледавікоўя ў выглядзе азёрных, азёрна-алювіяльных і балотных комплексаў, размешчаных у паніжэннях на ледавіковых адкладах, у лагчынах — на больш стараж. гарызонтах. Рэльеф стаў больш разнастайным: дэнудацыйныя паверхні змяніліся пераважна ледавіковымі. Дэнудацыйныя раўніны зберагліся толькі на Пд і У Беларусі. На астатняй тэр. рэльеф складалі пераважна спадзістахвалістыя зандравыя раўніны і нізіны, над якімі на 40—60 м узвышаліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы і на 5—10 м — марэнныя раўніны. Ніжэй зандраў (на 5—10 м) размяшчаліся азёрна-ледавіковыя нізіны, а таксама азёры і рачныя даліны (Пра-Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, Сож і інш.). Бярэзінскі ледавік амаль цалкам перакрыў тэр. Беларусі. У пазаледавіковай зоне засталіся толькі тэрыторыі на Пд ад лініі Столін—Петрыкаў—Ельск. Паверхня бярэзінскіх адкладаў у цяперашні час залягае ніжэй абсалютных адзнак 90—150 м, зрэдку апускаецца да 30—70 м або падымаецца на асобных участках Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град вышэй за 150 м. Шматлікія лагчыны і ўрэзы таго часу сведчаць пра вял. выворвальную дзейнасць ледавіка. Пасля адступання бярэзінскага ледавіка павялічыліся плошчы спадзістахвалістых марэнных раўнін і асабліва плоскіх азёрна-ледавіковых раўнін і нізін. Сфарміраваліся ледавіковыя ўзвышшы на месцы амаль усіх сучасных град (акрамя Мазырскай грады). Зменшыліся плошчы дэнудацыйных раўнін, складзеных з карэнных (палеаген-неагенавых) парод.

Александрыйскае міжледавікоўе папярэднічала самаму значнаму (прыпяцкаму) ледавіковаму покрыву на тэр. Беларусі. Густая сетка прыледавіковых азёр, што ўзніклі пры адступанні бярэзінскага ледавіка, прадоўжыла сваё развіццё. Яны сталі тыповымі вадаёмамі гуміднай зоны. На ПдЗ Беларусі азёрнасць складала да 20%. Даволі шырока распаўсюджваліся выраўнаваныя і паніжаныя прасторы, інтэнсіўна дрэніраваныя густой сеткай рэк (Пра-Дняпро, Прыпяць, Сож, Нёман, Бярэзіна і інш.). Рэкі мелі шырокія даліны, не падобныя на сучасныя вадацёкі. Ваганні адносных вышынь сталі больш значнымі: узвышшы, якія адпавядаюць сучасным Гродзенскаму, Навагрудскаму, Мінскаму, перавышалі ўрэз вады на 60—100 м. Астатнія ледавіковыя ўзвышшы мелі адносныя вышыні 20—40 м. Значную ролю на асобных участках пачалі выконваць азёрна-ледавіковыя нізіны, асабліва ў басейне Пра-Нёмана. Ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату пры адноснай стабільнасці тэктанічнага становішча ішло паступовае агульнае выраўноўванне тэрыторыі.

У пачатку прыпяцкага этапу на тэр. Беларусі насунуўся самы магутны з ледавікоў, які ў дняпроўскую стадыю амаль цалкам яе перакрыў. У час перарывістай дэградацыі гэтага ледавіка мелі месца працяглыя спыненні яго краю. У выніку ўзніклі субшыротныя ланцугі ўзвышшаў, якія вызначылі своеасаблівасці сучаснага размяшчэння рэк, азёр, балот. Гэтыя краявыя ледавіковыя комплексы на тэр. Палесся захаваліся ў межах Загароддзя, Мазырскай, Юравіцкай град, фрагментарна ў раёне Брэста, Маларыты, Рэчыцы, Чачэрска і інш.; самая вялікая і своеасаблівая паводле генезісу Мазырская града. У цэнтр. і паўн. Беларусі дняпроўскі ледавік надбудаваў узвышшы, што ўзніклі раней, паглыбіў ужо створаныя і ўтварыў новыя лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Пры раставанні і адступанні ледавіка на месцах паніжэнняў развіваліся вадасцёкі, фарміраваліся азёры.

У сожскую стадыю льды пашырыліся на паўд. частку Беларусі, да лініі Шарашова—Бяроза—Івацэвічы—Даманава—Баранавічы—Старобін—Любань—Глуск—Бабруйск—Рагачоў—Клімавічы. З сожскім зледзяненнем звязваецца канчатковае афармленне ўзвышшаў і град цэнтр. Беларусі (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Капыльскае, Ашмянскае, Мінскае). Пры стабілізацыі краю ледавіка ўзніклі шырокія, часта 2-узроўневыя зандравыя раўніны Перадпалесся і Палесся; сярод іх існавалі тэрмакарставыя азёры. У пазаледавіковай зоне намнажаліся перыягляцыяльныя адклады, фарміраваліся рачныя тэрасы, яры, лагчыны. Паступова адраджалася рачная сетка, адбываліся шматлікія перахваты рэчышчаў.

У пачатку муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі, асабліва на Пд, існавала мноства азёр. На месцы самых глыбокіх іх участкаў і зараз існуюць азёры Чырвонае, Спораўскае, Бабровіцкае, Чорнае, Белае, Арэхаўскае. На астатняй тэр. сустракаліся меншыя па плошчы азёры. Іх катлавіны і зараз вылучаюцца ў рэльефе ў выглядзе неглыбокіх паніжэнняў. Паступова фарміравалася рачная сетка, блізкая да сучаснай. Найб. узвышанай была тэр. ў цэнтры рэгіёна. На Пд і Пн пераважалі марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя раўніны і нізіны.

Апошняе (паазерскае) ледавіковае покрыва пранікла толькі на Пн Беларусі. Межы пашырэння льдоў праходзілі па паўн. схілах Гродзенскага ўзвышша, паміж Скідзелем і Астрыной, на З ад Радуні, каля Астраўца, на Пн ад Вілейкі і Докшыц, па лініі азёр Шо, Сялява, каля Оршы і ўздоўж шыротнага адрэзка Дняпра выйшлі за тэр. краіны. Гэта быў самы кліматычна суровы час за ўвесь чацвярцічны перыяд, што абумовіла інтэнсіўнасць працэсаў перыягляцыяльнага марфагенезу. На пачатку і ў сярэдзіне паазерскага этапу на Пн працягвалася развіццё рачных далін, пашыраліся балоты. У басейне Нёмана і Зах. Дзвіны фарміраваліся алювіяльныя адклады і адпаведныя ім тэрасы, якія на большай частцы тэрыторыі з’яўляюцца пахаванымі. На адрэзку, што завяршае паазерскі час, узніклі паўн. схілы Гродзенскага ўзвышша, Свянцянскія грады, Кубліцкае, Віцебскае і паўн. часткі Лукомскага і Аршанскага ўзвышшаў. На Пд ад іх утварыўся пояс зандравых раўнін, якія месцамі дасягаюць шырыні 50 км. Ледавік перапыніў сцёк вод Нёмана і садзейнічаў фарміраванню ў межах яго даліны вялікіх прыледавіковых азёр. Пры яго адступленні на Пн Беларусі з’явіліся вялізныя прыледавіковыя вадаёмы (Полацкі, Дзісенскі, Суражскі, Лучоскі). Тут жа сфарміраваліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы: Браслаўскае, Віцебскае, Гарадоцкае. З адступаннем ледавіка ўзровень азёр зніжаўся, на схілах іх катлавін фарміраваліся тэрасы. Паступова аднаўляўся сцёк рэк Балтыйскага басейна. З’явіліся верхнія цыклавыя надпоймавыя тэрасы Нёмана і Зах. Дзвіны. У позналедавікоўі інтэнсіўна развіваліся тэрмакарставыя працэсы, узнікла густая сетка азёр, фарміраваліся ніжнія надпоймавыя тэрасы, актыўна адбываліся балотаўтварэнне. эолавыя, саліфлюкцыйныя, абразійныя і інш. працэсы.

У пазаледавіковай зоне ў пачатку і сярэдзіне паазерскага часу намнажаліся тарфянікі, азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя адклады, ішло яраўтварэнне. У час зледзянення на тэр. Палесся з басейна Нёмана і па далінах рэк Бярэзіна і Дняпро паступала значная колькасць вод, што спрыяла ўтварэнню скразных далін на водападзелах, даволі шырокіх другіх надпоймавых тэрас, шматлікіх азёр і азёрна-алювіяльных нізін. У гэты ж час фарміраваліся покрывы лёсападобных адкладаў. Падняцце тэрыторыі пазаледавіковай зоны выклікала ўразанне рэк і спусканне многіх палескіх азёр. У басейне Дняпра змыкаліся паверхні першай надпоймавай тэрасы і адпаведных зандраў. У канцы паазерскага этапу завяршылася акумуляцыя лёсападобных адкладаў, выпрацаваўся ўступ ад першай надпоймавай тэрасы да поймы. Рэліктамі познапаазерскага часу на Пд Беларусі з’яўляюцца катлавіны найбольшых азёр.

Сучасны этап (галацэн) характарызуецца невялікімі ваганнямі клімату, рэльефаўтварэнне адбывалася ва ўмовах, блізкіх да сучасных. Вядучую ролю ў змене зямной паверхні адыграў флювіяльны фактар. У выніку яго праяўлення сфарміраваліся нізкія надпоймавыя тэрасы і поймы рэк басейна Балтыйскага мора, некалькі поймавых узроўняў у рачных далінах Чарнаморскага басейна. Інтэнсіўна працякалі працэсы балотаўтварэння, яраўтварэння і інш., у 19—20 ст. адным з самых актуальных геамарфалагічных працэсаў стаў антрапагенны морфагенез.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАМАРФАЛАГІЧНАЕ РАЯНАВАННЕ.

Па асаблівасцях прасторавай дыферэнцыяцыі будовы зямной паверхні на тэр. Беларусі вылучаны 4 геамарфалагічныя вобласці: Беларускае Паазер’е, Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, раўніны і нізіны Перадпалесся, Палеская нізіна.

Вобласць Беларускага Паазер’я вызначаецца пашырэннем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізін і раўнін, мноствам азёр і бяссцёкавых катлавін. Паверхня рэгіёна ў цэлым мае катлавінападобную форму, а ўзнятыя краі створаны ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зледзянення, якія цягнуцца і па-за межы Беларусі — на тэр. Расіі і Літвы. Паўд. мяжа вобласці ў асноўным супадае з мяжой пашырэння апошняга ледавіковага покрыва. Абсалютныя адзнакі вышынь у цэнтр. частцы 120—160 м, па далінах рэк — 100—125 м. Больш узвышаная ўсх. частка (вышэй за 150 м). Краявыя грады і ўзвышшы дасягаюць 200—260 м над узроўнем мора, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 м. Даволі шырока прадстаўлены формы краявога ледавіковага рэльефу — грады, увалы, узгоркі; найб. вялікія з іх Браслаўскае, Гарадоцкае, Віцебскае ўзвышшы і Свянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзелены азёрна-ледавіковымі, флювіягляцыяльнымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраны ўздоўж даліны Зах. Дзвіны і ў басейне р. Лучоса. Іх паверхня найб. паніжана на З. Знешнюю аднастайнасць азёрна-ледавіковых нізін парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 м, зрэдку 15—20 м, озавыя грады вышынёй 10 м, зрэдку да 30 м. Характэрны таксама ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 м. Да краявых частак былых прыледавіковых басейнаў прымеркаваны плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з дакладна выяўленым уступам. Па перыферыі Полацкага і Лучоскага прыледавіковых азёр і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраны флювіягляцыяльныя дэльты вышынёй 2—10 м. Каля берагавых зон сустракаюцца своеасаблівыя кальцавыя формы рэльефу — пінго (гідралакаліты, булгуняхі). Тэр. Беларускага Паазер’я дрэніруецца густой сеткай рэк, якія належаць да басейнаў Зах. Дзвіны і Нёмана. Рачныя даліны маладыя, вузкія і глыбокія. Паазер’е налічвае каля 3 тыс. азёр. Катлавіны іх маюць разнастайнае паходжанне (падпруднае, лагчыннае, экзарацыйнае, тэрмакарставае, эразійнае і складанае) і дасягаюць максімальных для Беларусі памераў.

Вобласць Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град характарызуецца развіццём найб. магутных краявых ледавіковых утварэнняў сожскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім эразійным расчляненнем. На краявых утварэннях часта сустракаюцца лёсападобныя адклады, з якімі звязана пашырэнне яроў і суфазійных западзін. Даліны рэк выпрацаваныя, але сустракаюцца вузкія і глыбокія, з камяністым дном і парогамі. Абсалютныя адзнакі вышынь дасягаюць 200—250 м. Самыя высокія — г. Дзяржынская (345 м), г. Лысая (342 м). Паводле будовы рэльефу вобласць падзяляецца на падвобласці: Заходне-Беларускую (характэрны найбольшыя абсалютныя і адносныя вышыні, разнастайнасць ледавіковых форм, шматлікія гляцыядыслакацыі) і Усходне-Беларускую (рэльеф пераважна платопадобны, зніжаюцца абсалютныя вышыні і памяншаецца гарызантальная і вертыкальная расчлянёнасць). Асноўная прычына — розніца ў тэктанічнай будове. Зах. частка вобласці прымеркавана да Беларускай антэклізы, усх. — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў асаблівасцях даледавіковага і ледавіковага рэльефу і дынаміцы ледавікоў. Найб. абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ледавіковымі ўтварэннямі (Мінскае, Навагрудскае, Слонімскае, Ваўкавыскае, Гродзенскае і інш. ўзвышшы, Капыльскія, Ашмянскія грады). Амаль для ўсіх краявых узвышшаў характэрны развіццё гляцыядыслакацый, адорвеняў мелавых і іншых парод. Асабліва вялізныя гляцыядыслакацыі выяўлены ў межах Гродзенскага, Ваўкавыскага і Мінскага ўзвышшаў. Значныя плошчы заняты марэннымі раўнінамі з абсалютнымі вышынямі 145—190 м. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы, сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод, якія месцамі наследуюцца невялікімі рэкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 м. На марэннай раўніне ва ўсх. частцы Беларусі нярэдка залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла шырокае развіццё яроў, лагчын, прамывін, урэзаных на глыбіню да 20—30 м, суфазійных западзін дыяметрам 100—200 м і глыбінёй да 2—3 м. Ніжэй марэннай раўніны амаль усюды пашыраны ўчасткі флювіягляцыяльных паверхняў з абсалютнымі вышынямі 135—170 м і ваганнямі адносных — 3—5 м. На асобных участках захаваліся забалочаныя і зарастаючыя азёрныя катлавіны. Характэрнымі элементамі рэльефу з’яўляюцца эолавыя грады і ўзгоркі, лагчыны сцёку, месцамі моцна забалочаныя. Самы нізкі гіпсаметрычны ўзровень у межах вобласці займаюць ледавіковыя і азёрна-алювіяльныя нізіны і раўніны, плошчы якіх невялікія. Гідрасетка адносіцца да басейнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёр на тэр. вобласці параўнальна мала.

Вобласць раўнін і нізін Перадпалесся з’яўляецца пераходнай араграфічнай ступенню паміж узвышшамі цэнтр. Беларусі і Палескай нізінай. Сучасны рэльеф утварыўся ў выніку акумулятыўнай, экзарацыйнай і дыслацыруючай дзейнасці ледавікоў у сожскі і дняпроўскі час. Пашыраны зандравыя (флювіягляцыяльныя) раўніны, якія акаймоўваюць з Пд пояс буйнейшых на тэр. краіны ўзвышшаў і град. Краявыя комплексы пашыраны на невялікіх плошчах і маюць абсалютныя адзнакі вышынь 170—200 м, радзей 210—220 м. Ніжэй размешчаны ўчасткі марэнных раўнін з абсалютнымі вышынямі 160—180 м. Іх рэльеф спадзістахвалісты з ваганнямі адносных вышынь да 2—3 м, зрэдку дробнаўзгорысты з ваганнямі вышынь да 5—7 м. Ва ўсх. частцы вобласці марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх развіваюцца суфазійныя западзіны і ярыста-лагчынная сетка. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя западзіны, лагчыны сцёку талых вод. Ніжэй марэннай раўніны — участкі флювіягляцыяльных (зандравых) раўнін, якія на тэр. Перадпалесся з’яўляюцца пераважнымі. Іх спадзістахвалістая паверхня мае абсалютныя вышыні 140—180 м, часта моцна забалочаная. Сустракаюцца асобныя грады краявога рэльефу, камы і озы вышынёй да 5—7 м. Дадатныя формы рэльефу таксама утвораны эолавымі працэсамі (вышыня град і дзюн не перавышае 10 м). Ва ўсх. частцы вобласці водна-ледавіковыя адклады перакрыты лёсападобнымі, у сувязі з чым тут пашыраны суфазійныя западзіны, ярыста-лагчынныя сістэмы. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя западзіны і затарфаваныя лагчыны сцёку. Многія лагчыны ўнаследаваны рэкамі. Ніжэй флювіягляцыяльных раўнін і нізін паўсюдна сустракаюцца плоскія, спадзістахвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-алювіяльныя паверхні з абсалютнымі вышынямі 130—160 м. Шмат рэшткавых зарастаючых азёр, зрэдку трапляюцца эолавыя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 м. Тэр. Перадпалесся дрэніруецца густой сеткай рэк, якія адносяцца да басейнаў Прыпяці, Бярэзіны, Дняпра, Сажа, у меншай ступені Зах. Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. Азёр мала.

Вобласць Палескай нізіны вызначаецца шырокім развіццём моцна забалочаных алювіяльных, азёрна-алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін з разнастайнымі формамі эолавай акумуляцыі. Узвышаныя ўчасткі краявых ледавіковых утварэнняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнін (за выключэннем Мазырскага ўзвышша і Загароддзя) маюць абмежаванае пашырэнне, але ўтвараюць выцягнутыя ў субшыротным напрамку палосы, якія надаюць рэльефу Палесся хвалісты характар. Рачныя даліны шырокія, поймы дасягаюць значных памераў. Паводле тэктанічнай будовы вобласць падзяляюць на 2 падвобласці: Беларускае Палессе (сфарміравалася пераважна на тэр. з адносна глыбокім заляганнем крышталічных парод) і Украінскае Палессе (характарызуецца больш высокім заляганнем крышталічнага фундаменту). Каркас рэльефу, яго хвалістасць створаны ў асноўным ледавіковымі працэсамі дняпроўскага часу; ва ўтварэнні паўн. краю нізіны прымаў удзел ледавік сожскага часу, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Максімальныя абсалютныя вышыні звязаны з краявымі ўтварэннямі, сярод якіх вылучаюцца Мазырскае ўзвышша і Загароддзе. У межах Мазырскага ўзвышша абсалютныя вышыні дасягаюць максімальных для Палесся адзнак — 220,7 м (каля в. Булаўкі Мазырскага р-на), а адносныя вышыні — да 80 м. Характэрная асаблівасць Мазырскага ўзвышша — інтэнсіўная расчлянёнасць ярыста-лагчыннай сеткай (20—30 шт./км²). Найбуйнейшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 м. Для краявых ледавіковых утварэнняў Загароддзя характэрны градавы рэльеф з плоскімі вяршынямі і спадзістымі схіламі. Пераважаюць абсалютныя вышыні 140—175 м, адносныя — 10—15 м. Ніжэй краявых ледавіковых утварэнняў размешчаны спадзістахвалістыя марэнныя раўніны з абсалютнымі вышынямі 150—160 м (распаўсюджаны абмежавана). Ярусам ніжэй (125—150 м) пашыраны спадзістахвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя раўніны і нізіны. На флювіягляцыяльных паверхнях шмат эолавых узгоркаў, град, дзюн вышынёй да 10 м, палёў перавеяных пяскоў. Найб. нізкі ярус займае плоская, участкамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-алювіяльных забалочаных нізін, сярод якіх размешчаны зарастаючыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёр. Тэр. Палескай нізіны дрэніруецца пераважна рэкамі басейна Прыпяці і ў меншай ступені прытокамі Сажа, Дняпра і Буга.

Літ.:

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Краевые образования Белорусской гряды. Мн., 1990;

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;

Геология Беларуси. Мн., 2001;

Палеогеография кайнозоя Беларуси. Мн., 2002.

А.​В.​Мацвееў, Л.​А.​Нечыпарэнка.

Лагчынна-градавы рэльеф Свірскай грады.
Мінскае ўзвышша.
Мелавы кар’ер каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.
Градава-лагчынны рэльеф Лагойскага ўзвышша.
Прыбугская раўніна.
Пясчаныя дзюны на тэрасах р. Прыпяць.
Пясчаны пляж на пойме р. Прыпяць.

т. 18, кн. 2, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)