ДЗІДА́КНА (Didacna),

род малюскаў сям. лімнакардыід кл. двухстворкавых. Жывуць толькі ў Каспійскім м. (эндэмікі) у мелкаводнай прыбярэжнай зоне, на пясчаных і заглееных грунтах на глыб. каля 50 м. Найб. звычайныя D. trigonoides, D. protracta, D. barbot de marnyi, D. crassa. Рэлікты сармацкай фауны.

Ракавіна (даўж. да 6 см) трохвугольна-авальная або авальная з плоскімі радыяльнымі рэбрамі, з 2 (радзей 1) кардынальнымі зубамі. Біяфільтратары.

Дзідакна: 1 — trigonoides; 2 — protracta.

т. 6, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БРАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл., за 25 км на ПнУ ад Мінска, на тэр. зоны адпачынку Раўбічы. Створана на р. Усяжа ў месцы ўпадзення ў яе р. Дубраўка ў 1983. Пл. 3,5 км², даўж. 6,5 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 14 м, аб’ём вады 22,4 млн. м³. Ваганні ўзроўню вады на працягу года 8 м. Выкарыстоўваецца для арашэння зямель, воднага добраўпарадкавання прылеглых вёсак, адпачынку, рыбаводства.

т. 6, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАХНА́РСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дахнарка (працякае праз возера) за 14 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,47 км², даўж. 890 м, найб. шыр. 700 м, найб. глыб. 1,7 м, даўж. берагавой лініі каля 2,7 км. Пл. вадазбору 73,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі лесам, на Пд разараныя. Берагі пераважна сплавінныя, на Пн забалочаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае.

т. 6, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕПРАВО́ДНЫ ШНУР, бікфордаў шнур,

шнур для перадачы цеплавога імпульсу (пучка іскраў) капсулю-дэтанатару або зараду выбуховых рэчываў праз строга вызначаны прамежак часу з моманту падпальвання. Складаецца з асяродка са спрасаванага дымнага пораху і абалонкі (аплёткі) з некалькіх слаёў нітак, насычаных вільгацеізаляцыйным саставам. Дыяметр 6 мм, скорасць гарэння да 1 см/с (пад вадой на глыб. да 5 м гарыць з большай скорасцю). Выкарыстоўваецца ў ваен. справе і пры выбуховых работах.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬШЫЦА,

возера ў Докшыцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сергуч (цячэ праз возера), за 40 км на У ад г. Докшыцы. На тэр. Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Пл. 3,98 км², даўж. 3,32 км, найб. шыр. 1,9 км, найб. глыб. 2,7 м, даўж. берагавой лініі 9,75 км. Пл. вадазбору 113 км². Схілы катлавіны і берагі нізкія, забалочаныя. Дно плоскае, высланае сапрапелямі, месцамі глеямі. Празрыстасць вады да дна. Моцна зарастае.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРО́ДНА,

возера ў Віцебскім р-не, у бас. р. Лучоса, за 10 км на Пд ад г. Віцебск. Пл. 0,87 км², даўж. 1,35 км, найб. шыр. 920 м, найб. глыб. 8 м, даўж. берагавой лініі 4,05 км. Пл. вадазбору 16 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя. Мелкаводдзе шырокае і спадзістае. Дно пясчанае, глыбей за 2—4 м глеістае.

т. 5, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮВІЯ́ЛЬНЫ ГАРЫЗО́НТ,

глебавы гарызонт, у якім намнажаюцца рэчывы, вынесеныя з вышэйляжачых (элювіяльных) гарызонтаў глебы. І.г. падзяляюцца паводле характару акумуляваных рэчываў (гумус, мул, карбанаты, гіпс і інш.), напр. гумусава-ілювіяльны, ілювіяльна-карбанатны і інш. Найб. выразны ў дзярнова-падзолістых глебах, залягае на глыб. ад 0,3 да 1,4 м. Жалезістыя злучэнні надаюць І.г. чырвона-бурую і жоўта-бурую афарбоўку (вокіснае жалеза) пры асушэнні і зеленавата-галубую ’(закіснае жалеза) у анаэробных умовах.

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ГА-МАДЖО́РЭ (італьян. Lago Maggiore літар. вял. возера),

Вербана, возера ў Італіі і Швейцарыі паміж адгор’ямі Лепанцінскіх Альпаў. Пл. 212 км², даўж. 62,5 км, глыб. да 372 м. Размешчана ў тэктанічнай міжгорнай катлавіне на выш. 194 м. Берагі высокія, абрывістыя. Падпруджана стараж. марэнай. Праз возера працякае суднаходная р. Тычына, левы прыток р. По. Суднаходства, рыбалоўства. Турызм. Клімат. курорты: Лакарна, Аскана і інш. (Швейцарыя), Канобіо, Інтра і інш. (Італія).

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗАРАВА МО́РА,

ускраіннае мора Атлантычнага ак. каля берагоў Усх. Антарктыды, паміж 0° і 14° усх. д. Пл. 929 тыс. км². Глыбіні пераважна больш за 3000 м, найб. глыб. больш за 4500 м. Берагі ўтвораны стромкімі ледзянымі абрывамі шэльфавых ледавікоў. Большую частку года ўкрыта дрэйфуючымі крыгамі, шмат айсбергаў. У канцы лета і восенню дрэйфуючыя крыгі захоўваюцца толькі каля ўзбярэжжа. Л.м. вылучана ўдзельнікамі сав. антарктычнай экспедыцыі ў 1962 і названа ў гонар М.П.Лазарава.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНО́САВА ХРЫБЕ́Т,

падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым ак. Распасціраецца ад Новасібірскіх а-воў праз цэнтр. ч. акіяна да в-ва Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу амаль на 1800 км. Шыр. ад 60 да 200 км. Узвышаецца над дном акіяна ў сярэднім на 3300—3700 м. Найменшая глыб. над асобнымі вяршынямі 900 м. Схілы стромкія, расчлянёныя каньёнамі, укрытыя слоем пясчаністага ілу. Адкрыты у 1948 сав. экспедыцыямі. Названы ў гонар М.В.Ламаносава.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)