АМІДАСТО́МЫ (Amidostomum),

род нематодаў. Больш за 10 відаў. Паразітуюць у падслізістай абалонцы страўніка гусей, радзей качак, куранят і галубоў. Выклікаюць амідастамоз. Найб. пашырана Amidostoma anseris.

Даўж. самцоў да 14,5 мм, шыр. да 0,26 мм, самак адпаведна 20,3 і 0,39 мм. Яйцы выдзяляюцца ў вонкавае асяроддзе. Развіццё без прамежкавага гаспадара. Інвазійная лічынка пасля двухразовай лінькі пры т-ры паветра 16—26 °C праз 3—5 сутак выходзіць з яйца. У страўнік гаспадара трапляе з травой ці вадой, праз 17—22 сут дасягае палавой спеласці.

т. 1, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНІСІ́ФАР (прозвішча Пятровіч-Дзевачка; ? — 1592 ці 1594),

мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсея Русі. Паходзіў з галіцкай шляхты. Пасля 1568 архімандрыт Лаўрышаўскага манастыра (каля Навагрудка). З 1579 мітрапаліт. Жыў пераважна ў Навагрудку. Садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні Мамонічаў «Службоўніка» (1583). Дамогся ад польскага караля і вял. кн. ВКЛ Стафана Баторыя пацвярджэння незалежнай юрысдыкцыі правасл. царквы (1585) і дазволу спраўляць царк. святы паводле юліянскага календара (1586). У 1589 пазбаўлены сану за парушэнне кананічнага правіла (быў дваяжэнцам). Памёр у Лаўрышаўскім манастыры.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 1, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛА́ЧСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

на У ЗША, уздоўж паўд. схілаў Апалачаў, у Перадапалачскім перадавым прагіне; адзін з буйнейшых у свеце. Працягласць больш за 1200 км. Пл. каля 180 тыс. км². Вугляносныя адклады пермі і карбону. Агульныя запасы да глыб. 900 м — 1600 млрд. т. Каля 300 вуглездабыўных раёнаў.

Прамысл. распрацоўка з 1800. Вугалі ў асноўным бітумінозныя. Цеплыня згарання 28,9—35,4 МДж/кг. Здабыча адкрытым і падземным спосабамі. Каля 65% вугалю выкарыстоўваецца эл. станцыямі, значная ч. каксавальнага вугалю экспартуецца ў Канаду, Японію, Зах. Еўропу.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЛІ́НЫ (Opalinatea),

клас паразітычных прасцейшых жывёл атр. эўгленавых. Жывуць у кішэчніку земнаводных, радзей рыб і паўзуноў. Больш за 100 відаў. Найб. вядома A. ranarum.

Даўж. да 1 мм. Цела лістападобнае, плоскае, несіметрычнае, укрытае тысячамі кароткіх жгуцікаў. Стрававальнай сістэмы няма, жывяцца ўсёй паверхняй цела. Ядзер ад 2 да некалькіх соцень. Размнажаюцца бясполым спосабам (дзяленнем) і палавым — парным зліццём аднаядравых мікра- і макрагамет з утварэннем цысты, што трапляе ў ваду і праглынаецца апалонікамі. З цысты выходзіць маленькая апаліна, якая вырастае ў шмат’ядзерную.

Апаліна.

т. 1, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БРЭСЛА́Ў»

(«Breslau», № 36),

кодавая назва карнай аперацыі ням. фашыстаў у акупіраваным Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Праводзілася 5—19.9.1942 сіламі 5 батальёнаў вермахта, вучэбнага палка ВПС і паліцэйскіх падраздзяленняў з мэтай акружыць і знішчыць партызан, якія наносілі ўдары па гарнізонах фашыстаў у в. Прыбар і Ніканавічы. У ходзе аперацыі каля в. Ухлясць карнікі атрымалі адпор, вялі працяглы бой з партызанамі, але не здолелі акружыць іх і знішчыць. У раёне аперацыі фашысты загубілі больш за 1000 сав. грамадзян.

т. 3, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ЛЕНЦІН ((Vallentin) Максім) (9.10.1904, Берлін — 2.9.1987),

нямецкі рэжысёр, тэатр. дзеяч. Скончыў школу акцёрскага мастацтва пры Дзярж. т-ры (Берлін). Іграў у т-рах Берліна і Цюрыха. У 1933 эмігрыраваў у СССР. З 1945 на радзіме. Стварыў першы ням. тэатр. ін-т (Веймар). У 1950 арганізаваў у Берліне студыю «Малады ансамбль» (з 1952 Тэатр імя М.​Горкага). Сярод рэжысёрскіх работ: «За тых, хто ў моры» Б.​Лаўранёва (1952), «Дасцігаеў і іншыя» М.​Горкага (1954), «Разбойнікі» Ф.​Шылера (1955). Нац. прэміі ГДР 1955, 1962.

т. 3, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЕР (Міхаіл Львовіч) (Майсей Лейбавіч; 1857, г. Пінск — 1882),

удзельнік народніцкага руху. Скончыў гімназію ў Мінску, вучыўся ў Кіеўскім ун-це. З 1876 чл. Мінскага народніцкага гуртка М.​Г.​Рабіновіча-Чорнага. У 1877 арганізаваў у Мінску народніцкі гурток землявольскага кірунку. У 1878 уцёк за мяжу, жыў у Швейцарыі і Парыжы. У 1881 вярнуўся ў Расію, добраахвотна з’явіўся ў Мінскае губ. жандарскае ўпраўленне, жыў пад наглядам паліцыі. Яго кантакты з уладамі адмоўна ацэнены ў колах рэвалюцыянераў. Скончыў самагубствам.

М.​Б.​Ласінскі.

т. 4, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,21 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 5,5 км².

Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Недрава.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНЯЯ МА́НТЫЯ,

абалонка Зямлі, якая знаходзіцца паміж зямной карой і ніжняй мантыяй. Аддзяляецца ад кары Махаровічыча паверхняй, ніжняя граніца невыразная, на глыб. каля 900 км. У рэчыве верхняй мантыі пераважае алівін. Верхні слой верхняй мантыі (субстрат) разам з зямной карой утварае літасферу, пад якой залягае астэнасфера, ніжняя частка (глыбей за 400 км) — слой Галіцына, які характарызуецца інтэнсіўным нарастаннем скорасці сейсмічных хваль. У верхняй мантыі развіваюцца працэсы, з якімі цесна звязаны тэктанічныя рухі, магматызм, вулканізм, метамарфізм зямной кары, утварэнне карысных выкапняў.

т. 4, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,

міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)