у Беларусі, у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобл., у бас.р. Дрыса, за 28 км на Пн ад г. Верхнядзвінск. Пры ўзроўні возера 129,8 мпл. 52,8 км², даўж. 11,4 км, найб.шыр. 7,8 км, найб.глыб. 7,5 м.
Схілы — узгоркі і грады выш. да 30 м, пад лесам, часткова разараныя. На З да возера прымыкае Асвейскае балота. Берагі пераважна нізкія, тарфяніста-пясчаныя, параслі балотным разнатраўем і рэдкім хмызняком, на Пд амаль зліваюцца са схіламі, занятыя сухадольнымі травамі. Берагавая лінія слабазвілістая, даўж. 33,4 км. Рэльеф дна складаны, невялікія разрозненыя водмелі чаргуюцца з паніжэннямі, каля 80% пл. выслана гліністымі глеямі, крэменязёмістымі і тонкадэтрытавымі сапрапелямі. Уздоўж паўд.-ўсх. берагоў дно выслана заглееным пяском. У возера ўпадае р. Выдрынка, больш за 40 ручаёў, канал без назвы. Сцёк праз канал Дзегцяроўка. У зах. частцы высокі (да 30 м) востраў пл. каля 5 км², вакол яго паласа надводнай расліннасці шыр. да 100 м і невял. ўчасткі пяску каля паўд. берага. Характэрны ўстойлівая летняя і зімовая межань, павышаны ўзровень вады ўвосень. Устойлівы ледастаў у пач. снежня. Растае лёд звычайна ў красавіку. Т-ра вады на глыб. 0,5 м у летнюю межань 15,8 °C, у зімовую — 0,6 °C. Вада мяккая, слабамінералізаваная, гідракарбанатная. Каля 40% пл. дна возера зарастае трыснягом і аерам. Гняздуюцца лебедзь-шыпун, малая чайка, занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі, у трысняговых зарасніках на ПдУ водзяцца андатра, бабёр. Рыбапрамысловасць (лешч, шчупак, язь, судак, мянтуз, карась, сазан, ёсць вугор). У складзе біял. заказніка Асвейскі. На паўд. беразе возера г.п. Асвея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГАР’Я́НЦ (Армен Багратавіч) (28.9.1918, г. Андыжан, Узбекістан — 24.3.1976),
бел. мастак т-ра. Засл. дз. маст.Беларусі (1955). Скончыў Ленінградскае маст.-пед. вучылішча (1939). Працаваў у т-рах Ташкента, Вільні і інш. З 1953 гал. мастак Дзярж.рус.драм.т-раБеларусі, з 1962 гал. мастак Бел.т-ра імя Я.Купалы. З 1958 выкладаў таксама ў Бел.тэатр.-маст. ін-це. Творчасці Грыгар’янца ўласцівы глыбокае разуменне жанравай асновы спектакля, выразнасць зрокавых вобразаў, арган. адзінства традыцыйнага і наватарскага. Сярод лепшых спектакляў: «Кароль Лір» У.Шэкспіра (1953), «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага (1957), «Беспасажніца» А.Астроўскага (1962) у Рус. т-ры; «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1953), «Салавей» З.Бядулі (1956), «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета (1958), «Чацвёрты» К.Сіманава (1962), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (1965), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (1966, з Б.Герлаванам), «Трыбунал» А.Макаёнка (1971), «У ноч зацьмення месяца» М.Карыма (1972), «Забыць Герастрата!» Р.Горына (1974), «Гульня з кошкай» І.Эркеня (1976) у т-ры імя Я.Купалы; «Багема» Дж.Пучыні і «Рыгалета» Дж.Вердзі (1968) у Дзярж. т-ры оперы і балета. Маст. і рэж. спектакляў «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта (1962, Рус.т-р) і «Цудоўная дудка» В.Вольскага (1968, Бел.рэсп.т-р юнага гледача). Мастак кінафільмаў «Палеская легенда» (1957), «Чырвонае лісце» (1958, абодва з У.Белавусавым) і інш.
П.А.Карнач.
А.Грыгар’янц. Эскізы касцюмаў да спектакля «Матухна Кураж і яе дзеці» Б.Брэхта.А.Грыгар’янц. Эскіз дэкарацый да спектакля «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЗЬ,
старажытнае дэкар. пісьмо, пры якім літары звязаны ў непарыўны дэкар. арнамент. Пісцы карысталіся 2 прыёмамі: скарачэннем літар і іх упрыгожваннем. Віды скарачэнняў: скарачэнне частак літар Л, А, К, М і інш., каб палегчыць іх збліжэнне; падпарадкаванне адной літары другой, калі памер адной памяншаўся і яна ставілася пад мачту большай літары ці пісалася ўнутры яе, не перасякаючы яе частак (КО = ; памяншэнне памеру абедзвюх літар і напісанне іх адна пад адной (МР = ); зліццё падобных частак суседніх літар (ПР = ). Упрыгожванне служыла для запаўнення пустот, уласцівых многім слав. літарам. У рукапісных кнігах вязь звычайна пісалі каляровай фарбай (найчасцей кінавар’ю).
Першапачаткова вязь выкарыстоўвалася ў загалоўках і надпісаннях. На Русі з’явілася ў 14 ст. Перайшла ад паўд. славян і ўжывалася ў двух стылях: т.зв. геаметрычным (строга захоўваў геам. элементы літар) і прыродным (літары ўпрыгожвалі арнаментальнымі расліннымі і жывёльнымі матывамі). Быў і змешаны стыль. У 15—16 ст. на Беларусі і Украіне развіваўся прыродны стыль, у Маскоўскай Русі пераважаў геаметрычны. На Беларусі вязь выкарыстоўвалі пераважна ў рукапісных кнігах рэліг. жанраў («Псалтыр» 16 ст., «Пралог» 17 ст., «Зборнік павучанняў» сярэдзіны 17 ст.), зрэдку і ў дзелавой ці свецкай пісьменнасці (Статут ВКЛ 1566, бел. пераклад «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). Друкаваная вязь вядома ў выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, у старадруках 16—17 ст. (Статут ВКЛ 1588, выд. ў Вільні, «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», 1637, і «Дыдаскалія», 1653, выд. ў Куцейне.
М.А.Паўленка, А.М.Булыка.
Узоры вязі: 1, 2 — Статут Вялікага княства Літоўскага. Вільня. 1588; 3 — «Зборнік павучанняў». Сярэдзіна 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБ (Quercus),
род кветкавых раслін сям. букавых. Каля 600 відаў; адна з гал. лесаўтваральных парод. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і і гарах Паўд. Амерыкі. На Беларусі 2 дзікарослыя і 13 інтрадукаваных відаў. Д. звычайны, або летні, ці чарэшчаты (Q. robur), расце ўсюды, асабліва на Пд, утварае дубовыя лясы; асобныя дрэвы ахоўваюцца як помнікі прыроды. Д. скальны, або зімовы, ці сядзячакветны (Q. petraea) — атлантычна-еўрап. рэліктавы від, трапляецца рэдка (вядома адзінае месца росту на тэр.нац. парку «Белавежская пушча», дзе ён утварае чыстыя і мяшаныя з грабам і елкай насаджэнні), занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Сярод інтрадукаваных найб. вядомыя Д. балотны (Q. palustris), паўночны (Q. borealis), каштаналісты (Q. castanefolia), шарлахавы (Q. coccinea), грузінскі (Q. iberica), буйнапыльнікавы (Q. macranthera), аксамітны (Q. velutina), мангольскі (Q. mongolica), Гартвіса (Q. hartwissiana).
Аднадомныя шматгадовазялёныя і лістападныя дрэвы і кусты з шатра- ці калонападобнай, пірамідальнай, ніцай або раскідзістай кронай. Жывуць 400—500, іншы раз да 2000 і больш гадоў. Лісце простае, чаргаванае, перыста-лопасцевае, суцэльнакрайняе, зубчастае, на чаранках. Кветкі дробныя, непрыкметныя, раздзельнаполыя, з зачаткавым калякветнікам. Плады — аднагнездавыя арэхі (жалуды), у ніжняй ч. з чашападобнай плюскай. Драўніна мае высокія фізіка-мех. і тэхн. ўласцівасці, прыгожую тэкстуру (асабліва цэніцца драўніна Д., якая доўга знаходзіцца пад вадой, т. зв. «мораны дуб»); выкарыстоўваецца ў мэблевай і сталярнай вытв-сці, вагона-, авія- і суднабудаванні, буд-ве і інш. Кара мае да 12% танінаў, добры дубільнік і вяжучы сродак, ідзе на выраб коркаў, жалуды — на прыгатаванне сурагату кавы, а таксама на корм жывёле. Дэкар. віды Д. выкарыстоўваюць у зялёным буд-ве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКА́Я ГАСПАДА́РКА,
комплекс службаў, прадпрыемстваў, арг-цый, інж. збудаванняў і інш. для задавальнення камунальных, быт. і сац.-культ. патрэб жыхароў горада. Уключае жыллёвую гаспадарку, камунальную гаспадарку, прадпрыемствы бытавога абслугоўвання насельніцтва, гандлю і грамадскага харчавання, гарадскога транспарту, сувязі, установы аховы здароўя, асветы, сац. забеспячэнне, культуры і інш. Узнікла і развіваецца з ростам гарадоў. Ужо ў сярэднявеччы многія гарады, у т. л. на Беларусі, мелі брукаваныя вуліцы, водаправоды, каналізацыю, лазні і інш. элементы ўпарадкавання. З паскарэннем росту гар. насельніцтва, удасканаленнем буд. тэхнікі і новых буд. матэрыялаў пашыралася ўзвядзенне шматпавярховых і вышынных будынкаў, забяспечаных сучаснымі сродкамі камунальнага абслугоўвання, палепшана ўпарадкаванне і догляд гар. вуліц, плошчаў, месцаў адпачынку і інш. Сучасная гарадская гаспадарка шырока выкарыстоўвае электрычнасць, прыродны газ, разнастайныя віды транспарту (трамваі, аўтобусы, тралейбусы, метро). Гарадская гаспадарка знаходзіцца ў падпарадкаванні мясц. органаў улады. У гарадах Беларусі частка гандлю, грамадскага харчавання, жыл. фонду, быт. абслугоўвання прыватызавана. На базе Мін-вабыт. абслугоўвання створаны Бел.рэсп. саюз прадпрыемстваў быт. абслугоўвання насельніцтва (Белбытсаюз). Пачаўся пераход муніцыпальных жыл.-эксплуатацыйных службаў у недзярж. альтэрнатыўныя структуры. Укараняецца практыка выбару на конкурснай аснове прадпрыемстваў і ўстаноў, што забяспечваюць эксплуатацыю і падтрыманне ў належным стане жыл. фонду розных формаў уласнасці на аснове кантрактаў з яго уладальнікамі. Ажыццяўляецца перадача ў агульную долевую ўласнасць уласнікам жылых памяшканняў, месцаў агульнага карыстання, прысядзібных тэрыторый і інш. аб’ектаў са стварэннем кандамініумаў (саўладанняў).
Літ.:
Проектирование городского хозяйства. 3 изд. М., 1991;
Чекалин В.С., Томилов В.В. Перспективное планирование капитального ремонта объектов городского хозяйства. Л., 1987;
Хатунцев В.М., Валахова В.Д. Основы финансово-кредитной системы городского хозяйства. Л.,1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУНО́Ў (Цімафей Сазонавіч) (6.8.1904, в. Саннікі Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 8.10.1969),
грамадскі, парт. і дзярж. дзеяч БССР, гісторык. Акад.АНБССР (1959). Скончыў БДУ (1936), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦКВКП(б) (1948). З 1933 карэспандэнт газ. «Правда», з 1937 гал. рэдактар Дзярж. выдавецтва БССР, з 1939 рэдактар газ. «Звязда». У 1941—47 і 1950—60 сакратар ЦККПБ. У пач.Вял.Айч. вайны на паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, удзельнічаў у арганізацыі партыз. руху на Беларусі. З 1942 рэдактар час. «Славяне», адначасова ў 1942—46 узначальваў Камісію па гісторыі Айч. вайны пры ЦККП(б)Б. У 1949—50 рэдактар час. «Наука и жизнь». У 1960—67 акадэмік-сакратар Аддз. грамадскіх навук АНБССР. Чл.ЦККПБ у 1941—66, чл. Бюро ЦККПБ у 1945—47 і 1950—60. Дэп. Вярх. СаветаСССР у 1946—62, Вярх. Савета БССР у 1947—67. У 1955—63 старшыня Вярх. Савета БССР. Аўтар прац па гісторыі ўтварэння БССР, уз’яднання бел. народа ў адзінай дзяржаве, папулярных выданняў па гісторыі Беларусі. Яго кн. «Гераічнае мінулае беларускага народа» (1945) і «Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве» (1949) былі залічаны ў разрад нацыяналістычных і забаронены для выкарыстання ў бібліятэках, асноўны іх тыраж знішчаны.
Тв.:
Освобожденная Западная Белоруссия. М., 1940;
Образование Белорусской Советской Социалистической Республики. М., 1949;
Уз’яднанне беларускага народа ў адзінай савецкай сацыялістычнай дзяржаве. 2 выд.Мн., 1952;
Народы-братья: О связях бел. народа с народами Прибалтики. Мн., 1961;
В.И.Ленин — создатель белорусского советского социалистического государства. Мн., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 32 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 2,6 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 53,7 м (самае глыбокае на Беларусі), даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 30,4 км². Катлавіна глыбока (на 70—80 м) урэзана ў тоўшчу марэнных адкладаў, схілы выш. да 30 м (на ПнЗ і ПдУ да 10 м), пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтр.ч. возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усх. і зах. берагоў месцамі выслана валунамі. Пяскі да глыб. 10—15 м, глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай ч. змяняюцца глеямі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная Маса адметная вял. колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі т-рамі; у летні час паверхневы слой вады да глыб. 7—8 м праграваецца да 18—20 °C, ніжэй за 20 м — да 5—6 °C. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шыр. да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 5—7 м. Жывёльны свет багаты, адзначаны пасяленні баброў, ёсць рэлікт ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каб захаваць унікальны вадаём, возера і прыбярэжная тэр. аб’яўлены гідралаг. заказнікам Доўгае. На Пн і ПнЗ упадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на Пд выцякае ручай у воз. Шо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫКА-ЮРЫДЫ́ЧНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ», «Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской, хранящихся в Центральном архиве в Витебске...»,
найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі ўсх.Беларусі 16—18 ст. Выдадзена ў 1871—1906 (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары: А.М.Сазонаў (вып. 1—16), М.М.Мяшчэрскі і М.Л.Вяроўкін (вып. 17), Вяроўкін (вып. 18—26), Дз.І.Даўгяла (вып. 27—32). З 17-га вып. ёсць імянны і геагр. паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рус. мову, астатнія — на мове арыгінала. Пераважная частка дакументаў апублікавана ўпершыню і датычыцца гал.ч.сац.-эканам. жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва.
Сярод дакументаў: прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716; акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789; акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791, Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771; каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781; дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726; дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766, пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве; «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі; перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituales»); інвентары маёнткаў, падараваных Стафанам Баторыем Полацкай калегіі езуітаў; апісанне межаў паміж ВКЛ і Рас. дзяржавай; звесткі пра суднаходства па Дзвіне, Уле, па метралогіі, тапаніміцы і гіст. геаграфіі Беларусі; дакументы, што тычацца біяграфіі падарожніка М.М.Пржавальскага і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНУЭ́ЗСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1922,
міжнародная канферэнцыя па эканам. і фін. пытаннях. Асн. яе мэта — пошукі шляхоў эканам. аднаўлення Цэнтр. і Усх. Еўропы пасля 1-й сусв. вайны. Адбылася 10.4—19.5.1922 у г. Генуя (Італія). Удзельнічалі 29 дзяржаў (у т. л. РСФСР) і 5 дамініёнаў Вялікабрытаніі. Дэлегацыя Сав. Расіі (узначальваў Г.В.Чычэрын) прадстаўляла на Генуэзскай канферэнцыі інтарэсы і інш.сав. рэспублік, у т. л.БССР. Прадстаўнікі вядучых краін Еўропы запатрабавалі ад Сав. Расіі прызнаць усе даўгі і фінансавыя абавязацельствы царскага і Часовага ўрадаў, вярнуць нацыяналізаваныя прадпрыемствы замежным уладальнікам, адмяніць манаполію знешняга гандлю. Дэлегацыя РСФСР адхіліла гэтыя прэтэнзіі і патрабавала кампенсаваць ёй страты ад іншаземнай інтэрвенцыі і эканам. блакады. Сав. дэлегацыя не дамаглася анулявання даўгоў, атрымання крэдытаў, прызнання Сав. дзяржавы дэ-юрэ. Але яна заключыла 16.4.1922 у Рапала (каля Генуі) дагавор паміж РСФСР і Германіяй, які аднаўляў паліт., дыпламат. і эканам. сувязі паміж імі. У лютым 1922 умовы Рапальскага дагавора распаўсюджаны і на БССР, Германія была другой пасля Польшчы і апошняй замежнай краінай, якая прызнала БССР дэ-юрэ.
Імкнучыся выкарыстаць Генуэзскую канферэнцыю, каб дамагчыся міжнар. прызнання Беларускай Народнай Рэспублікі, Рада міністраў БНР адправіла ў Геную дэлегацыю ў складзе старшыні Рады міністраў В.Ластоўскага і міністра замежных спраў А.Цвікевіча. Перад ёй былі пастаўлены задачы: узняць пытанне аб пераглядзе Рыжскага мірнага дагавора 1921; дамагчыся ўключэння ў парадак дня Генуэзскай канферэнцыі пытанняў аб незалежнасці Беларусі, аб кампенсацыі страт, нанесеных Беларусі 1-й сусв. вайной. Бел. пытанне разглядалася на паліт. камісіі канферэнцыі, але на пленарнае пасяджэнне вынесена не было.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАНЁНСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у канцы 15—18 ст. каля в.Геранёны Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. Пабудаваны, верагодна, на мяжы 15—16 ст. Квадратны ў плане (27×27 м), з мураванымі цыліндрычнымі вежамі (дыям. 8 м) па вуглах. Быў абкружаны ровам і земляным валам (выш. 9—10 м, шыр. каля 15 м, даўж. па перыметры больш за 700 м). У канцы 16 ст. да паўд. сцяны замка прыбудаваны палац (у 1565 палац у Геранёнскі замак быў яшчэ драўляны). Паводле інвентара замка за 1765 палац 2-павярховы, на 12 акон, на 1-м паверсе знаходзіліся розныя службы, на 2-м — парадныя пакоі. Уезд у замак быў з У і трымаўся пад абстрэлам з верхняй часткі брамы і з прылеглых да яе гародняў. Справа ад брамы бастыёнападобны выступ фланкіраваў агнём мост і бліжэйшыя подступы да брамы. Такі элемент абароны — адзін з першых вядомых на Беларусі і датуецца пач. 16 ст. Дадатковай перашкодай на шляху да замка быў абнесены мураванай сцяной Геранёнскі Мікалаеўскі касцёл, які прымыкаў непасрэдна да абарончага рова перад брамай. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак разбураны рус. войскам, але, верагодна, хутка быў адноўлены. У 1708 у Геранёнскі замак з атрадам шведскага войска знаходзіўся польскі кароль Станіслаў Ляшчынскі. Пасля Паўн. вайны 1700—21 замак прыйшоў у заняпад. У сярэдзіне 19 ст. Н.Орда замаляваў толькі руіны Геранёнскага замка выш. да 1-га паверха.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Геранёнскі замак. Рэканструкцыя па матэрыялах М.Ткачова. Мастак Я.Кулік.