ВЫСАКАРО́ДНЫ КАРА́Л, чырвоны карал (Corallium rubrum),
кішачнаполасцевая жывёла атр. гарганарыяў, або рагавых каралаў, кл. каралавых паліпаў. Жыве на глыбіні 10—300 м у Міжземным м. і Атлантычным ак.каля Канарскіх а-воў.
Дрэвападобныя калоніі, да 40 см вышынёй, прырастаюць да скалістага грунту. Звонку ўкрыты мяккай карой розных адценняў чырвонага колеру — ад слаба-ружовага да цёмна-чырв., амаль чорнага. Восевы шкілет утвараецца ў выніку зліцця вапняковых спікул. На фоне галін калоніі вылучаюцца снежна-белыя паліпы, венчык з 8 перыстых шчупальцаў, пры дапамозе якіх высакародны карал корміцца рачкамі і іх лічынкамі. Пераважна раздзельнаполыя, бываюць гермафрадыты. Аб’ект промыслу, са шкілета вырабляюць упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ ВО́СМАТА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Свіна, за 33 км на ПнЗ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,56 км, найб.шыр. 670 м, найб.глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі каля 7,3 км. Пл. вадазбору 203 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м (на Пн і Пд месцамі да 10 м), параслі лесам. Дно пясчанае, глыбей за 7 м глеістае. 2 астравы агульнай пл. 0,2 га. Надводная расліннасць уздоўж берагоў утварае паласу шыр. 4—90 м. На З у возера ўпадае р. Асмоціца, на Пд выцякае р. Копань; злучана пратокай з воз. М. Восмата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ МЯДЗВЕ́ДЗІЦА (лац. Ursa Major),
незаходнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. 7 галоўных, найб. яркіх, зорак размяшчэннем нагадваюць коўш з ручкай. Усе яны 2-й зорнай велічыні, акрамя левай верхняй зоркі «каўша» (3-й велічыні). Каля сярэдняй зоркі «ручкі каўша» (Міцара) простым вокам відаць зорка Алькор. 125 зорак ярчэй за 6-ю зорную велічыню. У сузор’і ёсць яркія галактыкі. На тэр. Беларусі Вялікую Мядзведзіцу відаць круглы год. Гл.Зорнае неба.
Па «каўшы» Вялікай Мядзведзіцы знаходзяць Палярную зорку, праз 2 крайнія зоркі (ад β да α) мысленна праводзяць лінію і прадаўжаюць яе прыблізна на пяцікратную адлегласць паміж гэтымі зоркамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ КАЎКА́З,
горная сістэма, якая цягнецца з З на У паміж Чорным і Каспійскім морамі. Даўж. больш за 1100 км, шыр. да 180 км. У восевай ч. — Галоўны, або Водападзельны, хрыбет і Бакавы хрыбет, ім спадарожнічаюць перадавыя і папярочныя ланцугі выш. да 4000 і 5000 м (найб. 5642 м, г.Эльбрус). Вялікі Каўказ падзяляюць на 3 часткі: Зах. Каўказ (да Эльбруса), Цэнтр. Каўказ (паміж Эльбрусам і Казбекам) і Усх. Каўказ (на У ад Казбека). На схілах — горна-лясныя, горна-лугавыя і горна-стэпавыя ландшафты. Значнае сучаснае зледзяненне (каля 200 ледавікоў, агульная пл. 1424 км²). Гл. таксама Каўказ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛЯ́ЦІЧЫ,
вёска ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., на р. Нача (бас. Дняпра). Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 36 км на ПдУ ад г. Барысаў, 112 км ад Мінска, 14 км ад чыг. ст. Прыяміна. 1922 ж., 928 двароў (1996). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква.
Каля вёскі выяўлены селішча 6—10 ст. і курганны могільнік 10—11 ст. Сярод знаходак на селішчы ляпная і ганчарная кераміка, крамянёвыя загатоўкі для стралы, жал. нож. У кургане з трупапалажэннем знойдзены шкляныя залачоныя і бронзавыя пацеркі, медны бранзалет, жал. нож, у курганах з трупаспаленнем — жал. спражка і фрагмент бронзавага ўпрыгожання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛКА, радуга,
аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной, дзвюх або некалькіх рознакаляровых дуг на небасхіле. Назіраецца, калі Сонца (радзей Месяц) асвятляе дажджавую заслону на процілеглым баку неба. Абумоўлена пераламленнем, адбіццём і дыфракцыяй святла ў кроплях вады. Колеры вясёлкі — гэта колеры сонечнага спектра. Вуглавы радыус дугі асн. вясёлкі каля 42°, яна афарбавана па вонкавым краі ў чырвоны, па ўнутраным у фіялетавы колеры. У дадатковых вясёлках, якія могуць быць вышэй ці ніжэй, паслядоўнасць колераў адваротная. Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў і інш. На Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найб. у маі і жніўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЧО́РНІЦА (Hesperis),
род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 30 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Азіі. На Беларусі вырошчваюцца і трапляюцца як здзічэлыя вячорніца матроны, або начная фіялка, начная прыгажуня (Hesperis matronalis), і густаваласістая (Hesperis pycnotricha).
Двух- або шматгадовыя апушаныя залозістымі валаскамі (радзей голыя) травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. да 1 м. Лісце цэласнае, ланцэтна-яйцападобнае, зубчастае, кароткачаранковае. Кветкі двухполыя, ліловыя, белыя, жаўтаватыя або зеленавата-бурыя, духмяныя, у цыліндрычных гронках. Плод — лінейны стручок. Лек., меданосныя і дэкар. (выкарыстоўваюцца ў кветкаводстве — на клумбах, рабатках, у міксбордэрах; нізкарослыя садовыя формы з белымі простымі і махрыстымі кветкамі — у бардзюрах) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ (Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУПаўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГЕН (Мікалай Аляксандравіч) (24.3.1895, в. Лахта, цяпер у межах Санкт-Пецярбурга — 20.5.1969),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, ген.-лейт. (1943). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1929). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У ліп. 1941 153-я стралк. дывізія пад яго камандаваннем утрымлівала абарону на падыходзе да Віцебска (гл.Віцебска абарона 1941), з 22 ліп. да вер. 1941 знішчыла каля 200 танкаў, 56 гармат, шмат інш. тэхнікі і жывой сілы праціўніка. За стойкасць у гэтых баях і ў Смаленскай бітве дывізія адна з першых удастоена наймення «гвардзейскай». Да 1959 на камандных пасадах у Сав. Арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАДО́К (Scleranthus),
род кветкавых раслін сям. гваздзіковых. 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі трапляюцца галадок аднагадовы (Scleranthus annuus), шматгадовы (Scleranthus perennis) і шматплодны (Scleranthus policarpos). Растуць у сухіх хваёвых барах, на ўзлесках, сухіх лугах, пустках, папарах, каля дарог і як пустазелле на палях.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны са шматлікімі, прамастойнымі, прыўзнятымі ці распасцёртымі разгалінаванымі сцёбламі выш. (даўж.) да 20 см. Лісце супраціўнае, вузкалінейнае, амаль шылападобнае, накшталт шчацінак, без прылісткаў. Кветкі дробныя, непрыкметныя, без пялёсткаў, у густых паўпарасоніках. Чашачка з 5 вострых або тупых, па краі белаватых зубчыкаў. Плод — аднанасенная каробачка. Лек. і кармавыя расліны.