род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы. Завезены ў Еўропу ў 17 ст. Лёгка дзічэюць. На Беларусі ў лугавых згуртаваннях, каля жылля, дарог, па берагах рэк трапляюцца Р. рассечаная (R. laciniata) і шурпатая (R. hirta). У культуры вырошчваюць Р.: бліскучую (R. fulgida), глянцавітую (R. nitida), двухколерную (R. bicolor), Залаты Шар (махровы сорт Р. рассечанай), рассечаную, шурпатую і інш.
Адна-, двух- ці шматгадовыя карэнішчавыя травы. Сцёблы высокія, разгалінаваныя, голыя або апушаныя, Лісце суцэльнае ці перыстараздзельнае. Кветкі ў буйных адзіночных кошыках з камбінаванай жоўтай, пурпуровай і карычневай афарбоўкай. Плод — сямянка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУДНІ́ЦКІ (Валерый Аркадзевіч) (н. 16.4.1941, г. Гомель),
бел. вучоны ў галіне фізікі неразбуральнага кантролю. Д-ртэхн.н. (1993). Чл. Нью-Йоркскай АН (1997). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1965). З 1965 у Ін-це прыкладной фізікі Нац.АНБеларусі (з 1993 заг. лабараторыі). Навук. працы па механіцы кантактавага дэфармавання і кантролю фізіка-мех. характарыстык матэрыялаў. Распрацаваў асновы тэорыі дынамічнага кантактавага ўзаемадзеяння жорсткага індэнтара з пругкапластычнай і вязкапругкай паўпрасторамі (асяроддзямі).
Тв.:
О влиянии параметров динамического нагружения на соотношение статической и динамической твердости // Пробл. прочности. 1990. №9;
Динамический метод оценки механических свойств материалов с использованием эффекта Виллари (разам з С.Р.Мельнікавым) // Дефектоскопия. 1998. №2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРАБРА́МСКІ АБРА́З МА́ЦІ БО́ЖАЙ,
адна з гал. хрысціянскіх святыняў у Літве і на Беларусі. Захоўваецца ў Вострай браме (сучасная літ. назва Аўшрас Варту) у Вільні. Ушаноўваецца каталіцкай і правасл. цэрквамі. Уяўляе сабой паясную выяву Дзевы Марыі без дзіцяці, намаляваную на фоне месяца тэмперай на дубовай дошцы.
Найб. вядома т.зв. карсунская версія паходжання абраза, якая ў 1839 надрукавана Т.Нарбутам і пазней распрацавана царк. гісторыкамі. Паводле яе, абраз прывезены ў Вільню вял.кн.ВКЛ Альгердам у 1363 з Корсуні (Херсанес, цяпер у межах г. Севастопаль) пасля паспяховага паходу ў Крым. Вял. княгіня Ульяна, правасл. хрысціянка, аддала абраз у заснаваны ёю манастыр св. Тройцы. У канцы 15 ст., калі Вільню абнеслі мурам, абраз паставілі над Медніцкай (Вострай) брамай. Калі манастыр св. Тройцы стаў уніяцкім, капліца над брамай разам з абразом перайшла пад апеку кармелітаў, для якіх у 1621 падканцлер Стафан Пац і віленскія бурмістры Дубовічы заснавалі кляштар непадалёку ад Медніцкай брамы. Існуе таксама легенда, што прататыпам для абраза паслужыла Барбара Радзівіл, незвычайная прыгажосць і драматычны лёс якой зрабілі яе легендарнай асобай. Стыль жывапісу і тэхнал. асаблівасці сведчаць, што абраз, што існуе цяпер, намаляваны ў 1-й трэці 17 ст. невядомым мастаком, які добра ведаў усх.-правасл. іканапіс і жывапіс Паўн. Еўропы. Адметнае шанаванне абраза пачалося ў канцы 17 — пач. 18 ст. У кнігах пра цудатворныя абразы 1650—87 вастрабрамскі абраз яшчэ не называецца. Першы запісаны цуд — уваскрэсенне памерлай дзяўчынкі — адносіцца да 1671. Шырокую славу абраз набыў у 1702 пасля паражэння шведаў, якія спрабавалі яго папсаваць. Найб. ўражанне на жыхароў горада зрабілі шматразовыя выратаванні абраза ў час пажараў Вільні 1706, 1748—49, 1754. У 1756 надрукавана песня пра абраз як абаронцу Вільні, тады ж уведзена ўрачыстае святкаванне Апекі Маці Божай. У шанаванні Вастрабрамскай Маці Божай аб’ядналіся рыма-католікі і уніяты, імшы служыліся па лац. і грэчаскім абрадах. Вострая брама стала самым святым месцам Вільні. У 19 ст. Вастрабрамская Маці Божая стала лічыцца патронкай зямель б.ВКЛ (Літвы і Беларусі), культ абраза набыў патрыятычны сэнс, прапагандыстам яго стала інтэлігенцыя. У 1852 надрукавана першая анталогія вершаў, прысвечаных абразу. З’явіліся шматлікія копіі абраза, у т. л. В.Ваньковіча для касцёла ў Парыжы, распаўсюдзіліся медальёны з яго выявай. 2.7.1927 на абраз урачыста накладзены залатыя кароны. Копіі абраза ёсць у многіх храмах Беларусі і Літвы. Свята абраза па правасл. календары 26 снежня па ст.ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТКА (Васіль) (сапр.Крысько Цімох Васілевіч; 16.5.1911, в. Еўлічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.7.1996),
бел.паэт.Засл. дз. культ.Беларусі (1970). Скончыў Слуцкую прафтэхшколу (1928). Працаваў у рэдакцыях газет і часопісаў, сакратаром Беластоцкага аддзялення СП Беларусі (1939—41). З 1948 нам., з 1951 гал. рэдактар газ. «Літаратура і мастацтва», у 1957—74 гал. рэдактар час. «Вясёлка». Друкаваўся з 1928. Першы зб. вершаў «Гартаванне» (1944). Паэзія Віткі вызначаецца грамадз. пафасам, асн. яе матывы — услаўленне подзвігу чалавека ў Вял.Айч. вайну, гіст. здзяйсненняў бел. народа, хараства роднай зямлі, роздум аб жыцці, прызначэнні паэзіі (зб. «Поўдзень», 1946; «Ружа і штык», 1958; «Праводзіны лета», 1972; «Вышыні святла», 1977). Значнае месца ў творчасці паэта займаюць сатыр. вершы, пародыі, эпіграмы («Для дома, для альбома і трохі для эпохі», 1983). Аўтар п’есы «Шчасце паэта», прысвечанай Я.Купалу (1950, паст.Бел. т-рам імя Я.Купалы, 1952), апавяданняў, артыкулаў пра К.Чорнага, М.Лынькова, І.Мележа, М.Танка, Я.Брыля, Я.Маўра, У.Дубоўку, В.Сухамлінскага і інш. Для дзяцей напісаў вершаваныя казкі «Вавёрчына гора» (1948), «Буслінае лета» (1957), «Казка пра цара Зубра» (1960), кнігі «Дударык» (1964), «Азбука Васі Вясёлкіна» (1965), «Чытанка-маляванка» (1971), «Хто памагае сонцу» (1975), «Мы будуем метро», «Мінскія балады» (1981), зб. апавяданняў «Зайчык-вадалаз» (1962), зб.нар. пацешак «Ладачкі-ладкі» (1977). Даследаваў праблемы выхавання («Дзеці і мы», 1977; «Урокі», 1982; «Азбука душы», 1988). На бел. мову пераклаў раман М.Салтыкова-Шчадрына «Паны Галаўлёвы», асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, У.Маякоўскага, Я.Райніса, М.Рыльскага, М.Стэльмаха, П.Варанько і інш. Сааўтар чытанак «Роднае слова» для 1-га (1969), 2-га (1970) і 3-га класаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1972 за кн. «Чытанка-маляванка», «Казкі» (1968) і паэму «Беларуская калыханка» (1971). Ганаровы дыплом Міжнар. журы па прэміях Х.К.Андэрсена (1978) з занясеннем імя паэта ў ганаровы спіс дацкага пісьменніка.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1973;
Дзецям: Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1986;
Трэція пеўні. Мн., 1988.
Літ.:
Казека Я. Гартаванне слова. Мн., 1985. С. 75—95;
Юрэвіч У. Сейбіт дабра і справядлівасці // Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;
Брыль Я. Паэт і чалавек // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 1;
Гілевіч Н. Талент, удзячны Бацькаўшчыне // Гілевіч Н. У гэта веру. Мн., 1978;
Гурэвіч Э.С. Васіль Вітка // Беларуская дзіцячая літаратура. 2 выд.Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРА́З, ікона,
1) у хрысціянскай рэлігіі (праваслаўе і каталіцызм) выявы Ісуса Хрыста, Маці Божай, святых на драўлянай дошцы, палатне, камені; сімвал, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. ўшанавання.
2) Твор сярэдневяковага мастацтва (гл.Іканапіс), які мае культавае прызначэнне.
Першыя абразы вядомы з 2 ст.н.э.Найб.стараж. абразы, што захаваліся, паходзяць з Пярэдняй Азіі. Культ абраза як абавязковага элемента храма быў афіцыйна прыняты на 7-м Усяленскім саборы (786—787, Канстанцінопаль). Паводле хрысціянскага падання першаўзорам вобраза Хрыста з’явіўся адбітак яго твару на ўбрусе, а першыя выявы Маці Божай выкананы евангелістам Лукою. Асабліва шырока быў распаўсюджаны ў Візантыі, Егіпце, Эфіопіі, паўд.-слав. краінах, Грузіі. Для абраза характэрны іканаграфічны канон, які вытрымліваецца стагоддзямі. Пад уплывам Візантыі ўзнік старажытнарускі абраз, класічныя ўзоры якога адносяць да канца 14—15 ст. (А.Рублёў, Феафан Грэк).
На Беларусі абраз з’явіўся, верагодна, у канцы 10 ст. ў Полацку і Тураве. Першыя абразы прывозілі з Візантыі, напр., Ефрасіння Полацкая падаравала мужчынскаму манастыру ў Полацку абраз «Маці Божая Адзігітрыя Эфеская», які яна атрымала ад імператара Мануіла Камніна. Бел. абразы 11—15 ст. ствараліся ў сферы правасл. візантыйска-балканскага ўплыву («Маці Божая Замілаванне» з-пад Брэста, «Успенне» з Мінска, 15 ст.). Фарміраванне самабытнай беларускай іканапіснай школы адбылося ў 16 ст.Найб. яркія творы належаць да 1-й пал. 17 ст. (група маларыцкіх абразоў 1648; «Нараджэнне Марыі» Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649; «Успенне» з Олтуша, 1650 і інш.). Для іх характэрна спалучэнне сімвалізму і кананічнасці сярэдневяковага мастацтва з натуральнасцю персанажаў і асяроддзя, характарнасцю вобразаў, элементамі навакольнай рэчаіснасці, засвоенымі з еўрап. Адраджэння. У 17—18 ст. выяўляюцца рэгіянальныя асаблівасці ў абразах Зах. Палесся, Падняпроўя, Падзвіння, Міншчыны, звязаныя з цэнтрамі іканапісу (Брэст, Вільня, Віцебск, Пінск, Магілёў, Мінск, Полацк). Абразы маляваліся на дошках (да 16 ст. ўключна з каўчэгам) па клеемелавым грунце (ляўкасе) яечнай тэмперай, пазней у спалучэнні з алейнымі фарбамі. Фон гладкі, пазалочаны, з канца 16 ст. аздабляўся рэльефным раслінным арнаментам. З сярэдзіны 18 ст. пашыраецца абраз на палатне. Асаблівую галіну бел. іканапісу ўтвараюць алтарныя абразы з рысамі готыкі, рэнесансу, барока. Характэрнай аздобай абразоў былі абклады, накладныя чаканеныя метал. рызы («сукенкі»). Самастойны бел. абраз знікае ў сярэдзіне 19 ст. з ліквідацыяй у 1839 уніяцтва.
Літ.:
Гл. пры арт.Іканапіс.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Абраз. А.Рублёў. Спас. 1420-я гады.Абраз «Маці Божая Іерусалімская» з Брэстчыны. 16 ст. Музей старажытнай беларускай культуры ІМЭФАНБеларусі.Абраз «Сашэсце ў пекла» з Чачэрска. 1678. Нацыянальны мастацкі музей Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),
1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б.СССРпалітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.
2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням.нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л.Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі«Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.
3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл.Аўтакефалія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ ЎКРАІ́НСКАГА І БЕЛАРУ́СКАГА НАРО́ДАЎ 1648—54,
вайна за вызваленне з-пад польскага панавання, супраць феад.-прыгоннага ўціску. На Украіне з канца 16 ст. неаднойчы ўзнікалі сял.-казацкія паўстанні: К.Касінскага (1591—93), Жмайлы (1625), Федаровіча (1630), П.Паўлюка (1637), Я.Астраніна (1638). Пачаткам вызв. вайны стала паўстанне ў Сечы Запарожскай на чале з Б.Хмяльніцкім у студз. 1648. У крас. 1648 Хмяльніцкі рушыў сваёй 2-тысячнае войска на Правабярэжную Украіну. Супраць паўстанцаў выступіў вял. каронны гетман М.Патоцкі. Рэестравыя казакі, якія знаходзіліся ў складзе яго войска, перайшлі на бок паўстанцаў. Польскі авангард быў разбіты каля Жоўтых Вод (15—16 мая), гал. сілы — у Корсунскай бітве 1648, а Патоцкі і польны гетман М.Каліноўскі трапілі ў палон. Гэта стала сігналам да ўсеагульнага паўстання. У чэрв.—ліп. 1648 паўстанцкія атрады на чале з М.Крываносам і І.Ганжой вызвалілі Брацлаўшчыну. На дапамогу паўстанцам Беларусі былі пасланы атрады (загоны, у іх было шмат беларусаў) на чале з Галавацкім, Гладкім, М.Крычэўскім, М.Нябабам, І.Галотам і інш. (пра падзеі на Беларусі больш падрабязна гл. ў арт.Антыфеадальная вайна 1648—51). Гал. сілай у вайне было сялянства, якое змагалася за знішчэнне феад. і нац. прыгнёту. Кіраўніцтва барацьбой ажыццяўлялі казацкая старшына і дробная ўкр. шляхта, якія імкнуліся абмежаваць рух мэтамі нац. вызвалення і захаваць феад. парадкі. Гэта выклікала вострыя супярэчнасці ў стане сял.-казацкіх войск. Перамога паўстанцаў пад Піляўцамі і асада ў кастр. 1648 г. Замосця вымусілі польск. караля Яна II Казіміра заключыць з Хмяльніцкім перамір’е. Сял.-казацкае войска адышло на Прыдняпроўе, а 2.1.1649 урачыста ўступіла ў Кіеў. Асцерагаючыся наступлення польск. войск, Хмяльніцкі накіраваў у Маскву паслоў з просьбай прыняць Украіну ў склад Рас. дзяржавы, якая пачала аказваць Украіне ваен., эканам. і дыпламат. дапамогу. Імклівае наступленне войск Хмяльніцкага вымусіла польск. войскі адступіць, у Збораўскай бітве 1649 яны былі разгромлены. І толькі здрада крымскага хана, з якім раней быў заключаны саюз, прымусіла Хмяльніцкага спыніць ваен. дзеянні і заключыць Збораўскі дагавор 1649, паводле якога Польшча траціла ўплыў на Украіну. У пач. 1651 польск. армія зноў уварвалася на Украіну і ў бітве каля Берасцечка сял.-казацкае войска пацярпела паражэнне. Хмяльніцкі вымушаны быў заключыць Белацаркоўскі дагавор 1651, які пагоршыў становішча Украіны. Казацкія атрады былі выведзены з Беларусі, і вайна на яе тэр. скончылася. Вясной 1652 на Украіне ваен. дзеянні аднавіліся і працягваліся з пераменным поспехам. Хмяльніцкі накіраваў у Маскву новае пасольства, каб паскорыць аб’яднанне з Расіяй. Земскі сабор 11.10.1653 прыняў рашэнне аб далучэнні ўкр. зямель. Гэты гіст. акт замацавала Пераяслаўская рада 1654.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХАВЫ́ АРКЕ́СТР, аркестр духавых інструментаў,
калектыў выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. Сярод спецыфічных асаблівасцей Д.а.: тэмбрава-каларыстычная яскравасць гучання, дынамічныя градацыі, шырыня дыяпазону, высокая тэсітура, магчымасць выкарыстання на адкрытым паветры, у руху, пры эфектных перабудовах, што абумоўлівае яго абавязковае ўключэнне ў ваен. побыт. Д.а. ўдзельнічаюць у маштабных сацыяльна-культ. мерапрыемствах, служаць важным сродкам муз.-эстэт. выхавання. Склад Д.а. гістарычна мяняўся. Сучасныя Д.а. адрозніваюць па відах (прафес., самадзейныя, у т. л. дзіцячыя, дарослыя, жаночыя, цывільныя, ваен., вучэбныя, канцэртныя і інш.) і па складзе: медны і мяшаны малы, няпоўны і вялікі (вял. медны ўключае групы характэрных, ударных і асн. амбушурных інструментаў; вял. мяшаны — увесь сучасны духавы і ўдарны інструментарый). Часам у Д.а. уключаюць эпізадычныя і нетрадыц. сольныя інструменты.
Д.а. вядомы са старажытнасці. У Грэцыі, Егіпце, Індыі, Кітаі, Персіі, Шумера-Вавілоніі яны служылі для суправаджэння розных урачыстасцей, рэліг. цырымоній і ваен. дзеянняў. З 17 ст. паявіліся ў Еўропе. Музыку для Д.а. пісалі Ф.Гасек, Г.Ф.Гендэль, Л.Бетховен, Г.Берліёз, Р.Вагнер, Э.Меполь, А.Аляб’еў, А.Арэнскі, М.Рымскі-Корсакаў і інш. Д.а. выкарыстоўваюць у складзе сімф. аркестра (Рэквіем Берліёза, Урачыстая уверцюра «1812 год» П.Чайкоўскага), часам уводзяць у оперу (напр., медны Д.а., ці т.зв. «банда», іграе ў «Сівой легендзе» Дз.Смольскага, «Матухне Кураж» С.Картэса).
На Беларусі (паводле летапісных і літ. крыніц) ансамблі духавых і ўдарных інструментаў здаўна выкарыстоўваліся ў вайск. і прыдворным побыце. У 16—18 ст.найб. пашыраны былі ваен. аркестры, сярод іх «янычарская музыка», і прыгонныя, у т. л.рагавыя аркестры («паляўнічая музыка»), «музыка шклоўскага корпуса» С.Зорыча і інш. У 19 — пач. 20 ст. існавалі шматлікія ваен. і цывільныя Д.а., у т. л. пад кіраўніцтвам І. і К.Вяржбіцкіх, Д. і В.Стафановічаў, А.Чартовіча ў Мінску, пры культавых установах, пажарных дружынах, аматарскія калектывы пры гімназіях і рэальных вучылішчах. У 1990-я г. на Беларусі працуюць Ваенны аркестр Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, Аркестр Мін-ваўнутр. спраў Рэспублікі Беларусь, мінскі аркестр духавых інструментаў «Няміга», гарадскія ў Гомелі, Гродне, вучэбныя ў Бел. акадэміі музыкі («Фанфары Беларусі»), Бел. ун-це культуры («Светач»), Магілёўскім муз. вучылішчы, Гродзенскім вучылішчы мастацтваў, а таксама шматлікія аматарскія Д.а., у т. л. жаночыя і дзіцячыя. Іх дзейнасць значна стымулюе творчасць бел. кампазітараў у галіне духавой музыкі.
Літ.:
Инструменты духового оркестра. Мн., 1984;
Организация духовых оркестров и обучение игре на духовых инструментах. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ПО́ЛЬШЧЫ (КПП),
нелегальная паліт. партыя левага кірунку ў Польшчы, Зах.Беларусі і Зах. Украіне ў 1918—38 (да лют. 1925 наз.Камуніст. рабочая партыя Польшчы). Створана ў выніку аб’яднання Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы і Польскай сацыяліст. партыі-лявіцы (у 1920 далучылася і Польская сацыяліст. партыя-апазіцыя) ва ўмовах уздыму рэв. руху пасля 1-й сусв. вайны. Паводле ўстаноўчых праграмных дакументаў гал. мэтай партыі абвешчана ажыццяўленне сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленне дыктатуры пралетарыяту ў Польшчы ў кантакце з рабочымі Сав. Расіі. Адна з заснавальніц (1919) Камуністычнага Інтэрнацыянала (Камінтэрна). У 1922 створана легальная арг-цыя партыі — Саюз пралетарыяту горада і вёскі (ад яе ў ліст. 1922 выбраны 2 дэпутаты, у сак. 1928—7 дэпутатаў у сейм). Унутры партыі дзейнічалі аўтаномныя Камуністычная партыя Заходняй Украіны (КПЗУ, з 1921) і Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, з 1923). Пад кіраўніцтвам КПП дзейнічалі Камуніст. саюз моладзі Польшчы (1922—38) і яго аўт. часткі — Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі і Камуніст. саюз моладзі Зах. Украіны. На 2-м з’ездзе КПП (вер.—кастр. 1923) у праграме выпраўлены левасектанцкія хібы па сял. і нац. пытаннях. Супрацоўнічала з Незалежнай сялянскай партыяй, Беларускай сялянска-рабочай грамадой, Сельробам і інш. арг-цыямі. Арганізоўвала і падтрымлівала выступленні рабочых і сялян у абарону іх сац. і паліт. правоў. У адпаведнасці з рашэннямі 7-га кангрэса Камінтэрна (1935) праводзіла курс на стварэнне антыфашысцкага народнага фронту, патрабавала скасаваць германа-польскі пакт 1934 аб ненападзе, ініцыіравала правядзенне антыфашысцкага кангрэса дзеячаў культуры 1936 у Львове, выступала за дружбу з СССР. Ў 1930-я г. КПП разам з КПЗБ і КПЗУ налічвала больш за 20 тыс. членаў, з іх 5—6 тыс. былі ў зняволенні. У 1936—38 многія члены КПП, КПЗБ і КПЗУ добраахвотна ўдзельнічалі на баку рэспубліканцаў у грамадз. вайне ў Іспаніі. Вышэйшы орган партыі — з’езд (адбыліся ў 1918, 1923, 1925, 1927, 1930, 1932), паміж з’ездамі — ЦК на чале з ген. сакратаром. Кіраўнікі: А.Е.Варскі (Варшаўскі), М.Кашуцкая (В.Костшэва), Ю.Ляшчынскі (Ленскі), Э.Прухняк і інш. Нелегальна выдавала газ. «Czerwony sztandar» («Чырвоны сцяг») і тэарэтычны час. «Nowy przegląd» («Новы агляд»), У жн. 1938 распушчана разам з КПЗБ і КПЗУ Выканкомам Камінтэрна на падставе лжывых абвінавачанняў у шырокім пранікненні варожай агентуры ў кіраўніцтва партыі. У лют. 1956 камуніст. партыі СССР, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі заявілі аб прызнанні неабгрунтаваным роспуску КПП, КПЗБ і КПЗУ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРМАШО́ВЫ ТЭА́ТР,
умоўная назва комплексу тэатральных і паратэатральных дзействаў у час святочных кірмашоў. Вядомы ў многіх народаў свету, на Беларусі — з 16 ст. Спачатку паказы К.т. ўключалі выступленні скамарохаў, дэманстрацыі дрэсіраваных мядзведзяў. У 19 ст. папулярнасць набылі фрай-балаганы на вольным паветры, дзе выступалі вандроўныя артысты (у сярэдзіне 19 ст. ў Кобрыне на кірмашы выступалі канатныя танцоры і штукары пад кіраўніцтвам бел. фокусніка Даўгялы). У пач. 20 ст. ў зах. раёнах Беларусі вандроўны заапарк з Польшчы дэманстраваў дрэсіраваных звяроў, выступалі мясц. і прыезджыя цыркавыя трупы; у Докшыцах адной з форм К.т. сталі прадстаўленні батлейкі Б.Патупчыка. На кантрактавых кірмашах 19 ст. выступалі хары нар. песні і інстр ансамблі, наладжваліся танц. балі, маскарады, феерверкі. З 1803 у Мінску штогод на святочных кірмашах іграў гар. аркестр; у Шклове ў маёнтку графа С.Г.Зорыча ў час летніх кірмашоў ладзілі водныя відовішчы з расквечанымі караблямі (імітавалі «марскія бітвы», напады на судны «піратаў»). Да кірмашоў прымяркоўвалі і тэатр. спектаклі (ставіў спектаклі Мінскі гар.т-р; у Мазыры ў 1840 у час спасаўскага кірмашу выступалі драм. артысты з Мінска, музыканты, катрыншчыкі, вальтыжоры, канцэрцісты). Кірмашовыя паказы вандроўных т-раў адбываліся ў Нясвіжы, Кобрыне, Оршы. У Зэльве ў спецыяльна пабудаваным т-ры балаганнага тыпу часта выступаў т-р з Вільні, вандроўныя артысты з Расіі, інш. краін, паказвалі цыркавыя праграмы, імпрэзы з танцаў і індыйскіх гульняў (у 1860 франц. антрэпрэнёр Л.Персуар даў тут 12 цыркавых прадстаўленняў). У канцы 19 — пач. 20 ст. на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і Міншчыне на кірмашах праводзілі неафіц. конкурсы вясковых хароў, фалькл.-інстр. ансамбляў, выканаўцаў прыпевак. У Полацкім пав. выступалі тэатралізаваныя муз. ансамблі. Пашыраны былі і кірмашовыя чэмпіянаты вясковых асілкаў, барцоў, тэатралізаваная барацьба з пераапранутым у мядзведзя (Пінск), ладзіліся нар. гульні, забавы, карагоды, каруселі, гушканне на арэлях. Спецыфіка паратэатр. дзействаў бел. кірмашоў канца 19 ст. — тэатралізаваныя гандл. атракцыёны (палеская, браслаўская і перабродская рыбалкі, тураўская рыбная латарэя, івацэвіцкая гандл. рулетка і інш.), якія ўзніклі як форма прапаганды тавару сродкамі гульні. Паказы К.т. давалі шырокія магчымасці для праяў фантазіі, майстэрства, імправізацыйнай творчасці ўдзельнікаў. На сучасным этапе адбываецца адраджэнне К.т. Беларусі. На святочных кірмашах побач з традыц. формамі К.т. суіснуюць сучасныя тэатр. і паратэатр. дзействы — выступленні аматарскіх тэатр. калектываў, т-раў малых форм, конкурсы гумарыстаў, выканаўцаў прыпевак, канцэрты прафес. артыстаў, сюжэтна-гульнявыя праграмы, танц. балі і інш.