КАРЫЯТЫ́П (ад карыя... + тып),

храмасомны набор, сукупнасць адзнак храмасом (іх колькасць, памер, форма), характэрных для дадзенага віду. Нязменнасць К. падтрымліваецца заканамернасцямі дзялення ядра клеткі (мітозам — для аднаго арганізма і меёзам — у межах віду). Змена адбываецца праз геномныя і храмасомныя мутацыі. Дакладна ідэнтыфікавана каля 1500 генаў чалавека (1—5% ад іх агульнай колькасці). Апісанне храмасомнага набору ўключае падлік колькасці храмасом. марфаметрыю, ідэнтыфікацыю цэнтрамеры, ядзерцавага арганізатара, спадарожніка і інш. Параўнальны аналіз К. выкарыстоўваецца ў сістэматыцы.

Э.​В.​Крупнова.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МНО́СТВА ў матэматыцы,

набор, сукупнасць, збор якіх-н. аб’ектаў (элементаў), што маюць агульную для ўсіх характарыстычную ўласцівасць. Каб задаць М., неабходна зрабіць пералік усіх яго элементаў або назваць правілы, па якіх вызначаецца прыналежнасць дадзенага элемента да пэўнага М. Паняцце М. — адно з пачатковых фундаментальных паняццяў, якое нельга выразіць праз інш. больш простыя паняцці, а можна толькі патлумачыць з дапамогай прыкладаў. Напр., М. кніг дадзенай бібліятэкі, М. пунктаў дадзенай лініі, М. рашэнняў дадзенага ўраўнення.

А.​А.​Гусак.

т. 10, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАНГО́ЎТ (нідэрл. rondhout круглае дрэва),

сукупнасць надпалубных частак (канструкцый і дэталей) суднавага абсталявання, прызначаная для размяшчэння навігацыйных агнёў, антэн радыёсувязі і радыёлакацыі, мацавання грузападымальных сродкаў і інш. На ветразевых суднах Р. служыць для пастаноўкі і расцягвання ветразяў. Асн. дэталі Р.: мачты, рэі, стэньгі, гафелі, гікі і інш.

Рангоўт трохмачтавай баркенціны: 1 — фок-мачта; 2 — грот-мачта; 3 — бізань-мачта; 4 — стэньгі; 5 — брам-стэньгі; 6 — бом-брам-стэньгі; 7 — рэі; 8 — гафелі; 9 — гікі; 10 — бушпрыт; 11 — утлегар.

т. 13, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арке́стр, ‑а, м.

1. Сукупнасць музычных інструментаў, што ўдзельнічаюць у выкананні музычнага твора; калектыў музыкантаў, якія сумесна выконваюць музычны твор. Сімфанічны аркестр. Духавы аркестр. Зводны аркестр. Аркестр цымбалістаў. □ Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы, Невялікі аркестр, а выгляд сталы. Лужанін.

2. Месца перад сцэнай у тэатры, дзе знаходзяцца музыканты.

[Ад грэч. orchēstra — пляцоўка перад сцэнай у старажытнагрэчаскім тэатры.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абра́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Сукупнасць строга акрэсленых дзеянняў, якімі суправаджаецца выкананне рэлігійных рытуалаў або бытавых традыцый. Царкоўны абрад. Абрад вяселля. □ [Бабручыха].. кожную справу ў сваёй гаспадарцы пачынала малітвай з трэбніка. Былі ў ім розныя «чыны», інакш — абрады, і малітвы. Брыль. [Борух] хадзіў на блізкае возера на абрад «Святога амавення». Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыла́ддзе, ‑я, н., зб.

Разм. Сукупнасць прылад для выканання якога‑н. аднаго працэсу, аднаго напрамку работ. Рыбацкае прыладдзе. □ Пад паліцаю вісіць на іржавых цвіках усё прыладдзе вясковай капэлы: дзве скрыпкі і бубен. Чорны. [Качан] затрымаўся быў трохі ў памяшканні пункта, дзе надзяваў.. рабочы камбінезон і браў сваё прыладдзе. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тэма́тыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.

Сукупнасць, кола тэм. Тэматыка даследаванняў. Былінная тэматыка. □ Тэматыка лірычных твораў Я. Коласа надзвычай разнастайная. «Беларусь». Рабочая тэматыка займае ўсё большае і большае месца ў творах беларускіх пісьменнікаў. Арабей. Сергіевічу, які ўпершыню браўся за гістарычную тэматыку, хацелася даць трактоўку яе ў народным духу. Ліс.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фа́уна, ‑ы, ж.

Сукупнасць усіх відаў жывёл пэўнай мясцовасці ці пэўнага геалагічнага перыяду. Усурыйскія яноты з Белавежскай пушчы выстаўлены ў Гродзенскім заалагічным садзе ў якасці прадстаўнікоў не толькі далёкаўсходняй, але і мясцовай беларускай фауны. В. Вольскі. [Гарлахвацкі:] Зямныя нетры нямала хаваюць у сабе такіх астаткаў ранейшай флоры і фауны. Крапіва.

[Лац. Fauna.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ле́ксіка

(гр. leksikos = слоўнікавы)

1) сукупнасць слоў якой-н. мовы або дыялекту;

2) сукупнасць слоў, якія ўжываюцца ў пэўнай сферы дзейнасці (напр. рамесніцкая л.);

3) слоўнікавы склад твораў якога-н. аўтара.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Лаг1 ’жэрдка, якую прыстаўляюць да воза і коцяць па ёй дрэвы’ (Жд. 2) < прасл. lagъ < lagati ’класці’, якое з’яўляецца ітэратыўным дзеясловам да łožiti ’класці’ (Бернекер, 683).

Лаг2 ’прыбор для вымярэння хуткасці руху судна або пройдзенай ім адлегласці’ (ТСБМ) < з гал. log ’тс’ праз рускую мову (гл. Фасмер, 2, 445).

Лаг3 ’борт судна’ (ТСБМ) < рус. лаг ’рад гармат на адным борце карабля’ < гал. laag ’тс’ (Матцэнаўэр, Cizí sl., 235) ці з ням. Lageсукупнасць гармат на адным борце судна’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)