Савет Міністраў з’яўляецца цэнтральным органам дзярж. кіравання, які ў адпаведнасці з Канстытуцыяй ажыццяўляе выканаўчую ўладу ў Рэспубліцы Беларусь, кіруе сістэмай падпарадкаваных яму органаў дзярж. улады і інш. органаў выканаўчай улады. У сваёй дзейнасці падпарадкаваны Прэзідэнту і адказны перад Парламентам. Урад складаецца з Прэм’ер-міністра, намеснікаў Прэм’ер-міністра і міністраў; у яго склад могуць уваходзіць кіраўнікі інш.рэсп. органаў дзярж. кіравання. Прэм’ер-міністр назначаецца Прэзідэнтам са згоды Палаты прадстаўнікоў; ён у 2-месячны тэрмін пасля свайго прызначэння прадстаўляе Парламенту праграму дзейнасці Урада. У выпадку выказвання Палатай прадстаўнікоў вотуму недаверу Ураду Прэм’ер-міністр заяўляе Прэзідэнту аб адстаўцы. у адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам Рэспублікі Беларусь «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь» (прыняты 24.6.1998, у рэдакцыі закона ад 31.1.2003) Урад распрацоўвае праект рэсп. бюджэту, прагнозы, дзярж. праграмы сац.-эканам. развіцця; арганізуе кіраванне дзярж. уласнасцю; рэгулюе знешнегандл. дзейнасць, стварае ўмовы для свабоднага прадпрымальніцтва на аснове раўнапраўя ўсіх форм уласнасці; ажыццяўляе інвестыцыйную дзейнасць, адзіную дзярж. палітыку ў галіне рэгулявання зямельных адносін, выкарыстання і эканоміі энергет. і матэрыяльных рэсурсаў; забяспечвае развіццё агульнадзярж. інфраструктуры (аўтамабільныя, паветраныя, водныя і чыг. шляхі зносін, сеткі сувязі, лініі электраперадач і інш.); правядзенне адзінай дзярж. палітыкі ў галіне навукі, культуры, адукацыі, аховы здароўя, выкарыстання прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя; прыняцце эфектыўных мер па сац. абароне грамадзян, ахове гісторыка-культ. спадчыны, развіцці прафес. мастацтва, л-ры, нац. кнігавыдання і перыяд. друку; забеспячэнні права грамадзян на свабоду веравызнанняў. Савет Міністраў забяспечвае гарантаваныя Канстытуцыяй, законамі і прадугледжаныя міжнар. абавязацельствамі дзяржавы правы і свабоды грамадзян, а таксама абарону грамадзян Рэспублікі Беларусь як на тэр. краіны, так і па-за яе межамі, прымае меры па абароне нац. бяспекі і абараназдольнасці, незалежнасці і тэр. цэласнасці Рэспублікі Беларусь, ахове ўласнасці і грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю. У межах Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта Урад распрацоўвае асн. кірункі ўнутр. і знешняй палітыкі і прымае меры па іх рэалізацыі, ажыццяўляе каардынацыю дзейнасці ў галіне адносін Беларусі з інш. дзяржавамі і міжнар. арганізацыямі. Як калегіяльны орган дзярж. кіравання Урад выдае пастановы, якія маюць абавязковую сілу на ўсёй тэр. Рэспублікі Беларусь, а Прэм’ер-міністр у межах сваёй кампетэнцыі мае права выдаваць распараджэнні. Савет Міністраў валодае правам заканадаўчай ініцыятывы. Па даручэнні Прэзідэнта, па ўласнай ініцыятыве або ў прадугледжаным законам парадку ён арганізуе распрацоўку праектаў законаў Рэспублікі Беларусь, уносіць іх на разгляд Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прадстаўляе ў палаты Нац. сходу і іх органы дакументы і матэрыялы, звязаныя з дзейнасцю Урада.
Дзярж. кіраванне ў пэўных галінах (сферах дзейнасці) і каардынацыю работы ў гэтых галінах (сферах дзейнасці) інш.рэсп. органаў дзярж. кіравання ажыццяўляюць міністэрствы, дзярж. камітэты, камітэты пры Савеце Міністраў і дзярж. арганізацыі, падпарадкаваныя Савету Міністраў. У сістэму гэтых органаў дзярж. кіравання ўваходзяць міністэрствы: архітэктуры і будаўніцтва, унутр. спраў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, замежных спраў, інфармацыі, культуры, лясной гаспадаркі, абароны, адукацыі, па падатках і зборах, па надзвычайных сітуацыях, прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, сельскай гаспадаркі і харчавання, спорту і турызму, статыстыкі і аналізу, гандлю, транспарту і камунікацый, працы і сац. абароны, фінансаў, эканомікі, энергетыкі, юстыцыі; Камітэт дзярж. бяспекі; дзярж. камітэты: ваенна-прамысловы, па авіяцыі, па навуцы і тэхналогіях, пагранічных войск, мытны; камітэты пры Савеце Міністраў: па архівах і справаводстве, па справах рэлігій і нацыянальнасцях, па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі, па матэрыяльных рэзервах, па праблемах наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі, па каштоўных паперах, па энергаэфектыўнасці. Да дзярж. арганізацый, падпарадкаваных Савету Міністраў, адносяцца Бел.дзярж. канцэрны: харчовай прамысловасці («Белдзяржхарчпрам»), па нафце і хіміі («Белнафтахім»), па вытв-сці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці («Беллегпрам»), на вытв-сці і рэалізацыі тавараў нар. спажывання («Белмясцпрам»), па вытв-сці і рэалізацыі фармацэўтычнай і мікрабіял. прадукцыі («Белбіяфарм»); Бел.вытв.-гандл. канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці («Беллеспаперапрам»), Бел. чыгунка і Бел.рэсп. саюз спажывецкіх т-ваў («Белкаапсаюз»), якія знаходзяцца ў веданні Урада па пытаннях, вызначаных заканадаўствам. Мін-вы, дзярж. к-ты па асобных пытаннях дзейнасці, прадугледжаных заканад. актамі, могуць падпарадкоўвацца выключна Прэзідэнту. Рэсп. органы дзярж. кіравання, падпарадкаваныя Савету Міністраў, іх тэр. органы ў межах сваёй кампетэнцыі прымаюць (выдаюць) прававыя акты на аснове і з мэтай выканання Канстытуцыі, законаў, актаў Прэзідэнта, пастаноў Урада, ажыццяўляюць кантроль за іх выкананнем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́НСКІЯ САБО́РЫ,
сходы (з’езды) вышэйшых іерархаў каталіцкай царквы ў Ватыкане.
І Ватыканскі сабор (ці XX Усяленскі, гл.Усяленскія саборы) скліканы папам Піем IX у 1869—70. Прысутнічалі 764 прадстаўнікі ад краін Еўропы і Амерыкі. 21.4.1870 сабор прыняў «Дагматычную канстытуцыю пра каталіцкую веру», у якой асуджаліся рацыяналізм, пантэізм, матэрыялізм і атэізм як важнейшыя віды новага нявер’я і зацвярджаліся каноны веры (у Бога-творцу, стварэнне свету, цуды і інш.). 18 ліп. прынята «Першая дагматычная канстытуцыя пра царкву Хрыста», у якой вызначаліся прынцыпы вяршэнства папы над царквой. У якасці дадатку да канстытуцыі сабор прыняў дэкрэт аб бязгрэшнасці папы ў пытаннях веры і маралі. Работа I Ватыканскага сабора не была завершана ў сувязі з ліквідацыяй у 1870 Папскай дзяржавы (гл.Папская вобласць). II Ватыканскі сабор (ці XXI Усяленскі) скліканы папам Іаанам XXIII (кіраваў 1-й сесіяй) і заканчваў работу пад кіраўніцтвам папы Паўла VI. Сесіі сабора праходзілі на працягу 4 гадоў: 11.10—8.12.1962, 29.9—4.12.1963, 14.9—21.11.1964 і 11.9—7.12.1965. У перапынках паміж сесіямі працавалі шматлікія камісіі. У саборы ўдзельнічалі 2500 іерархаў каталіцкай царквы. Задачы, якія вырашалі ўдзельнікі сабора: унутранае абнаўленне царквы ў веры і маральнасці; імкненне да адзінства ўсіх хрысціян; абнаўленне ўсіх галін дзейнасці царквы і прыстасаванне яе да сучасных умоў жыцця. II Ватыканскі сабор прыняў 16 дакументаў, якія ўвасобілі новае самавызначэнне царквы, — 4 канстытуцыі (веравучэнні), 9 дэкрэтаў (павучанняў) і 3 дэкларацыі. Асн. ідэі, закладзеныя ў гэтых дакументах: адкрытасць у адносінах да грамадства; гатоўнасць да дыялогу з няверуючымі, інш. рэлігіямі, навукоўцамі; экуменічны кірунак, які засцерагае ад стварэння новых міжканфесіянальных бар’ераў; зварот да Свяшчэннага Пісання; разуменне патрэбы абнаўлення і інш. Вялікае значэнне мела канстытуцыя «Пра святую Літургію», якая ўводзіла богаслужэнне на роднай мове. Экуменічны характар сабора выявіўся ў прысутнасці на ім назіральнікамі прадстаўнікоў ад 28 дэнамінацый, стварэнні на перыяд яго дзейнасці сакратарыятаў па справах нехрысціянскіх веравызнанняў і кантактаў з няверуючымі, а таксама ў скасаванні ўзаемных анафем усх. і зах. цэркваў 1054. На саборы прысутнічалі таксама католікі, якія не мелі духоўнага звання, і жанчыны — прадстаўніцы Акцыі каталіцкай.
Літ.:
Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЎРУ́К Юрка (Юрый Паўлавіч; 6.5.1905, г. Слуцк Мінскай вобл. — 18.2.1979),
бел. перакладчык і паэт. Скончыў Вышэйшы літ.-маст.ін-т імя Брусава (1925). З 1925 працаваў у БСГА у Горках, з 1931 у Магілёўскім пед. ін-це. Рэпрэсіраваны 8.2.1935, высланы з Беларусі. Больш за 20 гадоў працаваў на Поўначы і ва Усх. Сібіры. Рэабілітаваны ў 1956. У 1957—67 заг.літ. часткі Бел.т-ра імя Я.Купалы. Дэбютаваў перакладамі вершаў Г.Гейнэ і камедыі У.Шэкспіра «Сон у летнюю ноч» (1925, для Бел.тэатр. студыі ў Маскве). У тэатры імя Я.Коласа пастаўлены ў яго перакладах п’есы «Улада цемры» Л.Талстога, «Багна» А.Астроўскага, «Уніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.Дастаеўскага, «Доктар філасофіі» Б.Нушыча, «Гамлет» Шэкспіра; у т-ры імя Я.Купалы — «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Тысяча франкаў узнагароды» В.Гюго, «Канец — справе вянец» Шэкспіра, «Дзядзька Ваня» А.Чэхава, «Мяцеліца» і «Залатая карэта» Л.Лявонава, «Мешчанін у дваранах» Мальера. На бел. мову пераклаў трагедыі Шэкспіра «Атэла», «Кароль Лір», «Антоній і Клеапатра», раманы А.Стыля «Любіць будзем заўтра» (1960), Э.Хемінгуэя «І ўзыходзіць сонца» (1976), К.С.Прычард «Дачка Урагану» (1977), творы А.Маруа (кн. «Падарожжа ў нябыт і яшчэ 24 навелы», 1974), Ф.Шылера (зб. «Балады», 1981), асобныя творы А.Пушкіна, В.Брусава, А.Міцкевіча, Гейнэ, Дж.Байрана, Г.Лангфела, Ф.Петраркі, Л.Украінкі, У.Сасюры, П.Варанько і інш. Пераклады Гаўрука вызначаюцца блізкасцю да арыгінала, высокай моўнай культураю. На рус. мову пераклаў аповесць «Люба Лук’янская» (1965) і раманы «Пошукі будучыні» (1968) К.Чорнага і «Серадзібор» (1966) П.Пестрака. Выступаў як паэт (зб-кі «Іскры з крэменя», 1969; «Узвіхраны ветразь», 1990). Аўтар краязнаўчых апавяданняў (зб. «Вясковыя рыскі», 1926), першай на Беларусі кн. паэтычных перакладаў «Кветкі з чужых палёў» (1928), артыкулаў па пытанняхмаст. перакладу (зб. «Ступень адказнасці», 1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́НТЭАліг’еры
(Dante Alighieri; 15.5 ці 15.6.1265, г. Фларэнцыя, Італія — 13 ці 14.9.1321),
італьянскі паэт. Па некат. звестках, вучыўся ў Балонскім ун-це. У 1300 адзін з прыёраў Фларэнцыі, у 1301 амбасадар горада пры папскім двары ў Рыме. Быў абвінавачаны ў выступленнях супраць папы і гар. улад і прыгавораны да спалення на кастры; усё астатняе жыццё правёў у выгнанні. У ранніх вершах апяваў Беатрычэ Партынары, каханне да якой пранёс праз усё жыццё. Гэтыя вершы і далучаная да іх проза на італьян. мове склалі першы буйны твор — «Новае жыццё» (1291—93, выд. 1576), у якім распрацаваў правілы «новага салодкага стылю» (ускладненыя маральна-філас. ідэі, сімволіка і алегарызм, вытанчанасць маст. формы). Пазней яго творчасць развівалася ў 2 кірунках: на лац. мове ствараў трактаты па пытанняхітальян. мовы («Пра народнае красамоўства», 1303—04), аб дзярж. уладзе («Пра манархію», 1312—13), на італьян. мове — трактат, прысвечаны філас., маральным і літ. пытанням («Баль», 1304—07) і вершы (т.зв. «рыфмы»). У 1311—13 напісаў 13 «Пасланняў» на лац. мове, эклогі, а таксама трактат «Спрэчка аб вадзе і зямлі» (1320). Вяршыня творчасці Д. — «Боская камедыя» [1306—1318(?)—21]. Гэты манум. твор позняга сярэднявечча ўяўляе сабой энцыклапедыю філасофіі, касмагоніі, гісторыі, рэлігіі, маралі, паліт. поглядаў еўрап. чалавека напярэдадні Адраджэння. Твор падзелены на 3 часткі (кантыкі): «Пекла», «Чысцец» і «Рай». У алегарычнай форме Д. гаворыць аб сучаснасці, яскрава звязваючы яе з Антычнасцю. Стройная лагічная схема твора базіруецца на сімволіцы лічбаў (пачынаючы ад лічбы 3 — сімвала Тройцы: 3 кантыкі, тэрцына — асн. вершаваны памер, кожная кантыка складаецца з 33 песняў і г.д.). Творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на развіццё л-ры. Яго творы перакладзены амаль на ўсе мовы свету. На бел. мову «Боскую камедыю» пераклалі Я.Семяжон, А.Мінкін, У.Скарынкін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПЯШЫ́НСКІ Панцеляймон Мікалаевіч (12.3.1868, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 30.9.1944),
дзеяч рэв. руху, публіцыст, пісьменнік, педагог. Д-ргіст.навук. Скончыў Магілёўскую гімназію (1886). Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1886—90), дзе узначальваў бел. зямляцтва. За ўдзел у рэв. руху выключаны (быў чл. нарадавольскага гуртка). Здаў экзамены экстэрнам у Кіеўскім ун-це і атрымаў дыплом настаўніка (1891). З 1894 кіраваў марксісцкім гуртком у Пецярбургу. У 1895 арыштаваны з інш. членамі «Саюза барацьбы за вызваленне рабочага класа» і сасланы на 3 гады ў Енісейскую губ. Друкаваў артыкулы ў газ. «Сибирская жизнь», «Енисей». З 1900 агент «Искры» ў Пскове. У 1902 зноў арыштаваны і высланы ў Енісейскую губ., адкуль уцёк, з 1903 у Жэневе, далучыўся да бальшавікоў. Удзельнік падрыхтоўкі II і III з’ездаў РСДРП. Супрацоўнічаў у бальшавіцкіх газетах. У 1907—09 выкладаў у Аршанскім рэальным вучылішчы. На Аршанскім чыг. вузле разам з жонкай В.Б.Лепяшынскай аднавіў арг-цыю РСДРП. З 1909 у стат. бюро пры Маскоўскай гар. управе, уваходзіў у бальшавіцкую літ. групу. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 гар. галава ў Оршы, на пед., навуковай і журналісцкай рабоце ў Петраградзе і Маскве, заг. аддзела школы Наркамата асветы. У 1918 заснаваў у Кармянскім р-не доследна-паказальную прац.Ліцвінавіцкую школу-камуну. У 1921—24 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Камісіі па распрацоўцы гісторыі РКП(б) (Гістпарта), выкладаў у Маскоўскім ун-це і Камуністычнай акадэміі, адзін з ініцыятараў стварэння і 1-ы старшыня ЦК МОПР. З 1927 дырэктар Гіст. музея, у 1935—36 — Музея рэвалюцыі ў Маскве. Аўтар драмы «Чырвоным па чырвонаму» (1919), рамана «Барацьба і творчасць», аповесці «У зелянях» (1924), апавяданняў, успамінаў, навук. прац па пытаннях гісторыі, нар. асветы, пра А.Грыбаедава, М.Салтыкова-Шчадрына і інш. З 1967 устаноўлена Дзярж. прэмія Беларусі імя Л. за лепшы публіцыстычны твор.
Тв.:
На повороте. М., 1955;
Бел.пер. — Як узнікла Ленінская партыя. Мн., 1934.
Літ.:
Булацкий Г.В. Ленинской гвардии солдат. 2 изд. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СКІ КАМІТЭ́Т РСДРП(б),
1) арганізацыя с.-д. партыі, якая дзейнічала на тэр. Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Утвораны па ініцыятыве У.І.Леніна і ЦКРСДРП у студз. 1904. Яднаў Гомельскую, Клінцоўскую, Навазыбкаўскую, з лют. 1904 Магілёўскую і Роменскую арг-цыі. Да вясны 1904 ахапіў уплывам Магілёўскую губ., Мазырскі і Рэчыцкі пав. Мінскай губ., Гароднянскі, Мглінскі, Навазыбкаўскі, Старадубскі і Суражскі пав. Чарнігаўскай, Роменскі пав. Палтаўскай губ. У маі 1905 адбыўся 1-ы з’езд арг-цый РСДРП Палескага р-на, які прыняў статут і зацвердзіў паўнамоцнымі арг-цыямі П.к. РСДРП(б) Аршанскую, Гомельскую, Копыскую, Магілёўскую, Шклоўскую, Горацкую, Дабранскую, Клінцоўскую, Лоеўскую, Навазыбкаўскую, Сноўскую і Сямёнаўскую арг-цыі РСДРП. Летам 1905 яднаў таксама арг-цыі, у склад якіх уваходзілі бальшавікі і меншавікі. У вер. 1905 адбылася канферэнцыя к-та. У сувязі з ростам колькасці арг-цый РСДРП канферэнцыя падзяліла к-т на 4 самаст. раённыя арг-цыі: Аршанскую, Гомельскую, Магілёўскую і Клінцоўска-Навазыбкаўскую. Летам 1906 Гомельская і Магілёўская арг-цыі рэарганізаваны ў акруговыя з правам утвараць на іх тэр. раённыя. У вер. 1909 Гомельскаму акр. к-ту даручана выконваць функцыі абл.парт. цэнтра. З мая 1912 ён стаў называцца П.к. РСДРП(б) і дзейнічаў да 1917.
2) Кіруючы орган арг-цый РСДРП Магілёўскай, ч. Мінскай, Чарнігаўскай і Палтаўскай губ. Меў калегіі: раз’язных агентаў, прапагандыстаў, тэхнічную, сялянскую, а таксама ваен.-рэв. групу для работы сярод салдат, падп. друкарню, выпускаў газ. «Полесский листок». Па асн. праграмных, тактычных, арганізац.пытаннях стаяў на пазіцыях бальшавікоў. Размяшчаўся ў Гомелі, Навазыбкаве. Старшыня М.К.Уладзіміраў. У вер. 1905 парт.арг-цыя, якую ён узначальваў, падзелена на 4 раённыя, і к-т перастаў існаваць. Яго функцыі выконваў Гомельскі раённы, потым акр.к-тРСДРП. Пасля VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (у 1912) адноўлены. Пасля Лют. рэвалюцыі 19.4.1917 на арганізац. сходзе бальшавікоў Гомеля выбраны П.к. РСДРП(б), які выконваў функцыі абласнога. У лют.—сак. 1918 Палессе акупіравана ням. войскамі. Барацьбу супраць інтэрвентаў узначаліў Палескі падп.к-т РКП(б).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭФЕРЭ́НДУМ (ад лац. referendum тое, што павінна быць паведамлена),
галасаванне выбаршчыкаў па якім-н. пытанні дзярж. або грамадскага жыцця; інстытут непасрэднай дэмакратыі. У адрозненне ад выбараў пры Р. аб’ектам з’яўляецца не кандыдат ці спіс кандыдатаў на пэўную пасаду, а пэўнае пытанне — закон, законапраект, канстытуцыя, папраўка да канстытуцыі, якая-н. унутрыпаліт. праблема ці праблема, што адносіцца да міжнар. статуса адпаведнай краіны. Своеасаблівай формай Р. з’яўляецца плебісцыт — апытанне насельніцтва пра паліт. лёс тэрыторыі, на якой яно пражывае. Прававую аснову Р. на Беларусі складаюць Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11.2.2000, якім рэгламентаваны парадак правядзення і падвядзення вынікаў Р. Рэферэндумы могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. На рэсп. Р. выносяцца найважнейшыя пытанні дзярж. і грамадскага жыцця краіны, на мясцовыя — пытанні, што маюць важнейшае значэнне для насельніцтва адпаведных адм.-тэр. адзінак і аднесены да кампетэнцыі іх кіруючых, выканаўчых і распарадчых органаў. Права ініцыятывы на правядзенне рэсп. Р. належыць Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, Палаце прадстаўнікоў і Савету рэспублікі, грамадзянам краіны (апошняя выносіцца ў выглядзе прапановы не менш чым 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як па 30 тыс. грамадзян ад кожнай з абласцей і горада Мінска). Рашэнні, прынятыя Р., могуць быць адменены ці зменены толькі шляхам новага Р. Рашэнне, прынятае Р., падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь і набывае сілу праз 10 дзён пасля афіц. публікавання, калі ў ім не ўстаноўлены іншы тэрмін. Мясц. Р. назначаюцца мясц. прадстаўнічымі органамі па сваёй ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Рашэнні мясц. Р. падпісваюць кіраўнікі адпаведных мясц. прадстаўнічых органаў. Першы ў гісторыі краіны рэсп. Р. адбыўся 14.5.1995 па ініцыятыве Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі па пытаннях устанаўлення новай дзярж. сімволікі, змянення статуса рус. мовы, эканам. інтэграцыі з Расіяй, унясення змен у Канстытуцыю, якія прадугледжвалі права датэрміновага прыпынення Прэзідэнтам паўнамоцтваў Вярх. Савета. На рэсп. Р. 24.11.1996 прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКО́РСКІ (Sikorski) Уладзіслаў (20.5.1881, Тушаў-Нарадовы, каля г. Мелец, Польшча — 4.7.1943),
польскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген. броні (1940). Скончыў настаўніцкую семінарыю ў г. Жэшаў (1902), Львоўскі політэхн.ін-т (1908). З 1902 удзельнічаў у польскім нац.-вызв. руху. У 1-ю сусв. вайну адзін са стваральнікаў легіёнаў польскіх у Галіцыі (Аўстра-Венгрыя), з 1918 у Войску Польскім. Удзельнік польска-сав. вайны 1919—20 на тэр. Беларусі (камандаваў Палескай брыгадай, 5-й і 3-й арміямі). У 1921—22 нач. Генштаба. У снеж. 1922 — маі 1923 прэм’ер-міністр і міністр унутр. спраў Польшчы. З 1923 ген. інспектар пяхоты, у лют. 1924 — ліст. 1925 міністр вайск. спраў. Выступаў за знешнепаліт. арыентацыю Польшчы на Францыю. Памяркоўна ставіўся да нац. меншасцей, у т. л. беларусаў. У 1925—28 камандаваў войскамі ваен. акругі (Львоў). Пасля ваен. перавароту Ю.Пілсудскага 1926 адхілены ад гэтай пасады (1928). Быў апанентам «санацыйнага рэжыму». У 2-ю сусв. вайну прэм’ер-міністр і міністр вайск. спраў (з 30.9.1939) польскага ўрада ў эміграцыі (у Францыі, з чэрв. 1940 у Вялікабрытаніі), адначасова вярх. галоўнакамандуючы і генеральны інспектар узбр. сіл (з 7.11.1939). Імкнуўся да перамогі над нацысцкай Германіяй у саюзе з зах. краінамі (пасля 22.6.1941 і з СССР) і аднаўлення незалежнай польск. дзяржавы з даваен. усх. мяжой. Адзін з першых палітыкаў на Захадзе, які прапанаваў адкрыццё другога фронту. У ліп. 1941 заключыў савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога з польскіх ваеннапалонных і б. жыхароў Зах. Беларусі і Зах. Украіны створана Андэрса армія, а ў час свайго афіц. візіту ў СССР (снеж. 1941) падпісаў Дэкларацыю аб сяброўстве і ўзаемнай дапамозе з СССР (Дэкларацыя С. — Сталіна). Загінуў у авіякатастрофе каля Гібралтара пры нявысветленых абставінах. Аўтар шэрагу прац па пытанняхваен. і дзярж. палітыкі міжваен. Польшчы.
Літ.:
Климковский Е. Я был адъютантом генерала Андерса: Пер. с пол. М., 1991;
Парсаданова В.С. Владислав Сикорский // Вопр. истории. 1994. № 9: Terlecki O. Władysław Sikorski. Wrocław etc., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНКЕ́ВІЧ Адам Вікенцьевіч (6.1.1892, в. Арляняты Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 29.11.1949),
бел. грамадска-паліт. дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літ.-знавец, каталіцкі святар. Канд. кананічнага права (1918). Скончыў духоўную семінарыю ў Вільні, рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвячоны ў святары ў 1914. Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (1917), член яе ЦК (з 1931), рэдактар-выдавец час.«Хрысціянская думка» (1928—39). У 1919—33 выкладчык рэлігіі ў Віленскай беларускай гімназіі. З 1922 пасол (дэпутат) польскага сейма, нам. старшыні Беларускага пасольскага клуба. У 1924—26 старшыня Таварыства беларускай школы, кіраўнік Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. Адзін з заснавальнікаў у Вільні бел. друкарні імя Ф.Скарыны (1926—40). З 1939 старшыня Бел. цэнтра ў Літве, рэдактар газ. «Крыніца» (гл.«Беларуская крыніца»). У час 2-й сусв. вайны служыў у касцёле св. Міхаіла ў Вільні. У 1949 арыштаваны органамі НКУС і абвінавачаны ў антысав. дзейнасці. 31.8.1949 Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (г. Тайшэт Іркуцкай вобл.), дзе і памёр. Аўтар прац па пытаннях гісторыі бел. народа («Вітаўт Вялікі і беларусы», 1930; «Кастусь Каліноўскі: «Мужыцкая праўда» і ідэя незалежнасці Беларусі», 1933; «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення», 1934); нац. асветы («Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.», 1928), бел.нац. адраджэння ў 19—1-й пал. 20 ст. («Беларускі хрысціянскі рух», 1939), хрысціянства і хрысціянска-дэмакр. руху на Беларусі [«Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)», 1940] і інш. Працаваў над кн. «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)» (з 5 запланаваных частак да арышту напісаў толькі 2). Асабісты архіў С. захоўваецца ў Цэнтр.навук. б-цы Нац.АН Беларусі.
Літ.:
Вабішчэвіч А. «... беларусы. маюць законы толькі на паперы...» // Бел.гіст.часоп. 1995. № 2;
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.Мн.;
Мюнхен, 1999 С. 183—184, 403—409;
Конан У. Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў XX ст.Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЭ́ЦІ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў.
Адбыўся 10—16.12.1921 у Мінску. Прысутнічалі 183 дэлегаты з рашаючым і 33 з дарадчым голасам ад 6 паветаў Мінскай губ. (Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі, Слуцкі). Парадак дня: справаздачы ЦВК і СНКБССР (А.Р.Чарвякоў), Надзвычайнай камісіі БССР (Я.К.Ольскі), Наркамата земляробства БССР (А.С.Славінскі), Наркамата асветы БССР (У.М.Ігнатоўскі); міжнар. і ўнутр. становішча сав. рэспублік (В.Г.Кнорын); новая эканам. палітыка і работа Эканам. нарады (А.І.Вайнштэйн); аб правядзенні харчпадатку ў БССР (І.А.Адамайціс); аб працоўнай і гужавой павіннасці (Б.Э.Аршанскі); аб аднаўленні прам-сці Беларусі (Вайнштэйн); аб сав. будаўніцтве і арганізацыі ўлады на месцах (Я.А.Адамовіч); аб рабоце БДУ (У.І.Пічэта); аб кааперацыі (Я.Л.Дыла); аб сял. к-тах узаемадапамогі (М.А.Мар’ясін); аб падатковай палітыцы (Л.М.Шагаль); аб дапамозе галадаючым Паволжа (Чарвякоў); даклады: Адм. камісіі па пытанняхадм. падзелу БССР, мандатнай камісіі; выбары ЦВКБССР і дэлегатаў на IX Усерас. з’езд Саветаў. З’езд падвёў вынікі дзейнасці ЦВК і СНКБССР і ацаніў іх як станоўчыя. Адзначалася, што палітыка суцэльнай нацыяналізацыі прам-сці і харчразвёрстка скончыліся крахам, з 2-й пал. 1921 пачаўся перавод прам-сці Беларусі на рэйкі новай эканамічнай палітыкі. З’езд ухваліў дзейнасць Надзвычайнай камісіі (ЧК) па падаўленні сял. выступленняў. Падкрэслівалася неабходнасць размеркавання памешчыцкіх зямель, прапаганды лепшых спосабаў гаспадарання, арганізацыі кааператываў на вёсцы, ператварэння маёнткаў у сав. гаспадаркі (саўгасы), свабоднага выбару форм землекарыстання. У рэзалюцыі па нар. асвеце звярталася ўвага на пашырэнне бел. школы на вёсцы, правядзенне культ.-асв. работы на мясц. мовах, ліквідацыю непісьменнасці, актывізацыю выдання кніг, размяшчэнне школ у нацыяналізаваных маёнтках. З’езд выбраў ЦВК з 60 чл. і 12 канд., дэлегатаў на IX Усерас. з’езд Саветаў.
Літ.:
III Всебелорусский съезд Советов Рабочих, Крестьянских и Красноармейских депутатов (10—16 декабря 1921 г.): Резолюции и постановления. Мн., 1921.