КАЛЬЧУ́ГА,

від засцерагальнага ўзбраення, ахоўнае адзенне з жал. кольцаў, прасунутых адно ў адно. Мела выгляд кашулі з доўгімі ці кароткімі рукавамі, маса 5—7 кг. Вынайдзена прыкладна ў 5 ст. да н.э. кельтамі (галамі), хутка пашырылася на У і З Еўропы, у Азіі. На Беларусі выкарыстоўвалася ў 10—18 ст. Цэлая К. знойдзена на гарадзішчы Оршы (захоўваецца ў Дзярж. гіст. музеі ў Маскве), абрыўкі кальчужнага палатна — пры археал. раскопках Брэста, Гродна, Навагрудка, Полацка, Слуцка і інш. Некалькі К. 17 ст. з двайным пляценнем зберагаюцца ў Віцебскім абл. краязнаўчым музеі.

Да арт. Кальчуга. Усходнеславянскі княжацкі дружыннік 10—11 ст.

т. 7, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАКА́ЦІЦЫ, сепіі (Sepiida),

атрад галаваногіх малюскаў. 5 сям., 20 родаў, больш за 150 відаў, з якіх каля 90 у родзе сапр. К. (Sepia). Пашыраны ў морах тропікаў і субтропікаў. Жывуць каля дна ці ў тоўшчы вады, да глыб. 1000 м. Характэрная асаблівасць К. — наяўнасць чарнільнага мяшка.

Даўж. ад 1 да 60 см, маса да 12 кг. Сапр. К. маюць вапнавую ракавіну — сепіён, у інш. (акрамя спірулы) яна рагавая або адсутнічае. 10 канечнасцей з прысоскамі. Здольныя мяняць афарбоўку цела. У некат. ёсць органы свячэння. Размнажаюцца адкладкай яец. Драпежнікі; кормяцца ракападобнымі, рыбай.

Каракаціцы: 1 — сепія звычайная; 2 — росія.

т. 8, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРБААНГІДРА́ЗА,

фермент класа ліяз, які каталізуе абарачальнае ўтварэнне вугальнай к-ты з двухвокісу вугляроду і вады. Металапратэід (мае атам цынку), малекулярная маса каля 30 000. Выяўлена ў жывёл, чалавека, раслін, бактэрый. Знаходзіцца ў эрытрацытах, клетках нырак, слізістай абалонцы страўніка, сятчатцы вока і інш. Рэгулюе кіслотна-шчолачную раўнавагу ў тканках і біял. вадкасцях. Адыгрывае важную ролю ў хуткім звязванні ці вызваленні вуглякіслага газу CO2 (напр., пры дыханні, сакрэцыі кіслага страўнікавага соку, пры падкісленні мачы ў нырках, утварэнні шкарлупіны яйца ў яйцаводах птушак і інш.). Інгібітары К. ўжываюцца пры лячэнні некат. сардэчна-сасудзістых і інш. хвароб.

т. 8, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСА́ТКА (Orcinus orca),

адзіны від роду марскіх млекакормячых сям. дэльфінаў. Пашырана ўсюды, часцей трапляецца ва ўмераных і палярных шыротах.

Даўж. да 10 м, маса да 8 т. Цела чорна-белае, кантрастнае, буйнаплямістае. Грудныя плаўнікі тупыя і шырокія, спінны плаўнік высокі (да 1,7 м у самцоў і да 1 м у самак). Зубы масіўныя, па 10—13 пар уверсе і ўнізе. Нараджае 1 дзіця раз у 3 гады. Драпежнік, корміцца рыбай, галаваногімі малюскамі, нападае на марскіх млекакормячых (дэльфіны, цюлені і інш.). Можа развіваць скорасць да 55 км/гадз. У няволі лёгка прыручаецца і абучаецца.

Э.​Р.​Самусенка.

Касатка.

т. 8, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМСКА́Я ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы,

парода малочна-мяснога кірунку, выведзеная ў 1945 у Кастрамской вобл. скрыжаваннем мясц. жывёлы з альгаўскай і швіцкай пародамі. Гадуюць у Іванаўскай, Кастрамской, Уладзімірскай, Яраслаўскай абл. (Расія), на Беларусі — у асн. у Віцебскай і Магілёўскай абл.

Жывёлы моцнай канстытуцыі, з добра развітой мускулатурай. Галава невялікая, тулава крыху выцягнутае, на высокіх нагах, выш. ў карку да 130 см, спіна роўная. Масць шэрая і бурая розных адценняў. Надой малака за год 4000—5000 кг (рэкардысткі — да 14 200 кг), тлустасць 3,8—4,1%. Жывая маса кароў 550—650, быкоў 800—950 кг. Мясныя якасці добрыя.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТРА́НАВЫЯ (Squalidae),

сям. храстковых рыб атр. катранападобных. 9 родаў, 20 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Трапляюцца да глыбіні каля 3000 м. Найб. шматлікі з К. — катран (Squalus acanthias), пашыраны ў Баранцавым, Белым і Чорным м. і ў морах Д. Усходу.

Даўж. да 2 м, маса да 14 кг. Маюць вострыя калючыя шыпы перад 1-м і 2-м спіннымі плаўнікамі. Кормяцца рыбай, ракападобнымі, галаваногімі малюскамі, доннымі беспазваночнымі. Яйцажывародныя, выношваюць да 20 яец (катран — 13—15 яец, на працягу 22 мес; даўж. нованароджаных акулят да 26 см). Аб’екты промыслу. Гл. таксама Акулы.

Да арт. Катранавыя. Катран.

т. 8, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНЕТЫ́ЧНАЯ ЭНЕ́РГІЯ,

мера мех. руху, роўная для матэрыяльнага пункта палавіне здабытку яго масы на квадрат скорасці T = mv​2/2. К.э. мех. сістэмы роўная суме К.э. усіх яе пунктаў.

К.э. цвёрдага цела, якое рухаецца паступальна, вылічваецца як К.э. пункта з масай, роўнай масе ўсяго цела; пры вярчальным руху — T = Iω​2/2, дзе I — момант інерцыі, ω — вуглавая скорасць вярчэння цвёрдага цела. Пры скарасцях, блізкіх да скорасці святла c, К.э. пункта роўная T = m0 c2 / 1 − v2 / cc − m0 c2 , дзе m0 — маса спакою матэрыяльнага пункта. Гл. таксама Энергія, Энергіі захавання закон.

т. 8, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТЫ́ (Cetacea),

атрад другаснаводных млекакормячых. 2 падатрады: бяззубыя кіты і зубатыя кіты, 7 сям., 38 родаў, каля 80 відаў. Пашыраны ва ўсіх акіянах, ёсць прэснаводныя (некат. дэльфіны).

Даўж. ад 1,1 да 33 м, маса ад 30 кг да 150 т. Цела абцякальнай формы, з гарыз. двухлопасцевым хвастом. Бяззубыя К. кормяцца планктонам, зубатыя — рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 дзіцяня раз у 2 гады. Колькасць большасці відаў К. змяншаецца. У 1946 падпісана Міжнар. канвенцыя па рэгуляванні кітабойнага промыслу і створана Міжнар. кітабойная камісія (уключае каля 20 краін). У Чырв. кнізе МСАП 18 відаў і 1 падвід.

т. 8, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

K-МЕЗО́НЫ,

група нестабільных элементарных часціц з нулявым спінам і адрознай ад нуля дзіўнасцю. Выяўлены ў. касм. прамянях ў 1947—51, атрыманы з дапамогай паскаральнікаў зараджаных часціц у 1954.

Належаць да адронаў; удзельнічаюць у моцных узаемадзеяннях; складаюцца з K (маса спакою 493,68 МэВ, сярэдні час жыцця 1,238∙10​−8 с, дзіўнасць +1), K° (497,6 МэВ, дзіўнасць +1) і адпаведных ім антычасціц K​− і K° (дзіўнасць -1); утвараюць 2 ізатапічныя дублеты з ізатапічным спінам 1/2. Пры распадах К-м., абумоўленых слабымі ўзаемадзеяннямі, у 1964 выяўлена парушэнне СР-сіметрыі (гл. Камбінаваная інверсія).

І.​С.​Сацункевіч.

т. 8, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),

птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.

Даўж. да 31 см, маса да 150 г. Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.

Э.​Р.​Самусенка.

Кукша.

т. 8, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)