СТА́ТЫКА (ад грэч. statikē вучэнне пра вагу, раўнавагу),

раздзел механікі, які вывучае ўмовы раўнавагі цел пад уздзеяннем сіл. Адрозніваюць С. цвёрдага цела, С. пругка дэфармаванага цела, гідрастатыку і аэрастатыку.

У С. цвёрдага цела ўмовы раўнавагі сістэм сіл, што дзейнічаюць на яго, знаходзяць пры складанні сіл і замене іх эквівалентнай (звычайна больш простай) сістэмай сіл. Напр., сілы, прыкладзеныя ў адным пункце цела, можна замяніць раўнадзейнай, прыкладзенай у гэтым жа пункце. Умова раўнавагі свабоднага цела — роўнасць раўнадзейнай нулю, а таксама роўнасць нулю геам. сумы момантаў прыкладзеных сіл (гл. Раўнавага механічнай сістэмы). Пры гэтым цела будзе знаходзіцца ў спакоі або рухацца раўнамерна і прамалінейна адносна дадзенай інерцыяльнай сістэмы адліку. Калі цела несвабоднае (да яго прыкладзены сувязі механічныя), то ва ўмовы раўнавагі ўключаюцца таксама сілы рэакцыі сувязей.

т. 15, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУМЯШЧА́ЛЬНАСЦЬ ЭВМ,

здольнасць электронных вылічальных машын розных тыпаў да ўзаемадзеяння. Адрозніваюць С. апаратную, праграмную і інфармацыйную. Поўная С. ЭВМ дадзеных тыпаў бывае пры існаванні адначасова С. усіх відаў.

Апаратная (тэхн.) С. — здольнасць ЭВМ дадзенага тыпу працаваць з прыладамі ці вузламі ЭВМ інш. тыпу. У т. л. разглядаецца эл.-магн. С., калі тэхн. сродкі не ствараюць узаемных эл.-магн. перашкод або іх уласнае эл.-магн. выпрамяненне істотна не ўплывае на работу інш. тэхн. сродкаў. Праграмная С. — магчымасць выканання адных і тых жа праграм на ЭВМ розных тыпаў пры атрыманні аднолькавых вынікаў. С. праграм — калі яны прыдатныя да аб’яднання ў складаныя праграмныя комплексы. Інфармацыйная С. — здольнасць ЭВМ розных тыпаў ідэнтычна ўспрымаць пэўны набор даных. Для яе забеспячэння дастаткова С. фарматаў прадстаўлення даных.

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛО́ЧКА Мікалай Канстанцінавіч (н. 1.1.1951, ст. Баравуха 1-я Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1992), праф. (2000). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1973). З 1976 у Ін-це тэхн. акустыкі Нац. АН Беларусі (з 1991 заг. лабараторыі, з 1999 нам., з 2002 в.а. дырэктара). Адначасова ў 1996—2000 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па фізіцы і тэхналогіі працэсаў крышталізацыі і спякання, лазернай апрацоўцы матэрыялаў. Распрацаваў метады вырошчвання нелінейных аптычных крышталёў, фіз. асновы селектыўнага лазернага спякання парашкоў, тэарэт. абгрунтаваў кластэрны механізм зародкаўтварэння і росту крышталёў.

Тв.:

Методы выращивания кристаллов из растворов. Мн., 1991 (разам з У.​У.​Клубовічам);

Вторичное зародышеобразование в растворах. Мн., 1992 (з ім жа).

т. 15, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УІ́ЛКІНСАН (Wilkinson) Джэфры (н. 14.7.1921, Тодмардэн, Вялікабрытанія),

англійскі хімік-арганік, адзін з заснавальнікаў металаарган. хіміі пераходных элементаў. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1965). Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхналогіі (Лондан; 1941). З 1943 удзельнік Англа-амерыканска-канадскага праекта па атамнай энергіі, з 1946 у Каліфарнійскім (г. Берклі, ЗША), з 1951 у Гарвардскім ун-тах, з 1956 праф. Лонданскага ун-та. Навук. працы па хіміі металаарган. злучэнняў. Устанавіў будову («сэндвічавую» структуру) ферацэну (1952; разам з Р.Б.Вудвардам). Адкрыў каталізатар гамагеннага гідрыравання алефінаў і ацэтыленавых вуглевадародаў — комплекснае злучэнне родыю RhCl[(C6H5)3P]3 (каталізатар У.; 1958). Нобелеўская прэмія 1973 (разам з Э.О.Фішэрам).

Тв.:

Рус. пер. — Современная неорганическая химия. 4.1—3. М., 1969 (разам з Ф.​А.​Котанам);

Основы неорганической химии. М., 1979 (з ім жа).

т. 16, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРАЎНЕ́ННІ ХІМІ́ЧНЫЯ,

форма запісу рэакцый хімічных пры дапамозе знакаў хімічных, формул хімічных, лікаў і матэм. знакаў. Вызначаюць колькасныя суадносіны паміж зыходнымі рэчывамі і прадуктамі рэакцыі і адлюстроўваюць масы захавання закон.

У левай частцы У.х. запісваюць ф-лы зыходных рэчываў, у правай — прадуктаў рэакцыі; паміж формуламі ставяць знак «+». Абедзве часткі У.х. злучаны знакам роўнасці; колькасць атамаў адных і тых жа хім. элементаў справа і злева ўраўноўваюць пры дапамозе стэхіяметрычных каэфіцыентаў (гл. Стэхіяметрыя), якія запісваюць перад формуламі (напр., У.х. рэакцыі нейтралізацыі; гл. Нейтралізацыя). Левая і правая часткі У.х. могуць быць злучаны стрэлкай, якая паказвае напрамак неабарачальных хім. ператварэнняў, або прамой і адваротнай стрэлкамі у выпадку абарачальных рэакцый. Часам У.х. дапаўняюць інш. характарыстыкамі (напр., паказваюць энтальпію рэакцыі, агрэгатны стан рэчываў).

т. 16, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРАДЭ́Я ЗАКО́НЫ электролізу,

два асноўныя законы электролізу, якія паказваюць сувязь паміж эл. зарадам, што прайшоў праз электраліт, перанесенай пры гэтым масай і хім. прыродай рэчыва. Устаноўлены М.Фарадэем у 1833—34.

1-ы Ф.з.: маса m рэчыва, што вылучылася на электродзе пры электролізе, прама прапарцыянальная эл. зараду, які прайшоў праз электраліт. 2-і Ф.з.: масы розных рэчываў, што вылучаюцца адным і тым жа эл. зарадам, прапарцыянальныя хімічным эквівалентам рэчываў. Гэта азначае, што для вылучэння 1 моль розных рэчываў неабходны аднолькавы эл. зарад (гл. Фарадэя пастаянная). Матэматычна Ф.з. можна запісаць адным ураўненнем: m = (A/F)q = kq, дзе A — хім. эквівалент, F — пастаянная Фарадэя, k =A/F — электрахім. эквівалент. Ф.з. выкарыстоўваюцца для вызначэння хім. эквівалентаў рэчываў, вымярэння эл. зараду іонаў і інш.

т. 16, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕ́РМІ—ДЗІРА́КА СТАТЫ́СТЫКА,

фізічная статыстыка, якая апісвае ўласцівасці сістэм тоесных часціц з паўцэлым спінам (ферміёнаў), адна з квантавых статыстык. Прапанавана Э.Фермі (1926), у там жа годзе П.Дзірак высветліў яе квантавамех. сэнс.

Аснова статыстыкі — Фермі—Дзірака размеркаванне. Квантавы стан сістэмы характарызуецца хвалевай функцыяй, антысіметрычнай адносна перастановак каардынат і імпульсаў кожнай пары тоесных часціц. Паводле Ф.—Дз.с. ў кожным квантавым стане не можа быць больш за 1 часціцу (гл. Паўлі прынцып). З Ф.—Дз.с. вынікае магчымасць існавання квантавага выраджэння фермі-газу (гл. Выраджаны газ), аднак у адрозненне ад бозе-газу гэтая з’ява не звязана з фазавым пераходам. На падставе Ф.—Дз.с. тлумачацца фіз. ўласцівасці металаў і паўправаднікоў, а таксама з’явы звышправоднасці і звышцякучасці (гл. Купера эфект). Гл. таксама Бозе-Эйнштэйна статыстыка.

А.​І.​Болсун.

т. 16, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ДСКІ Леў Георгіевіч (н. 22.9.1924, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),

бел. вучоны ў галіне неарган. хіміі. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1986). Скончыў Харкаўскі політэхн. ін-т (1953). З 1956 у Ін-це агульнай і неарган. хіміі Нац. АН Беларусі (у 1964—89 заг. лабараторыі). Навук. працы па вывучэнні заканамернасцей сувязі «склад—уласцівасць—мікраструктура» ў аксідных шклоўтваральных сістэмах, а таксама ўмоў сінтэзу токаправодных і антыкаразійных пакрыццяў, па сінтэзе і фізіка-хім. даследаванні паўправадніковага шкла.

Тв.:

Влияние добавок окислов R2O5(RO3) на электропроводность кристаллизующегося титансодержащего стекла (разам з В.​У.​Таўгенем) // Весці АН БССР. Сер. хім. навук. 1976. № 6;

Об оценке температурной зависимости вязкости стекол и эмалей // Там жа. 1980. № 5;

Химически устойчивые стеклоэмали. Мн., 1991.

т. 17, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ВУС Пётр Рыгоравіч (н. 7.1.1939, в. Старына Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. ваен. дзеяч. Ген.-палк. (1992). Скончыў Ташкенцкае ваен. агульнавайск. каманднае вучылішча (1960), Ваен.-паліт. акадэмію (1973), Акадэмію Генштаба (1980), вышэйшыя акад. курсы пры той жа акадэміі (1989). З 1960 на камандных і штабных пасадах у шэрагу ваен. акруг СССР, у т. л. ў БВА, а таксама ў Цэнтр. групе войск у Чэхаславакіі, у складзе сав. войск у Афганістане. У 1991 нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР, нач. штаба — 1-ы нам. нач. Грамадзянскай абароны СССР. Са снеж. 1991 міністр па справах абароны, у 1992—94 в.а. міністра, нам. міністра абароны Рэспублікі Беларусь. Да сак. 1995 ваен. саветнік пры СМ Рэспублікі Беларусь.

т. 17, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫ́ГАРАЎ Юрый Уласавіч (н. 9.12.1944, г. Мурманск, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэарэт. і прыкладной механікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1994). Брат А.У.Чыгарава. Скончыў Варонежскі ун-т (1973). З 1978 у Бел. аграрным тэхн. ун-це (у 1987—2003 заг. кафедры). Навук. працы па тэорыі дэфармавання выпадкова-неаднародных асяроддзяў і вызначэнні эфектыўных модуляў у пластычных асяроддзях. Прапанаваў агульную мадэль узаемадзеяння с.-г. дэфарматараў з глебай, крытэрый ацэнкі ўстойлівасці аграэкалагічных сістэм.

Тв.:

О контактном взаимодействии с предварительно напряженной упруговязкопластической средой // Весці АН Беларусі. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1993. № 3;

Термодинамический подход к исследованию критических уровней агроэкологических систем // Там жа. 1995. № 3;

Теоретическая механика и методы математики. Мн., 2000 (разам з А.​А.​Фядутам, А.​У.​Чыгаравым).

Л.​В.​Бароўка.

т. 17, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)