СО́ЛТАН Станіслаў (1746 або 27.8.1756—1836),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. З роду Солтанаў. Ген.-ад’ютант польнай булавы ВКЛ, харунжы ВКЛ з 1782, падкаморы ВКЛ з 1790, маршалак надворны ВКЛ з 1791, староста слонімскі. Актыўны ўдзельнік падрыхтоўкі паўстання 1794. Пасля яго задушэння сасланы ў Казань. Вызвалены Паўлам I. У 1806—07 разам з палк. Ф.​Патоцкім рыхтаваў новае паўстанне ў б. ВКЛ. Загадам Напалеона 1.7.1812 прызначаны старшынёй Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, адначасова ўзначальваў к-т харчавання і магазінаў. Пасля вайны 1812 у эміграцыі.

А.​А.​Ерашэвіч.

т. 15, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУРТА́ Іван Захаравіч (22.11.1893, в. Бяседавічы Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.12.1937),

бел. дзярж. дзеяч; адзін з арганізатараў аховы здароўя на Беларусі. Акад. АН Беларусі (1936). Скончыў 2-і Маскоўскі ун-т (1918), Ін-т чырв. прафесуры (1932). У 1933 нам. наркома асветы Беларусі, з 1933 нарком аховы здароўя Беларусі, у 1936—37 прэзідэнт АН Беларусі. Навук. працы па пытаннях метадалогіі і гісторыі прыродазнаўства. Рэпрэсіраваны ў 1937 і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956.

Тв.:

І.​П.​Паўлаў і яго вучэнне // Зап. Бел. Акад. навук. 1936. Кн. 5.

т. 15, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЫПІЁН АФРЫКА́НСКІ Малодшы, Публій Карнелій Сцыпіён Эміліян Афрыканскі Малодшы (Publius Cornelius Scipio Aemilianus Africanus Junior; каля 185—129 да н.э.), старажытнарымскі палкаводзец і паліт. дзеяч. Прыёмны ўнук Сцыпіёна Афрыканскага Старэйшага. У 151 да н.э. ваяваў у Іспаніі. Абраны консулам, захапіў і разбурыў у 146 да н.э. Карфаген. У 142 да н.э. цэнзар, у 133 да н.э. заваяваў Нуманцыю. Выступаў супраць рэформ Гракхаў. Захапляўся грэч. культурай. Аб’яднаўшы ў т.зв. «Сцыпіёнаў гурток» грэч. пісьменнікаў (Палібій і інш.), імкнуўся перанесці ў рым. культуру эліністычнае мастацтва і адукацыю.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЁТО́МІ Хідэёсі (1536—15.9.1598),

японскі палкаводзец і дзярж. дзеяч. Напачатку паплечнік палкаводца Н.​Ода ў войнах за аб’яднанне Японіі. Пасля смерці Ода ў 1582 сканцэнтраваў у сваіх руках усю дзярж. ўладу, застаючыся фармальна канцлерам (кампаку). Завяршыў аб’яднанне Японіі, падпарадкаваўшы ў 1587 в-аў Кюсю, у 1590 — паўн.-ўсх. ч. в-ва Хонсю. Рабіў захады па замацаванні прывілеяванага становішча самураяў. Правёў шэраг мерапрыемстваў па рэстаўрацыі прыгонніцтва. Праводзіў агрэсіўную знешнюю палітыку, вёў вайну супраць Карэі, але пацярпеў паражэнне (гл. Імдзінская вайна 1592—98).

Літ.:

Искендеров А.​А.​Тоётоми Хидэёси. М., 1984.

т. 15, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́МЕК (Tomek) Вацлаў Уладзівай (31.5.1818, г. Градзец-Кралаве, Чэхія — 12.6.1905),

чэшскі паліт. дзеяч, гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1878). Вучань Ф.Палацкага. У час рэвалюцыі 1848—49 дэп. аўстр. рэйхстага, у 1861—95 — чэш. сейма. З 1860 праф. гісторыі Аўстрыі ў Пражскім ун-це. З 1885 пажыццёвы чл. палаты паноў. Выступаў з пазіцый аўстраславізму. Аўтар прац «Гісторыя Пражскага універсітэта» (1849), «Гісторыя горада Прагі» (ч. 1—12, 1855—1901), «Гісторыя чэшскага народа» (1865), «Ян Жыжка» (1879) і інш. Творы Т. багатыя фактычным матэрыялам і выкарыстаннем малавядомых крыніц.

т. 15, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́ЙКАЎСКІ Борыс (н. 25.6.1956, г. Струміца, Македонія),

македонскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў ун-т у г. Скоп’е. Працаваў юрысконсультам. З 1992 саветнік па знешнепаліт. справах лідэра руху за незалежнасць Македоніі Л.​Георгіеўскага, кіраўнік камісіі па знешняй палітыцы Усемакед. рэв. арг-цыі — Дэмакр. партыі макед. нац. адзінства (да 1998), адказны за размеркаванне міжнар. гуманіт. дапамогі сярод албанскіх бежанцаў з Косава, саветнік мэра г. Скоп’е (з 1997), нам. міністра замежных спраў Македоніі. Са снеж. 1999 прэзідэнт Македоніі. Праводзіць курс на інтэграцыю краіны ў Еўрап. Саюз і НАТО.

М.​С.​Даўгяла.

т. 15, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРУ́МБІЧ (Trumbić) Антэ (17.5.1864, г. Спліт, Харватыя — 17.11.1938),

харвацкі і югаслаўскі паліт. дзеяч. Д-р права (1890). Вучыўся ва ун-тах Заграба, Вены і Граца (Аўстрыя). З 1 894 чл. харвацкай (далмацінскай) Партыі права. У 1895—1918 дэп. Далмацінскага сабора і аўстр. парламента. Заснавальнік ліберальна-бурж. Харвацкай партыі (1905), якая выступала за харвацка-сербскае збліжэнне. З 1915 старшыня Паўднёваславянскага камітэта; ад яго імя падпісаў Корфскую дэкларацыю 1917 аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія), міністрам замежных спраў якога быў у 1918—20.

т. 15, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУ́ТУ (Tutu) Дэсманд Мпіла (н. 7.10.1931, г. Клерксдарп, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

рэлігійны і грамадскі дзеяч Паўд.-Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў Іаганесбургскі ун-т (1954), Тэалагічны каледж св. Пятра (1960), Лонданскі каралеўскі каледж (1966). Магістр тэалогіі. У 1954—57 настаўнічаў. З 1961 святар. З 1975 настаяцель Іаганесбургскага сабора, з 1976 біскуп Лесота, з 1978 ген. сакратар Паўд.-афр. савета цэркваў. Асуджаў палітыку апартэіду ўлад ПАР, стаяў за выключна мірныя сродкі барацьбы; маральна і матэрыяльна падтрымліваў ахвяр паліт. рэпрэсій і іх сем’і. Нобелеўская прэмія міру 1984.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІР АНДРЭ́ЕВІЧ ХРА́БРЫ (15.7.1353—1410),

ваен. і дзярж. дзеяч Маскоўскага княства. Удзельны князь серпухаўскі [1358—1410] і бароўскі [1386—1410]. Унук Івана I Каліты, стрыечны брат і паплечнік Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Неаднаразова ваяваў з паліт. праціўнікамі Масквы і з ВКЛ (1370, 1379). У час Кулікоўскай бітвы 1380 разам з кн. Дз.М.Баброк-Валынскім камандаваў засадным палком, які вырашыў зыход бітвы (за гэта празваны Храбрым). У 1382 каля г. Волак Ламскі разбіў перадавы атрад хана Залатой Арды Тахтамыша, чым паскорыў яго адыход з Русі. У 1408 кіраваў абаронай Масквы ад войск хана Едыгея, якога прымусіў адступіць.

т. 16, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАДО́СІЙ ПЯЧЭ́РСКІ (каля 1008, г. Васількоў, Украіна — 3.5.1074),

старажытнарускі пісьменнік і царк. дзеяч; адзін з заснавальнікаў Кіева-Пячэрскай лаўры. З 1057 ігумен Кіева-Пячэрскага манастыра. Упершыню на Русі ўвёў статут супольнага жыцця манастыра. Аўтарства Ф.П. лічыцца ўстаноўленым для 11 пісьмовых помнікаў: 2 пасланні да кн. Ізяслава Яраславіча, 8 «слоў» і «павучанняў» манахам і малітва. Прапаведаваў асновы хрысц. маралі. Творы Ф.П. вядомы ў рус. і паўд.-слав. спісах, самыя стараж. з іх адносяцца да 13—15 ст. Звесткі пра Ф.П. ў «Жыціі... Феадосія» Нестара (1080-я г.) і ў «Аповесці мінулых гадоў».

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)