прычы́на, ‑ы, ж.
1. З’ява, акалічнасць, якая служыць падставай чаго‑н., выклікае або абумоўлівае другую з’яву. Прычына хваробы. Прычына звальнення з работы. □ Ці наверадзіў яе, .. ці якая другая прычына, але нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас.
2. Падстава, зачэпка для якіх‑н. дзеянняў, учынкаў. [Сімон] любіў смяяцца, і для гэтага яму не трэба было шукаць асаблівай прычыны. Самуйлёнак. Сымоніха з Лявоніхай маюць вялікі спрыт прыдумваць на кожны раз новыя прычыны, за што цалавацца і за што біцца. Бядуля.
•••
Без дай прычыны гл. даць.
З прычыны чаго — у выніку чаго‑н., з-за чаго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пяшчо́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Вельмі ласкавы, поўны ласкі, замілавання, адданасці. Пяшчотная маці. Пяшчотнае сэрца. □ І заўсёды, што б.. [Надзя] ні рабіла, .. у кожным жэсце яе, у кожным руху і слове заўсёды адчувалася жанчына, чулая, пяшчотная, клапатлівая. Васілевіч. // Які выказвае, выяўляе ласку, любоў. Смірын узняў вочы на Веру. Перахапіў яе пяшчотны позірк. Алешка. На яе вуснах блукала пяшчотная ўсмешка. Лупсякоў.
2. перан. Мяккі, лагодны; вельмі прыемны. Пяшчотны голас. Пяшчотны ветрык. □ Пяшчотныя зычныя грэлі салаўя запоўнілі пакой. Бядуля. Неўзабаве перад намі ўзніклі ў пяшчотнай ранішняй смузе светлыя небаскробы вялікага горада на ўзбярэжжы акіяна. В. Вольскі. // Вельмі далікатны, тонкі. На чарэшнях ужо шалясцелі маладыя пяшчотныя лісткі. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раманты́зм, ‑у, м.
1. Напрамак у літаратуры і мастацтве канца XVIII — першай чвэрці XIX ст., прыхільнікі якога змагаліся з канонамі класіцызму, выстаўляючы на першы план інтарэсы асобы і пачуццё і выкарыстоўваючы ў сваёй творчасці гістарычныя і народнапаэтычныя тэмы. Рамантызм Байрана. Рамантызм Бетховена.
2. Творчы метад у літаратуры і мастацтве, пранікнуты аптымізмам і імкненнем у яркіх вобразах паказаць высокае прызначэнне чалавека. Але па той прычыне, што Змітрок Бядуля яшчэ не валодаў рэалістычным метадам, імкненне сцвердзіць у творчасці станоўчыя пачаткі жыцця і ідэал прыгожага, жаданне пранікнуць у духоўны свет чалавека прывялі маладога пісьменніка да рамантызму. Каваленка.
3. Светапогляд, пранікнуты ідэалізацыяй рэчаіснасць летуценнай сузіральнасцю.
[Фр. romantisme.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапраўды́,
1. прысл. На самай справе. [Праменны:] Ты сапраўды пішаш гэту камедыю ці толькі дурышся? Крапіва. Ва ўсёй постаці старога зубра было сапраўды нешта дзікае, лясное, першабытнае. В. Вольскі.
2. прысл. Па-сапраўднаму. Я так каханне разумею: Калі кахаеш, сапраўды, Ідзеш да любай у завею, А глянеш — расцвітуць сады. Прануза.
3. у знач. пабочн. На самай справе. Чаму ж, сапраўды, не паслухаць было Вінцуся Шавеля зразу? Гартны. Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Андрэй, сапраўды, устаўшы, падаўся ў Галы. Дуброўскі. // Папраўдзе, праўду кажучы. Сапраўды, .. [маці] ўжо цяжка працаваць. Бядуля. Сапраўды, конь быў нікуды не варты. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
серп, сярпа, м.
1. Сельскагаспадарчая ручная прылада ў выглядзе вельмі выгнутага дробна назубленага нажа для зрэзвання злакаў з кораня. Жыта ўжо зжалі, а ячмень і пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакалі вострых сярпоў. Мележ. Шасцяць у калоссі сярпы. Купала.
2. Пра тое, што мае форму такога прадмета. З горна ўзяў ён [каваль] прут барвовы І пачаў каваць падкову. Прывялі каня: конь Гнедзіч Серп падковы страціў недзе. Калачынскі. Ідзе ў адпачынак з дарог Серп месяца, вузкі, двурогі. Колас. Вісіць серп залаты над спалоханым борам. Бядуля.
•••
Серп і молат — дзяржаўная эмблема СССР, якая сімвалізуе ўладу працоўных, саюз рабочага класа і сялянства, мірную працу народа.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сімфо́нія, ‑і, ж.
1. Вялікі музычны твор для аркестра, звычайна з 3–4 частак, якія адрозніваюцца адна ад другой характарам музыкі і тэмпам. Малады кампазітар.. запрасіў мяне паслухаць сваю новую сімфонію. Бядуля. Трэцяя сімфонія Бетховена — грандыёзны па задуме і філасофскай глыбіні твор. «Звязда».
2. перан. Гарманічнае спалучэнне розных з’яў — гукаў, фарбаў, тонаў і пад. А ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця. Колас. Смех, вясёлыя галасы, шорганне ног, музыка, лёгкае шапаценне кранутага вячэрнім ветрам лісця ліп і каштанаў — усё злівалася ў невыразную, але жыццярадасную сімфонію. Хадкевіч.
[Ад грэч. symphōnia — сугучча.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сква́пны, ‑ая, ‑ае.
1. Прагны да багацця, хцівы, скупы. Надта ж прагавіты і сквапны быў бацька, надта ж пільнаваў, каб божа барані ніхто і хвілінкі не пасядзеў без работы. Сачанка. — Я чалавек не сквапны і за вялікім не ганюся, — растлумачыў .. [Бабейка] сваю просьбу. Хадкевіч. Не адступаў і бацюшка, хоць добра ведаў, што Хведар сквапны і больш не дасць. Кірэйчык.
2. на што, да чаго. Які прагна імкнецца што‑н. мець у вялікай колькасці; ласы да чаго‑н. [Ратчык:] — А я быў на .. [баравікі] не вельмі сквапны. Новікаў. [Паланевіч:] Я чуў, што .. [Буяк] на выпіўку сквапны. Крапіва. // Пажадлівы. Сквапнымі вачыма Крушынскі аглядае .. прыгожую постаць [Мэры]. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сло́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да слова, які складаецца са слоў. Слоўны матэрыял. Слоўнае багацце народа. □ Між песень, зафіксаваных на Беларусі М. Федароўскім, можна сустрэць нямала твораў украінскага паходжання, што шырока бытавалі на беларускіх землях у самабытным слаўным афармленні. Саламевіч.
2. Які ажыццяўляецца пры дапамозе слоў; вусны. Кожны раз у самай гарачцы слоўнага турніру між рэжысёрам і драматургам, калі, здаецца, во-во вайна дойдзе да самага свайго найвышэйшага пункту і ад слоўнага яна прыме кулачны выгляд, — пан Вашамірскі стрымліваў іх імпэт. Бядуля.
3. Уст. Які мае адносіны да славеснасці. Важна адзначыць, што Кандрату Крапіве падуладны розныя слоўныя жанры. Бялевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́вацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да сунуцца (у 1, 2 знач.).
2. Хадзіць з месца на месца, мітусіцца. — Ах, матухны, — зноў пляснула рукамі Аўгеня: — Усе людзі святкуюць, адна я, як тая дурная калатоўка, соваюся: ні свята, ні спакою не бачу. Колас. [Даўгулевіч:] Я ўвесь дзень соваўся з кутка ў куток, не знаходзячы сабе месца. Гурскі.
3. Перамяшчацца, перасоўвацца куды‑н. [Манг] падышоў да вады, паказаў, як соваецца па вадзе човен. Маўр. // Плысці, пасоўвацца (пра туман, хмары і пад.). На небе соваецца наперад круглы чырвоны месяц. Бядуля.
4. Зал. да соваць (гл. сунуць у 1–3 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сюды́, прысл.
У гэты бок, у гэта месца; проціл. туды. Артылерыйская кананада даходзіла сюды [на бераг Пцічы] прыглушаным громам. Чорны. Тры гады таму назад, прыйшоўшы сюды, пагранічнікі абралі месца пад заставу каля гэтай вось хаты. Брыль. Вечарам сабралася моладзь у Аленчынай хаце. Сюды зайшоў і Шулевіч. Колас. // Ужываецца ў простай мове пры запрашэнні, загадзе, закліку падысці, падаць, паглядзець і пад. Яшчэ здалёку .. [Толя] прыўзняўся і памахаў рукою: — Дзядуля, хадзіце сюды! Якімовіч. Гэй, сюды, муляры, Маляры, слесары, Цесляры, гантары! Будзе толк! Будзе лад! Бядуля.
•••
(І) туды і сюды гл. туды.
Ні туды ні сюды гл. туды.
То туды, то сюды гл. туды.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)