БАЖЭ́НАЎ (Васіль Іванавіч) (12.3.1737 ці 1738, с. Дольскае каля Малаяраслаўца, паводле інш. крыніц Масква — 13.8.1799),
рускі архітэктар, тэарэтык архітэктуры; адзін з заснавальнікаў рус. класіцызму. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1758—60, акад. з 1765; віцэ-прэзідэнт з 1799), Парыжскай акадэміі архітэктуры (1760—62), у Італіі (1762—64). Стварыў праект рэканструкцыі Крамля (не ажыццёўлены; палац закладзены ў 1773), рамантычны палацава-паркавы ансамбль у Царыцыне пад Масквой (1775—85), дом Пашкова (1784—86, цяпер будынак Расійскай дзярж. б-кі ў Маскве), Міхайлаўскі замак у Пецярбургу (праект 1792—96) і інш. комплексы, адметныя смеласцю кампазіцыі, разнастайнасцю задум, творчым выкарыстаннем традыцый сусв. класічнай і стараж.-рус. архітэктуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАЛАПАДО́БНЫЯ КЛЕ́ТКІ,
аднаклетачныя эндаэпітэліяльныя слізістыя залозы эпітэлію чалавека і жывёл. Знаходзяцца ў кішэчніку, паветраносных шляхах, матцы і яйцаводах, вывадных пратоках падстраўнікавай і слінных залоз, кан’юктывы вока. Сінтэзуюць, назапашваюць і выдзяляюць слізісты сакрэт, які ўвільгатняе паверхню эпітэлію. Утвараюцца са звычайных эпітэліяльных клетак. У верхняй частцы бакалападобнай клеткі, што ўкрыта мікраварсінкамі, назапашваюцца гранулы сакрэту (муцынаген), якія абвадняюцца і ператвараюцца ў масу слізі (муцын). Бакалападобныя клеткі набракаюць у верхняй частцы і звужаюцца каля асновы, дзе знаходзіцца ядро, набываюць бакалападобную форму. Потым верхняя частка разрываецца, слізь трапляе ў прасвет органа, бакавыя сценкі бакалападобнай клеткі спадаюцца, робяцца прызматычнымі і зноў назапашваюць сакрэт. Існуе думка пра безупыннае яго выдзяленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́НСКАЯ ШКО́ЛА ЖЫ́ВАПІСУ,
школа італьян. жывапісу. Узнікла ў г. Балоння каля 1585 пасля заснавання братамі Карачы «Акадэміі тых, хто стаў на правільны шлях», дала пачатак развіццю акадэмізму ў еўрап. мастацтве і будучых акадэмій мастацкіх. Пад гэтым тэрмінам маюць на ўвазе адну з плыняў у італьян. жывапісе перыяду фарміравання і росквіту барока.
У канцы 16—17 ст. мастакі Балонскай школы жывапісу Карачы, Г.Рэні, Гверчына, Даменікіна апіраліся на вонкавае ўспрыманне маст. прыёмаў майстроў высокага Адраджэння, выпрацавалі эфектыўныя дэкар. кампазіцыі на рэліг. і міфалагічныя тэмы, манум.-дэкар. размалёўку, распрацавалі тыпы манум. алтарнай карціны і т.зв. гераічнага пейзажа. У далейшым акадэмізм алонскай школы ператварыўся ў безжыццёвую маст. плынь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛТЫ́ЙСКАЯ ГРАДА́,
паласа ўзгорыста-градавага рэльефу з азёрнымі катлавінамі ўздоўж паўд. і паўд.-ўсх. ўзбярэжжаў Балтыйскага м. ад Даніі на З да р.Зах. Дзвіна на У (у межах Германіі, Польшчы, краін Балтыі і часткова Беларусі). Даўж.каля 1500 км, шыр. 80—90 км, выш. да 329 м (г. Вяжыца недалёка ад г. Гданьск, Польшча). Пашыраны канцова-марэнны рэльеф, озы, друмліны, азёры (найб. Мюрыц, Снярдвы, Мамры).
Утварылася ў час апошняга зледзянення плейстацэну. На Пд да Балтыйскай грады прымыкаюць зандравыя раўніны, падзеленыя далінамі рэк на Мекленбургскае, Паморскае і Мазурскае паазер’і. У Беларусі да Балтыйскай грады адносяць Браслаўскую граду і ўсх.ч.Латгальскага ўзвышша. Расліннасць — мяшаныя і хваёвыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬЦЕ́НІЦКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва на Беларусі. Закладзены ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Бальценікі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл). Парк пейзажнага тыпу на ўзгорыстым рэльефе. Пл.каля 10 га. У паўн.-ўсх. частцы парку на самым высокім месцы сядзібны дом, на зах. схіле — тэрасы. У стварэнні ландшафтных кампазіцый выкарыстаны экзоты (больш за 60 відаў і формаў). Сярод іх унікальныя на Беларусі клён вастралісты далоненадрэзаны, вольха шэрая лопасцевая, аксаміт амурскі, явар і яго пурпуровалістая форма, клёны (палявы, прырэчны, татарскі, серабрысты, ясенялісты), піхта белая, елкі (канадская, Энгельмана, калючая блакітная), хвоя веймутава, лістоўніца еўрапейская, туя заходняя і шмат дэкар. кустоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НСКІ ДРАЦЯ́НА-ЦВІКО́ВЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў на Беларусі з 1873 каля маёнтка Барань (цяпер горад Віцебскай вобл.). Выпускаў дрот, кастылі, цвікі, мэблевыя спружыны, шыны, вінты, шайбы. Меў паравы кацёл. У 1908 з-д згарэў. У 1909—10 пабудаваны цагляныя карпусы, устаноўлена замежнае абсталяванне, з-д пачаў выпускаць абівачныя цвікі, ручны тэкс і інш. вырабы для абутковай прам-сці. У 1913 працавалі 350 рабочых, 3 вадзяныя і 3 газагенератарныя рухавікі. У 1-ю сусв. вайну выпускаў калючы дрот і інш. прадукцыю для фронту. З 1921 з-д «Чырвоны Кастрычнік», рэканструяваны і расшыраны. У 1941 абсталяванне з-да эвакуіравана ў г. Благавешчанск (Башкірыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКА́НІЯ-НО́ВА,
запаведнік на Украіне, у Херсонскай вобласці. Засн. ў 1921 на базе прыватнага запаведніка «Чаплі» (з 1874). Пл. больш за 11 тыс.га. Ахоўваецца прыродны комплекс унікальнага цаліннага ціпчакова-палыновага і кавыльнага стэпу (адзіны масіў у Еўропе). У дэндрапарку (пл.каля 200 га) больш за 150 дзікіх і культ. відаў дрэў і кустоў — акацыя белая, вяз, дуб, туя, ясень і інш. Акліматызаваны рэдкія віды жывёл: антылопы, байбак, бізон, зебра, конь Пржавальскага. З экзатычных птушак — афрыканскі страус, нанду, эму; некалькі відаў паўлінаў і фазанаў; вадаплаўныя птушкі — гусь, качка, лебедзь. На базе запаведніка з 1932 існуе Украінскі НДІ жывёлаводства стэпавых раёнаў імя М.Ф.Іванова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЛІ́ННІК, энатэра,
начная свечка (Oenothera),
род кветкавых раслін сям. скрыпнёвых. Больш за 200 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Амерыкі, многія занесены на інш. кантыненты. На Беларусі 2 віды: асліннік двухгадовы (Oenothera biennis) і чырвонасцябловы (Oenothera rubricaulis). Трапляюцца каля дарог, на пясчаных мясцінах і берагах рэк.
Пераважна двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 1,5 м. Лісце суцэльнае, ланцэтападобнае, чаргаванае, зубчастае; прыкаранёвае авальнае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, духмяныя, у гронках. Плод — каробачка. Многія віды і іх гібрыды дэкаратыўныя расліны. Корань мае шмат цукру і пратэіну, прыдатны ў ежу. У насенні да 25% алею. Выкарыстоўваюць у нар. медыцыне пры туберкулёзе, запаленні нырак. Добры меданос.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́Т (Sonchus),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 70 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Афрыцы (некалькі відаў расце як пустазелле па ўсім свеце). На Беларусі 4 віды: палявы, або жоўты (Sonchus arvensis), агародны (Sonchus oleraceus), шурпаты (Sonchus asper), балотны (Sonchus palustris).
Адна-, двух- або шматгадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты, звычайна з млечным сокам. Лісце суцэльнае або перыстарассечанае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных у агульнае суквецце. Плод — сямянка з чубком. Большасць відаў — пустазелле (найб. вядомы асот палявы — засмечвае пераважна яравыя збожжавыя і прапашныя культуры), а таксама харч., кармавыя, лек. і меданосныя расліны. Асотам часам наз. віды роду бадзяк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́ЧНІКІ,
сяляне-слугі ў ВКЛ 14—18 ст., гал. абавязкам якіх была ахова пушчаў вял. князя ці буйных феадалаў, падрыхтоўка палявання і ўдзел у ім. Жылі ў асобных вёсках ці на хутарах каля пушчаў, вызваляліся ад паншчыны і грашовых падаткаў, удзельнічалі ў ваен. паходах. Паводле «Уставы на валокі» 1557 за службу атрымлівалі 2 валокі зямлі, якія не абкладаліся падаткамі. З развіццём фальваркаў эканам. становішча асочнікаў пагоршала, іх зямельныя надзелы паменшалі да 1—0,5 валокі. У 18 ст. асочнікаў пераводзілі на чынш, а за зямельны надзел яны павінны былі выплачваць дзякло, ахоўваць лясы, рамантаваць дарогі і масты ў пушчах, перавозіць пошту і інш.