валту́зіць, ‑тужу, ‑тузіш, ‑тузіць; незак., каго.

Разм.

1. Тармасіць, тузаць. Нехта схапіў.. [Засмужца], вывалак на бераг, валтузіў, каб вярнуць к жыццю. Мележ. // Тузаючы, штурхаючы, біць каго‑н. Накінуліся жаўнеры на дзеда Талаша і пачалі яго валтузіць, стараючыся паваліць старога. Колас.

2. перан. Бесперастанку турбаваць. — Хіба я ведаю, дзе той доктар? — развёў хлопец рукамі, і ў яго голасе было многа пратэсту: «Што вы маеце да мяне? І так мяне ўчора валтузілі, не давалі бацьку пахаваць!» Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ла́яць, ‑лаю, ‑лаеш, ‑лае; заг. лай; незак., каго-што.

Называць грубымі, зневажальнымі, абразлівымі словамі. [Таццяна:] — Сышліся бабы ды давай сварыцца, лаяць адна адну. Зарэцкі. Калі Мікіта Мікітавіч лаяў сына, дык толькі самымі ўедлівымі, абразлівымі словамі. Карпаў. // Ганьбіць, бэсціць. Усю дарогу Крушынскі горача лаяў кантрабандыстаў. Бядуля. // Дакараць, рабіць вымову. Кірыл пачынаў лаяць сябе ў думках за тое, што прыехаў дамоў. Кавалёў. За прагул .. [Пятра] лаяў дырэктар, выклікалі ў камсамольскі камітэт, дапытваліся, дзе ён быў дзесяць дзён. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Разм.

1. Народ, людзі. Над краем вайна лютавала, І гінуў наш люд у галечы. Хведаровіч. // звычайна з азначэннем. Група людзей, якія належаць да якога‑н. асяроддзя. Працоўны люд. □ Вайсковы люд і люд цывільны Вакзалы поўнілі сабой. Колас.

2. Зборышча людзей, натоўп. Каля клуба чутна гранне: Там пад звонкія лады Ладзіць дружбу ды каханне Люд шчаслівы малады. Гілевіч. Знаёмая плошча... Хвалюецца люд. Здарова, зямля[к], здарова, паэт! Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́ўкі, ‑ая, ‑ае.

Які перасядае ў горле, выклікае аскому. Даўкі яблык. // Горкі, едкі (пра дым, пах і пад.). Запахла даўнім прагорклым дымам, нібы гарэла дзе старая зляжалая салома. Лынькоў. У горадзе яшчэ стаяў пах гару, цяжкі і даўкі. Арабей. // перан. Выкліканы горам, крыўдай і пад.; гнятлівы, цяжкі. Так захацелася дамоў, аж нешта даўкае заказытала ў горле. Грахоўскі. Даўкі камяк стаяў у горле, ныла сэрца, хацелася заплакаць ад роспачы і бяссілля. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карпе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. над чым і без дап. Разм. Доўга, цярпліва займацца чым‑н., працаваць над чым‑н. Карпець пад падручнікамі. □ Таварышы толькі і бачылі Івана Іванавіча, як той карпеў над паперамі дзень і ноч, гадамі. Карпюк. Збегліся дзяўчаты, што карпелі за суседнімі сталамі. Аношкін.

2. Жыць дзе‑н. у пакутах, цяжкасцях. — Другія, глядзі, на ўласныя хаткі з садамі ўзбіліся... А ты век тут карпей ды гібей у гэтым дзіравым вагоне. Лынькоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карта́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які нячыста, няправільна вымаўляе гукі «р» або «л». Картавае дзіця. / у знач. наз. карта́вы, ‑ага, м.; карта́вая, ‑ай, ж. — Гэта той картавы? Што хваліцца: «Мяне на х’ёнце паяніла». Навуменка.

2. Нячысты, няправільны (пра вымаўленне гукаў «р» або «л»). Картавае «р». Картавае вымаўленне. Картавая гаворка. □ І калі з маладога гурту вылеціць раскацісты гучны смех або дзе пачуеш крыху картавую мову, так і закарціць азірнуцца: пэўна ж, ён [Паўлюк Трус] там. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каша́ра, ‑ы, ж.

1. Загон, агароджанае месца на полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу. Па рацэ плыве лодка, поўная дзяўчат і бітонаў, — на тым беразе Прыпяці, на лузе, кашара, і адтуль з удоем вяртаюцца даяркі. Сачанка. Ратуючыся ад угону ў Нямеччыну, моладзь перабралася з вёскі ў лес. Загналі сюды ў кашары і жывёлу. Вішнеўскі.

2. толькі мн. (кашары́, ‑аў). Уст. Казарма. У кашарах узнік адпраўны пункт. Тут выдавалі зброю, фарміравалі атрады, прызначаліся камандзіры. Мікуліч.

[Рум. casare.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэві́з, ‑а, м.

1. Праграмная кіруючая ідэя, выражаная адным ці некалькімі словамі; лозунг. Зрабіць як найбольш і як найлепш — стала дэвізам нашых людзей, дзе б яны ні працавалі. Пестрак. Усё шырэй і мацней гучыць палымяны дэвіз — жыць і змагацца па Ільічу. «Звязда».

2. Слова або выраз, якія замест свайго імя ставіць на творы аўтар, удзельнік закрытага конкурсу. Першую прэмію атрымаў праект пад дэвізам «Наперад».

3. Уст. Кароткі сімвалічны надпіс на гербе, шчыце, ордэне і пад.

[Фр. devise.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жыллё, ‑я, н.

1. Населенае месца; месца, дзе жывуць людзі; паселішча. Азяблыя галубы ціснуліся да жылля, садзіліся на падаконнікі. Жычка. Жыллё чалавечае ён абміне Балотам, гушчарам як толькі мага. Зарыцкі.

2. Памяшканне (дом, хата, пакой і інш.), у якім хто‑н. жыве. Другі пакой, больш прасторны, служыў.. [гаспадыні] жыллём. Ракітны. // Пра гняздо, нару, логава і пад. Адны з .. [дзятлаў] заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед чарвякоў: другія — больш важнай: будуюць жыллё. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забы́ты, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад забыць.

2. у знач. прым. Які не захаваўся ў памяці. Калісь вясной — такой забытай, даўняй — Надсеклі клён, каб сок салодкі даў ён. Чарнушэвіч.

3. у знач. прым. Пакінуты без увагі; закінуты. Цяпер .. [цэркаўка] стаяла адзінокая, закінутая, забытая. Колас.

4. у знач. прым. Незнарок, па няўважлівасці пакінуты дзе‑н. Па падлозе рассыпаны былі падраныя паперы, а на стале ляжаў грудок кніг — можа забытых, а можа наўмысля пакінутых тут. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)