пісані́на, ‑ы, ж.
Разм. пагард. Тое, што напісана. Трэба, аднак, узяць у рукі гэтых газетных пісак, якія так недарэчы выступаюць са сваёй пісанінай. Лынькоў. Кастусь не пайшоў бы да Кудрынскага: няёмка ісці на кватэру і боязна паказваць сваю пісаніну. С. Александровіч. Зноў жа такі, седзячы крукам на праўцы чужой пісаніны, нічога свайго не напішаш. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́руч, прысл.
Побач, поплеч. Старэнькая бабулька, што сядзела поруч з Рыгорам, суцешна паглядала на іх. Гартны. Поруч з яго [Рашчынскага] сталом стаяў стол стыль-рэдактара Івана Курбана. Сабаленка. // Каля (каго‑, чаго‑н.), недалёка, паблізу, блізка. Жанчына палола грады, а Святланка сядзела поруч. Даніленка. На гэту спробу недзе зусім поруч адгукаецца тоненькім голасам другая птушка. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывіле́я, ‑і, ж.
Выключнае права, якім карыстаецца хто‑н. у адрозненне ад іншых. Дэлегацкія прывілеі. Саслоўныя прывілеі. □ Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча. Колас. Зусь расказаў мне, што тады, калі ў Рагазіне арганізаваўся калгас, Леўка, каб мець прывілеі, прыкінуўся інвалідам. Сабаленка.
[Лац. privilegium.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раскуме́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
Разм. Разгадаць, уразумець што‑н. Нарэшце і старая Арцюшыха раскумекала, у чым справа. Сабаленка. Спачатку, пакуль не разабраўся, усё здавалася як бы лепшым, калі ж раскумекаў, ды захацеў вярнуцца назад, ужо да Саветаў, — не ўдалося ў той час прабіцца дамоў з таго далёкага свету. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ско́рам, ‑у, м.
1. Скаромная (мясная або малочная) ежа. Старэчымі падслепаватымі вачыма .. [дзед] доўга і падазрона сочыць за гаршкамі, за нявесткай, за ўнучкамі. Гэтакія жарабіцы павырасталі, а яна гатова і ў пост іх карміць скорамам. Васілевіч. [Бацька:] — Можа б вы, дзеткі, пайшлі ды пагасцявалі ў дзеда. Там ёсць сякі-такі скорам. Сабаленка.
2. Тое, што і мясаед.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
со́лтыс, ‑а, м.
1. У буржуазнай Польшчы, у тым ліку ў Заходняй Беларусі, — сельскі стараста. Вярнуліся паны.., пачалі заводзіць свае парадкі.. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. Колас. Лукаш Шульга, якога палякі паставілі за солтыса, усіх рагазінцаў конна і пеша выганяў рамантаваць грэблю... Сабаленка.
2. У Польскай Народнай Рэспубліцы — прадстаўнік інтарэсаў сялян вёскі ў грамадскім народным савеце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раздаві́ць, ‑даўлю, ‑давіш, ‑давіць; зак., каго-што.
1. Надавіўшы або сціснуўшы, расціснуць, расплюшчыць, раздушыць. [Надзя:] — Тады збірай бульбу, бо часам як раздавіш пухір, пяску наб’ецца, можа быць заражэнне. Васілевіч. Немцы пусцілі на гармату танк, мабыць хацелі раздавіць яе, але артылерысты падпалілі яго снарадам. Сабаленка.
2. Разм. Сціснуўшы, задушыць, скалечыць, забіць. — Спаткаць бы такога дзесь у цёмным куце і раздавіць,.. — рашуча сказаў Сяргей. Машара.
3. перан. Разграміць, нанесці рашучае паражэнне. — Дзіўна, такая сіла, а ў Ламавічах — нямецкі гарнізон, — падкалоў Бондар. — Няўжо не можаце раздавіць? Навуменка.
4. перан. (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Знішчыць, падавіць маральна. Візэнер, забыўшыся на ўсялякую субардынацыю, злосна папракаў яго.. Раздаўлены Кайфер маўчаў. Шамякін.
5. Разм. Выпіць што‑н. спіртное. — От жа, не кажы ты, завялі парадкі: беднаму чалавеку і пляшку раздавіць няма дзе. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
гру́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Ствараць грукат. Ноч над зямлёй плыла. Грукала навальніца. Калачынскі. Зямлю скаваў мароз, і боты грукаюць на ўсё наваколле. Шамякін. // Шумна, з сілай біць, удараць. Як у бубен, у памост Грукаюць падковы. Бялевіч.
2. Тое, што і грукацца (у 1 знач.). Калі каму трэба было чаго, дык ён грукаў у брамку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апра́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Вызваліць, ачысціць ад усяго непатрэбнага; надаць чысты, прыбраны выгляд; абмыць. Гэтая [жонка] неяк апратала, улагодзіла.. [Адама], і нават яе двое дзяцей ад першага мужа.. нібы і не замінаюць гаспадару. Сабаленка. [Марыля:] — Скідай з сябе ўсё. Апратаю цябе трохі ды пойдзеш. Прыняла б я цябе, Амелька, ды сыны не захочуць. Вялікія ўжо хлопцы параслі. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
апрыто́мнець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Прыйсці да прытомнасці, ачуцца. Пад раніцу спала пякельная гарачка, і.. [Максімка] апрытомнеў. Сабаленка. Сарокін апрытомнеў на судне-кране, калі знялі скафандр. Данілевіч. // Апамятацца, набыць здольнасць спакойна дзейнічаць і разважаць. Па тым, што да іх падбег толькі адзін чалавек, Арлоўскі здагадаўся, што бой яшчэ не скончаны. Ад гэтай думкі ён адразу апрытомнеў. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)