ДУ́БАЙСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва. Створаны ў 2-й пал. 18 ст. ў в. Дубай Пінскага р-на Брэсцкай вобл. Парк рэгулярнага тыпу сіметрычна-восевай планіроўкі. Пл. каля 5 га. У плане квадрат, абмежаваны каналамі. У цэнтры ўсх. канала быў круглы вадаём (дыяметр каля 30 м) з фантанамі (не зберагліся), па вуглах — прамавугольныя вадаёмы. Унутры парку сіметрычнай сістэмай каналаў і сажалак створаны цэнтр. плошча і 2 астравы з паркавымі пасадкамі і прамавугольнымі ўчасткамі пладовых садоў. У канцы 18 ст. цэнтр. плошча, на якой размяшчаліся 2-павярховы мураваны сядзібны дом (не збярогся) з партэрам перад ім, капліца і гасп. пабудовы, перапланавана ў пейзажным стылі.

В.​Р.​Анціпаў.

Дубайскі парк. Схема планіроўкі.

т. 6, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАБО́РЫ, духаборцы,

сектанцкая плынь, адзін з кірункаў духоўных хрысціян. Узнікла ў Расіі ў 2-й пал. 18 ст. Назва паходзіць ад «барацьбіты за дух і ісціну». Асновы вучэння Д. выкладзены ў псалмах «Жывотнай кнігі», дзе трактуецца галоўнае для іх паняцце: Бог — усюдыісны дух. Д. не прызнавалі таінствы, абрады (акрамя шлюбу), святароў, манаства, адмаўлялі свецкую і духоўную ўладу, выступалі супраць дзяржавы і Рус. правасл. царквы. За непадпарадкаванне ўладам і адмаўленне ад воінскай службы праследаваліся царскім урадам, неаднаразова зведвалі дэпартацыі. У канцы 19 ст. частка Д. перасялілася ў Канаду. Невял. групамі жывуць на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, у Растоўскай, Тамбоўскай, Арэнбургскай абл. Расіі, на Д. Усходзе, Украіне і ў Сярэдняй Азіі.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЫ,

дзярж. дзеячы, шляхецкі род герба «Тапор» у ВКЛ. Родапачынальнік — баярын Татвойш, які ў 2-й пал. 15 ст. атрымаў ад вял. кн. Казіміра зямлю ў Мядэкшах на Ковеншчыне. Унука Татвойша звалі Забела, ад яго і пайшоў род З. З 17 ст. карысталіся графскім тытулам. Найб. вядомыя: Ян (? — крас. 1761), кашталян мсціслаўскі з 1752. Антоній (? — 18.8.1776), генерал-паручнік войска ВКЛ (1761), маршалак ковенскі ў 1744—61, вял. лоўчы ВКЛ у 1761—75. Юзаф (?—9.5.1794), сын Антонія, вял. лоўчы ВКЛ у 1775—93, гетман польны ВКЛ з 1793. Маршалак Таргавіцкай канфедэрацыі, за што пакараны смерцю ў час паўстання 1794. Шыман (?—1793), кашталян мінскі з 1787.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛА́НДСКАЯ МО́ВА,

адна з зах сканд. моў (адносіцца да сканд. моў — паўн. падгрупы германскіх моў). Пашырана ў Ісландыі (афіц. мова), а таксама ў Канадзе і ЗША. Дыялектных адрозненняў амаль няма. У 12—13 ст. фаналагічная сістэма амаль не адрознівалася ад фаналагічнай сістэмы нарвежскай мовы. З таго часу ў І.м. адбыліся значныя фанет. змены (страта насавых галосных, дыфтангізацыя доўгіх галосных, прысутнасць толькі глухіх узрыўных і інш.). У лексіцы мала запазычанняў, новыя паняцці атрымліваюць уласна ісландскае абазначэнне. Пісьменнасць з канца 12 — пач. 13 ст. на лац. аснове. Найб. стараж. помнікі датуюцца 2-й пал. 12 ст., першыя друкаваныя кнігі з’явіліся ў 16 ст.

Літ.:

Стеблин-Каменский М.И. Древнеисландский язык. М., 1955.

А.​М.​Рудэнка.

т. 7, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВЯЧЫ́НСКІ (Мацей) (канец 1520-х г. — 1-я пал. 1572),

бел. кнігавыдавец, перакладчык, рэфармацыйны дзеяч. У 1540-я г. вучыўся ў Вітэнбергскім ун-це, з канца 1550-х г. жыў на Беларусі. Нясвіжскі намеснік М.​Радзівіла Чорнага. Засн. порт на р. Узда, паперню ў Нясвіжы. Удзельнічаў у кальвінісцкім, пазней у арыянскім руху на Беларусі, у Літве і Польшчы. У 1561—62 з С.​Будным і Л.​Крышкоўскім засн. Нясвіжскую друкарню, у якой у 1562 надрукаваны першыя на Беларусі выданні на бел. мове — «Катэхізіс» і «Апраўданне грэшнага чалавека перад богам» Буднага. Аўтар прадмоў да некат. нясвіжскіх выданняў. Пасля смерці К. маёмасць перайшла яго братам, друкарню купіў Я.​Кішка.

Г.​Я.​Галенчанка.

т. 7, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНСКІ ПАРК,

помнік садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 19 ст. Закладзены ў в. Казлоўшчына Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. Пл. 15 га. Займае раўнінны прамавугольны ўчастак. Цэнтр кампазіцыі — сядзібны дом (разбураны ў 1914). Перад гал. фасадам быў парадны двор з манументам у цэнтры (захаваўся пастамент) і гасп. пабудовамі па баках.

Садова-паркавая тэрыторыя падзелена на 2 амаль роўныя часткі, злучаныя алеяй па восі сіметрыі кампазіцыі. Паўн. ч. абмежавана з трох бакоў алеямі граба звычайнага і падзелена рэгулярнай сеткай дарожак на 8 прамавугольных участкаў з пасадкамі пладовых дрэў. Паўд. ч. пад пладовым садам і ахоўнымі пасадкамі. У парку пераважна мясц. пароды дрэў.

В.​Р.​Анціпаў.

Казлоўшчынскі парк. Схема планіроўкі.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗУ́ЛІЦКІЯ БАІ́ 1943, 1944,

баі партызан 227-га палка, 25, 115, 278-га атрадаў Клічаўскай ваенна-аператыўнай групы па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Казулічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон ахоўваў шашу Магілёў—Бабруйск і праводзіў карныя аперацыі супраць партызан і насельніцтва ў Кіраўскім і Клічаўскім р-нах. У ноч на 7.10.1943 у выніку 1,5-гадзіннага бою партызаны падавілі агнявыя кропкі, знішчылі і ўзялі ў палон больш за 160 гітлераўцаў, захапілі шмат зброі, перасоўную радыёстанцыю, штабныя дакументы і інш. У 1-й пал. чэрв. 1944 за некалькі гадзін начнога бою партызаны ўзарвалі 2 дзоты, зброева-рамонтную майстэрню, 4 склады, 4 аўтамашыны гарнізона, захапілі зброю, знішчылі шмат жывой сілы ворага.

т. 7, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМІ́Н (Commines, Comines, Commynes, Comynes) Філіп дэ (каля 1447, г. Камін, Бельгія — 18.10.1511), французскі дзярж. дзеяч, гісторык. З фламандскай дваранскай сям’і. З 1464 на службе ў бургундскіх герцагаў, адзін з дарадчыкаў Карла Смелага, выконваў дыпламат. даручэнні. З 1472 бліжэйшы дарадчык караля Людовіка XI, пасля яго смерці (1483) чл. рэгенцкага савета пры непаўналетнім Карле VIII. За ўдзел у антыўрадавай апазіцыі сасланы ў правінцыю (1489). З 1491 зноў пры двары. Удзельнік італьянскіх войн 1495—1559. Аўтар «Мемуараў», у якіх адлюстравана гісторыя Францыі і Еўропы ў 2-й пал. 15 ст. Лічыцца пачынальнікам франц. паліт. гісторыі.

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1986.

Дз.​М.​Чаркасаў.

Схема каміна.
Камін у адной з залаў палаца ў г. Нясвіж Мінскай вобл.

т. 7, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДО́ЎСКІ ХАЛІФА́Т,

мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 929—1031. Засн. апошнім эмірам Кардоўскага эмірата Абдарахманам III з дынастыі Амеядаў, які значна пашырыў і ўмацаваў тэр. дзяржавы і абвясціў сябе халіфам (929). Сталіца — г. Кордава. Быў цэнтралізаванай дэспатыяй, у якой панавалі араба-берберская і частка мясц. ісламізаванай знаці; аснову эканомікі складала буйное землеўладанне. Найб. росквіту дасягнуў у 2-й пал. 10 ст. (развіццё рамёстваў, сельскай гаспадаркі, суднабудавання і знешняга гандлю, рост гарадоў). Меў значныя армію і флот, якія атрымалі шэраг перамог над каралеўствам Леон і інш. хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава. Міжусобныя войны ў пач. 11 ст., што суправаджаліся спусташэннямі і разбурэннем многіх гарадоў, і спыненне ў 1031 дынастыі Амеядаў прывялі да распаду К.х.

т. 8, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РТЛІ,

гістарычная вобласць ва Усх. Грузіі ў сярэднім цячэнні р. Кура. У ант. і візант. крыніцах вядома пад назвай Іберыя. З канца 4 ст. пад уладай Сасанідаў, ад якой вызвалілася (акрамя г. Тбілісі) да канца 6 ст. З пач. 7 ст. пад уплывам Візантыі, саюзнікі якой хазары ў 627 захапілі Тбілісі, дзе знаходзіўся сасанідскі гарнізон. Да 730-х г. К. заваяваны арабамі, панаванне якіх працягвалася тут да 1122, калі цар Давід Будаўнік знішчыў Тбіліскі эмірат. З канца 10 ст. К. — ядро адзінай груз. дзяржавы. Пасля распаду гэтай дзяржавы ў 2-й пал. 15 ст. К. вылучылася ў самаст. Картлійскае царства, якое аб’ядналася ў 1762 з Кахеты ў Картлійска-Кахецінскае царства (з 1801 у складзе Расіі).

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)