БАРА́НАВІЦКАЕ ГАРАДСКО́Е ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала ў г. Баранавічы са жн. 1943 да ліп. 1944. Ядром падполля стала група А.І.Крыштофіка, пасланая ў г. Баранавічы ў крас. 1943 камандаваннем атрада імя Суворава Першамайскай партыз. брыгады. У вер.ліст. 1943 патрыёты ажыццявілі шэраг дыверсій на чыгунцы, узарвалі 6 эшалонаў з гаручым, ваен. тэхнікай і жывой сілай праціўніка, спалілі памяшканні аўтагаража з машынамі і мэблевую ф-ку, вывелі са строю будынкі цэнтр. блакіроўкі чыг. стрэлак, электратакарнай майстэрні і перасыльнага пункта. У студз. 1944 па заданні партызанаў яны выкралі і даставілі ў штаб Першамайскай партыз. брыгады нам. бургамістра Баранавіч. Патрыёты распаўсюджвалі сярод насельніцтва сав. газеты, лістоўкі, збіралі для партызанаў зброю і боепрыпасы. У лютым 1944 арыштаваны 12 падпольшчыкаў, 9 з якіх 11 сак. на рыначнай плошчы пакараны смерцю. У Баранавічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск, на месцы пакарання смерцю ўстаноўлена мемар. Дошка.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВІЦКАЯ АКРУГО́ВАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫ́Я ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з мая 1942 да снеж. 1943. Яе ўзначальваў Акруговы бел. антыфаш. к-т Баранавіцкай вобласці. Створана на базе антыфаш. груп Гродзенскай вобласці. Арганізацыйна аформлена 5.5.1942 на міжраённай канферэнцыі кіраўнікоў шэрагу антыфаш. груп, выбраны Акруговы к-т з 6чал.: Г.М.Картухін (старшыня), А.Ф.Манкевіч (нам. старшыні, абодва да ліп. 1942), А.А.Патапаў (сакратар), Б.І.Гардзейчык, П.В.Жукоўскі, А.І.Іваноў. К-т аб’ядноўваў разрозненыя партыз. і падп. групы, садзейнічаў стварэнню новых груп і арг-цый. Да чэрв. 1942 створаны: 5 дыверсійных груп (125 чал.); Васілішкаўскі, Скідзельскі і Шчучынскі раённыя к-ты, якія ўзначальвалі 35 падп. груп (150 чал.). Да восені 1942 пад кіраўніцтвам К-та барацьбу з акупантамі вялі больш за 260 падпольшчыкаў. Антыфаш. арг-цыі праводзілі паліт. работу сярод насельніцтва і партызанаў, выпускалі лістоўкі. Далейшы рост партыз. руху ў рэгіёне праходзіў у цеснай сувязі з антыфаш. арг-цыямі.

т. 2, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫСЕ́ВІЧ Мікалай Аляксандравіч

(н. 21.9.1923, пас. Лучны Мост Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.),

бел. фізік. Акад. АН Беларусі (1969), АН СССР (1981, з 1992 Рас. АН) і шэрагу замежных АН. Д-р фізіка-матэм. н. (1965), праф. (1967). Засл. дз. нав. Беларусі (1994). Герой Сац. Працы (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1955 нам. дырэктара Ін-та фізікі, у 1969—87 прэзідэнт АН Беларусі. З 1992 ганаровы прэзідэнт АН Беларусі і старшыня камісіі па гісторыі навукі. Навук. працы па люмінесцэнцыі і спектраскапіі складаных малекул, квантавай электроніцы і інфрачырвонай тэхніцы. Даследаваў рассеянне выпрамянення дысперснымі сістэмамі, стварыў (разам з супрацоўнікамі) новы клас аптычных фільтраў для інфрачырвонай вобласці спектра. Адкрыў (разам з Б.С.Непарэнтам) з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул (зарэгістравана ў 1977). Ленінская прэмія 1980. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Возбужденные состояния сложных молекул в газовой фазе. Мн., 1967;

Инфракрасные фильтры. Мн., 1971 (разам з В.Р.Верашчагіным, М.А.Валідавым).

т. 2, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАРГІ́Ў-ДЭЖ (Gheorghiu-Dej) Георге

(8.11.1901, г. Бырлад, Румынія — 19.3.1965),

палітычны і дзярж. дзеяч Румыніі. З 1930 чл. Камуніст. партыі Румыніі (КПР). Як адзін з арганізатараў забастоўкі чыгуначнікаў і нафтавікоў (1933) у г. Грывіца (цяпер у складзе Бухарэста) асуджаны на 12 гадоў катаргі. У ліст. 1944 уцёк з канцлагера і стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў узбр. паўстання (23.8.1944) супраць ваен. дыктатуры І.Антанеску. З кастр. 1945 ген. сакратар ЦК КПР. У 1944—48 узначальваў шэраг міністэрстваў. Пасля аб’яднання КПР і С.-д. партыі ў адзіную Рум. рабочую партыю (РРП) ген. сакратар яе ЦК (1948—54, у 1955—65 1-ы сакратар ЦК РРП). З 1948 1-ы нам. старшыні, у 1952—55 старшыня СМ Рум. Нар. Рэспублікі (РНР). З 1961 адначасова старшыня Дзярж. савета РНР. Двойчы Герой Сац. Працы РНР (1951, 1961).

Тв.:

Рус. пер. — Статьи и речи. Т. 1—2. М., 1956.

т. 5, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯЛІ́КАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ РА́ДА

(ВБР),

каардынацыйны цэнтр бел. нац.-вызв. руху ў кастр.снеж. 1917. Утворана на 2-й сесіі Цэнтральнай рады беларускіх арганізацый (28.10—6.11.1917). Пастаянна дзеючым органам ВБР быў Выканаўчы к-т з 24 чал. У яго ўваходзілі В.А.Адамовіч (старшыня), А.У.Прушынскі (Алесь Гарун) і А.А.Смоліч (нам. старшыні), Л.А.Сівіцкая (Зоська Верас) і А.Сакалоўскі (сакратары) і інш. К-т падзяляўся на аддзелы ў адпаведнасці з галінамі кіравання. У кантакце з ім працавалі 9 генеральных камісараў Рады (Я.Я.Варонка, Б.А.Тарашкевіч, З.Х.Жылуновіч і інш.). Выканаўчы к-т разам з камісарамі ўтваралі Малую Раду («Савет 33-х»).

ВБР выступала за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. федэрацыі, развіццё нац. культуры і мовы. Разглядала сябе як зародак вышэйшага органа дзярж. улады будучай аўтаномнай Беларусі. Разам з Цэнтральнай беларускай вайсковай радай вяла работу па стварэнні бел. нац. войска. Выступіла з ініцыятывай і разам з Бел. абл. к-там склікала Усебеларускі з’езд 1917.

С.С.Рудовіч.

т. 4, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАС (Witos) Вінцэнты

(21.1.1874, в. Вежхаславіцы, Кракаўскае ваяв., Польшча — 31.10.1945),

польскі паліт. дзеяч, публіцыст. Дэп. галіцыйскага сейма (1908—18), гал. аўстр. рэйхсрата (1911—18), польск. сейма (1919—33). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў сял. партыі «Пяст» (1913—31). Прэм’ер-міністр у 1920—21, 1923 і 1926. Актыўна ўдзельнічаў у блоку апазіцыйных партый «Цэнтралеў», за што быў зняволены ў турму (1930). У 1931—35 старшыня Гал. савета сял. партыі «Стронніцтва людовэ», з 1935 старшыня партыі. У 1933—39 у эміграцыі ў Чэхаславакіі. У 1939—41 зняволены ням.-фаш. акупантамі, пасля пад наглядам гестапа. У 1945 адмовіўся супрацоўнічаць з камуніст. ўладамі (быў прызначаны нам. старшыні Краёвай Рады Нарадовай, але ў яе рабоце не ўдзельнічаў).

Тв.:

Dzeła wybrane: W 5 t. T 1—3. Warszawa, 1988—95;

Wybór pism. Warszawa, 1989.

Літ.:

О Wincentym Witosie. Warszawa, 1983;

Borkowski J. O Wincentym Witosie: Relacje i wspomnienia. Warszawa, 1984.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКАГО́НАЎ Дзмітрый Антонавіч

(21.3.1928, станіца Мангут Кырынскага р-на Чыцінскай вобл., Расія — 6.12.1995),

гісторык, філосаф, паліт. і дзярж. дзеяч Расіі. Чл.-кар. Рас. АН (1991), д-р філас. (1972) і гіст. (1990) н., праф. (1973). Ген.-палк. (1982). Скончыў Арлоўскае танк. вучылішча (1952) і Ваен.-паліт. акадэмію (1963). З 1949 служыў у Сав. Арміі. З 1963 на розных пасадах у Ваен.-паліт. акадэміі, з 1971 у Гал. паліт. упраўленні Сав. Арміі і ВМФ, у т. л. нам. нач. Галоўнага паліт. ўпраўлення (з 1984); нач. Ін-та ваен. гісторыі Мін-ва абароны СССР (1988—91). Саветнік прэзідэнта Расіі па абароне і бяспецы (з 1991), кіраўнік Камісіі пры прэзідэнце Рас. Федэрацыі па ваеннапалонных, інтэрніраваных і прапаўшых без вестак (з 1992) і інш. Дэп. Вярх. Савета РСФСР у 1990—91. Аўтар каля 30 гіст.-паліт. кніг і манаграфій, у т. л. трылогіі «Правадыры» (1989—94) пра Сталіна, Троцкага і Леніна.

т. 3, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛКО́ВІЧ Даніла Іванавіч

(18.4.1900, в. Занёманск Гродзенскага пав., цяпер у межах г. Масты — 27.11.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч БССР. З 1918 у Чырв. Арміі. Удзельнік ліквідацыі эсэраўскага мяцяжу на Іжаўскім зброевым з-дзе, ваяваў на Усх. фронце супраць арміі Калчака. Са жн. 1920 на Зах. фронце, вёў барацьбу з бандытызмам у Бабруйскім і Мазырскім пав. З 1921 заг. аддзела ЦК ЛКСМБ, з 1924 сакратар Койданаўскага, Ляхаўскага (г. Мінск) райкомаў, потым у апараце ЦК КП(б)Б, заг. аддзела Мінскага, сакратар Магілёўскага акр., Клімавіцкага і Бабруйскага раённых к-таў партыі. З лют. 1934 нам. наркома земляробства БССР. Са жн. 1934 2-і сакратар ЦК КП(б)Б, у маі—вер. 1937 старшыня СНК БССР. Чл. ЦВК БССР у 1931—37, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1934—37. Арыштаваны ў вер. 1937, засуджаны 26.11.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.

У.М.Міхнюк.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУГАЁЎ Яўген Іосіфавіч

(н. 11.12.1912, в. Красова Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. гісторык, публіцыст. Д-р гіст. н. (1971). Скончыў Маскоўскі ін-т гісторыі, філасофіі і л-ры імя М.Г.Чарнышэўскага (1940). З 1942 у апараце ЦК ВКП(б). З 1944 сакратар Гомельскага абкома, 1-ы сакратар Мінскага абкома і гаркома КП(б)Б, сакратар Омскага абкома ВКП(б). З 1954 у час. «Партийная жизнь», «Проблемы мира и социализма», гал. рэдактар час. «Вопросы истории КПСС» (1960—61), «Партийная жизнь» (1961—66), нам. гал. рэдактара час. «Коммунист» (1966—86). Адначасова з 1943 выкладаў у ВНУ. У 1972—87 праф. Акадэміі грамадскіх навук пры ЦК КПСС. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—51, яго старшыня ў 1948—50. Аўтар прац па гісторыі КПСС і КПБ. Упершыню ўвёў у гіст. навуку невядомыя раней дакументы з архіва ЦК КПСС пра ўтварэнне БССР і КПБ.

У.М.Міхнюк.

т. 3, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЛАНД (Holland) Ян Давід

(17.3.1746, г. Санкт-Андрэасберг, Германія — 27.12.1827),

польскі кампазітар ням. паходжання. З пач. 1780-х г. па запрашэнні К.Радзівіла прыдворны кампазітар і капельмайстар Нясвіжскай капэлы Радзівілаў. Тут напісаў шэраг паланэзаў, кантат і опер. Найб. вядомая камічная опера «Агатка, або Прыезд пана» на лібр. М.Радзівіла, упершыню пастаўленая ў 1784 у Нясвіжы (на Бел. радыё паст. ў 1994). Яна прасякнута ідэямі сентыменталізму, у тэксце адчуваюцца антыпрыгонніцкія акцэнты, у музыцы пераважае класічны стыль, выкарыстаны элементы фальклору. Сярод інш. твораў опера-вадэвіль «Чужое багацце нікому не на карысць» (1780), балет «Арфей у пекле» (паст. 1784, Нясвіж), кантата (1786), арк. музыка (сімфоніі, серэнада, дывертысмент, паланэзы). Пасля 1790, верагодна, пераехаў у Гродна, пазней — у Варшаву. З 1802 выкладаў у Віленскім ун-це.

Літ.:

Мальдзіс А.І. Таямніцы старажытных сховішчаў. Мн., 1974. С. 91—92;

Дадзіёмава В. Еўрапейская славутасць, якая належыць і нам // Беларусь. 1996. № 3.

В.У.Дадзіёмава.

т. 5, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)