эстра́да

(фр. estrade, ад ісп. estrado = памост)

1) пляцоўка для канцэртных выступленняў (напр. адкрытая э.);

2) від выканаўчага мастацтва, які ўключае малыя формы драматургіі, вакальнага мастацтва, музыкі, харэаграфіі і г. д.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

«АР НУВО́»

(франц. art nóuveau літар. новае мастацтва),

пашыраная ў некаторых еўрап. краінах і ЗША назва стылю мадэрн.

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЯ ГАЛЕРЭ́Я рэспубліканская Беларускага саюза мастакоў. Адкрыта ў 1973 у Мінску, да 1991 наз. Палац мастацтваў. Мае 3 выставачныя залы — жывапісу (пл. 1450 м²), графікі (пл. 670 м²), дэкар.-прыкладнога мастацтва (пл. 500 м²), вестыбюль з антрэсолямі (пл. 745 м², выкарыстоўваецца для экспазіцый), канферэнц-залу (на 100 месцаў). Невял. дворык з дэкар. вадаёмамі і малымі арх. формамі з’яўляецца дадатковай экспазіцыйнай плошчай для скульптуры і керамікі пад адкрытым небам. Прызначана для правядзення перыяд. выставак (персанальных, групавых, рэсп., замежнага мастацтва) і прапаганды мастацтва.

Пабудавана паводле праекта арх. С.​Мусінскага, Н.​Краўковай. 2-павярховы прамавугольны ў плане будынак, асіметрычны гал. ўваход якога падкрэслены вял. казырком. Пілоны падтрымліваюць гал. верхні аб’ём, прарэзаны жалезабетоннымі рэбрамі і падзелены на 2 часткі: ніжняя абліцавана керамічнай пліткай. верхняя мае стужачнае шкленне і завяршаецца вельмі высунутым карнізам.

Б.​А.​Крэпак, А.​А.​Воінаў (архітэктура).

Мастацкая галерэя рэспубліканская.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АРТ-СЕ́СІЯ»,

мастацкая акцыя, якая ўключае правядзенне конкурсу-выставы візуальных мастацтваў творчай моладзі і фестывальную харэаграфічную праграму. Праводзіцца з 1992 штогод у Віцебску. У выстаўцы ўдзельнічаюць студэнты маст. спецыяльнасцяў ВНУ Віцебска (факультэты мастацка-графічны, педагогікі і методыкі пач. навучання, музыкі і выяўл. мастацтва пед. ін-та, маст. канструявання вырабаў лёгкай прам-сці тэхнал. ін-та) і вучні маст. аддзяленняў вучылішчаў. Экспазіцыя выстаўкі ўключае раздзелы: жывапіс, графіка, дызайн, скульптура, дэкар.-прыкладное мастацтва, мадэлі адзення.

М.​Л.​Цыбульскі.

т. 1, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВА́ТАЯ (Раіса Уладзіміраўна) (н. 11.3.1953, г. Асіпенка, Украіна),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1975). Працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва (з 1975). Сярод работ: габелены «Першыя камедыянты» (1980), «Сланечнікі» (1982), «Купалінка» (1983), «Ноч на Беразіне» (1986), трыпціх «Вытокі» (1988), «Герберы» (1989), «Каляды» (1991), «Ціхая затока» (1996) і інш. Стварае таксама касцюмы для самадз. фалькл. калектываў. У яе творах — сучасныя рытмы, багацце фарбаў, якія спалучаюцца з глыбокімі нац. традыцыямі.

Р.Галаватая. «Купалінка». 1983.

т. 4, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЛЮЗІЯНІ́ЗМ (франц. illusionnisme ад лац. illusio падман),

імітацыя бачнага свету ў творах выяўл. мастацтва, стварэнне ўражання рэальнага існавання прадметаў і прасторы. І. зрокава сцірае грані паміж умоўным светам выявы і рэчаіснасцю, стварае падабенства іх узаемадзеяння, знікнення рэчавага матэрыялу, з якога складаецца твор, плоскасці сцяны ці карціны. Узнік у ант. жывапісе, адыграў важную ролю ў мастацтве Адраджэння, быў адным з гал. прынцыпаў манум.-дэкар. мастацтва барока. Сустракаецца і ў станковым мастацтве (нацюрморты-«падманкі» 18 ст. і інш.).

т. 7, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛЬ (Lille),

горад на Пн Францыі. Адм. ц. дэпартамента Нор. Вядомы з 11 ст. 178 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1 млн. ж. (1990). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на р. Дзёль (бас. Шэльды). Міжнар. аэрапорт. Цэнтр Паўн. індустр. раёна Францыі. Прам-сць: тэкст., цяжкае машынабудаванне, хім., харчовая. Метрапалітэн. 3 ун-ты. Музеі: выяўл. мастацтваў, рэліг. мастацтва, фальклору і дэкар.-прыкладнога мастацтва. Арх. помнікі 13—18 ст.: гатычныя капэлы і капліцы, цэрквы, ваенны шпіталь, жылыя дамы.

т. 9, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІ́М (Джавад) (1920, г. Анкара — 1961),

іракскі жывапісец і скульптар. Вучыўся ў Парыжы (1938), Рыме (1939—40) і Лондане (1946—49). Заснаваў у Багдадзе скульпт. аддзяленне ў Ін-це прыгожых мастацтваў і «Групу сучаснага мастацтва» (1951). Жывапісныя і графічныя творы выконваў у духу мадэрнісцкіх кірункаў. У скульптуры, абапіраючыся на стараж. традыцыі іракскага мастацтва, імкнуўся стварыць своеасаблівы маст. стыль, адметны ўмоўна-абагульненай трактоўкай форм, дэкар.-арнаментальным характарам кампазіцыі. Асн. твор — манум. пано «Рэвалюцыя 14 ліпеня» (1959—60) у Багдадзе.

т. 14, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бы́ўшы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. пр. ад быць.

2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які страціў ранейшае прызначэнне, ролю; былы. Батарэя, якою камандаваў быўшы афіцэр,.. пустошыла рады насядаўшых дзянікінцаў. Колас.

3. Дзеепрысл. пр. ад быць. Мастацтва ён [пан Вашамірскі] да вар’яцтва палюбіў, быўшы ў Парыжы, калі закахаўся там у адну прыгожую францужанку-акторку. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паслякастры́чніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да часу пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У паслякастрычніцкі перыяд, калі Беларусь упершыню ў гісторыі атрымала сваю дзяржаўнасць, пачынаецца новы этап у вывучэнні спадчыны Скарыны. Алексютовіч. Ужо ў першае паслякастрычніцкае дзесяцігоддзе графіка не толькі пабыла «правы грамадзянства», але выйшла на перадавыя рубяжы беларускага савецкага мастацтва. Шматаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)