СІМФАНІ́ЧНАЯ ФАНТА́ЗІЯ,
адначасткавы сімфанічны твор; адзін з жанраў праграмнай музыкі. Спалучае рысы фантазіі (свабода тэматычнага развіцця і будовы, часам са значнымі адхіленнямі ад традыц. тыпаў) і сімфанічнай паэмы (пераважаюць карцінна-выяўл. тып праграмнасці, элементы фантастыкі).
У замежнай музыцы прадстаўлена асобнымі ўзорамі («Дачка Поўначы» Я.Сібеліуса), шырока і рознабакова — у творчасці рус. кампазітараў П.Чайкоўскага, А.Глазунова, М.Мусаргскага, С.Рахманінава, І.Стравінскага і інш. Блізкія да С.ф. уверцюры-фантазіі Чайкоўскага, М.Глінкі. У рус. музыцы сфарміраваўся своеасаблівы від С.ф., заснаваны на свабодным сімф. развіцці фалькл. муз. тэм (фантазія «Камарынская» Глінкі на тэмы дзвюх рус. нар. песень, «Фантазія на сербскія тэмы» і «Іспанскае капрычыо» М.Рымскага-Корсакава, «Італьянскае капрычыо» Чайкоўскага, «Уверцюра на 3 рускія тэмы» М.Балакірава і інш.).
У творчасці бел. кампазітараў прадстаўлены традыцыйныя віды С.ф.: уверцюры-фантазіі «Зары насустрач», «Дума пра пагранічніка Лагоду» і капрычыо на тэмы бел. нар. песень М.Аладава, С.ф. Ю.Бяльзацкага, І.Лучанка, «Янка» П.Падкавырава, «Перапёлачка» Р.Пукста, «Свята» А.Мдывані і інш.
Літ.:
Гл. да арт. Праграмная музыка, Сімфанічная паэма.
Т.А.Дубкова.
т. 14, с. 389
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕ́КДАХА (ад грэч. synekdochē суперайманне, суаднясенне),
від метаніміі, заснаваны на замене аднаго паняцця другім на аснове суаднясення іх колькасных прыкмет. Выступае як сродак завастрэння ўвагі чытача на найб. значных маст. дэталях, якім у творы належыць важная роля ў эмацыянальна-псіхал. раскрыцці вобразаў, іх аўтарскай ацэнцы. Пашырана ўжыванне назвы часткі з’явы, прадмета ў значэнні цэлага:
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты наяве і ў сне,
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.
(Я.Купала. «Роднае слова»)
Часам назва часткі замяняецца назвай цэлага:
Край калхідскі сёння ў славе,
І палескі краявід
Зменім мы, балоты сплавім,
Тут, брат, тысячы Калхід!
(П.Панчанка. «Слова пра Палессе»)
Сустракаецца замена множнага ліку адзіночным і наадварот.
Якія толькі стагоддзі
цябе не хрысцілі
ў сваіх Дняпрах, а ты
язычнікам так і застаўся, Човен.
(Р.Барадулін. «Трыпціх Ушаччыны»)
Разнавіднасць С. — ужыванне ўласных імён у значэнні агульных назоўнікаў:
Працы ў зорках — акіян бязмерны,
Важна, што мы здолелі пачаць.
Сотні новых Юрыяў і Германаў
У калысках ярасна крычаць.
(П.Панчанка. «У космас»)
А.А.Майсейчык.
т. 14, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТЫСТЫ́ЧНАЯ РАДЫЁТЭ́ХНІКА,
раздзел радыётэхнікі, які вывучае задачы аналізу і сінтэзу радыётэхн. апаратаў і сістэм з улікам наяўнасці радыёперашкод і выпадковага характару сфарміраваных і прынятых радыёсігналаў.
Асн. кірункі даследаванняў: аналіз унутраных флуктуацыйных шумаў у элементах радыёапаратуры — шротавы эфект у электравакуумных і паўправадніковых прыладах (выяўлены ням. вучоным В.Шоткі; 1918—22), цеплавы шум у рэзістарах (амер. фізік Х.Найквіст; 1928); стат. характарыстыкі знешніх перашкод, напр., атм., індустр. і касм. шумаў (М.Дз.Папалексі); скажэнні радыёсігналаў пры іх распаўсюджванні ў розных умовах (каналы наземнай, іанасфернай, трапасфернай, метэорнай, касм. сувязі і інш.). Сінтэз радыёэлектронных сістэм і апаратаў, якія працуюць пры ўздзеянні перашкод, заснаваны на метадах матэм. статыстыкі, дазваляе ацаніць лімітныя магчымасці і вызначыць алгарытмы канструявання такіх сістэм.
На Беларусі даследаванні па праблемах С.р. і статыстычнай радыёфізікі праводзяцца ў БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі і інш.
Літ.:
Артемьев В.М. Теория динамических систем со случайными изменениями структуры. Мн., 1979;
Чердынцев В.А. Статистическая теория совмещенных радиотехнических систем. Мн., 1980;
Тихонов В.И. Статистическая радиотехника. 2 изд. М., 1982.
В.А.Чардынцаў.
т. 15, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),
навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл. Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.
Я.М.Бабосаў.
т. 16, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дынамакардыягра́фія
(ад дынама- + кардыяграфія)
метад даследавання механічных праяўленняў сардэчнай дзейнасці, заснаваны на рэгістрацыі перамяшчэнняў цэнтра цяжару грудной клеткі ў выніку сардэчнай кінематыкі і руху крыві ў буйных сасудах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
аналіты́чны
(гр. analytikos)
1) заснаваны на прымяненні аналізу (напр. а. метад даследавання);
2) здольны рабіць аналіз (напр. а. розум);
3) які служыць для аналізу (напр. а-ыя вагі).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
платані́чны
(ад платанізм)
1) філас. які мае адносіны да платанізму;
2) заснаваны на духоўнай цязе, пазбаўлены пачуццёвасці (напр. п-ае каханне);
3) чыста духоўны, пазбаўлены практычных, рэальных мэт.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Надэ́чыць 1 ’падбухторыць’, надэ́чыцца ’падбухторыцца’, надэ́чаны ’падбухтораны’ (Яўс.). Утворана ад дэ́чыць ’павучаць, падбухторваць’, дэ́чыцца ’навучацца, пераймаць’, дэ́чаны ’навучаны’, для якіх не выключана аднолькавае паходжанне з бачыць ’гаварыць’, надэ́чыць ’нагаварыць’, што выводзяцца з літ. dėti ’абгаворваць’ (Сл. ПЗБ, 182). Можна меркаваць і пра блізкасць да дзеяслова незакончанага трывання дукаваць ’павучаць, падбухторваць’ (гл.), форма закончанага трывання ад якога была б над укаваць або *навучыць, што вельмі блізка фармальна і семантычна да разглядаемага слова.
Надэ́чыць 2 Змяшчаць’ (Каханоўскі, Повязь часоў. Мн., 1985, 87), з тэксту не відаць, дзе распаўсюджана слова. Каханоўскі спрабуе звязаць з уласнай назвай Маладэнна, якая этымалагізуецца як ’малазмяшчальнае месца’, паколькі населены пункт быў заснаваны паміж поймай ракі і Ашмянскім узвышшам. Няясна, магчыма звязана з літ. dėti ’класці, змяшчаць’, nudėti ’залажыць, засунуць’, што адпавядае слав. *detiy адно са значэнняў якога ’дзець, класці, змяшчаць’ (гл. Абаеў, ВЯ, 1988, 3, 36); тады назва горада рэканструюецца як *malo‑detь‑no (суч. Маладзечна).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
кро́ўны і (разм.) крэ́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які паходзіць ад адных продкаў; родны па крыві. Кроўная сястра. □ Была яшчэ Насцечка, былі яшчэ меншыя, кроўныя толькі па бацьку браты: Алесь, Міколка, Валодзя, Хведзя, але яны, апроч Алеся, нарадзіліся ўжо, калі я не жыў у Рагазіне. Сабаленка. / у знач. наз. кро́ўныя, ‑ых і крэ́ўныя, ‑ых. Навіны ўзбуджалі .. ў кожнага [салдата] жаданне паехаць дадому, пабачыць кроўных. Галавач. // Заснаваны на паходжанні ад адных сваякоў; сваяцкі. Кроўныя сувязі.
2. Надзвычай блізкі і важны, арганічна неабходны для каго‑н. Мужчыны доўга і дзелавіта, як кроўную справу, абмяркоўвалі ўсё: будаўніцтва заводаў, дарог, гарадоў. Брыль.
3. перан. Моцны, непарушны, заснаваны на агульнасці інтарэсаў. Кроўная сувязь з народам і яго вызваленчым рухам вызначыла глыбокую народнасць, рэалізм і рэвалюцыйную ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Івашын.
4. Разм. Уласнае, нажытае сваёй працай. А паўтары дзесяціны зямлі ва ўрочышчы «Навінкі» куплены, маўляў, Жуком за яго кроўныя грошы. Брыль.
•••
Кроўная крыўда гл. крыўда.
Кроўная помста гл. помста.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
кунгфу́
(кіт. kung fu)
сістэма кітайскай аздараўленчай гімнастыкі і спартыўнай барацьбы; спосаб самаабароны без зброі, заснаваны на рэзкіх ударах нагой або рукой па болевых пунктах цела праціўніка.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)