Выбо́ры ’зборы ў дарогу’ (Нас., КЭС, лаг.). Ад выбірацца ’збірацца ў дарогу, накіроўвацца куды-небудзь’, аднак, магчыма, запазычана з польск. wybory ’зборы ў дарогу, пераезд’, пра што сведчыць незвычайная для ўтварэнняў з прэфіксам вы‑ акцэнтуацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́даўка ’яравая пшаніца’ (Касп.). Да ля́да 2 (’пшаніца, якую сеюць на лядзе’). Аднак дзякуючы народнай этымалогіі гэта лексема ўспрымаецца як роднасная да лёд, параўн. зэльв. лядоўка ’яравая пшаніца, якую сеюць вельмі рана, пры замаразках’ (Сцяц.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́ўгалаў (неугылыу) ’не сваім голасам’ (Бяльк.), неўгблоў ’абыякава, нецікава’ (ТС). Да галава, параўн. народны выраз не браць у галаву ’не турбавацца, не клапаціцца’, аднак першае з адзначаных значэнняў застаецца нявытлумачаным (збліжэнне з галець, галёкаць ’крычаць’?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крыя́ць ’пачаць ачуньваць, папраўляцца’ (Нас.). Рэканструюецца як праславянскае ў форме акрыяць (гл.) (*okrьjati). Індаеўрапейскія паралелі праблематычныя. Параўн. Махэк IF, 53, 94. Не выключана, аднак, сувязь з лац. creare ’ствараць’, recreare ’акрыяць’ (Мацэнаўэр. LF, 9, 29).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жапе́нь ’кароткая палка’ (Бяльк.). Магчыма, утворана з суфіксам ‑ень (як лядзень ’ільдзіна’), аб якім гл. Сцяц., Бел. нар. сл., 152. Аб аснове гл. Фасмер (2, 61–62), аднак яе пашырэнне ў бел. мове фіксуецца абмежавана.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звіндава́цца ’скурчыцца’ (Сл. паўн.-зах.). Віндава́цца < польск. windować się ’цяжка ўздымацца’, адкуль, магчыма, пераноснае значэнне ’стаміўшыся, згарнуцца’, ’скурчыцца’. Прыклад «Чалавек звіндуецца, ледзь умейсціцца і ляжыць так» можна, аднак, зразумець і ў значэнні ’ўздымацца’. Гл. вінда.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пластуха́ ’брыца, Echinochloa L.’ (шчуч., Сл. ПЗБ) — да пласт (гл.) з-за буйнога пакрыцця значнай плошчы гэтым пустазеллем (уплыў народнай этымалогіі). Аднак узыходзіць назва да траскуха (гл.), якая — паводле плоскага (знізу расліны) сцябла (ад плоскі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыспалі́ты (прыспалі́тый) ’скупы’ (Бяльк.). Відаць, з працпалі́ты ’хітры’ (мсцісл., Падлужны, вусн. паведамл.), што ад ст.-бел. посполитый (гл. паспаліты) з польск. pospolity ’звычайны’ з заменай прыстаўкі, аднак змену ў семантыцы цяжка вытлумачыць. Далей гл. паспо́л.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ГАЛЬША́НСКІЯ,

старажытны княжацкі род герба «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр») у ВКЛ. Магчыма, паходзілі ад кагосьці з родзічаў вял. князя ВКЛ Трайдзеня [1270—82], пазбаўленых улады дынастыяй Гедзімінавічаў. Радавым гняздом Гальшанскіх быў Гальшанскі палац недалёка ад Ашмян. Валодалі таксама Глускам і Парэччам на р. Пціч, Раманавам у Аршанскім пав., Станькавам, Жыцінам, Сутокамі, Заазер’ем у Менскім пав., Воўпай у Гарадзенскім пав., Хожавам, Лебедзевам, Далькевічамі, Дунілавічамі ў Ашмянскім пав., Свіранамі, Шашоламі, Кроштамі ў Літве, Сцяпанню, Дубровіцай на Украіне і інш. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Іван (упамінаецца ў 1379—1401), сын Альгімонта, першы вядомы прадстаўнік роду. Актыўны прыхільнік Вітаўта ў час яго барацьбы за велікакняжацкую ўладу, уваходзіў у гаспадарскую раду. З 1396 намеснік у Кіеве. Меў сыноў Андрэя Вязынскага, Сямёна Лютага, Аляксандра Нялюба, Міхаіла і дачку Ульяну (1378—1448), якая другім шлюбам з 1418 была жонкай вял. кн. Вітаўта. Андрэй Вязынскі (каля 1365—каля 1410). Меў 3 дачок, з якіх сярэдняя Соф’я была польск. каралевай. Сямён Люты (?—1433), удзельнік барацьбы паміж Жыгімонтам Кейстутавічам і Свідрыгайлам за вял. княжанне. Намеснік Вітаўта ў Вял. Ноўгарадзе (каля 1420), у 1432 удзельнічаў у змове супраць Свідрыгайлы на карысць Жыгімонта. Верагодна, у жн. 1433 трапіў у палон да Свідрыгайлы і пакараны смерцю. Міхаіл (?—1433), намеснік кіеўскі ў 1422. На чале войска Свідрыгайлы ў чэрв. 1433 разграміў войскі Жыгімонта Кейстутавіча, аднак пасля перайшоў на яго бок. Верагодна, быў пакараны смерцю Свідрыгайлам. Соф’я (1405?—21.9.1461) у 1422 выйшла замуж за польскага караля Уладзіслава II (Ягайлу), нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў. Юрый (каля 1410—каля 1457), сын Сямёна Лютага. Адзін з арганізатараў выбрання вял. князем Казіміра IV Ягелончыка ў 1440, аднак у 1456 далучыўся да апазіцыі, якая хацела абраць вял. князем Сямёна Алелькавіча. Аляксандр (каля 1440—1511), сын Юрыя, крайчы ВКЛ да 1488, падчашы з 1488, кашталян віленскі з 1493, намеснік гродзенскі ў 1486—1505, староста берасцейскі з 1506. Сямён (каля 1445—1505), сын Юрыя, староста луцкі з 1490, маршалак валынскі з 1494, часовы спраўца пасад найвышэйшага гетмана ВКЛ і ваяводы новагародскага (1500—01). Юрый (каля 1480—1536), сын Івана Дубровіцкага, ваявода кіеўскі ў 1508—10. Павел (каля 1490—1555), сын Аляксандра. У 1504 вучыўся ў Кракаўскім ун-це, пазней у Рыме. Пасля вяртання ў ВКЛ стаў прэлатам-архідыяканам касцёла св. Станіслава ў Вільні. Выхавацель будучага вял. князя Жыгімонта Аўгуста. З 1530 біскуп луцкі, з 1536 — віленскі. Адыгрываў значную ролю ў дзярж. і грамадскім жыцці ВКЛ, актыўна супрацьдзейнічаў Рэфармацыі. Януш Дубровіцкі (каля 1505—1549), сын Юрыя, дзяржаўца горвальскі з 1531, стольнік ВКЛ з 1540, ваявода кіеўскі з 1542 і трокскі з 1544, адначасова дзяржаўца магілёўскі з 1547. Сямён (каля 1515—1556), апошні мужчынскі прадстаўнік роду Гальшанскіх. Пасля яго смерці вялізныя вотчыны роду былі падзелены паміж 6 яго сёстрамі.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВІДРЫГА́ЙЛА (у праваслаўі Леў, у каталіцтве Баляслаў; каля 1370—10.2.1452),

вялікі князь ВКЛ у 1430—32. Сын вял. кн. Альгерда і яго 2-й жонкі, цвярской князёўны Юльяны, малодшы брат вял. кн. Ягайлы. У лют. 1386 перад каранацыяй Ягайлы польскаю каронаю ў Кракаве быў у складзе дэлегацыі ВКЛ і з праваслаўя перайшоў у каталіцтва. Атрымаў ад Ягайлы ва ўдзел Віцебскае княства. У 1393 Вітаўт пазбавіў С. віцебскага пасада. У 1396 С. накіраваўся па дапамогу да крыжакоў у Лівонію і з лівонскімі атрадамі заняў Віцебск. Вітаўт аблажыў і ўзяў горад, паланёнага С. адправілі ў Польшчу да Ягайлы. У складзе войска ВКЛ С. ўдзельнічаў у бітве на Ворскле 1399. У 1400 атрымаў княжанне ў Падоллі, прынёс прысягу Вітаўту. Аднак у 1402 уцёк у Прусію, каб з дапамогай крыжакоў узысці на велікакняжацкі трон у Вільні; удзельнічаў у паходах крыжакоў на Літву. Пасля прымірэння з Вітаўтам у 1407 атрымаў Северскае княства (сталіца Бранск). У 1408 разам з групай князёў і баяр ад’ехаў да вял. маскоўскага кн. Васіля I. У 1409 вярнуўся ў ВКЛ, вёў перагаворы з крыжакамі аб звяржэнні Вітаўта. Восенню 1409 схоплены слугамі Вітаўта і пасаджаны ў крэпасць Камянец. У сак. 1418 С. ўцёк у Венгрыю, пасля памірыўся з Ягайлам і Вітаўтам. У 1419 атрымаў ад апошняга ва ўдзел Чарнігаў, Ноўгарад-Северскі і Бранск. З гэтага часу ўдзельнічаў у паходах Вітаўта, вял. паліт. актыўнасці не праяўляў, аднак здабыў вял. аўтарытэт у правасл. баяр ВКЛ. Пасля смерці Вітаўта па дамоўленасці з Ягайлам на з’ездзе паноў і баяр ВКЛ у 1430 большасцю галасоў быў абраны вял. князем ВКЛ. Адразу адбыўся канфлікт паміж польскімі панамі і С., польскія войскі ўступілі ў Падолле і захапілі памежныя замкі. У 1431 С. заключыў саюз з Тэўтонскім ордэнам, Вял. Ноўгарадам і чэшскімі табарытамі з мэтай дасягнення поўнай незалежнасці ВКЛ ад польскага караля, ваенныя дзеянні працягваліся. Каб пашырыць сваю апору ў ВКЛ, С. даваў дзярж. пасады пераважна бел. правасл. баярам, што выклікала незадавальненне літ. баярства. 1.9.1431 было падпісана перамір’е з Польшчай на 2 гады, у выніку якога С. быў прызнаны Польшчай вял. князем і ўладаром усіх зямель ВКЛ. Вясной 1432 у адказ на спробы польскіх феадалаў навязаць ВКЛ новую унію С. фактычна разарваў саюзныя адносіны з Польшчай і пацвердзіў саюз з Тэўтонскім ордэнам. У ноч на 1.9.1432 адбыўся дзярж. пераварот, змоўшчыкі спрабавалі забіць вял. князя ў Ашмянах, але папярэджаны С. ўцёк у Полацк. Вял. князем у Вільні быў абраны Жыгімонт Кейстутавіч. Паміж С. і новым вял. князем пачалася феад. вайна (гл. Свідрыгайлы паўстанне 1432—39), у якой С. пацярпеў паражэнне. Кароль Польшчы Уладзіслаў III (пляменнік С.) выдзеліў яму невял. княства ў Пакуцці (на Пд Галіччыны). У 1440 вял. князь Казімір IV Ягелончык аддаў С. Валынскае княства, дзе С. панаваў да сваёй смерці.

Літ.:

Грыцкевіч А. Свідрыгайла Леў // Скрыжалі «Спадчыны». Мн., 1996. Вып. 2.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)