паўднёва-нямецкая дынастыя, якая правіла ў Баварыі ў 1180—1918. Мелі радавы замак Вітэльсбах (адсюль назва) на ПнУ ад г. Аўгсбург. Атрымаўшы герцагства Баварыю (1180), Вітэльсбахі пасля падзення Генрыха Льва зацвердзіліся таксама ў Рэйнскім Пфальцы (1214). У 1329 падзяліліся на 2 лініі: старэйшую (пфальцкую; з 1356 курфюрсты) і малодшую (баварскую; у 1623 перанялі тытул курфюрста). Пасля спынення дынастыі баварскіх Вітэльсбахаў (1777) і вайны за Баварскую спадчыну 1778—79 пфальцкія Вітэльсбахі аб’ядналі Баварыю і Пфальц (1779). У 1806—1918 Вітэльсбахі — каралі Баварыі. З роду Вітэльсбахаў паходзілі герм. каралі і імператары «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Людовік IV Баварскі [1314—47], Рупрэхт Пфальцкі [1400—10], Карл VII [1742—45].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ РУЧНІКІ́,
тып традыц. тканых ручнікоў, якія вырабляюцца нар. майстрамі вёсак Браслаўскага, Віцебскага, Міёрскага, Шаркаўшчынскага р-наў Віцебскай вобл., а таксама стараверамі Паазер’я. Вядомы з 19 ст.Даўж. 120—300 см, шыр. 23—30 см. Ткуць іх з адбеленага кужалю або белай бавоўны, аздабляючы на канцах карункамі, мохрыкамі. Узор ствараецца «выкладаннем» чырвоных, чорных, блакітных, жоўтых баваўняных нітак (выбарнае ткацтва), закладной тэхнікай, якая нагадвае вышыўку па гатовай тканіне. У арнаментыцы пашыраны раслінныя, геам., антрапаморфныя і зааморфныя матывы. Віцебскім ручнікам уласцівы сюжэтнасць арнаментальных кампазіцый, паліхромнасць каларыстычнай гамы, перавага белага фону ў месцах размяшчэння дэкору.
М.Ф.Раманюк.
Да арт.Віцебскія ручнікі. Ручнік з Віцебскага раёна. Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМБУЛАТО́РЫЯ (ад лац. ambulatorius рухомы),
лячэбна-прафілактычная ўстанова, што аказвае мед. дапамогу ў самой установе і дома. У адрозненне ад паліклінікі абслугоўвае хворых толькі па асн. трох спецыяльнасцях: тэрапіі, педыятрыі і стаматалогіі. У амбулаторыі вял. населеных пунктаў працуюць таксама акушэрка-гінеколаг, хірург, неўрапатолаг. Пры амбулаторыі можа дзейнічаць пункт неадкладнай дапамогі, дзённы стацыянар на 4—6 ложкаў. Мед. дапамога насельніцтву ажыццяўляецца па ўчасткова-тэр. прынцыпе. Існуюць амбулаторыі пераважна ў невял. гарадах і сельскай мясцовасці; бываюць самастойныя, пры бальніцах і на прамысл. прадпрыемствах, перасоўныя з клініка-дыягнастычнай, флюараграфічнай, стаматалагічнай і інш. лабараторыямі. У 1994 на Беларусі дзейнічалі 364 амбулаторыі, дзе працавала 497 урачоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГРАЭКАЛО́ГІЯ (ад агра... + экалогія),
сельскагаспадарчая экалогія, раздзел прыкладной экалогіі, які вывучае ўплыў фактараў асяроддзя (біятычных і абіятычных) на прадукцыйнасць культурных раслін, а таксама структуру і дынаміку згуртаванняў арганізмаў, што насяляюць с.-г. ўгоддзі, уплыў аграбіяцэнозаў на жыццяздольнасць раслін, якія культывуюцца. Асновы сучаснай аграэкалогіі распрацавалі вучоныя італьян. Дж.Ацы (1956) і ням. Тышлер (1965). Гал. задача аграэкалогіі — размяшчэнне і выкарыстанне с.-г. угоддзяў і прыродных экасістэм (участкі лясоў, лугоў, балот, помнікі прыроды, заказнікі і інш.) такім чынам, каб забяспечыць максімальную біял. прадукцыйнасць ландшафтаў і іх захоўванне. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адной з цэнтр. праблем аграэкалогіі на Беларусі стала вывучэнне міграцыі радыенуклідаў у экасістэмах, у прыватнасці ў аграбіяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДРО́НЫ (ад грэч. adros вялікі, значны),
элементарныя часціцы, якім уласцівыя моцныя ўзаемадзеянні. Складаныя аб’екта, што нагадваюць ядры атамаў, дзе ролю пратонаў і нейтронаў адыгрываюць кваркі. Да адронаў належаць барыёны, мезоны і ўсе рэзанансы. Існаванне вял. колькасці адронаў (каля 200) робіць вельмі важнай праблему іх класіфікацыі, якая праводзіцца на аснове мадэлі кваркаў. Пры сутыкненнях адронаў і анігіляцыі электрона і пазітрона з ператварэннем у адроны ўзнікаюць т.зв. адронныя струмені, якія сведчаць пра паходжанне ад кваркаў. На Беларусі даследаванні ўласцівасцяў адронаў вядуцца ў Ін-це фізікі АН (з 1950-х г.), БДУ і Гомельскім ун-це. Гл.таксамаУзаемадзеянні элементарных часціц, Ядзерныя сілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДСАРБЕ́НТЫ,
штучныя і прыродныя матэрыялы з развітой паверхняй, на якой адбываецца адсорбцыя рэчываў. Уласцівасці адсарбентаў залежаць ад хім. саставу, фіз. стану паверхні, характару сітавін і ўдз. паверхні. Адсарбенты бываюць несітаватыя і сітаватыя.
Несітаватыя адсарбенты (молатыя крышталі, часцінкі дыму, сажа, аэрасіл) з удз. паверхняй ад 1 да 500 м²/г атрымліваюць тэрмічным раскладаннем ці няпоўным згараннем вуглевадародаў, пры спальванні элементаарган. ці галагенных злучэнняў. Сітаватыя адсарбенты (сілікагель, алюмагель, актыўны вугаль), удз. паверхня якіх дасягае 1000 м²/г, атрымліваюць хім. спосабамі апрацоўкі зыходных матэрыялаў, высушваннем геляў, сінтэзам сітаватых крышталёў тыпу цэалітаў ці тэрмічным раскладаннем карбанатаў, аксалатаў, гідраксідаў металаў, некаторых палімераў. Гл.таксамаАдсорбер, Храматаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗАТАВА́ННЕў тэхніцы,
від хіміка-тэрмічнай апрацоўкі, насычэнне паверхні метал. вырабаў азотам. Павышае паверхневую цвёрдасць, зносаўстойлівасць і каразійную стойкасць. Вырабы з легіраваных сталяў азатуюць у герметычных муфельных печах пры t 500—700 °C 15 мін — 90 гадз (у залежнасці ад патрэбнай таўшчыні азатаванага слоя). Высокая цвёрдасць азатаванай паверхні (1200 па Вікерсу) звязана з утварэннем у ёй нітрыдаў і карбанітрыдаў легіравальных элементаў. Вырабы са сплаваў тытану апрацоўваюць пры t 850—950 °C 10—50 гадз у асяроддзі тэхн. азоту, ачышчанага ад кіслароду і вільгаці. Азатаванне праводзяць таксама ў тлеючым разрадзе. Выкарыстоўваецца для апрацоўкі некаторых інструментаў, цыліндраў і клапанаў рухавікоў, дэталяў быстраходных станкоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЙВА́ (Cydonia),
род дрэў і кустоў сям. ружавых. 1 від — айва звычайная (Cydonia oblonga). Вырошчваюць у Еўропе, Паўн. Амерыцы, Паўн. Афрыцы, Усх. Азіі. На Беларусі культывуюць як пладовую і дэкар. расліну, выкарыстоўваюць таксама як каранёвы прышчэп для грушы.
Дрэва або куст выш. 1,5—8 м, ва ўмовах Беларусі куст выш. 3—4 м. Лісце круглае, авальнае ці яйцападобнае, зверху цёмна-зялёнае, знізу шараватае, лямцавае. Кветкі адзіночныя, белыя, ружовыя, аранжавыя. Цвіце ў маі—чэрв., плады дробныя, залаціста-жоўтыя, апушаныя, выспяваюць у кастрычніку. Плады багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, эфірным алеем, з іх гатуюць варэнне, джэм, кампоты і інш. Размнажаецца насеннем і вегетатыўна. Святлолюбівая і засухаўстойлівая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВЕДУ́К (ад аква... + лац. duco вяду),
вадавод (канал, труба) для падачы вады ў населеныя пункты, арашальныя і гідраэнергет. сістэмы з размешчаных вышэй за іх крыніц. Акведукам наз.таксама частку вадавода ў выглядзе моста над ракой, дарогай, ярам. Акведук вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу, Стараж. Грэцыі (з 7 ст. да н.э.) і Стараж. Рыма (з 4 ст. да н.э.). У сучасных арашальных і гідраэнергет. сістэмах маставыя часткі акведука робяць з бетону, жалезабетону, металу, каменю ці дрэва. Найб. пашыраны акведук, у якіх сценкі латка ці трубы — нясучыя пралётныя канструкцыі моста.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́БІДАС (стараж.-грэч. Abidos),
цяпер г.Арабет-эль-Мадфунах, адзін з найб. гарадоў Стараж. Егіпта, дзе, паводле легенды, быў забіты і пахаваны бог Асірыс. Гісторыя Абідаса прасочваецца з сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. У эпоху Сярэдняга царства (каля 2050—каля 1700 да н.э.) стаў гал. цэнтрам культу Асірыса, у выніку чаго ўзнік звычай рабіць у Абідасе паломніцтва, хаваць там нябожчыкаў і ставіць памінальныя надпісы. Захаваліся рэшткі 2 храмаў, пабудаваных у гонар Асірыса фараонамі Сеці I (14 ст. да н.э.) і Рамсесам II (14—13 ст. да н.э.), а таксама кенатаф Сеці I.
Залатыя завушніцы Рамсеса II, знойдзеныя ў Абідасе.