СВЯТЛАСІ́ЛА,

фізічная велічыня, роўная адносінам асветленасці відарыса прадмета, утворанага аптычнай прыладай, да яркасці прадмета; характарыстыка аптычнай прылады. Часам за С. прымаюць лікавае значэнне адноснай адтуліны — адносін дыяметра найб. дыяфрагмы аб’ектыва да яго фокуснай адлегласці. Для аб’ектыва С. прымаецца роўнай τS/f​2, дзе τ < 1 — каэфіцыент прапускання аб’ектыва, залежны ад страт, звязаных з адбіццём святла і паглынаннем святла, S — плошча адтуліны апертурнай дыяфрагмы, f — фокусная адлегласць аб’ектыва.

т. 14, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЫ́ЙНАЯ ТЭ́ХНІКА, серыйнасць,

у музыцы — тэхніка муз, кампазіцыі, якая карыстаецца серыяй — пэўным радам гукаў, паўтарэнне якога ўтварае ўсю тканіну твора або яго часткі. Від С.т. — дадэкафонная тэхніка (гл. Дадэкафонія, Серыяльнасць). Шырока выкарыстоўваецца ў творчасці кампазітараў нававенскай школы (А.​Берг, А.​Веберн, А.​Шонберг), А Шнітке, Дз.​Смольскага.

Літ.:

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в.: Пер. с чеш. М., 1976.

В.​С.​Клакоцкая.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРЫФІКА́ЦЫЯ (ад лац. scarifico драпаю, надразаю) насення, механічнае паверхневае пашкоджанне насення; прыём падрыхтоўкі яго да сяўбы. Ужываюць для насення бабовых траў, дрэвавых і кустовых парод, якія маюць цвёрдую, вільгаценепранікальную абалонку. Пасля С. насенне лепш убірае вільгаць, хутчэй набракае і прарастае. Праводзяць не раней як за 1 мес. перад сяўбой пераціраннем насення з пяском, жалезным пілавіннем і інш. Для прамысл. С. выкарыстоўваюць спец. машыны-скарыфікатары.

т. 14, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

накла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; пр. наклаў, ‑клала; заг. накладзі; зак.

1. чаго. Кладучы, напоўніць чым‑н. Накласці воз дроў. □ Баласпай наклаў у .. люльку новую порцыю тытуню, доўга ўмінаў яго цёмным пальцам з прыпухлымі вугламі на суставах. Беразняк. // Палажыць пэўную колькасць чаго‑н. Бабка Параска ўзялася за работу. Наклала дроў у печ, падпаліла іх і завінулася з венікам каля хаты, старанна падмятаючы пакойчык. Колас. Палажыў.. [Сцёпка кнігу] у кучу, дастаў другую, трэцюю, наклаў так цэлы стос. Пальчэўскі.

2. Тое, што і налажыць ​1 (у 2–4 і 6 знач.). Антон Харытонавіч змазаў ёдам раны, наклаў павязкі. Сіняўскі. Вайна наклала свой адбітак на ўсё жыццё горада і нават на яго выгляд. Дудо. [Ірына Мікалаеўна:] — Хворых ізалявалі. На вёскі, дзе ачагі тыфу, наклалі каранцін. М. Ткачоў. — Я накладу на вас штраф, пан упраўляючы, — ледзь пераступіўшы парог, выпаліла Алаіза. Арабей.

3. чаго. Развесці (пра агонь). Прынеслі дроў, агню наклалі, У прыску бульбы напяклі. А ноч рассыпала каралі Над гмахам сцішанай зямлі. Колас.

4. Разм. груб. Набіць каго‑н. [Халуста:] — Ліха матары яго! Яшчэ [Сямён] дагоніць ды па шыі накладзе. Чарнышэвіч.

•••

Накласці на сябе рукі — тое, што і налажыць на сябе рукі (гл. налажыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нядо́бры, ‑ая, ‑ае.

1. Які непрыязна, варожа адносіцца да ўсіх; злосны. [Лясніцкі:] — Значыцца, сям’я ў цябе надзейная? За старога адказаў Прыборны: — Як бачыш... Жонка толькі ў яго злая. Нядобрая баба, неразумная. Шамякін. // Які выражае непрыязнасць, недружалюбнасць. Нядобрая ўсмешка. □ Лундзін насцярожваецца, у вачах яго загараюцца нядобрыя агеньчыкі. Палтаран. // Заснаваны на непрыязнасць непрыхільнасці. Нядобрыя намеры.

2. Які нясе ў сабе або прарочыць няўдачу, няшчасце, бяду. Нядобрыя весці. □ Чаму ж нядобры час прынёс Мне доўгае расстанне з Вамі? Багдановіч. Прылёг... А пушча прыглушана вые, З гушчару вее трывогай нядобрай. Панчанка. / у знач. наз. нядо́брае, ‑ага, н. [Нічыпар:] Чуе маё сэрца — нядобрае здарыцца ў гэтую ноч... Кучар. // Змрочны, цяжкі. Раніцаю ўсё для Карніцкага здавалася нейкім нядобрым сном. Паслядовіч.

3. Які няславіць, ганьбіць каго‑н.; дрэнны, заганны ў маральным плане. [Гаспадар:] — Я за табой, Ларывон Якаўлевіч, даўно заўважаю адну нядобрую якасць: падхалімнічаеш ты, брат, часам. Шамякін.

4. Варты дрэннай ацэнкі; не такі, якім павінен быць. Нядобры тавар. □ [Салдат:] — Нядобрае месца для парома, пане, вось што я вам скажу. Караткевіч.

5. Благі, непрыемны. Зірнуўшы на прэзідыум, Пракоп запыніўся на старшыні: ясна было відаць, што прамова Ганчара нядобрае зрабіла на яго ўражанне. Колас.

•••

Глядзець нядобрым вокам гл. глядзець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паглыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Увабраць, уцягнуць у сябе. Зямля паглынула ўсю дажджавую ваду. □ Магутная плынь паглынула ўсе.. струменьчыкі і паўстае перад намі ўжо адзінай і маналітнай. Кучар. // Заглушыць (пра гукі). [Асуджаны] яшчэ нешта выкрыкваў, але слоў яго ўжо не было чуваць — іх паглынуў гром барабанаў. Машара.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Схаваць у сабе, прыняць у свае нетры, межы. Рукі.. [байца] саслізнулі, і плынь у адзін момант бясследна паглынула яго. Краўчанка. Ля дуба і далей за ім — вывернутыя, карэннямі ўгору, дрэвы. Колькі іх вырвала, паглынула за свой век рака? Сачанка. Разросся горад над Пінай, паглынуў ваколіцы, упарадкаваўся, папрыгажэў. В. Вольскі. // Пакрыць сабою, зрабіць нябачным. Туман паглынуў усё наваколле. □ Цемра адразу паглынула мястэчка. Шахавец.

3. і чаго. Патраціць на сябе многа чаго‑н. (часу, энергіі і пад.). Падрыхтоўка да ўрокаў паглынула шмат часу. Паездка паглынула многа грошай.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Цалкам захапіць (свядомасць, думкі і пад. каго‑н.). Язэпка пакуль што не прыглядаўся да сваіх сяброў: усю яго ўвагу паглынула доўгае і шырокае карыта з бульбаю, якую яму трэба, перадзяўбці секачом на дробную кашу. Якімовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паступі́ць, ‑ступлю, ‑ступіш, ‑ступіць; зак.

1. Уладкавацца куды‑н., стаць членам, удзельнікам чаго‑н. Паступіць на работу. □ І таму, як толькі пасля вайны часць, у якой ён служыў, вярнулася на радзіму, сержант Лемяшэвіч паступіў у дзесяты клас вячэрняй школы. Шамякін. — А як жа мне ў камсамол паступіць? — пытаецца Рыгор. Галавач. Паступіць на завод .. [Тарасу] параіў Андрэй Міхайлавіч. Якімовіч.

2. Павесці сябе пэўным чынам, зрабіць нейкі ўчынак. Апошні і рашучы момант яго злачынства адбудзецца тады, калі ён раскажа войту пра дзеда Талаша. Гэта акалічнасць крыху заспакойвала Саўку, і ён думаў аб тым, як паступіць яму далей. Колас. — Ты правільна паступіў, што асадзіў яго [Салагуба] крыху. Машара. Хацелася растлумачыць яму [Максіму], што хоць жорстка яна [Глаша] паступіла, але інакш не магла. Гроднеў.

3. Быць дастаўленым куды‑н., атрыманым кім‑н. У бальніцу паступіў хворы. Паступіла скарга. □ Раніцай паступіў загад рыхтавацца ў паход: пакаваць сувязную гаспадарку на фурманкі, быць гатовымі на выезд. Машара. // Перайсці, перадацца каму‑, чаму‑н. ад каго‑, чаго‑н. Уся адабраная ад палякаў зброя, што папала ў рукі партызан і чырвонаармейцаў, паступіла ў яго [дзеда Талаша] распараджэнне. Колас.

4. Рухаючыся, дасягнуць чаго‑н., апынуцца дзе‑н. (пра паветра, ваду, газ і пад.). Ток паступіў у правады.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрабава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.

1. каго-што, чаго, з інф., са злучн. «каб» і без дап. Прасіць у катэгарычнай форме, дамагацца чаго‑н. З размовы можна было здагадацца, што дзед патрабаваў нейкую даведку аб старасці. Якімовіч. Кожны прасіў, патрабаваў вырашыць яго справу ў першую чаргу. Асіпенка. Між іншым Андрэй катэгарычна патрабаваў, каб ішлі ў калгас, што вельмі радавала і цешыла падлетка Мікіту. Колас. // Прад’яўляць да каго‑, чаго‑н. якія‑н. патрабаванні. Патрабаваць ад вучняў дысцыпліны. □ Цімафей Міронавіч выйшаў з хаты з пакорнай слухмянасцю чалавека, які з мілай ахвотаю зробіць усё, што ад яго патрабуюць. Зарэцкі.

2. чаго, са злучн. «каб» і з інф. Абавязваць, прымушаць да чаго‑н. Маці з бабулькай не шкадавалі грошай, і Марынка заўсёды апраналася так, як патрабавала самая апошняя мода. Шыцік. Упаўнаважаны цэнтра Каралькоў патрабуе, каб слухаліся толькі яго. Юрэвіч. Наш доўг быў ісці, прабівацца да роднай зямлі, а доўг салдацкай дружбы патрабаваў ад мяне несці параненага сябра. Шамякін.

3. каго. Прапаноўваць, загадваць з’явіцца куды-н; выклікаць. Равінскі нервова круціў ручку насценнага тэлефона і патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК. Грахоўскі.

4. чаго. Мець патрэбу ў чым‑н. Многае было забыта за гэтыя гады, а многае патрабавала перагляду. Хадкевіч. Натруджанае працай цела патрабавала добрага адпачынку. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прытулі́цца, ‑тулюся, ‑тулішся, ‑туліцца; зак.

1. Прыгарнуцца, прыхіліцца да каго‑, чаго‑н. з ласкай, пяшчотай. Ліда сустрэла настаўніка, паздароўкалася, абняла яго руку, прытулілася да яе, як даверлівае дзіця. Колас. Малое насупілася, недаверліва паглядзела на незнаёмага дзядзьку і прытулілася да дзеда. Дуброўскі. [Мікола] прытуліўся да мяне, і, засынаючы, я чуў ягоны шэпт і адчуваў шчасліва роднае сяброўскае цяпло. Брыль. // Шчыльна прыціснуцца, прыпасці да каго‑, чаго‑н. Адно толькі жаданне было ў Казіка: узлезці на печ, прытуліцца да яе акалелым целам. Чарнышэвіч. Прытуліўся [Мікола] лбом да шурпатай дошкі, прыжмурыў адно вока.. На срэбнай пласцінцы выціснута яго імя і прозвішча. Б. Стральцоў.

2. Знайсці сабе прытулак, прыстанішча. Калгасны жывёлавод Яшчын, у хаце якога жыве Паходня, дзе цяпер прытуліўся і я, расказваў мне неяк увечары, што толькі пры яго памяці Старыца знішчалася дашчэнту тройчы. Хадкевіч. // Прыладзіцца, прымасціцца дзе‑н. Хлопцы прытуліліся пад кустом, пакінулі на галаву плашч-палатку і пры ліхтарыку пачалі пісаць. Казлоў.

3. перан. Размясціцца дзе‑н. у зацішным месцы, пад аховай чаго‑н. Амаль у самым канцы вуліцы Карла Маркса прытулілася невялічкая хатка. С. Александровіч. [Аўтар] адразу ж зачароўвае чытача хараством роднай вёскі Пасынкі, што прытулілася над Ціхменню-ракой недзе ў Заходняй Беларусі. Юрэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

струна́, ‑ы́; мн. стру́ны (з ліч. 2, 3, 4 струны́), струн; ж.

1. Пруткая ніць (металічная, жыльная і пад.) у музычных інструментах, якая пры вібрацыі звініць. Тая скрыпка так іграе, так выразна вымаўляе, што аж чуецца вясковым, як са струн злятаюць словы. Дубоўка. Часам Вася браў у рукі гітару, удараў па яе звонкіх струнах, і ў лагеры з рознымі варыяцыямі гучала «сто адна» прыпеўка. Шчарбатаў.

2. перан.; чаго або якая. Асаблівасць характару, душэўная якасць. Адчувалася, што многа ведае гэты чалавек, уся калгасная азбука ў яго на далоні, але як выклікаць яго на шчырасць, як закрануць жывую струну ягонай душы. Пташнікаў. Чалавека заўсёды радуе вясна, яна будзіць глыбокія струны яго душы, кліча быць маладым і дужым. Марціновіч. Джулія, пэўна, зразумеўшы, што зачапіла балючую струну ў ягонай [Іванавай] душы, таксама зважліва змоўкла. Быкаў.

3. Спец. Ніць, вяроўка і пад., туга нацягнутыя на што‑н. і выкарыстаныя ў розных прыстасаваннях. Струны тэніснай ракеткі. □ Хораша выглядае .. [плотка] на кручку, калі, трапечучы на валасяной струне, набліжаецца да прагных пальцаў жывым, мокрым срэбрам лускі. Брыль.

•••

Акорд струн гл. акорд.

Спінная струна — хорда (у 2 знач.).

Слабая струна — тое, што і слабая струнка (гл. струнка).

Трымаць у струне гл. трымаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)