ЛУСПЯКА́ЕЎ (Павел Барысавіч) (20.4. 1927, г. Луганск, Украіна — 17.4.1970),
расійскі акцёр. Засл. арт. Расіі (1965). Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1950). Працаваў у рус. т-рах Тбілісі і Кіева. У 1959—64 у Ленінградскім Вял.драм. т-ры. Акцёр моцнага тэмпераменту. Яго творчасць вылучалася глыбокай арганічнасцю, эмацыянальнай яркасцю. Сярод роляў: Чаркун («Варвары» М.Горкага), Нагульнаў («Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава) і інш. З 1955 у кіно. Зняўся ў фільмах: «Балтыйскае неба» (1961), «Капронавыя сеткі» (1963), «Рэспубліка ШКІД» (1966), «Белае сонца пустыні» (1970).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕ́РКА,
старадаўні мужчынскі галаўны ўбор, пашыраны на Беларусі ў 16—19 ст.Паводле спосабу вырабу былі лямцавыя (валеныя з воўны) і шытыя з 4 кавалкаў тоўстага валенага сукна. Лямцавыя М. мелі выгляд каўпака або ўсечанага конуса. Завернуты да палавіны вышыні аколыш шчыльна прылягаў да верху (паўдвайная М.) або даходзіў да самага донца (двайная М.). Рабілі М. выш. 15—20 см белага, шэрага, карычневага і чорнага колераў. Насілі круглы год.
М.Ф.Раманюк.
Селянін ў магерцы. Пач. 20 ст. Вёска Заходы Шклоўскага раёна Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГІ (лац. magus, грэч. magos ад стараж.-перс.),
1) жрацы і члены жрэчаскай касты ў стараж.Зах. Іране. Прыблізна ў 7 — пач. 4 ст. да н.э. (паводле розных даследчыкаў) прынялі зараастрызм, у які ўнеслі істотныя змены; дзякуючы ім да нашага часу дайшлі асобныя часткі «Авесты». М. называліся таксама жрацы інш. іранскіх вераванняў, што былі пашыраны ў Закаўказзі, М. Азіі і некаторых стараж. краінах Усходу. Карысталіся таемнымі абрадамі, таму з часоў элінізму М. сталі называць чараўнікоў, ведзьмакоў, астролагаў і г.д.; адсюль — магія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
рэчывы, магн. ўласцівасці якіх абумоўліваюць іх выкарыстанне ў тэхніцы. Асн. характарыстыка М.м. — намагнічанасць. Пры т-ры, ніжэйшай за т-ру магн. ўпарадкавання (гл.Кюры пункт), М.м. — ферамагнетыкі і ферымагнетыкі маюць самаадвольную намагнічанасць. Паводле комплексу магн. уласцівасцей падзяляюць на магнітамяккія матэрыялы, магнітацвёрдыя матэрыялы і матэрыялы спец. прызначэння (магнітастрыкцыйныя матэрыялы, тэрмамагнітныя матэрыялы, магнітааптычныя і ЗВЧ матэрыялы). Выкарыстоўваюць у электра- і радыётэхніцы, электроніцы, выліч. тэхніцы і інш.
Літ.:
Мишин Д.Д. Магнитные материалы. 2 изд. М., 1991;
Преображенский АА, Бишард Е.Г. Магнитные материалы и элементы. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКРАЭВАЛЮ́ЦЫЯ (ад макра... + эвалюцыя),
эвалюцыйныя пераўтварэнні, якія вядуць да фарміравання таксонаў больш высокага рангу, чым від (родаў, сямействаў, атрадаў, класаў і інш.). Тэрмін уведзены рас. біёлагам Ю.А.Філіпчанкам (1927). М. ўяўляе сабой абагульненую карціну эвалюц. змяненняў, якая назіраецца ў шырокай гіст. перспектыве. На ўзроўні М. выяўляюцца агульныя тэндэнцыі, кірункі і заканамернасці эвалюцыі арган. свету. Паводле ўяўленняў эвалюцыяністаў, у М. адсутнічаюць спецыфічныя механізмы, яна ажыццяўляецца праз працэсы мікраэвалюцыі і з’яўляецца іх інтэграваным выяўленнем. Пры назапашванні мікраэвалюц. працэсы знешне праяўляюцца ў макраэвалюц. з’явах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКФЕ́РСАН ((Macpherson) Джэймс) (27.10.1736, Рутвен, каля г. Інвернес, Вялікабрытанія — 17.2.1796),
шатландскі пісьменнік. Вучыўся ў Абердзінскім і Эдынбургскім ун-тах. Падрыхтаваў і выдаў «Урыўкі са старажытных вершаў, сабраныя ў горнай Шатландыі і перакладзеныя з гэльскай мовы» (1760). Паводле фальклору стварыў гераічныя паэмы «Фінгал» (1762) і «Тэмора» (1763), якія пазней аб’яднаў з урыўкамі ў «Паэмы Асіяна, сына Фінгала» (т. 1—2, 1765). Свае апрацоўкі кельцкіх паданняў і легенд прыпісваў легендарнаму воіну і барду Асіяну (3 ст.). Паэмы з рысамі перадрамантызму адметныя лірызмам, насычаны рытмізаванай прозай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЫ́Я НАРО́ДНЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ двухгадовыя пач.навуч. ўстановы ў Рас. імперыі ў 1786—1803. Засн.паводле Статута 1786 пераважна ў пав. гарадах (доследныя ствараліся ў Пецярбургу з 1782). Прымаліся дзеці ўсіх саслоўяў, акрамя прыгонных сялян. Выкладаліся пісьмо, чытанне кнігі «Аб пасадах чалавека і грамадзяніна», катэхізіс, арыфметыка, граматыка, чыстапісанне, маляванне. Утрымліваліся на мясц. сродкі. Навучанне бясплатнае. У канцы 18 ст. існавала каля 300 М.н.в. (17 тыс. навучэнцаў). На Беларусі ў пач. 19 ст. такія вучылішчы існавалі ў Полацку, Оршы, Мсціславе, Чэрыкаве, Чавусах і Копысі. У 1803 яны рэарганізаваны ў прыходскія і пав. вучылішчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЮ́СА ЗАКО́Н,
залежнасць інтэнсіўнасці лінейна палярызаванага святла пасля яго праходжання праз аналізатар ад вугла α паміж плоскасцямі палярызацыі зыходнага святла і аналізатара. Паводле М.з. вызначаецца інтэнсіўнасць святла пры яго праходжанні праз палярызацыйныя прылады.
Устаноўлены Э.Л.Малюсам у 1810 і выражаецца формулай I = I0cos2α, дзе I0 і I — інтэнсіўнасць святла, што падае на аналізатар і выходзіць з яго (адпаведна). Святло з інш. (нелінейнай) палярызацыяй (гл.Палярызацыя святла) вызначаецца як сума двух лінейна палярызаваных складальных, да кожнай з якіх прыдатны М.з.; страты, што не ўлічваюцца М.з., вызначаюцца дадаткова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГЫ́Т,
дынастыя правіцеляў Бухарскага эмірата ў 1753—1920. Заснавальнік дынастыі Мухамед Рахім
[1753—58] прыняў тытул эміра. Найб. вядомыя прадстаўнікі М.: Даніял-бей [1758—85],
Шах-Мурад [1785—1800], Хайдар [1800—26], Насрула [1826—60], Музафар-эд-дзін [1860—85]. Яны ажыццяўлялі палітыку цэнтралізацыі эмірата, падпарадкоўваючы сабе мясц. феадалаў, вялі барацьбу з Какандскім і Хівінскім ханствамі. Паводле дагавораў 1868 і 1873 прызналі пратэктарат Расіі над Бухарой. У вер. 1920 апошні эмір з М. Алім-хан — быў скінуты часцямі Чырв. Арміі на чале з М.В.Фрунзе і ўцёк у Афганістан. М. прысвечана праца таджыкскага пісьменніка і вучонага Айні «Гісторыя эміраў Мангыцкай дынастыі» (1923).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НУ ЗАКО́НЫ,
адзін з самых стараж.літ. помнікаў інд. цывілізацыі. Складзены на аснове ідэй брахманізму, з’яўляюцца зборам норм (грамадз., рэліг., маральных) паводзін веруючага індуса. У М.з. ўключаны таксама тэксты касмалагічнага, культавага і рытуальнага зместу, тлумачэнні па дзярж. ладзе і каставай сістэме. М.з. складаюцца з 12 глаў, якія разбіты на 2650 шлок (двухрадкоўяў). Паводле брахманскай традыцыі, аўтар М.з. — міфічны першачалавек Ману (адсюль назва). Асноўныя тэксты адносяцца да часу дынастыі Маур’я (4—2 ст. да н.э.), да нашага часу захавалася рэдакцыя, запісаная на мяжы Н.Э.