І́РАД I Вялікі
(каля 73—4 да н.э.),
цар Іудзеі з 40 (фактычна з 37) да н.э. Тытул цара атрымаў ад рым. сената, але ўнутры Іудзеі карыстаўся амаль абс. уладай. Пашырыў тэр. свайго царства, падуладнага Рыму, да межаў б. дзяржавы Давіда. Ператварыў Іерусалім у крэпасць. Бязлітасна душыў нар. хваляванні і знішчаў усіх, каго лічыў сапернікам, у т. л. ўласных дзяцей. Паводле хрысц. падання, даведаўшыся пра нараджэнне Хрыста, загадаў забіць усіх немаўлят у г. Віфлеем. Пазней імя І. набыло пераносны сэнс як назва вельмі жорсткага, бязлітаснага чалавека.
т. 7, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ШЫЯС (ад грэч. ischion сядалішча, бядро),
хвароба, абумоўленая пашкоджаннем карэньчыкаў паяснічна-крыжавога аддзела пазваночніка чалавека. Прычыны: дыстрафічныя змены ў міжпазваночных дысках, што выклікаюць астэахандроз, экзагенныя (пераахаладжэнне, траўмы, інфекцыі) і эндагенныя (недастатковасць нерв.-мышачнага і касцёва-звязачнага апаратаў, абменныя і гемадынамічныя расстройствы пазваночніка) фактары. Праяўляецца болямі з лакалізацыяй у паясніцы, назе, пераважна па ходу сядалішчнага нерва, сімптомамі нацяжэння, парушэннем адчувальнасці паводле карэньчыкавага тыпу, мышачнай гіпатрафіяй з паніжэннем сілы і ахілавага рэфлексу. Найчасцей І. бывае аднабаковым: хварэюць людзі ва ўзросце 30—50 гадоў. Лячэнне тэрапеўтычнае. Гл. таксама Радыкуліт.
А.У.Руцкі.
т. 7, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДАВА́ННЕ,
у славян і інш. народаў традыц. звычай абходу хат на каляды і віншаваць гаспадароў. Каляднікі (калядоўшчыкі) насілі звязду і выконвалі велічальныя калядныя песні, тэатралізаваныя сцэнкі з пераапрананнем у «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жураўля». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. — стараж. агр. абраднасць, прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу, ад каляд сонца паварочвала на лета) і забеспячэнне багатага ўраджаю ў новым гасп. годзе. К. як рэшткі язычніцтва забаранялася царквой. З цягам часу яно ператварылася ў забаву.
А.І.Гурскі.
т. 7, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНЕ́РАС, Канфедэрацыя іспанскіх камунерас,
тайная паліт. арг-цыя левага кірунку ў час ісп. рэвалюцыі 1820—23. Створана б. масонамі. Мела на мэце абараняць правы і дэмакр. свабоды ісп. народа, устаноўленыя паводле канстытуцыі 1812. К. не лічылі сябе рэспубліканцамі, аднак іх асн. прынцыпы (суверэнітэт народа, тэорыя і грамадскага дагавора) садзейнічалі пашырэнню рэсп. ідэй у Іспаніі. Восенню 1822 найб. радыкальныя К. патрабавалі звяржэння караля Фердынанда VII. У канцы 1822 найменш радыкальныя яе члены выйшлі з арг-цыі, якая падверглася праследаванням улад. Дзейнасць К. спынілася пасля аднаўлення ў Іспаніі абсалютнай манархіі (1823).
т. 7, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРО́ЛЬНАЯ ПАЛА́ТА РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,
вышэйшы орган фін.-эканам. кантролю ў краіне ў 1992—96. Утваралася Вярх. Саветам, дзейнічала пад яго кіраўніцтвам і была падсправаздачная яму. Ажыццяўляла кантроль за выкананнем рэсп. бюджэту, выкарыстаннем дзярж. уласнасці, выкананнем актаў Вярх. Савета, якія рэгулявалі адносіны дзярж. уласнасці, гасп., фін. і падатковыя адносіны. Старшыню палаты выбіраў Вярх. Савет тэрмінам на 5 гадоў. Функцыі, паўнамоцтвы, склад і структура К.п.Р.Б. вызначаліся Законам «Аб кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» ад 13.3.1992. Скасавана паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.12.1996. Яе функцыі ўскладзены на Камітэт дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПРЫ́ЧЫО (італьян. capriccio літар. капрыз),
капрыс, інструментальная п’еса свабоднай будовы ў віртуозным стылі. Сярод гіст. разнавіднасцей К. — п’еса імітацыйнага складу, блізкая да рычэркара ці фантазіі; праграмная жанравая сцэнка; характарная рамант. мініяцюра для фп. або аркестравы твор з ярка выяўленай нац. афарбоўкай, падобны да рапсодыі. Узоры К. створаны І.С.Бахам, Н.Паганіні, П.Чайкоўскім, М.Рымскім-Корсакавым. У бел. музыцы К. прадстаўлены ў творчасці А.Багатырова, Р.Бутвілоўскага, Г.Вагнера, Г.Гарэлавай, А.Мдывані, С.Картэса («Капрычас» для фп. з арк. паводле графічнай серыі Ф.Гоі) і інш.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ТЛАПС ((Katlaps) Жаніс) (14.10.1907—13.11.1968),
латвійскі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. Латвіі (1959). Вучыўся на драм. курсах. З 1928 акцёр, з 1948 рэжысёр Нац. т-ра (цяпер Т-р драмы Латвіі). Акцёр лірыка-драм. плана. Сцэн. вобразам уласцівы ўнутр. насычанасць, вытанчанасць знешняга малюнка, рамантычнасць. Сярод роляў: Крустынь, Эдгар («Блудны сын», «У агні» Р.Блаўмана), Таўрынь, Оскар Клява («Да новага берага», «Сын рыбака» В.Лаціса), Іосіф («Іосіф і яго браты» Я.Райніса), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра). Паставіў «Злачынства і кара» паводле Ф.Дастаеўскага (1957), «Гамлет» Шэкспіра (1959). Дзярж. прэмія СССР 1950.
т. 8, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧАРА́Н (Сурэн Акімавіч) (5.9.1904, Тбілісі — 1979),
артыст эстрады, чытальнік. Нар. арт. Арменіі (1945). Нар. арт. Расіі (1967). Скончыў Маскоўскую арм. драм. студыю (1925). У 1925—32 акцёр Арм. т-ра імя Г.Сундукяна ў Ерэване. З 1939 у Маскоўскай філармоніі. Стварыў каля 30 літ. кампазіцый: цыклы «Скарбы сусветнай літаратуры», «Армянская і руская класіка», «Творы савецкіх пісьменнікаў», «Віцязь у тыгравай шкуры» Ш.Руставелі, «Адысея» Гамера, «Шахразада» (паводле зб. казак «Тысяча і адна ноч») і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Тв.:
В поисках живого слова. М., 1960.
т. 8, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШЧ, Кашчэй Бессмяротны,
вобраз чарадзейных усх.-слав. казак; злы і хітры чараўнік, які выкрадае нявесту героя. Здабыўшы яйцо, у якім схавана смерць К., герой перамагае яго і вяртаецца дамоў са сваёй нарачонай (надрукавана 15 бел. варыянтаў). Вядомы таксама казкі пра смерць К. ад чароўнага каня. Абедзве версіі кантамінуюцца з сюжэтамі пра ўдзячных жывёл, пошукі зніклай ці ўкрадзенай жонкі і інш. Вобраз К. трапляецца таксама ў замовах і былінах. Паводле меркаванняў акад. Б.А.Рыбакова, К. у стараж.-ўсх. славян увасабляў качэўнікаў, якія рабілі набегі на іх землі.
Л.Р.Бараг.
т. 8, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛАГА—БРЫЯ́НА ПАКТ 1928,
міжнародны дагавор аб забароне вайны як сродку ажыццяўлення нац. палітыкі дзяржавамі. Названы паводле імя яго ініцыятараў — міністра замежных спраў Францыі А.Брыяна і дзярж. сакратара ЗША Ф.Б.Келага. Падпісаны 27.8.1928 у Парыжы прадстаўнікамі 15 краін, у т. л. ЗША, Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Канады, Японіі. ЗША адрасавалі запрашэнне 48 інш. дзяржавам, у т. л. СССР, далучыцца да пакта (пазней яны далучыліся). 29.8.1928 СССР першы ратыфікаваў дагавор і ініцыіраваў падпісанне Маскоўскага пратакола 1929 аб датэрміновым увядзенні ў дзеянне пакта (набыў сілу 24.7.1929).
т. 8, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)