АМУ́Р (манг. Хара-Мурэн, кіт. Хэйлунцзян),

рака ва Усх. Азіі, у Расійскай Федэрацыі (большая ч.), Манголіі, КНР. Па Амуры праходзіць частка граніцы Расіі з Кітаем. Утвараецца ад зліцця рэк Шылка і Аргунь. Упадае ў Амурскі ліман Ахоцкага м. Даўж. 2824 км, ад вытоку Аргуні — 4440 км; пл. бас. 1855 тыс. км². У верхнім цячэнні (да вусця Зеі) цячэ ў вузкай даліне. Справа да ракі падыходзяць адгор’і В.​Хінгана. У сярэднім цячэнні (ад вусця Зеі да Хабараўска) даліна шырокая, толькі ў месцы перасячэння хр. М.​Хінган ператвараецца ў цясніну. У нізоўях Амур выходзіць на Ніжнеамурскую нізіну, мае шырокую даліну, рэчышча разгаліноўваецца на рукавы. Асн. прытокі: Зея, Бурэя, Амгунь (злева), Сунгары, Усуры (справа). Жыўленне пераважна (​2/3 сцёку) ад летне-восеньскіх мусонных дажджоў. Разводдзе з ліп. да верасня, утвараецца дажджавымі паводкамі. У суткі па Амуры праходзіць 41 тыс. т наносаў. Замярзае ў ліст., крыгалом у крас.—маі. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 10 900 м³/с (макс. 40 000 м³/с). На ніжняе цячэнне ўплываюць прылівы і адлівы. У бас. Амура больш за 60 тыс. азёраў агульнай пл. каля 9,7 тыс. км². Рыбалоўства. Асн. прамысл. рыбы: кета, гарбуша, таўсталобік, калуга, амурскі сом і інш. Значныя гідраэнергетычныя рэсурсы. У сярэднім цячэнні Хінганскі, ніжэй — Камсамольскі запаведнікі. Амур — гал. водная магістраль Д. Усходу, суднаходны на ўсім працягу. Гал. гарады на Амуры: Благавешчанск, Хабараўск, Амурск, Камсамольск-на-Амуры, Нікалаеўск-на-Амуры (Расія), Айхой (Кітай).

Рака Амур.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖА́БЫ сапраўдныя

(Ranidae),

сямейства бясхвостых земнаводных. 8 падсям., 46 родаў, 555 відаў. Пашыраны ўсюды, за выключэннем Антарктыды, Паўд. Амерыкі, Паўд. Аўстраліі, Новай Зеландыі. Наземныя і водныя жывёлы. Найб. вядомыя Ж.: жаба-бык, жаба-галіяф (Rana goliaph), азёрная (R. ridibunda), вастрамордая (R. arvalis-terrestris), сажалкавая (R. lessonae=esculenta), травяная (R. temporaria) і інш. Ж. леапардавая (R. pipiens) з Паўн. Амерыкі ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі 4 віды: азёрная і сажалкавая — водныя формы, жывуць у вадзе ці каля яе; вастрамордая і травяная — наземныя формы, жывуць на балотах, заліўных лугах, палянах, у садах, парках, каля жылля.

Даўж. 1,3—33 см (зрэдку да 40 см, маса да 5 кг (жаба-галіяф). Водныя Ж. пераважна зялёныя, наземныя — карычневыя або бурыя. Характэрныя асаблівасці: скура пераважна гладкая, на верхняй сківіцы зубы; самкі большыя за самцоў. Цела звычайна зграбнае, з доўгімі (скакальнымі) заднімі канечнасцямі. Размнажаюцца пераважна ў вадаёмах. У перыяд размнажэння многім Ж. уласціва разнастайная гукавая сігналізацыя (т. зв. «канцэрты»). Лічынкі Ж. — апалонікі. Кормяцца ў асноўным насякомымі, вусенямі, мурашкамі, павукамі і інш. беспазваночнымі. маляўкамі рыб. буйныя — птушанятамі дробных птушак, палёўкамі, землярыйкамі і інш. Ж. і іх лічынкамі кормяцца некат. рыбы, птушкі, млекакормячыя. Некат. Ж. зімуюць у вадаёмах, іншыя — на сушы. Класічныя аб’екты лабараторных даследаванняў (як пакутніцам навукі пастаўлены помнікі ў Парыжы і Токіо). Далікатнае мяса задніх лапак многіх Ж. выкарыстоўваюць у дыетычным харчаванні народы Азіі, Амерыкі, Аўстраліі, Еўропы; самыя смачныя — азёрная, сажалкавая, травяная (штучна разводзяць). Скура буйных Ж. ідзе на выраб сувеніраў і ўпрыгожанняў, яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМБІКО́РМАВАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, спецыялізаваная на выпуску камбікармоў і бялкова-вітамінных дабавак для с.-г. жывёл, птушак і рыбы. Неабходная для развіцця жывёлагадоўлі на прамысл. аснове. Найб. развіта К.п. у ЗША, Японіі, Расіі, Вялікабрытаніі, Украіне, Францыі, Германіі, Польшчы і інш.

На Беларусі К.п. развіваецца з сярэдзіны 20 ст. Першыя камбікормавыя цэхі пры млынкамбінатах створаны ў 1957 у Віцебску і Магілёве. Да 1960 пабудаваны 10 малагабарытных універсальных з-даў магутнасцю па 35 т у суткі і 2 камбікормавыя цэхі ў Слуцку і Лідзе — па 200 т у суткі кожны. На працягу 1966—75 здадзена ў эксплуатацыю 28 прадпрыемстваў: спецыялізаваныя камбікормавыя з-ды, цэхі амаль на ўсіх камбінатах хлебапрадуктаў; выпуск прадукцыі павялічыўся ў 8,1 раза.

Сучасная К.п. Беларусі налічвае больш за 2 тыс. прадпрыемстваў і вытв-сцей (у т. л. 17 спецыялізаваных з-даў), на якіх занята каля 10 тыс. чал. Найбольшыя прадпрыемствы: з-ды ў Глыбокім, Жабінцы, Драгічыне, Смаргоні; цэхі ў Віцебску, Магілёве, Мар’інай Горцы, Слуцку і інш. Шмат дробных вытв-сцей створана ў калгасах і саўгасах, на жывёлагадоўчых комплексах і фермах. Камбікорм звычайна выпускаецца грануляваны і брыкетаваны. Сыравінай для вытв-сці камбікармоў з’яўляюцца зерне збожжавых культур, жывёльныя і грубыя кармы, травяная і хвойная мука, прадукты хім. і мікрабіял. прам-сці, вітаміны, мікраэлементы, антыбіётыкі, амінакіслоты і інш. біял. рэчывы, што ўводзяцца ў камбікорм у выглядзе дамешкаў (прэміксаў). Асвоена вытв-сць камбікармоў для ўсіх відаў і полаўзроставых груп жывёлы. У 1995 выраблена 2059,6 тыс. т камбікармоў.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 7, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

распа́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.

2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.

3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Лар ’высокая і вузкая драўляная скрыня з векам для захоўвання мукі або збожжа’ (Сіг.; малар., З нар. сл.; беласт. Сл. паўн.-зах.), рус. ларь ’скрыня’, ’куфар’, ’клетка’ (XI ст.), паўн.-рус. ’тс’, наўг. ’труна’, ’зруб для засолкі рыбы’. Запазычана са ст.-нарв. lārr ’шуфлядка’ ці са ст.-швед. lárr ’скрыня, куфар’, параўн. швед. lår ’тс’ (Міклашыч, 160; Бернекер, 1, 691; Фасмер, 2, 460). Сюды ж бел. лар ’прыстасаванне для палявання на мядзведзя’ (Інстр. 2), параўн. рус. іркуцк. ’засека з бярвення ў лесе’. Сучаснае ларок ’гандлёвая палатка’ — з рус. ларек.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марка́ль, морка́ль ’баран-вытворнік’, (зневаж.) ’чалавек, які гаворыць непрыемным хрыпатым голасам’ (Янк. 1, Некр.; хойн., рэч., Мат. Гом.; мазыр., лун., Шатал.; Ян.). Складае бел. паўд.-слав. ізалексу: серб.-харв. мр̏каљ ’казёл’, ’баран’, балг. мъркалец ’баран’; лексемы ўтвораны ад дзеяслова серб.-харв. мр́кати (се), мр̏кати, омркати ’спарвацца (пра козы, авечкі, рыбы)’, ст.-слав. мръкати ’тс’, ’бляяць’. Паводле Скока (2, 467), тут у наяўнасці першабытнае гукаперайманне, якое пазней стала пастухоўскім тэрмінам для выражэння coitus авечак і коз. Казлова (БЛ, 21, 59) адносіць лексему да прасл. mъrkalь ’баран’. Гл. таксама маркач. Сюды ж, відавочна, і прозвішча Мархель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лазаві́к 1 ’мёд, які збіраюць з борцей вясной (астаткі леташняга)’ (Маш.) — ад лазовы мёд < лаза (відавочна, таму, што вясной пчолы збіраюць пылок з коцікаў на лазе і вярбе). Утворана паводле мадэлі верасавы (БелСЭ, 7, 168). Не выключана і магчымасць кантамінацыі лазіць і сакавік (красавік).

Лазаві́к 2 ’жыхар балотнага краю’ (экспр.) (Шат.), ’лясун’ (Мат. Гом.). Ад лававы (жыхар) ’які жыве ў лазе’. Да лаза́ (гл.).

Лазавік 3 ’вялікі цёмны лешч, які нерастуе ў сярэдзіне красавіка, калі з’яўляюцца першыя лісткі на лазе’ — басейн Нёмана (Жукаў, Рыбы, 1958, 115). Да лаза́ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Са́жалка ’штучны вадаём’, ’садок для рыбы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Сцяшк., Яшк., Сл. ПЗБ, Др.-Падб., Янк., Выг., Клім., Інстр. 1), са́джалка ’тс’ (Касп., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), са́жэлка ’тс’ (ТС), са́жаўка ’тс’ (Сцяшк. Сл., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’старык ці прарытая вадой упадзіна; круглая яма’ (Яшк.), ’яма з вадой’ (Шат.). Рус. дыял. са́жалка, укр. са́жалка, са́жавка, польск. sadzawka ’тс’. Да сажаць, садзіць з суф. ‑алка, гл. Брукнер, 478. Для тлумачэння матывацыі Борысь, 537 прыводзіць прыклад з XVI ст.: “sadzawka… kędy ryby sadzają”. З бел. запазычаны літ. sazalka, sõziauka ’сажалка’ (Скарджус, LW 203; Фрэнкель, 1, 286).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сала́та ’аднагадовая агародная расліна’, ’страва з лісцяў гэтай расліны’, ’халодная страва з парэзанай сырой або варанай гародніны, часам мяса, рыбы і пад., палітых якім-небудзь соусам’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Кіс., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ). З польск. sałata ’тс’ (Кюнэ, Poln., 95), якое з італ. insalata, salata ’пасоленая гародніна’ ад італ. salare ’саліць’; у аснове ляжыць лац. sal ’соль’; гл. Голуб-Ліер, 430. Ст.-бел. салата (XVII ст.) узыходзіць да ст.-польск. salata (Булыка, Лекс. запазыч., 151). Варыянт сала́т з рус. сала́т, аб якім гл. Фасмер, 3, 549.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Селядзе́ц ‘марская рыба, якая ўжываецца ў ежу ў салёным ці вэнджаным выглядзе’ (Нас., ТСБМ, Шымк. Собр., Бяльк., Касп., Шат., Косіч, Стан., Варл., ЛА, 4). Укр. селеде́ць ‘селядзец’, оселе́дець ‘казаны чуб’, рус. сельдь, селёдка, польск. śledź ‘тс’, чэш., славац. sleď ‘тс’. Запазычанне да XII ст. з ст.-сканд. sild, síld, ст.-швед. sild ‘селядзец’, швед. sill, нарв. sil ‘тс’; гл. Міклашыч, 290; Торп, 441; Праабражэнскі, 2, 274; Брукнер, 530; Фасмер, 3, 597. Бел. і ўкр. словы з ⁺сьлдь, аформленага рознымі суфіксамі, параўн. Каламіец, Рыбы, 132. Борысь (615) узнаўляе паўн.-прасл. *seldь ‘селядзец’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)