ЛІТО́ЎСКА-БЕЛАРУ́СКІЯ ДЫВІ́ЗІІ,

вайсковыя злучэнні Войска Польскага ў 1919—20. Першая Л.-б. д. фарміравалася на тэр. Гродзенскай, Ломжынскай і Сувалкаўскай губ. з добраахвотнікаў палякаў і беларусаў-католікаў, ураджэнцаў Віленскай, Гродзенскай і Мінскай губ. Складалася з 3 стралк. брыгад і палка ўланаў. Дывізія і палкі мелі толькі свае геагр. назвы без агульнай нумарацыі. Дзейнічала на бел.-літ. фронце польскіх войск. У лютым 1919 заняла Беласток, у крас. правяла наступальную аперацыю ў раёне Баранавіч і Навагрудка, у ліп.—жн. дзейнічала супраць войск 16-й арміі Зах. фронту, наступала на Мір і Стоўбцы, удзельнічала ў наступленні на Бабруйск. Вясной 1920 ёй нададзены № 1, а з Лідскага, Ковенскага, Слуцкага і Беластоцкага палкоў сфарміравана 2-я Л.-б. д., якая дыслацыравалася ў раёне Вільні. У ліп. 1920 у час наступлення Чырв. Арміі дывізіі са стратамі адышлі да Варшавы, удзельнічалі ў яе абароне. У канцы вер. 1920 пасля адступлення Чырв. Арміі камандзірам 1-й Л.-б. д. прызначаны ген. Л.​Жалігоўскі, яе ўзмацнілі Лідскім і Ковенскім палкамі з 2-й Л.-б. д. 8.10.1920 паводле загаду Ю.Пілсудскага Жалігоўскі ў знак нязгоды перадачы Вільні і Віленскага краю Літве ўзняў т.зв. «бунт» 1-й Л.-б. д. 9.10.1920 заняў Вільню, 12.10.1920 абвясціў пра стварэнне Сярэдняй Літвы. Дывізіі атрымалі агульную нумарацыю: 1-я Л.-б. д. стала 19-й, 2-я — 20-й дывізіяй Войска Польскага.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 9, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЭ́ ((Monet) Клод) (14.2.1840, Парыж — 6.12.1926),

французскі мастак; адзін з заснавальнікаў імпрэсіянізму. Вучыўся ў Э.Будэна ў Гаўры (1858—59), у акадэміі Сюіса (1859—60) і ў майстэрні Ш.​Глейра (1862—63) у Парыжы. Працаваў пераважна ў жанры пейзажа. Развіваў традыцыі пленэрнага жывапісу майстроў барбізонскай школы і Будэна, імкнуўся да перадачы асабістых уражанняў ад пейзажнага або арх. матыву праз колеравае багацце свету і эфекты зменлівасці святлопаветранага асяроддзя і мяккай вібрацыі паветра. Выпрацаваў тэхніку жывапісу раздзельнымі мазкамі і чыстымі фарбамі, разлічаную на аптычнае іх сумяшчэнне ў зрокавым успрыняцці. У серыях карцін-варыяцый «Стагі сена» (1890—91), «Руанскі сабор» (1893—95), «Німфеі» (1904—18) праз адлюстраванне аднаго і таго ж матыву ў розныя часы дня і пры розным надвор’і выяўляў разнастайнасць станаў прыроды. Сярод твораў: «Шпацыр» (1865), «Жанчыны ў садзе» (1866—67), «Сняданак на траве», «Тэраса над морам у Сент-Адрэс» (абодва 1866), «Жабнікі» (1869), «Атэль на пляжы» (1870), «Уражанне, узыход сонца» (1872), «Макі», «Вячэра» (абодва 1873), «Мост у Аржантэйлі» (1874), «Вакзал Сен-Лазар» (1877), «Берагі Сены ў Ветойль» (1880), «Скалы вострава Бель-Іль» (1886), «Белыя гарлачыкі» (1899), «Туман у Лондане» (1903), серыя пано «Гарлачыкі» (1914—22) і інш. Іл. гл. таксама да арт. Імпрэсіянізм.

Літ.:

Сапего И. К.​Моне: [Альбом]. Л., 1969;

Георгиевская Е.Б. К.​Моне: [Альбом]. 2 изд. М., 1974;

Богемская К.Г. К.​Моне. М., 1984.

В.​Я.​Буйвал.

К.Манэ. Руанскі сабор апоўдні. 1894.

т. 10, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́МХІ І ЗАБАБО́НЫ,

вераванні, уяўленні і звязаныя з імі магічныя дзеянні, што з пункту гледжання афіц. рэлігіі разумеюцца як перажыткі і праявы традыцыяналізму; адзін з жанраў нар. творчасці. Вядомы многім народам свету, у т. л. беларусам, што данеслі да нашых дзён стараж. погляды продкаў. Выступаюць як нагляднае, канкрэтна-вобразнае ўвасабленне веры архаічнага чалавека ў сваю нявылучанасць з прыроды, у існаванне звышнатуральных сіл, здольных уплываць на стан наваколля і лёс індывіда. Сістэма П. і з. памагала грамадству захоўваць гарманічныя ўзаемаадносіны са светам, у т. л. і з міфічным, прадухіляць небяспечныя ўчынкі дэманічных сіл, часам рэкамендавала звяртацца да іх па дапамогу. Напр., у беларусаў кантакт з лесавіком забяспечвала шапка, надзетая задам наперад, барана каля дзвярэй засцерагала ад пранікнення ў хату чараўнікоў. П. і з. суадносяцца з раскладам на дзень, домам і гаспадаркай, адзеннем і ядою, святамі і надвор’ем, адносінамі ў сям’і і паміж аднавяскоўцамі. Таму багацце П. і з. невычэрпнае. Яны складваюцца ў адзін вялікі тэкст, што запаўняе духоўную дзейнасць народа; прысутнічаюць у нар. свядомасці як ментальныя існасці, як кіраўніцтва да дзеяння. У жыцці няма патрэбы моўна выражаць зашыфраваную ў іх інфармацыю; яна ўзнікае, напр., пры перадачы ведаў дзецям або інш. калектыву. Таму сфера П. і з. як моўнага жанру даволі абмежаваная.

Публ.: Беларускія народныя прыкметы і павер’і. Кн. 1—3. Мн., 1996—99.

Т.​В.​Валодзіна.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭГУЛЯВА́ННЕ АЎТАМАТЫ́ЧНАЕ,

аўтаматычнае падтрыманне або змена паводле зададзенага закону фіз. велічынь, якія характарызуюць вытв. працэс. Ажыццяўляецца пры дапамозе аўтаматычнага рэгулятара, які забяспечвае пастаяннае значэнне рэгуляванай (кіравальнай) велічыні праз выпрацоўку рэгулявальнага ўздзеяння на аснове сігналу адхілення рэгуляванай велічыні ад зададзенага значэння. Асновы тэорыі Р.а. закладзены ў працах Дж.К.Максвела і І.​А.​Вышняградскага.

Сістэмы Р.а. разам з сістэмамі праграмнага кіравання (ажыццяўляюць змену кіравальных велічынь па зададзеным законе) і сістэмамі сачэння (выконваюць змену кіравальных велічынь па адвольным законе) наз. сістэмамі аўтам. кіравання. Сістэмы Р.а. класіфікуюцца паводле тыпу контуру кіравання (разамкнёныя і замкнёныя); спосабу перадачы сігналаў — неперарыўныя (фіз. велічыні звязаны неперарыўнай залежнасцю) і дыскрэтныя (імпульсныя і рэлейныя). Падзяляюцца на лінейныя, нелінейныя, з пастаяннымі і пераменнымі параметрамі і інш. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы (у т. л. ядзернай), хім. і нафтахім. і інш. прам-сці, таксама ў авіяцыі пры стабілізацыі курсу самалёта (аўтапілот) і інш.

На Беларусі даследаванні па праблемах Р.а. вядуцца ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, БПА, Ваеннай акадэміі, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Літ.:

Теория автоматического регулирования. Кн. 1—3. М., 1967—69;

Ганэ В.А., Степанов В.Л. Расчет следящих систем. Мн., 1990;

Кузнецов А.П., Батура М.П., Шилин Л.Ю. Анализ и параметрический синтез импульсных систем с фазовым управлением. Мн., 1993;

Анхимюк В.Л., Опейко О.Ф., Михеев Н.Н. Теория автоматического управления. Мн., 2000.

А.​А.​Несянчук.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́ўнач, по́ўныч, пуовночь, по́ўноч ’глыбокая ноч, сярэдзіна ночы’, ’адзін з напрамкаў свету’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл., Мік., Бес., Шат., Касп., Бяльк., ТС), ст.-бел. полночь ’сярэдзіна ночы’, ’напрамак свету’, полнощь ’напрамак свету’, укр. пі́вніч ’поўнач (напрамак свету, сярэдзіна ночы)’, рус. по́лночь ’поўнач (напрамак свету)’, польск. północ ’палова ночы; напрамак свету’, чэш. půlnoc ’сярэдзіна ночы’, славац. polnoc ’тс’, в.-луж. połnóc ’сярэдзіна ночы; напрамак свету’, н.-луж. połnoc ’тс’, серб.-харв. по́ноћ ’сярэдзіна ночы’, славен. pólnoč ’тс’, балг. полуно́щ ’тс’, макед. полноќ ’тс’, ст.-слав. полоумошти ’пасярод ночы’, ’поўнач’. Прасл. *polъnoltь, *polunoktь ’сярэдзіна ночы’ ад *polъ‑/polu‑ (гл. паў-) і *noktь (гл. ноч). Ужыванне назваў частак сутак для перадачы напрамкаў свету характэрнае для шэрагу індаеўрапейцах і неіндаеўрапейскіх моў, параўн. ням. Mitternacht ’поўнач (напрамак свету; сярэдзіна ночы)’ (Ніканаў, Этимология–1984, 163). Мяркуецца, назва поўнач у абодвух значэннях з’яўляецца паралельным утварэннем да сапраўднай “салярнай” назвы — поўдзень (гл.), якая аб’ядноўвала ў сваім значэнні астранамічна-часавае і геаграфічна-арыентацыйнае паняцці (Німчук, Давньорус., 47).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пя́каць 1 ’падаць (пра плады); стукаць, пукаць, ляпаць’ (бых., Жыв. НС; Шат., Бяльк., Растарг.), пя́кнуць ’упасці; стукнуць’ (Бяльк., Пал., Растарг.), ’упасці’: пякнула яна з печы (рагач., Сл. ПЗБ), пя́кнуцца ’ўпасці, ляпнуцца аб зямлю’ (Бяльк.), пяк — выклічнік для перадачы гуку падзення на зямлю пладоў і дробных прадметаў або тупога ўдару (Нас., Растарг., Шат.), сюды ж, відаць, і пе́кнуць ’ударыць, грукнуць, ляснуць, сцёбнуць’: пе́кнуў воўка копу́том (ТС). Гукапераймальнае, параўн. славен. pekȅt ’тупат’, pekemáti ’тупат, цоканне (капытоў)’, якія Сной (435) выводзіць ад гукапераймання pek, што імітуе ўдары капытам або нагой; параўноўваюць з бел. пя́каць ’стукаць’, рус. упека́ть ’выгнаць’, роднаснымі да лат. pękât ’дыбаць, тупаць’, pęka ’лапа, нага’, гл. Бязлай, 3, 22; Сной₂, 504. Гл. таксама пекаць, покаць, пукаць, покаць.

Пя́каць 2 ’класці, валіць адно на адно; замяшчаць, упіхваць’ (Нас.), пя́къць, пя́къцца ’працаваць празмерна, цяжка’ (міёр., Нар. лекс.), пя́кацца ’лезці, пхнуцца’: дзе ні трэба пя́каецца (Цых.); сюды ж, відаць, і рус. дыял. упя́кать ’паставіць каго-небудзь у непрыемнае становішча, увесці ў бяду’. Няясна, хутчэй за ўсё да пякаць 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,

хваробы раслін, жывёл і чалавека, узбуджальнікамі якіх з’яўляюцца вірусы. Падзяляюцца на групы: пухліны і інфекцыі. У чалавека выклікаюцца вірусамі РНК- і ДНК-геномных тыпаў. Крыніца заражэння — хворыя і вірусаносьбіты; шляхі — паветрана-кропельны (узбуджальнікі вострых рэспіратарных захворванняў, адру і інш.), аліментарны (узбуджальнікі кішэчных інфекцый і інш.), трансмісіўны (узбуджальнікі крывяных інфекцый і інш.), праз скуру (вірусы шаленства, воспы натуральнай, папіломы і інш.), палавы (вірус герпесу, узбуджальнік СНІДу і інш.), парэнтэральны (узбуджальнік гепатыту B), трансплацэнтарны (унутрывантробны, выклікае цяжкія захворванні нованароджаных) і інш. Патагеннае дзеянне вірусаў абумоўлена ў першую чаргу пашкоджаннем клетак, у якіх яны размнажаюцца. Часткова яно можа быць звязана з гібеллю клетак пад уплывам антывірусных антыцел і сенсібілізаваных Т-лімфацытаў, а таксама з цытатаксічным уплывам вірыёнаў на клеткі органаў, у якіх вірус не размнажаецца. Вірусныя хваробы класіфікуюць паводле цяжкасці хваробы, віду ўзбуджальніка, механізма перадачы, крыніцы інфекцыі, месца заражэння і інш. Адрозніваюць прыроднаачаговыя і антрапагенныя заанозы, паза- і ўнутрыбальнічныя антрапанозы. Да вірусных хвароб адносяцца: поліяміэліт, герпес, грып, воспа, адзёр, энцэфаліты, ліхаманкі, гепатыт інфекцыйны, краснуха, шаленства і інш. У большасці выпадкаў пасля іх застаецца працяглы імунітэт. Лячэнне: процівірусныя хім. прэпараты, інтэрфероны, імунапрэпараты, патагенетычныя і сімптаматычныя сродкі. У жывёл вірусныя хваробы выклікаюцца агульнымі з чалавекам або патагеннымі толькі для іх заавірусамі. Адрозненні ў этыялогіі, патагенезе, клінічных праяўленнях, фарміраванні імунітэту, метадах дыягностыкі і лячэння ў параўнанні з віруснымі хваробамі чалавека нязначныя. Для свойскай жывёлы асабліва небяспечныя яшчур, шаленства, чума, воспа, грып і інш. У раслін — гл. Вірусныя хваробы раслін.

А.​П.​Красільнікаў.

т. 4, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЧАСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, якая ўзыходзіць да фінікійскага пісьма. Верагодна ўзнікла ў 9—8 ст. да н.э. У грэчаскім пісьме, акрамя літар, якія абазначаюць зычныя, былі ўведзены самаст. літары для перадачы галосных гукаў, што было новым этапам у развіцці пісьменства. Класічны агульнагрэч. алфавіт склаўся ў 5—4 ст. да н.э. Напрамак пісьма — злева направа. Кожная літара мела і лічбавае значэнне. Знакі «стыгма», «копа» і «сампі» выкарыстоўваліся толькі для абазначэння лічбаў і пазней выйшлі з ужытку. Новагрэч. алфавіт мае 24 літары.

Алфавітнае грэчаскае пісьмо падзялялася на 2 галіны: усх.-грэч. і зах.-грэч. пісьмо. Усх.-грэч. развілося ў класічнае стараж.-грэч. і візантыйскае пісьмо, стала асновай копцкага, гоцкага, слав. кірылічнага (гл. Кірыліца), а магчыма, армянскага і часткова груз. пісьма (гл. адпаведныя арт.). Зах.-грэч. пісьмо было зыходным для этрускага, стараж.-герм. рунічнага і лацінскага пісьма. Найб. стараж. помнікі грэчаскага пісьма датуюцца 8—7 ст. да н.э. Грэчаскае пісьмо прадстаўлена некалькімі тыпамі: манум. пісьмо на цвёрдых прадметах — камені, метале, кераміцы (з 8 ст. да н.э.); уніцыяльнае — на папірусе (з 4 ст. да н.э.), на пергаменце (з 2 ст. да н.э.); курсіўнае (з 3 ст. да н.э.). У 13 ст. развіваецца малодшы мінускул (гл. Мінускульнае пісьмо), які паслужыў узорам для першага грэч. друкарскага шрыфту (15 ст.). Сучасныя друкаваныя грэч. літары створаны ў 17 ст.

Літ.:

Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;

Guarducci M. Epigrafia greca. Vol. 1—2. Roma, [1967—69].

А.​М.​Рудэнка.

Да арт. Грэчаскае пісьмо. Грэчаскі алфавіт.

т. 5, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБЕРНЕ́ТЫКА (ад грэч. kybernētikē майстэрства кіравання),

навука пра агульныя заканамернасці працэсаў кіравання ў складаных дынамічных сістэмах, спосабы атрымання, захоўвання, перадачы і перапрацоўкі інфармацыі. Асн. аб’екты даследаванняў — кібернетычныя сістэмы (напр., аўтам. рэгулятары ў тэхніцы, ЭВМ, мозг чалавека, біял. папуляцыі), якія разглядаюцца абстрактна (незалежна ад іх прыроды). Асн. задача — стварэнне адзінай тэорыі і эфектыўных метадаў кіравання.

Як самаст. навука ўзнікла на аснове прац Н.Вінера, дзе тэрмін «К.» прапанаваны для абазначэння навукі аб кіраванні і сувязі ў машынах і жывых арганізмах, і звязана са стварэннем ЭВМ, здольных запамінаць і апрацоўваць інфармацыю ў адпаведнасці з зададзенай праграмай. Далейшае развіццё атрымала ў працах сав. вучоных АІ.​Берга, В.​М.​Глушкова, А.​А.​Ляпунова, амер. вучонага К.​Э.​Шэнана і інш. Падзяляецца на кібернетыку біялагічную, кібернетыку тэхнічную, матэм. К., медыцынскую, эканам. і інш. Грунтуецца на тэорыі імавернасцей, матэм. логіцы, тэорыі сістэм аўтам. кіравання, тэорыі графаў, а таксама тэорыі аўтаматаў, самаарганізавальных сістэм, распазнавання вобразаў і інш. Кібернетычнае (машыннае) мадэляванне і ўвядзенне ў н.-д. практыку ЭВМ дазваляюць вывучаць складаныя сістэмы без пабудавання іх рэальных фіз. мадэлей.

На Беларусі даследаванні ў галіне К. праводзяцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ ЭВМ і інш.

Літ.:

Винер Н. Кибернетика или управление и связь в животном и машине: Пер. с англ. 2 изд. М., 1968;

Ляпунов А.А. Проблемы теоретической и прикладной кибернетики. М., 1980;

Глушков В.М. Кибернетика, вычислительная техника, информатика: Избр. тр. Т. 1—3. Киев, 1990.

В.​С.​Танаеў.

т. 8, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРБЭ́ ((Courbet) Жан Дэзірэ Гюстаў) (10.6.1819, г. Арнан, Францыя — 31.12.1877),

французскі жывапісец; заснавальнік рэалізму. З 1837 вучыўся ў рысавальнай школе Ш.​А.​Флажуло ў Безансоне, з 1839 у прыватных атэлье ў Парыжы. Зазнаў уплывы ісп. і галандскага жывапісу 17 ст. У ранні перыяд творчасці блізкі да рамантызму: «Лот з дочкамі», «Вальпургіева ноч» (абодва 1841), «Аўтапартрэт з чорным сабакам» (1842), «Закаханыя ў вёсцы» (1844) і інш. Пасля паездкі ў Галандыю ў 1846 супрацьпаставіў рамантызму і акад. класіцызму мастацтва новага тыпу, якое сцвярджала матэрыяльную каштоўнасць свету і адвяргала маст. каштоўнасць таго, што нельга ўвасобіць адчувальна-прадметна. Імкнуўся да перадачы натуральнай прыгажосці колераў, святлоценявых эфектаў, градацый тонаў, жывапіснай пластыкі, да раскрыцця значнасці і паэтычнасці паўсядзённага жыцця, фіз. працы. У шматфігурных манум. палотнах «Пахаванне ў Арнане» (1849—50), «У майстэрні мастака» (1855) стварыў партрэт франц. грамадства. Сярод інш. твораў: «Каменячосы», «Вячэра ў Арнане» (абодва 1849), «Купальшчыцы» (1853), «Сустрэча (Добры дзень, пан Курбэ!)» (1854), «Веяльшчыцы» (1855), «Жанчыны на беразе Сены» (1857), «Каменяломня ў Аптэво» (каля 1865), «Хваля» (1870). У 1855 у сваім каталогу да Сусв. выстаўкі ў Парыжы апублікаваў «Маніфест рэалізму». Удзельнік Парыжскай камуны 1871, пасля яе падзення абвінавачаны ў разбурэнні Вандомскай калоны і прыгавораны да выгнання. У 1873 эмігрыраваў у Швейцарыю, дзе яго творчасць прыйшла ў заняпад.

Літ.:

Гюстав Курбе: Письма, док., воспоминания современников: Пер. с фр. М., 1970;

Шури М. Здравствуйте, господин Курбе!: Пер. с фр. М., 1977;

Калитина Н. Г.​Курбе: Очерк жизни и творчества. М., 1981.

В.​Я.​Буйвал.

Г.Курбэ. Веяльшчыцы. 1855.

т. 9, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)