ПЕТРАДВАРЭ́Ц,

палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Петрадварэц (да 1944 Пецяргоф) у Ленінградскай вобл. Пл. каля 1000 га. Ідэя кампазіцыі належала Пятру I, які вырашыў стварыць летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам і фантанамі накшталт Версаля. Пры ім разбіты Верхні сад (пл. 15 га) з рэгулярнай сістэмай алей і 5 фантанамі, Ніжні парк (пл. 102,5 га), пабудаваны палацы Вялікі (1714—25, перабудаваны ў 1745—55 арх. В.​Растрэлі), Монплезір (1714—25, арх. І.​Браўнштэйн, Ж.Б.​А.​Леблон, М.​Зямцоў і інш.), Марлі (1720—23), павільёны Эрмітаж (1721—24, абодва арх. Браўнштэйн; усе барока), створана буйнейшая ў свеце сістэма фантанаў і водных каскадаў, аздобленая скульптурай (першапачаткова свінцовай, пазней бронзавай; скульпт. І.​Мартас, І.​Пракоф’еў, Ж.​Д.​Рашэт, Ф.​Шчадрын). З 1770-х г. вакол ядра П. пачаў складвацца комплекс пейзажных паркаў: Англійскі (1779—94, арх. Дж.​Кварэнгі), Александрыя (1826—29, арх. А.​Менелас), Аляксандраўскі (1830-я г.) і інш. з палацамі і павільёнамі ў стылях класіцызму і псеўдаготыкі. У Вял. Айч. вайну ансамбль моцна пашкоджаны, адноўлены (праект 1945, арх. А.​Гесен, А.​Оль і інш.). З 1983 музей-запаведнік.

Фантан «Адам» у Петрадварцы.
Петрадварэц. Вялікі палац. 1714—25.
Панарама рэгулярнага парку ў Петрадварцы.

т. 12, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКА АБАРО́НА 1941,

абарончыя баі сав. войск супраць ням.-фаш. захопнікаў 27 чэрв. — 15 ліп. ў Вял. Айч. вайну. Вялася 6 дывізіямі 22-й арміі (ген.-лейт. Ф.​А.​Ершакоў) Зах. фронту. Лінія абароны праходзіла на рубяжы Дзісна—Ула з уключэннем дотаў Полацкага ўмацаванага раёна, які абараняла 174-я стралк. дывізія (камбрыг А.​І.​Зыгін, з 29 чэрв. нач. Полацкага баявога ўчастка). У паласе 260 км гітлераўцы сканцэнтравалі 16 дывізій. Насельніцтвам Полацка былі падрыхтаваны траншэі і абарончыя ўмацаванні, створаны ахоўны батальён, пярэдні край абароны быў умацаваны процітанк. збудаваннямі. З 29 чэрв. пачаліся масіраваныя атакі на горад, з 3 ліп. — бамбардзіроўкі. З боку Даўгаўпілса і Маладзечна былі затрыманы гал. калоны ворага, 6 ліп. адкінуты на паўд. бераг Зах. Дзвіны з вял. стратамі тэхнікі часці 3-й танк. групы Гота. 7—9 ліп. ў абыход умацаванага раёна абарона месцамі была прарвана, стварылася пагроза акружэння полацкага гарнізона. У ноч на 16 ліп. Зыгін пачаў выводзіць дывізію з акружэння і 20 ліп. прарваў яго, збярогшы людзей і тэхніку. П.а. затрымала прасоўванне захопнікаў на У больш як на 2 тыдні, што паспрыяла зрыву гітлераўскага плана «маланкавай вайны».

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 500.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБЛЕ́ ((Rabelais) Франсуа) (каля 1494, каля г. Шынон, Францыя — 9.4.1553),

французскі пісьменнік-гуманіст эпохі Адраджэння. Д-р медыцыны (з 1537). Вывучаў права ў Пуацье, медыцыну ў Парыжы і Манпелье, працаваў урачом у Ліёне. Літ. дзейнасць пачаў у 1532. Сусв. вядомасць яму прынёс фантаст. раман-эпапея «Гарганцюа і Пантагруэль» (кн. 1—4, 1532—52; кн. 5, выд. 1564, аўтарства недакладнае) — маст. энцыклапедыя франц. культуры эпохі Адраджэння: яе рэліг. і паліт. жыцця, філас., пед. і навук. думкі, духоўнага імкнення і сац. побыту. У творы высмеяў рэліг. фанатызм, цемрашальства і паразітызм духавенства, тупасць, сквапнасць і жорсткасць чыноўнікаў, манарх. дэспатызм і захопніцкія войны. Прапагандаваў гуманіст. выхаванне чалавека, у якім павінна гарманічна спалучацца фіз. і духоўнае развіццё. Раман адметны багаццем нар. мовы, спалучэннем рэаліст. і фантаст., высокага і груба камічнага, гратэскнага. Творчасць Р. адыграла вял. ролю ў развіцці франц. і сусв. сатыр. л-ры. На бел. мову яго раман пераклалі В.​Бурносаў і Р.​Канавалаў.

Тв.:

Бел. пер. — Гарганцюа і Пантагруэль. Мн., 1940;

Рус. пер. — Гаргантюа и Пантагрюэль. М., 1981.

Літ.:

Бахтин М.М. Творчество Франсуа Рабле и народная культура средневековья и Ренессанса. М., 1990.

Л.​А.​Казыра.

Ф.Рабле.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Малады́, малады́й, мылады́й, малоды, молоды́, молодэ́й ’юны, юнацкі’, ’нясталы, нявопытны’, ’які нядаўна вывеўся, пачаў расці’, ’які нядаўна вырас, свежы (пра гародніну)’, ’нядаўна прыгатаваны’, ’жаніх у час вяселля’, малада́я, молада́, мылыда́я ’нявеста’, маладыя ’жаніх і нявеста пасля заручын і ў час вяселля’, маладыя дні ’дні, якія прыпадаюць на першую квадру месяца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Яруш., Ян., Сл. ПЗБ), малады́ ’рэдкі (пра цеста, хлеб)’ (Сцяц., Ян.), ’нізкай якасці (аб палатне)’ (Ян.). Укр. молоди́й, рус. молодо́й, мо́лод, польск. młody, н.- і. в.-луж. młody, чэш., славац. mladý, славен. mlȃd, mláda, серб.-харв. мла̑д, макед., балг. млад. Прасл. moldъ (аснова на ‑u̯) з’яўляецца роднасным да ст.-прус. maldai ’хлапчукі, падлеткі’, maldian ’жарабё’ (він. скл.), maldūin ’маладосць’, ст.-інд. mr̥dúṣ ’мяккі, нежны’, mradīyān ’мякчэйшы’, ст.-грэч. ἀμαλδῡ́νω ’размякчаю, аслабляю’, лац. mollis (< *moldu̯is) ’мяккі’, арм. mełk ’распешчаны, вялы’, ст.-ірл. meldach ’мяккі, пяшчотны, прыемны’, ст.-англ. meltan ’плавіць, растапляць’, венецк. molzon ’малады’, vants molzonke ’малады і маладая’ (Міклашыч, 200; Бернекер, 2, 71; Траўтман, 167; Фрэнкель, IF, 69, 154; Фасмер, 2, 643–644; Скок, 2, 438–439; Бязлай, 2, 187). Прасл. moldъ з’яўляецца аддзеяслоўным утварэннем з першасным суфіксам ‑dъ. Да і.-е. mel‑ ’расціраць’, ’тонкі, мяккі’ (Аткупшчыкоў, Из истории, 112 і інш.). Для асновы на ‑n (параўн. рус. младенец) роднасным з’яўляецца ст.-прус. maldenikis ’дзіця’. Сюды ж адносіцца шмат дэмінутываў: маладзе́нькі, маладзёшанькі, маладзю́сенькі, маладзю́ткі, маладзю́тэнькі, молодзю́ленькі і інш. (Нас., Растарг., ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

далако́п, ‑а, м.

Рабочы, які капае магілы. Далакопы ўзяліся за рыдлёўкі, натоўп пачаў разыходзіцца, расцякаючыся па сцежках, што вялі да выхаду з могільніка. Хадкевіч. Магіла была гатова. Апёршыся на лапаты, чакалі далакопы, калі закопваць ім. Вярцінскі. // Той, каму даручана капаць, раскопваць што‑н. [Вера:] Мы з Чарнавусам касцямі не займаемся, гэта Гарлахвацкі іх перабірае. А наша справа — мел, гліна, вапна, фасфарыты. Галоўны далакоп — Аляксандр Пятровіч, а я яму памагаю. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дало́нь, ‑і, ж.

Унутраны бок кісці рукі. Закрыць твар далонямі. □ Ладзім выкаціў бульбіну, узяў яе ў рукі, паперакідваў з далоні на далонь — пакуль астыла, і пачаў лупіць. Ставер. Алена ідзе і раз-пораз выцірае далонню з твару пот. Мележ.

•••

Біць (пляскаць) у далоні гл. біць.

Як на далоні — пра што‑н. выразна і поўнасцю бачнае. Усё, што ляжала каля рэчкі і за ёю, было як на далоні. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абрэ́з, ‑а, м.

1. Вінтоўка з укарочаным, абрэзаным ствалом. Ірын бацька пачаў расказваць, як яго, прадстаўніка рабочага класа, камуніста, паслала партыя праводзіць калектывізацыю ў наш Верамеевіцкі раён і як стрэлілі ў яго праз акно з абрэза. Сабаленка. З лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абрэзамі, з бярданкамі... Колас.

2. Абрэзаны край, беражок. Кніга з зялёным абрэзам.

•••

У абрэз — без усякага лішку, якраз у меру; малавата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

земляны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да зямлі ​1 (у 3 знач.), звязаны з ёю. Земляныя работы.

2. Зроблены з зямлі; які складаецца з зямлі. Земляны вал. □ Мікола ўстаў з куфра і, басанож па халоднай земляной падлозе, пачаў шарыць у цемры. Брыль.

3. Які жыве або знаходзіцца ў зямлі. Земляныя ластаўкі. Земляныя насякомыя. // Як састаўная частка некаторых батанічных і заалагічных тэрмінаў. Земляны арэх. Земляная груша. Земляны чарвяк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жанглёр, ‑а, м.

Цыркавы артыст, які спрытна падкідвае і ловіць адначасова некалькі прадметаў. Схапіўшы дзве ладныя цагліны, .. [Сяргей] пачаў падкідваць іх, нібы цыркавы жанглёр. Шыцік. // перан. Пра таго, хто спрытна, але адвольна абыходзіцца з фактамі, словамі і пад. — Ты, калега, убачыў за адозвай гуртка славянафілаў толькі апаганьванне чыстых парываў рускай народнай душы, а трэба бачыць спрытнага штукара-жанглёра, які пачынае гуляць з такімі рэчамі, як народ, нацыя, вайна. Галавач.

[Фр. jongleur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

забаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

Весяліць, пацяшаць чым‑н. цікавым, забаўным. [Лабановічу] было надзвычайна вісела, язык развязаўся, ён забаўляў паненак; яны слухалі і смяяліся. Колас. [Эдвард Лявэр] узяў дзіця на рукі, прытуліў да сяк, падняў яго высока на руках, пачаў усміхацца, забаўляць дзіця, цмокаць яму губамі. Чорны. // Займаць гаворкай, адцягваць увагу ад чаго‑н. — Не забаўляй, вон з поля! — крычыць высокі. — Чаго зубы загаворваеш!.. Галавач. // Даглядаць, няньчыць. Цэлы дзень забаўляла бабка ўнучку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)