БАРБЕРЫ́НІ (Barberini) Рафаэль, італьянскі падарожнік 16 ст. У 1564 як прыватная асоба наведаў Маскву з рэкамендацыйным лістом ад англ. каралевы Лізаветы I да Івана IV Грознага. Вынікі паездкі выклаў у кнізе «Паведамленне аб Масковіі» (1565) у форме ліста да бацькі, дзе даў каштоўныя гіст. звесткі аб рас. гандлі, цэнах, гарадах, царскім і нар. побыце.
Тв.:
Рус.пер. — У кн: Сказания иностранцев о России в XVI и XVII в. СПб., 1843.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РТАЛІ ((Bartoli) Матэо Джуліо) (22.11.1873, Альбона, Італія, цяпер г. Лабін, Харватыя — 23.1.1946),
італьянскі мовазнавец. Праф. Турынскага ун-та. Заснавальнік «неалінгвістычнага» кірунку ў лінгвістыцы. Першы ўвёў у мовазнаўства паняцце «ізаглоса» і, карыстаючыся паняццем «лінгвістычны арэал» (уведзены франц. дыялектолагам Ж.Жыльеронам), вылучыў разнастайныя тыпы арэалаў («Субстрат, суперстрат і адстрат», 1939; «Нарысы арэальнай лінгвістыкі», 1945). У 1925 распрацаваў асн. прынцыпы арэальнай лінгвістыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬТА ((Volta) Алесандра) (18.2.1745, г. Кома, Італія — 5.3.1827),
італьянскі фізік, хімік і фізіёлаг. Вучыўся ў школе езуітаў. Працаваў ва ун-тах Павіі (1779—1815) і Падуі (1815—19). Вынайшаў (1799) т.зв. вольтаў слуп — першую крыніцу пастаяннага эл. току. Адкрыў кантактную рознасць патэнцыялаў. Сканструяваў шэраг эл. прыбораў (кандэнсатар, электраскоп, электрометр і інш.). Выявіў і даследаваў уздзеянне электрычнасці на жывыя тканкі жывёл і чалавека. Яго імем названа адзінка эл. напружання — вольт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕНЕДЭ́ЦІ МІКЕЛА́НДЖЭЛІ ((Benedetti Michelangeli) Артура) (н. 5.1.1920, г. Брэшыя, Італія),
італьянскі піяніст, педагог; адзін з найбуйнейшых піяністаў сучаснасці. Праф. Балонскай і Венецыянскай кансерваторый. Яго выкананне адметнае віртуознай тэхнікай, стрыманай прыгажосцю, бездакорнай падпарадкаванасцю аўтарскаму тэксту. На пачатку творчасці ў рэпертуары пераважала музыка сучасных кампазітараў, пазней — творы фп. класікі. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1939).
Літ.:
Kaiser J. Große Pianisten in unserer Zeit. 3 Aufl. München, 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫМА́ЛЬДЗІ ((Grimaldi) Франчэска Марыя) (2.4.1618, г. Балоння, Італія — 28.12.1663),
італьянскі фізік і астраном. У 1647 атрымаў ступень д-ра і выкладаў філасофію і матэматыку ў Балонскай езуіцкай калегіі. Адкрыў дыфракцыю святла. Сумесна з Дж.Б.Рычолі склаў карту Месяца і ўвёў назвы месяцавых утварэнняў. Асн. вынікі яго навук. даследаванняў апублікаваны ў яго творы «Фізічная навука аб святле, колерах і вясёлцы» (1665).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Джавані Батыста (10.12.1538, г. Ферара, Італія — 7.10.1612), італьянскі паэт, тэарэтык л-ры і мастацтва. Праф. рыторыкі ў Падуі. Праславіўся трагікамедыяй «Верны пастух» (1590). Аўтар лірычных вершаў, мадрыгалаў, трактата-падручніка «Кампендыум трагікамічнай паэзіі» (1601), у якім сцвярджаў, што мэта паэзіі — не павучаць, а даваць асалоду, што залішні рацыяналізм супярэчыць правілам ант. аўтарытэтаў. Вытанчанасць стылю, пачуццёвасць у спалучэнні з метафарычнасцю робяць яго творчасць прадвесцем мастацтва барока.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́НІ ((Carpini) Джавані дэ Плана) (1182, г. Перуджа, Італія — 1252),
італьянскі падарожнік, манах-францысканец. У 1245 па даручэнні папы Інакенція IV здзейсніў падарожжа з г. Ліён (Францыя) у Манголію з мэтай устанаўлення з ёй дыпламат. зносін. Яго шлях прайшоў праз Чэхію, Кракаўскае ваяв., Кіеў, нізоўі Волгі, узбярэжжа Аральскага м., Сямірэчча, пустыні і горы Цэнтр. Азіі. У творы «Гісторыя манголаў» апісаў прыроду, гаспадарку, гісторыю і дзярж. лад краін, якія наведаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́СА ((Rosso) Медарда) (20.6.1858, г. Турын, Італія — 31.3.1928),
італьянскі скульптар; прадстаўнік імпрэсіянізму. Працаваў у Мілане і Венецыі, з 1886 пераважна ў Парыжы. Аўтар шматфігурных кампазіцый і партрэтаў дзяцей, у якіх імкнуўся перадаць зменлівасць натуры, надаць пластыцы жывапісную аморфнасць і цякучасць, выявіць мяккасць аб’ёмаў і светлавую ўспрымальнасць фактуры: «Залаты век» (1886—87), «Дзяўчынка смяецца», «Мацярынства» (абедзве 1889), «Жанчына пад вуаллю» (1893), «Ecce Puer» (1906) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Б’ЁНДА ((Biondo) Флавіо) (1392, г. Фарлі, Італія — 4.6.1463),
італьянскі гуманіст, гісторык. Упершыню вылучыў сярэднія вякі як асобны перыяд гісторыі. У сваёй гал. працы «Тры дэкады гісторыі ад падзення Рымскай імперыі» выклаў у храналагічным парадку гісторыю сярэдневяковай Еўропы (1412—1440). Адзін з першых імкнуўся выпрацаваць крытэрыі дакладнасці гіст. крыніц, увёў дэскрыптыўна-факталагічны падыход да гістарыяграфіі. Працы «Адноўлены Рым» (1444—46), «Апісанне Італіі па раёнах і правінцыях» (1453) заклалі асновы гіст. геаграфіі і гіст. тапаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́СІ (Dossi) Доса [сапр.Джавані дэ Лутэра; Giovanni de Lutera; каля 1479—90, г. Мантуя (?), Італія — 26.7.1542], італьянскі жывапісец Позняга Адраджэння, прадстаўнік ферарскай школы жывапісу. Працаваў пры двары герцагаў ферарскіх. Аўтар эмацыянальна-рамант. карцін на міфалагічныя, алегарычныя і рэліг. тэмы, часта напісаных на фоне паэтычна-казачнага пейзажа («Німфа і сатыр», «Апалон, які іграе на скрыпцы», 1530-я г.). Ствараў таксама партрэты («Партрэт Альфонса д’Эстэ», пасля 1528) і дэкар. размалёўкі.