дзяржаўнае ўтварэнне ў Зах. Судане ў 8—17 ст. на тэр. сучасных Малі і Гвінеі, у раёне верхняга цячэння р. Нігер. Этн. аснова М. — плямёны мандынга. Да пач. 13 ст. знаходзілася ў залежнасці ад Ганы. З 11 ст.дзярж. рэлігія М. — іслам. У 2-й пал. 13 ст. пры мансе (правіцелі) Сундзьяце пачаўся хуткі ўздым М. (сталіца — г. Ніяні). Дасягнула росквіту пры Мусе I (1312—37) і Сулеймане (1341—60), калі М. займала тэр. ад Атлантычнага ак. да г. Гао ў сярэднім цячэнні Нігера. Асновай багацця быў гандаль рабамі і золатам. З 1370-х г. пачаўся заняпад, з 2-й пал. 15 ст. М. ў залежнасці ад дзяржавы Сангаі. У 17 ст. існавала як невял. вобласць вакол паселішча Кангаба, дзе захавалася ўлада царскага клана Кейта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕ́СТАР ІСКАНДЭ́Р,
рускі пісьменнік 15 ст. Верагодны аўтар «Аповесці пра ўзяцце Царграда туркамі ў 1453 г.». У пасляслоўі аднаго са спісаў «Аповесці» ёсць імя аўтара — Н.І. Пра сябе ён паведамляе, што ў маладосці трапіў у палон да туркаў, прыняў іслам, удзельнічаў у многіх паходах. Ён запісваў усё бачанае у час аблогі і ўзяцця Канстанцінопаля султанам Мехмедам II, а таксама сабраў звесткі пра абарону горада. У «Аповесці» выкладзена гісторыя Канстанцінопаля ад часоў яго заснавання, асабліва падрабязна расказваецца пра аблогу візант. сталіцы туркамі і яе ўзяцце. Аўтар імкнецца паказаць непазбежнасць гібелі Канстанцінопаля, які ўвязнуў у граху, і адначасова ўслаўляе мужнасць яго абаронцаў. Твор спалучае шмат сапраўдных звестак і сюжэтны вымысел і ўяўляе сабой адзіны тэкст, які вызначаецца высокім літ. майстэрствам. На думку большасці даследчыкаў, «Аповесць» — пазнейшая апрацоўка запісаў Н.І.
Літ.:
Древнерусская литература: Источниковедение. Л., 1984. С. 84—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАХАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,
дзяржава ва Усх. Туркменістане, Сямірэччы, Паўд. Прыцяньшанні, міжрэччы Амудар’і і Сырдар’і (цяпер тэр. Кыргызстана, Таджыкістана, часткова Узбекістана, Казахстана і Кітая) у 10 ст. — 1212. Сталіцы: гарады Кашгар, Баласагун і Узген. Утворана цюрк. плямёнамі (у сярэдзіне 10 ст. прынялі іслам) карлукаў, чыгіляў, ягма і інш. (ад ягма паходзіла правячая дынастыя Караханідаў, якую заснаваў Абдулкарым Сатук Карахан). Канчаткова склалася ў канцы 10 ст., калі правіцелі (богра-ханы) Харун і яго пераемнік Наср I знішчылі Саманідаў дзяржаву і авалодалі Маверанахрам з гарадамі Бухара і Самарканд. Падзялялася на ўдзелы на чале з ілек-ханамі з роду Караханідаў. Гал. формай землеўладання была ікта. У канцы 11 — пач. 12 ст. трапіла ў залежнасць ад Сельджукскай дзяржавы, з 1130—40-х г. пад вярх. уладай Каракітаяў дзяржавы. У 1212 рэшткі К. дз. ліквідаваны харэзмскім шахам Мухамедам, які забіў апошняга караханідскага правіцеля Клыч-Арслана ібн Клыча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́МАЎ (Іслам Абдуганіевіч) (н. 30.1.1938, г. Самарканд, Узбекістан),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Узбекістана. Канд.эканам.н. Скончыў Сярэднеазіяцкі політэхн.ін-т, Ташкенцкі ін-тнар. гаспадаркі. У 1960—66 працаваў у Ташкенце, у т. л. на з-дзе «Ташсельмаш». У 1966—83 у Дзяржплане Узб. ССР: гал. спецыяліст, пам. старшыні, нач. аддзела, упраўлення, нам. і 1-ы нам. старшыні. У 1983—86 міністр фінансаў Узб. ССР. У 1986 нам. старшыні СМ і старшыня Дзяржплана Узб. ССР. У 1986—89 1-ы сакратар Кашкадар’інскага абкома Кампартыі Узбекістана, у 1989—91 1-ы сакратар ЦК Кампартыі Узбекістана, з 1990 адначасова прэзідэнт Узб. ССР, з вер. 1991 прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан, у ліст. 1990 — студз. 1992 адначасова старшыня Кабінета міністраў. Чл.ЦККПСС і Палітбюро ЦККПСС (1990—91). Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1984, нар.дэп.СССР (1989 — студз. 1992). Аўтар кнігі «Узбекістан па шляху паглыблення эканамічных рэформаў» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛГА́РЫЯ ВО́ЛЖСКА-КА́МСКАЯ, Булгарыя,
сярэдневяковая дзяржава ў Сярэднім Паволжы і Прыкам’і (на тэр. сучаснага Татарстана) у 10—14 ст. Пачала фарміравацца ў канцы 7 ст. Канчаткова як дзяржава вылучылася з Хазарскага каганата пасля яго разгрому ў 960-я г. войскамі кіеўскага князя Святаслава. Сталіца — г. Булгар, з 12 ст.г. Біляр. Насельніцтва — балгары волжска-камскія, фіна-угорскія народы і інш. На чале дзяржавы стаяў эльтэбер (адпавядаў беку ці эміру), пры яго двары чаканіліся манеты. З 10 ст. ў гасп. дзейнасці пераважала земляробства, дзярж. рэлігіяй стаў іслам. Значнае развіццё атрымаў гандаль з усх. краінамі, Руссю, Скандынавіяй і паўн. угра-фінскімі плямёнамі. У ваен. і гандл. адносінах сапернічала з Кіеўскай Руссю, пазней — з Уладзіміра-Суздальскім княствам. Да 1241 трапіла пад уладу мангола-татараў. У 2-й пал. 13 ст. падзялілася на Балгарскае і Жукоцінскае княствы, якія ў 1390-я г. разбіў Цімур. Нашчадкамі культуры Балгарыі Волжска-Камскай з’яўляюцца сучасныя татары, чувашы.
Літ.:
Фахрутдинов Р.Г. Очерки по истории Волжской Булгарии. М., 1984;
Волжская Булгария и Русь: (к 1000-летию русско-булгарского договора). Казань, 1986;
Волжская Булгария и монгольское нашествие. Казань, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСМА́ЦТВА (цюрк.),
антысавецкі ўзброены нац.-рэлігійны рух у Сярэдняй Азіі ў 1917—26. Мэта руху — звергнуць сав. ўладу ў сярэднеазіяцкіх рэспубліках і адарваць іх ад Расіі. Арганізоўвалася і ўзначальвалася феадаламі і мусульм. духавенствам, мела падтрымку і цесныя сувязі з белай гвардыяй, уладамі Турцыі, Афганістана, Кітая. Непасрэдныя кіраўнікі басмацтва — арг-цыі «Шура-і-Іслам», «Улема», «Алаш» і інш., якія стварылі ў Туркестане аўтаномны ўрад (гл.Какандская аўтаномія). Першыя басмацкія атрады з’явіліся ў канцы 1917 у Какандзе. Вясной 1918 басмачы распачалі актыўныя дзеянні ў раёне г. Ош. У 1918—20 асн. арэнай басмацтва стала Ферганская даліна. У кастр. 1921 у Бухару прыбыў б.ваен. міністр Турцыі Энвер-паша і стварыў адзіную басмацкую армію (каля 16 тыс.чал.), якая вясной 1922 захапіла значную ч.тэр.Бухарскай народнай савецкай рэспублікі. Моцны ўдар атрадам Энвера быў нанесены ў чэрв. 1922, сам ён загінуў у баі ў жн. 1922, да канца года асн. сілы басмачоў у Харэзме і Фергане былі разбіты Чырв. Арміяй. Даўжэй за ўсіх пратрымаліся атрады Джунаід-хана ў Харэзме (ліквідаваны на пач. 1924) і Ібрагімбека ў Бухары (разгромлены ў 1926).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНЫЯ НАВУЧА́ЛЬНЫЯ ЎСТАНО́ВЫ,
рыхтуюць служыцеляў культу і даюць тэалагічную адукацыю. Першыя Д.н.ў. ўзніклі пры храмах Стараж. Егіпта і Стараж. Вавілона (2-е тыс. да н.э.) для падрыхтоўкі жрацоў (гл.Жрэцтва). Сучасныя Д.н.ў. падзяляюцца на вышэйшыя — тэалагічныя ун-ты і ін-ты, адпаведныя ф-ты пры свецкіх ун-тах, акадэміі; сярэднія — семінарыі, каледжы і ліцэі (хрысц.), медрэсэ (мусульм., бываюць таксама вышэйшымі), вышэйшыя тэалагічныя і каранічныя школы, ешыбот (іудаісцкія); ніжэйшыя — біблейскія, катэхізічныя, каранічныя, манастырскія і інш. школы. Найб. колькасць розных Д.н.ў. маюць сусветныя рэлігіі — будызм, іслам, хрысціянства.
На Беларусі першыя Д.н.ў. ўзніклі ў канцы 16 — пач. 17 ст. (гл.Езуіцкія навучальныя ўстановы, Кальвінісцкія школы). Былі закрытага ці паўзакрытага тыпу. Адукацыя мела пераважна гуманіт. характар. Праваслаўных святароў рыхтуюць Мінская духоўная акадэмія, Мінская вышэйшая духоўная семінарыя (в. Жыровічы Слонімскага р-на), каталіцкіх святароў — Гродзенская вышэйшая духоўная семінарыя У Мінску працуюць Біблейскі ін-т і Біблейская школа Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Тэалагічны ін-т і Біблейскі каледж («Хрыстос для народаў») Саюза хрысціян веры евангельскай, Вышэйшы завочны іудзейскі рэлігійны ешыбот, Вышэйшы духоўны каледж «Эйш Хаторы» («Агонь Торы») іудзейскага рэліг. аб’яднання. Святароў рыхтуе таксама багаслоўскі ф-тЕўрапейскага гуманітарнага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУХА́МЕД, Магамет (каля 570, г. Мекка — 632),
арабскі рэліг. і паліт. дзеяч, заснавальнік ісламу. Тагачасных крыніц пра жыццё М. не захавалася. Паводле біяграфіі, складзенай у 9 ст., ён паходзіў з араб. роду Бану-хашым з племя курэйшытаў, рана асірацеў. Напачатку быў пастухом, потым прыказчыкам. У Аравіі і па-за яе межамі азнаёміўся з хрысц., іудзейскім і некат. інш.рэліг. і паліт. вучэннямі. Паводле мусульм. уяўленняў, М. — прарок і пасланнік Алаха, праз якога людзям перададзены тэкст свяшчэннай кнігі мусульман — Карана. Каля 610 М. выступіў з пропаведдзю ісламу. Вёў жорсткую барацьбу супраць традыцыйна язычніцкай Меккі, абапіраючыся на дапамогу некаторых плямён Ясрыба (Медыны). У 622 перасяліўся ў Ясрыб, дзе выбраны правіцелем горада, ваяводам і вярх. суддзёй (гэты год лічыцца пачаткам мусульм. эры). У Ясрыбе ён знішчыў апазіцыю з боку іудзеяў, усталяваў монатэізм ісламу і ўладу арабаў. Стварыў у Аравіі супольніцтва, заснаванае на прыналежнасці да адзінай веры, а не на кроўнай сувязі. З 631 амаль усе навакольныя плямёны падпарадкаваліся яму і перайшлі ў іслам. Утварылася магутная цэнтралізаваная тэакратычная дзяржава, якая пачала праводзіць захопніцкую палітыку ў розных кірунках. Памёр і пахаваны ў Медыне, яго грабніца стала другой (пасля Каабы) святыняй ісламу.
Літ.:
Панова В.Ф., Вахтин Ю.Б. Жизнь Мухаммеда. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАВЫЗНА́ННЕ,
1) прыналежнасць да пэўнай рэлігіі; прызнанне асобай рэліг. вучэння якой-н. царквы. У краінах, дзе ажыццёўлена свабода сумлення, усім грамадзянам дадзена права свабодна выбіраць любое з веравызнанняў, арганізоўвацца ў рэліг. суполкі, выяўляць у набажэнствах і пропаведзях свае рэліг. перакананні. Рэліг. свабода, упершыню абвешчаная ў час Франц. рэвалюцыі 1789—99, з цягам часу пашырылася на інш. краіны. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае «права самастойна вызначаць свае адносіны да рэлігіі, асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у адпраўленні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў».
2) Рэлігійнае аб’яднанне, якое мае сваё распрацаванае веравучэнне, культ і ўстойлівую арганізац. структуру. Падрабязна распрацаванае з дагматычнымі ўстанаўленнямі, выкладзенае ў спец. палажэннях веравучэнне наз.канфесіяй. У сучасным разуменні веравызнанне — прыналежнасць да пэўнай царквы ў веравучэнні і абраднасці. Звычайна тэрмін «веравызнанне» ўжываецца ў дачыненні да рэліг. кірункаў, якія маюць развітую багаслоўскую школу — хрысціянства, іудаізм, іслам, будызм. На Беларусі дзейнічаюць арг-цыі і абшчыны, вернікі якіх належаць да праваслаўнай, рымска-каталіцкай, грэка-каталіцкай, стараверскай, новаапостальскай цэркваў, евангельскіх хрысціян-баптыстаў, адвентыстаў сёмага дня, сведкаў Іеговы, іудзейскай, мусульманскай рэлігій і інш. Веравызнанні і іх дзейнасць ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законам Рэспублікі Беларусь «Аб свабодзе веравызнанняў і рэлігійных арганізацыях» (1992).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕДРЭСЭ́ (араб.),
сярэдняя і вышэйшая мусульм.навуч. ўстанова для падрыхтоўкі служыцеляў культу, настаўнікаў пач.мусульм. школ, а таксама служачых дзярж. апарата ў краінах Блізкага і Сярэдняга Усходу. Пашыраны з 9—13 ст. у краінах, дзе пераважала насельніцтва, якое вызнавала іслам. Ствараліся звычайна пры вял. мячэцях. У навуч. праграме М. — араб. мова, тэалагічныя, юрыд., гіст. і інш. прыкладныя дысцыпліны. М. дзейнічаюць у Рас. Федэрацыі (напр., у Маскве, Казані, Махачкале, Уфе), а таксама ва Узбекістане (Міры-Араб у Бухары), Азербайджане (Баку) і інш.
Як тып арх. збудавання склалася ў 10—11 ст. 1—2-павярховы будынак М. ўключае размешчаныя вакол прамавугольнага ці квадратнага двара мячэць ці малітоўную залу, аўдыторыю, келлі, пахавальню заснавальніка. М. розных рэгіёнаў адрозніваюцца планіроўкай і канструкцыямі: у Сярэдняй Азіі мячэць і аўдыторыя размяшчаюцца ў корпусе па баках цэнтр. партала, у Сірыі і Егіпце яны займаюць памяшканні на цэнтр. восях двара ці адкрытыя ў двор айваны (скляпеністыя залы), у Турцыі двор М. перакрываўся вял. купалам, у Цэнтр. і М. Азіі звычайна выкарыстоўвалі скляпеністыя перакрыцці, у Паўн. Афрыцы — кроквенныя дахі. М. аздаблялі разьбой, паліваным і размаляваным дэкорам: М.Бу-Інанія ў г. Фес (Марока; 14 ст.), Улугбека (15 ст.) і Шыр-Дор (17 ст.) у Самаркандзе, Міры-Араб у Бухары (16 ст.; усе Узбекістан).