АЛУНІ́ТАВАЯ РУДА́,

прыроднае мінер. ўтварэнне, якое складаецца з алуніту (30—55%), кварцу, халцэдону і апалу (разам 40—50%), гліністых мінералаў (каалініт) і прымесяў вокіслаў жалеза, ільменіту, цыркону і інш. Шчыльная масіўная парода (каля 2,7 г/см³). Фарміруецца ў абласцях маладога вулканізму. Комплексная сыравіна: атрымліваюць гліназём, сульфат калію (калійныя ўгнаенні), серную кіслату, ванадый, галій. Здабываюць звычайна адкрытым спосабам. Радовішчы ў Расіі, Азербайджане, на З Украіны, у ЗША, Кітаі, Аўстраліі, Іране, Мексіцы, Італіі, Індыі і інш.

т. 1, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,

дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРХЕ́,

рака ў Іране і Іраку (нізоўі). У верхнім цячэнні наз. Гамасіяба, у сярэднім — Сеймерэ. Даўж. 870 км, пл. бас. 50 тыс. км². Пачынаецца ў гарах Загрос, цячэ пераважна па днішчах глыбокіх цяснін і каньёнаў, ніжняе цячэнне — па раўнінах Хузістана, дзе падзяляецца на рукавы і губляецца ў балотах Эль-Хавіза. У час разводдзя частка сцёку паступае ў р. Тыгр. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні каля 220 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 8, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІТРАІ́ЗМ,

рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі да н.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.

т. 10, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДАШЫ́Р I, Арташыр Папакам (каля 180 — 22.9.239 або 241),

заснавальнік і першы цар [224—241] дынастыі Сасанідаў у Іране. Служыў у правіцеля парфянскай крэпасці ў Фарсе. Каля 200 стаў правіцелем гэтай крэпасці, падпарадкаваў гарады Фарс, Керман і Гей (сучасны г. Ісфахан). 28.5.224 пры падтрымцы знаці і жрацоў разбіў войскі парфянскага цара Артабана V, пасля чаго Парфянскае царства перастала існаваць. Стварыў Сасанідаў дзяржаву. У выніку барацьбы Ардашыра з Рымам за Месапатамію і Арменію, войнаў на Усходзе значна пашырыў тэр. дзяржавы.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМСІ́Р, Дэштэстан,

паласа прыбярэжных пустынных раўнін уздоўж берагоў Аманскага заліва і Армузскага праліва, у Іране і Пакістане. Агульная даўж. больш за 1000 км, шыр. да 80 км. У рэльефе — нахіленая раўніна з пясчанымі ўзвышшамі, якая пераходзіць у прыморскую нізіну, месцамі забалочаную. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра студз. (г. Джаск) 19,4 °C, ліп. 32,5 °C, ападкаў каля 120 мм за год. Пераважаюць глебы пустынь, месцамі — саланчакі. Пустынная хмызнякова-эфемерная расліннасць, месцамі каля берагоў — мангравыя зараснікі. Пашавая жывёлагадоўля.

т. 5, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́РВІШ, дарвіш (перс. літар. бядняк, жабрак),

член мусульм. містычнага брацтва, суфій (гл. Суфізм). Сяліліся ў суфіцкіх манастырах як вандроўныя аскеты (факіры), жылі з міласціны. Брацтвы Д., заснаваныя на вучэнні суфізму, узніклі ў 11—13 ст., асабліва пашыраны ў Іране і Сярэдняй Азіі. Гал. прынцыпы Д. — беднасць, аскетызм і поўнае прысвячэнне Богу, гал. мэта — містычнае ўз’яднанне з Богам, якога імкнуліся дасягнуць шляхам рытуальнай малітвы, у некаторых брацтвах спалучанай з экстатычным танцам або акампанементам муз. інструментаў.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСНЕ́ЖНІК (Galanthus),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. 18 відаў. Пашыраны ў Зах. Еўропе, на Каўказе, у М. Азіі, Іране. Трапляюцца ў горных лясах, на высакагорных лугах. На Беларусі часта наз. П. раннеквітучыя расліны (кураслеп дуброўны, пралеска высакародная і інш.); вырошчваюць П. беласнежны (G. nivalis), складкаваты (G. plicatus), Эльвеза (G. elwesii).

Шматгадовыя цыбульныя травы выш. да 30 см. Лісце (звычайна 2) лінейнае. Кветанос з адной паніклай белай кветкай. Размнажаюцца насеннем, якое разносяць мурашкі. Дэкар. расліны.

Падснежнік беласнежны.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНАЦВЕ́Т, восеннік (Colchicum),

род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і, Іране і на У — да Паўн. Індыі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрап. рэліктавы від — П. асенні (C. autumnale), занесены ў Чырв. кнігу Як дэкар. расліну вырошчваюць П. цудоўны (C. speciosum).

Шматгадовыя клубнецыбульныя расліны з кароткім сцяблом. Лісце лінейнае або шырока-ланцэтнае. Кветкі (1—8) буйныя, рознай афарбоўкі, у некат. відаў паяўляюцца ў канцы лета ці восенню (адсюль назва). Плод — каробачка. Лек., дэкар. расліны. Ядавітыя.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

алка́на

(н.-лац. alcanna, ад ар. al-hinna = хна)

травяністая расліна сям. бурачнікавых з шорсткім лісцем, пашыраная ў Міжземнамор’і, Сірыі, Іраку, Іране; дае алканін.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)