КАЛІНО́ЎСКІ Канстанцін Браніслававіч (13.10.1897, г. Смаленск — 12.7.1931),

ваенны дзеяч, удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Вышэйшую ваен. аўтабранявую школу РСЧА (1919), Ваен. акадэмію РСЧА у Маскве (1925). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з чэрв. 1918, удзельнік баёў на Паўн. фронце. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, камандзір і ваенком браняпоезда. За баі каля ст. Зябкі чыг. Полацк—Маладзечна (ліп. 1920), у раёне г. Пінск і пры абароне пераправы цераз р. Ясельда (вер.) узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга (1920, 1921). З 1925 ваен. саветнік рэв. войск у Кітаі, інспектар бранявых сіл РСЧА. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСКІ Ян Калікставіч (сапр. Кулікоўскі; 1898, маёнтак Бутрымавічы Трокскага пав. Віленскай губ., цяпер Літва —27.11.1937),

савецкі дзярж. дзеяч. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У 1917—18 на парт. і сав. рабоце ў Вільні. З 1919 у органах дзяржбяспекі: у 1921—22 старшыня ЧК, у 1922—23 — ДПУ БССР. У 1923—31 гал. інспектар Гал. інспекцыі войск АДПУ, нам. нач. асобага аддзела, пам. нач., потым нач. контрразведкі АДПУ, нач. асобага аддзела АДПУ пры СНК СССР. З 1931 на гасп. рабоце. 30.5.1937 арыштаваны «як удзельнік шпіёнскай і тэрарыстычнай польскай арганізацыі» і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1955.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́НСЕН (Hansen) Крысціян Фрэдэрык (29.11.1756, Капенгаген — 10.7.1845),

дацкі архітэктар; прадстаўнік класіцызму. Вучыўся ў АМ у Капенгагене (да 1774); выкладчык (у 1808—35 праф.) і дырэктар (1811—21, 1827—30) у ёй. У 1782—1800 працаваў у Германіі і Італіі. З 1808 вышэйшы інспектар па буд-ве ў Даніі. Асн. творы ў Капенгагене: пасля пажару 1794 аднавіў у стылі класіцызму палац Крысціянсбарг (1800—20), цэрквы, у т. л. Маці Божай (1811—29), у двары палаца Крысціянсбарг (1826—28), ратуша, школа Метрапалітан (абедзве 1816) і інш.

К.Ф.Хансен. Інтэр’ер царквы Маці Божай у Капенгагене. Літаграфія.

т. 16, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАШЫ́ЛАЎ Міхаіл Сяргеевіч (3.1.1821, Жлобінскі р-н Гомельскай вобласці — 29.11.1870),

мастак. Скончыў Харкаўскі ун-т (1844). У 1859 адкрыў вячэрнія рысавальныя класы пры Кіеўскім ун-це. У 1866—70 інспектар Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства. Пісаў партрэты, палотны на бел. і ўкр. тэмы, ілюстраваў класічныя творы рус. (ілюстрацыі да камедыі А.​Грыбаедава «Гора ад розуму», 1862) і ўкр. літаратур. Найб. вядомыя партрэты: бацькі (1838), С.​Бяленкі, укр. пісьменнікаў І.​Катлярэўскага і Р.​Квіткі-Аснаўяненкі (1840-я г.), жанравыя карціны: «Прыйшло пісьмо ад сына» (1854), «Наймічка» (1857), «Селянін у бядзе» (1866).

М.Башылаў. Ілюстрацыя да камедыі А.​Грыбаедава «Гора ад розуму». 1862.

т. 2, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАВІ́ЛЬШЧЫКАЎ Пётр Аляксеевіч (4.4.1760, Масква — 30.10.1812),

рускі акцёр і драматург. Скончыў Маскоўскі ун-т (1779). У 1779—93 акцёр Пецярбургскага т-ра (у 1787—93 інспектар трупы), потым на маскоўскай сцэне. Выступаў у трагедыях, бытавых камедыях і мяшчанскай драме: Ярб («Дыдона» Я.​Княжніна), Эдып («Эдып у Афінах» У.​Озерава), Праўдзін і Скацінін («Недаростак» Дз.​Фанвізіна) і інш. Заклікаў да паказу ў мастацтве «трэцяга саслоўя» — мяшчанства, купецтва (праграмныя артыкулы ў час. «Зритель», 1792, разам з І.​Крыловым). Аўтар камедый з сялянскага і купецкага побыту «Бабыль» (паст. 1790), «Сядзелец» (паст. 1803), трагедый «Рурык» (пад назвай «Усяслаў», паст. 1791), «Ярмак, пакарыцель Сібіры» (1803) і інш.

т. 12, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗІНЬ, Радзіня (Radziņa; па мужу Шалконе,

Šalkone) Элза Янаўна (н. 10.2.1917, г. Харкаў, Украіна), латвійская актрыса. Нар. арт. СССР (1976). З 1936 у Елгаўскім, з 1953 у Валміерскім т-рах, з 1954 у Латвійскім т-ры драмы імя А.​Упіта (з 1989 Нац. т-р Латвіі). З 1949 здымалася ў кіно: «Райніс» (1949), «Гамлет» (1964), «Эдгар і Крысціна» (1966), «Кароль Лір» (1971), «Вей, ветрык!» (1974), «Насуперак лёсу» (1975), «Тэатр» (1978), «За шклянымі дзвярыма», «Інспектар Гул» (абодва 1979), «Сяргей Іванавіч ідзе на пенсію» (1981), «Тайна «Чорных драздоў» (1983), «Апошні візіт» (1984), «Фотаздымак з жанчынай і дзіком» (1987), «Мая і Пая» (1990) і інш.

Э.Я.Радзінь.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНКЕ́ВІЧ Аляксандр Андрэевіч (у манастве Анатолій; 1821—6.5.1903),

праваслаўны царк. дзеяч Беларусі, гісторык, публіцыст. Канд. багаслоўя (1853). З сям’і святара Мінскай епархіі. Скончыў Літоўскую духоўную семінарыю (1843), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1853). У 1844 пасвячоны ў святара, у 1848 прыняў манаства. З 1853 інспектар Мінскай духоўнай семінарыі, у 1860—68 рэктар Полацкай духоўнай семінарыі. У 1879 настаяцель царквы рас. пасольства ў Грэцыі. З 1886 епіскап балцкі. Друкаваў свае гіст.-публіцыст. і багаслоўскія працы ў літоўскіх, мінскіх і гродзенскіх «Епархиальных ведомостях». У 1886 падараваў Пецярбургскай духоўнай акадэміі 2 пергаментныя эфіопскія рукапісы, якія былі апісаны ў час. «Христианское чтение» (1887, №5—6).

В.​М.​Чарапіца.

т. 15, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УШЫ́НСКІ Канстанцін Дзмітрыевіч (2.3.1824, г. Туда, Расія — 3.1.1871),

заснавальнік пед. навукі ў Расіі, літаратар, журналіст. Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). У 1846—49 праф. Яраслаўскага Дзямідаўскага юрыд. ліцэя, адкуль звольнены з-за падазрэння ў паліт. ненадзейнасці. З 1850 у дэпартаменце замежных спраў, адначасова супрацоўнічаў у часопісах. З 1854 выкладчык і інспектар Гатчынскага сіроцкага ін-та, у 1859—62 інспектар Смольнага ін-та. Адначасова ў 1860—61 рэдагаваў «Журнал Министерства народного просвещения». У 1862 пад націскам кансерватараў пакінуў працу і выехаў у Швейцарыю для вывучэння школьнай адукацыі. З 1867 у Расіі, займаўся літ. дзейнасцю. Выступіў як тэарэтык і рэфарматар педагогікі, школьнай і настаўніцкай адукацыі. У аснове яго пед. сістэмы дэмакратызацыя нар. адукацыі і ідэя народнасці выхавання: прызнанне працоўнага народа як творчай сілы ў гіст. працэсе і яго права на паўнацэнную адукацыю. Развіваў прынцып адзінства адукацыі і выхавання, якія разглядаў як мэтанакіраваны працэс разумовага, маральнага, эстэт. і фіз. фарміравання асобы. Неабходнай перадумовай усебаковага развіцця чалавека лічыў працу, асн. задачай выхавання — падрыхтоўку чалавека да самаст. жыцця. Яго пед. ідэі адлюстраваны ў навуч. дапаможніках «Дзіцячы свет» (1861), «Роднае слова» (1864, шмат разоў перавыдавалася), фундаментальнай працы «Чалавек як прадмет выхавання: (Вопыт педагагічнай антрапалогіі)» (т. 1—2, 1868—69) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—11. М.; Л., 1948—52.

Літ.:

Лордкипанидзе Д.О. Педагогическое учение К.Д. Ушинского. 3 изд. М., 1954;

Струминский В.Я. Основы и система дидактики К.Д. Ушинского. М., 1957;

Соловейчик С.Л. Час ученичества. 2 изд. М., 1972;

Егоров С.Ф. К.​Д.​Ушинский. М., 1977;

К.​Д.​Ушинский: Библиогр. указ. тр. и лит. о жизни и деятельности К.​Д.​Ушинского (1848—1984). М., 1985.

К.​Дз.Ушынскі.

т. 16, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЎХІЧ (Brauchitsch) Вальтэр фон (4.10.1881, Берлін — 18.10.1948),

ваенны дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1900. Быў афіцэрам Ген. штаба ў 1-ю сусв. вайну. З 1932 ген.-інспектар артылерыі. Камандаваў 1-й ваен. акругай (з 1933) і 1-м армейскім корпусам (з 1935) ва Усх. Прусіі, 4-й армейскай групай (з 1937). У 1938—41 галоўнакаманд. сухап. войскамі вермахта. Кіраваў акупацыяй Аўстрыі (сак. 1938) і Чэхаславакіі (сак. 1939), кампаніямі супраць Польшчы, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Югаславіі і Грэцыі, СССР у пач. 2-й сусв. вайны. 19.12.1941 пасля правалу ням.-фаш. наступлення на Маскву і з-за рознагалоссяў з Гітлерам звольнены ў адстаўку. У 1945 арыштаваны англічанамі. Памёр у лагеры для ваеннапалонных у Гамбургу.

т. 3, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНТУ́РЫ (Venturi),

італьянскія мастацтвазнаўцы. Бацька і сын. Ураджэнцы г. Мадэна, Італія. Адольфа (4.9.1856—10.6.1941). У 1888—98 гал. інспектар мастацтваў у Рыме, з 1931 праф. Рымскага ун-та. Адзін з заснавальнікаў (1888) час. «Archivio Storico dell Arte» («Гістарычны архіў мастацтва», з 1898 «L’Arte» — «Мастацтва»). Аўтар «Гісторыі італьянскага мастацтва» (т. 1—25, 1901—40), якая ахоплівае 13—16 ст. Ліянела (25.4.1885—14.8.1961), праф. ун-таў у Турыне (1915—32) і Рыме (з 1945). Працы Вентуры па гісторыі мастацтва і мастацтвазнаўства («Джарджоне і джарджанізм», 1913; «Гісторыя мастацкай крытыкі» і «Сезан», 1936; «Жывапіс і жывапісцы», 1945; «Італьянскі жывапіс», т. 1—3, 1950—52) адметныя шырынёй ахопу гіст. праблем, трапнасцю характарыстык, аналогіяй абсалютнай свабоды ў самавыяўленні мастака.

т. 4, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)