Меч1 (м. р.) ’старадаўняя халодная зброя’ (ТСБМ, Яруш.), (ж. р. — Рам. 5; швянч., Сл. ПЗБ; Нар. Гом., ТС). Укр. меч і міч, рус. меч, перм. мечо́, ст.-рус. мечь, польск. miecz, н.-луж. mjac, в.-луж. mječ, чэш., славац. meč, славен. mȅč, серб.-харв. ма̏ч, макед., балг. меч, ст.-слав. мечь. Прасл. mečь і mьčь, якія разглядаліся як запазычанне з гоц. *mēkeis (гоц. mēki — В. скл.), ст.-ісл. mϰ kir, ст.-англ. méce, ст.-сакс. mâki (Міклашыч, Fremdw., 112; Мее, 110, 184; Вондрак, Vergl. gr., 1, 62), як роднасныя з лац. mactō, ‑āre ’забіць, зарэзаць’ (Торп, 303), са ст.-грэч. μάχη ’бітва’ (Младэнаў, 295), з ірл. machtaim (Вальдэ-Гофман, 2, 4). Фасмер (2, 612–613) дапускае запазычанне слав. і гоц. слоў з адной, невядомай нам крыніцы; Мартынаў (Лекс. взаим., 217–218) дапускае магчымасць запазычання з Блізкага Ўсходу праз каўказскія мовы (пры цюркскім пасрэдніцтве), параўн. дзідойск. mačʼaшабля’, куанадск. mīča ’кінжал’, груз. maχva ’востры меч’ і інш., ст.-грэч. μάχαιρα < ст.-яўр. mekērā(h). Сюды ж ме́чнік ’мечаносец’, ’рамеснік, які вырабляў мячы’ (ТСБМ), ст.-рус. мечьникъ (гл. Львоў, Рус. и слав. языкозн., 1972, 180).

Меч2, мечы́ны ’плоская дошчачка ў пачатку і на канцы драбіны’, ’папярочныя перакладзіны ў драўлянай баране’ (Смул.), укр. валынск. ме́чики ’лёстачкі ў драбіце’. Да мыч (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

худы́ 1, ‑ая, ‑ое.

З тонкім, сухарлявым целам. — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў. Не захацелася крыўдзіць Чарнова, які, нібы зачараваны, не зводзіў вачэй з худога няўклюднага каня. Васілевіч. // Пра часткі цела. І з усяе шчырасці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі. Мурашка. У Леўкіна худы твар, запалыя шчокі, насцярожаныя вочы. Ці можа мне толькі здаецца? Дадзіёмаў.

худы́ 2, ‑ая, ‑ое.

Разм.

1. Дрэнны. — Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... — скардзіўся.. [дзед] часам на сваё няўмельства Міколку. Лынькоў. Паўтары дзесяціны худой зямлі. Яе не большала, а сям’і прыбывала. Таўлай. Маці худое жыта жне і спяшаецца, каб не адстаць ад іншых жанчын, каб хутчэй скончыць сваю палоску. Каваль.

2. Дзіравы; стары. — Хто такі? — спытаў Мсціслаў. — Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),

казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв. Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.

2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс. чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВК СССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял. Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр. б. СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

крывы́, ‑ая, ‑ое.

1. Выгнуты, з загібамі; не роўны, не прамы. Крывы сук. Крывая шабля. □ Між палёў шырокіх, Як змяя якая, Цягнецца дарога, Вузкая, крывая. Колас. У лесе ўсякія дрэвы бываюць. Тое крывое, тое аднабокае. Ермаловіч.

2. Ненармальны, пакалечаны (пра часткі цела). Крывы палец. Крывое плячо. □ Калі ўжо, бывае, няма ніякай работы, — дзед, кульгаючы на крывую левую нагу, абыдзе за дзень усю ваколіцу. Якімовіч.

3. Разм. З пашкоджанай нагой (нагамі); кульгавы. Назаўтра на імя Міхала крывы Пракоп прынёс тэлеграму. Васілевіч. / у знач. наз. крывы́, ‑ога, м.; крыва́я, ‑ой, ж. Крывы з прамога смяецца. З нар.

4. Перакошаны, пахілены набок. У маленькіх крывых акенцах не ў меру пышна ззяла яснае святло. Зарэцкі. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы. Колас. // Які дае скажонае адлюстраванне. Крывое люстэрка.

5. перан. Іранічны, пагардлівы (пра позірк, ўсмешку і пад.). Гледзячы Кірылу проста ў вочы.., незнаёмы спытаў з крывой усмешкай: — Што ж гэта ты, друг сітны, сказаўшы «а», не сказаў «бэ». Не хапіла духу? Шамякін.

6. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж. Спец. Непрамая лінія. Правесці крывую.

7. у знач. наз. крыва́я, ‑ой, ж.; чаго. Графічны паказ пры дапамозе крывой лініі суадноснасці колькасных паказчыкаў якога‑н. працэсу. Крывая ападкаў. Крывая тэмпературы.

•••

Глядзець крывым вокам гл. глядзець.

Крывая душа гл. душа.

Крывое кола гл. кола.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)