НАПРУ́ЖАННЕ МЕХАНІ́ЧНАЕ,

мера ўнутраных сіл, што ўзнікаюць у цвёрдым целе (элементах збудаванняў, машын) пад уплывам знешніх уздзеянняў (нагрузак, змены т-ры і інш.). Значэнні Н.м. знаходзяць аналітычна метадамі супраціўлення матэрыялаў, тэорыі пругкасці і пластычнасці, а таксама з дапамогай тэнзометраў, оптыка-палярызацыйнымі і інш. метадамі. Адзінка Н.м. ў сістэме СІ — паскаль (Па).

Пры вывучэнні Н.м. ў адвольным пункце цела праз яго праводзяць уяўнае сячэнне, адкідаюць адну ч. цела і дзеянне яе замяняюць унутр. сіламі. Калі на элемент плошчы dS каля пункта A дзейнічае ўнутр. сіла dF→, то адносіны dF→ / dS наз. вектарам Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Складальныя вектара Н.м. па нармалі да сячэння /σ/ і па датычнай да яго /τ→/ наз. адпаведна нармальным і датычным Н.м. ў пункце A па пляцоўцы dS. Напружаны стан цела ў пункце A характарызуецца сукупнасцю вектараў Н.м. для ўсіх магчымых сячэнняў, што праходзяць праз гэты пункт. Н.м. бываюць часовыя (існуюць пэўны прамежак часу, напр., пры выкананні тэхнал. аперацый) і астаткавыя (на працягу значнага перыяду); гранічныя (вызначаюцца эксперыментальна пры мех. выпрабаваннях матэрыялаў), дапушчальныя (прызначаюць як пэўную ч. ад гранічных) і рабочыя (разліковыя, залежаць ад нагрузак на канструкцыю і яе памераў).

І.​І.​Леановіч.

Да арт. Напружанне механічнае.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКРЭ́ТНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ,

часовыя вярхоўна-бюракратычныя ўстановы ў Рас. імперыі ў 1-й пал. 19 ст. Ствараліся імператарам Мікалаем I для абмеркавання праектаў рэформ. Сакрэтны характар дзейнасці быў абумоўлены бояззю грамадскага хвалявання. Гал. пытаннем было сялянскае. Першы С.к. «6 снежня 1826» (фармальна дзейнічаў да 1832) пад старшынствам В.​П.​Качубея і М.​М.​Спяранскага створаны для выпрацоўкі агульнага плана дзярж. пераўтварэнняў, разглядаў і праекты асабістага вызвалення сялян. С.к. 1835—36 (гал. ролю адыгралі Спяранскі, Я.​Ф.​Канкрын і П.​Дз.​Кісялёў) абмяркоўваў пытанне аб паступовай замене прыгонных адносін дагаворнымі пры захаванні зямлі ў памешчыкаў. С.к. 1839—42 абмяркоўваў праект Кісялёва аб увядзенні інвентароў. С.к. 1846 разглядаў запіску кіраўніка МУС Л.​А.​Пяроўскага пра абмежаванне прыгоннага права шляхам рэгламентацыі адносін унутры вотчыны; к-ты 1840 і 1844 займаліся пытаннем звальнення дваровых, 1847 і 1848 — выкупам сялян з маёнткаў, якія падлягалі публічным таргам. Некаторыя С.к. паўплывалі на змены ў заканадаўстве аб прававым становішчы асобных саслоўяў (1831, 1832, 1842, 1844). Вопыт С.к. улічаны пры выпрацоўцы сялянскай рэформы 1861; апошні С.к. 1857 пераўтвораны ў 1858 у Галоўны камітэт па сялянскай справе.

Літ.:

Архипова Т.А. Секретный комитет 6 дек. 1826 // Тр. Моск. гос. ист.-арх. ин-та. М., 1965. Т 20;

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в М., 1993.

т. 14, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́НІІ (ад лац. colonia пасяленне) у біялогіі, сумесныя пасяленні груп аднаго, радзей некалькіх відаў, пастаянныя ці часовыя, абумоўленыя марфал., роднаснымі ці экалагічнымі ўзаемасувязямі, якія забяспечваюць асобінам лепшыя ўмовы існавання.

У раслін К. вядомы сярод водарасцяў; бываюць свабоднаплаваючыя і прымацаваныя, маюць разнастайную форму і памеры, ад 2 клетак (глеякапс) да многіх тысяч (вальвокс). У жывёл сапр. К. — сукупнасці асобін, арганічна звязаных паміж сабой, якія ўтварыліся ў выніку не даведзенага да канца дзялення ці пачкавання (гл. Каланіяльныя арганізмы), простыя тэр. намнажэнні адзінкавых форм (мідыі, марскія жалуды) або згуртаванні асобін аселых жывёл, якія маюць пастаянныя сховішчы (многія віды кажаноў, мурашкі і інш.); згуртаванні з больш складанымі ўзаемасувязямі паміж асобінамі, калі некат. функцыі ў пасяленнях выконваюцца супольна (напр., абарона ад ворагаў і папераджальная сігналізацыя на птушыных базарах, «дзіцячыя сады» ў пінгвінаў, пасяленні ластаногіх, суслікаў); К. грамадскіх насякомых (мурашак, пчол, тэрмітаў і інш.), у якіх асобіны сумесна выконваюць большасць функцый — размнажэння, абароны, забеспячэння кормам, будаўніцтва і інш. (з абавязковым размеркаваннем працы і спецыялізацыяй асобін або ўзроставых груп на выкананні вызначаных аперацый) і дзейнічаюць на аснове пастаяннага абмену інфармацыяй паміж сабой. К. мікраарганізмаў — сукупнасць клетак або міцэлію, якая ўтвараецца ў працэсе іх росту і размнажэння на штучным пажыўным асяроддзі, на паверхні прадуктаў харчавання або ў глебе, грунце вадаёмаў і інш.

Э.​Р.​Самусенка.

Калоніі: 1 — водарасць вальвокс, 2 — эпізаантус; 3 — паразаантус.

т. 7, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОНТРРЭФО́РМЫ»,

заканадаўчыя пераўтварэнні ў Расійскай імперыі ў 1880 — пач. 1890-х г., накіраваныя на абмежаванне і перагляд бурж. рэформ 1860—70-х г., на ўмацаванне ўлады самадзяржаўя і дваран. 27.8.1882 прыняты часовыя правілы аб друку, якія ўводзілі т. зв. «карную цэнзуру». У 1884 новы універсітэцкі статут скасаваў аўтаномію ВНУ. У 1885 заснаваны Дваранскі зямельны банк з мэтай падтрымкі дваранскага землеўладання. У 1886 уведзены абмежаванні сямейных падзелаў для сялян і закон аб найме с.-г. рабочых. У 1887 павышаны цэнз для выбрання прысяжных засядацеляў у судзе. Цыркуляр ад 18.7.1887 аднавіў у пачатковых і сярэдніх школах саслоўныя прынцыпы. 12.7.1889 прыняты закон аб земскіх начальніках, скасаванні ін-та міравых судоў і ўстанаўленні кантролю павятовых прадвадзіцеляў дваранства над павятовымі з’ездамі земскіх начальнікаў. У 1889 з вядзення суда прысяжных забраны шэраг судовых спраў (асабліва тых, якія датычылі супраціўлення ўладам) і абмежавана публічнасць судоў. 12.6.1890 ўведзены саслоўныя курыі для выбаршчыкаў, сяляне былі пазбаўлены права непасрэднага выбару земскіх гласных. Законам ад 11.6.1892 ніжэйшыя слаі выключаны з гарадскіх выбаршчыкаў. На Беларусі, дзе ў сувязі з паўстаннем 1863—64 дзейнічаў рэжым выключных законаў, «К.» ўводзіліся пазней і з істотнымі адступленнямі. Напр., суд прысяжных і судовыя статуты тут ўведзены ў 1883, ін-т земскіх начальнікаў — у 1900 і толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губ. Земскае палажэнне 1890 наогул не было пашырана На Беларусь.

М.​А.​Сакалова.

т. 8, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНО́Д (ад грэч. synodos сход),

сход вышэйшых духоўных асоб у хрысц. царкве. У 1721—1917 Свяцейшы Усерас. С. — вышэйшы орган кіравання ў Рускай праваслаўнай царкве (РПЦ). Усталяваны вярх. самадзярж. уладай замест скасаванага патрыяршаства, падпарадкоўваўся імператару. Паводле рэгламенту, у склад С. ўваходзіла 12 іерархаў царквы. Дзярж. нагляд над С. ажыццяўляў свецкі чыноўнік, прызначаны імператарам, — обер-пракурор. Праз яго падтрымліваліся ўсе сувязі С. з дзярж. органамі. Пасля аднаўлення патрыяршаства (1917) С. у РПЦ дзейнічае як царк. дарадчы орган пры патрыярху Маскоўскім і ўсяе Русі. У наш час у склад С. ўваходзяць пастаянныя члены: мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Украіны, мітрапаліт мінскі і слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт санкт-пецярбургскі і ладажскі, мітрапаліт круціцкі і каломенскі, старшыня аддзела знешніх царк. зносін, кіраўнік спраў Маскоўскай патрыярхіі; і часовыя члены — епархіяльныя архірэі, якія па чарзе ўдзельнічаюць у рабоце С. На Беларусі з усталяваннем у 1989 Бел. экзархата дзейнічае Сінод Беларускай праваслаўнай царквы. У інш. правасл. цэрквах таксама існуюць С. з рознымі функцыямі. У каталіцкай царкве з 1960-х г. дзейнічае С. біскупаў як орган пры папе рымскім. С. на чале з патрыярхамі ёсць і ў некат. усх. цэрквах ва уніі з Ватыканам — копцкага, халдзейскага і інш. абрадаў. У пратэстантызме С. — сход духоўных і свецкіх асоб, які перыядычна склікаецца для прыняцця рашэнняў па рэліг. справах.

Г.​М.​Шэйкін.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,

галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец. к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).

В.​М.​Іваноў.

т. 5, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯСЦО́ВЫЯ САВЕ́ТЫ ДЭПУТА́ТАЎ у Рэспубліцы Беларусь,

прадстаўнічыя органы дзярж. улады на тэр. адм.-тэр. адзінак і асн. звяно мясц. самакіравання. Адзіная сістэма М.с.д. складаецца з сельскіх, пасялковых, гар., раённых і абласных Саветаў. Існуюць 3 тэр. ўзроўні М.с.д.: першасны, базавы і абласны. Да першаснага тэр. ўзроўню адносяцца сельскія, пасялковыя, гар. (гарадоў раённага падпарадкавання) Саветы, да базавага — гар. (гарадоў абл. падпарадкавання) Саветы, да абласнога — абл. Саветы. Мінскі гар. Савет валодае статусам базавага і абласнога. М.с.д. выбіраюцца грамадзянамі адпаведных адм.-тэр. адзінак тэрмінам на 4 гады. Выбары дэпутатаў праводзяцца па аднамандатных выбарчых акругах на аснове ўсеаг., свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаванні. Апошнія выбары ў М.с.д. 23-га склікання адбыліся ў красавіку 1999 (выбрана 24 058 дэпутатаў).

У межах сваёй кампетэнцыі М.с.д. вырашаюць пытанні мясц. значэння, зыходзячы з агульнадзярж. інтарэсаў і інтарэсаў насельніцтва, што пражывае на адпаведнай тэрыторыі, выконваюць рашэнні вышэйстаячых дзярж. органаў. Да выключнай іх кампетэнцыі адносяцца: зацвярджэнне праграм эканам. і сац. развіцця, мясц. бюджэтаў і справаздач аб іх выкананні; устанаўленне ў адпаведнасці з законам мясц. падаткаў і збораў; вызначэнне ў межах, устаноўленых законам, парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю; назначэнне мясц. рэферэндумаў. М.с.д. з’яўляюцца юрыд. асобай, ажыццяўляюць дзейнасць праз сесіі, пастаянныя і часовыя камісіі, інш. органы Саветаў, а таксама шляхам рэалізацыі дэпутатамі сваіх паўнамоцтваў. М.с.д. падсправаздачныя ў сваёй дзейнасці грамадзянам, якія пражываюць на адпаведнай тэрыторыі, і адказныя перад імі. На аснове дзеючага заканадаўства М.с.д. прымаюць рашэнні, якія маюць абавязковую сілу на падведамнай ім тэрыторыі.

В.​А.​Кадаўбовіч.

т. 11, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТЫТУ́ЦЫЯ (ад лац. constitutio устанаўленне, пабудова),

асноўны закон дзяржавы, які вызначае грамадскі і дзярж. лад, парадак і прынцыпы ўтварэння прадстаўнічых органаў улады, выбарчую сістэму, правы і абавязкі грамадзян; аснова заканадаўства дзяржавы. У матэрыяльным сэнсе К. — пісаны акт, сукупнасць актаў або канстытуцыйных звычаяў, якія перш за ўсё абвяшчаюць і гарантуюць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, а таксама вызначаюць асновы грамадскага ладу, форму праўлення і тэр. пабудовы, асновы арганізацыі цэнтр. і мясц. органаў улады, правасуддзя, іх кампетэнцыю і ўзаемаадносіны, дзярж. сімволіку, сталіцу; у фармальным сэнсе — закон, які валодае найвыш. юрыд. сілай адносна ўсіх астатніх законаў. Яна афіцыйна замацоўвае каштоўнасці, ін-ты і нормы канстытуцыйнага ладу, асновы дзярж.-прававога рэгулявання грамадскіх сувязей і адносін дзярж. улады. Паводле формы К. падзяляюцца на кадыфікаваныя (калі яна ўяўляе сабой адзіны пісаны акт, што рэгулюе ўсе асн. пытанні канстытуцыйнага характару), некадыфікаваныя (калі тыя ж пытанні рэгулююцца некалькімі пісанымі актамі) і змешаныя (калі апрача парламенцкіх законаў, суд. прэцэдэнтаў, уключае звычаі і дактрынальныя тлумачэнні — меркаванні вучоных). Паводле спосабу ўнясення ў іх змяненняў К. бываюць гібкія (змены ўносяць шляхам звычайнага закона) і цвёрдыя (папраўкі ўносяць толькі праз спец. ўскладненую працэдуру, якая патрабуе кваліфікаванай большасці галасоў членаў парламента, а часам правядзення рэферэндуму). Паводле тэрмінаў дзеяння К. падзяляюцца на пастаянныя і часовыя. Кантроль за выкананнем К. ў розных краінах ускладаецца на вярх. або канстытуцыйныя суды.

Тэрмін «К.» існуе з часоў Стараж. Рыма, дзе К. наз. кадыфікацыя публічна-нарматыўных актаў (т.зв. імператарскія К.). Першымі К. ў сучасным сэнсе лічацца паліт. акты перасяленцаў у Амерыку, а таксама канстытуцыйныя акты Вялікабрытаніі (13—16 ст.). На Беларусі ў 16 ст. своеасаблівымі феад. К. былі Статуты ВКЛ 1529, 1566, 1588.

Г.​А.​Маслыка.

т. 7, с. 598

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

о́рган, ‑а, м.

1. Частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю. Органы пачуццяў. Сэрца — орган рэдкай працаздольнасці.

2. перан. Сродак, зброя. Суд у нашай краіне — гэта не толькі орган прымусу. «Звязда».

3. Установа, арганізацыя, якая ўваходзіць у склад сістэмы ўпраўлення і выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця. Органы савецкай улады. Гаспадарчыя органы. □ Да вайны .. [Лёня] працаваў у Мінску ў органах бяспекі. Новікаў. У брыгадзе выбраны савет з найбольш актыўных і паважаных работнікаў. На кароткіх сваіх пасяджэннях пасля работы гэтыя аўтарытэтныя брыгадныя органы падводзяць вынікі работы за дзень. Кулакоўскі.

4. Перыядычнае выданне, якое выпускаецца якой‑н. партыяй, арганізацыяй і выражае іх погляды і дзейнасць.

5. Састаўная частка розных прылад, якая выконвае пэўную функцыю. Сепарыруючыя органы камбайна. Рабочыя органы бараны.

•••

Правізорныя органы — часовыя органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёлін, якія знікаюць у працэсе развіцця арганізма.

Рудыментарны орган — орган, які страціў сваё значэнне ў працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў або які знаходзіцца на шляху да поўнага знікнення.

[Ад грэч. órganon — прылада, інструмент.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАРСКІ́Я ЦЯЧЭ́ННІ, акіянічныя цячэнні,

паступальныя рухі водных мас у акіянах і морах. Абумоўлены дзеяннем сілы трэння, градыентамі ціску, прыліваўтваральнымі сіламі Месяца і Сонца, адхіляючай сілай вярчэння Зямлі і інш. Адны з першых звестак пра цячэнні апісаны стараж. грэкамі. Арыстоцель адзначаў цячэнні ў пралівах Керчанскі, Басфор і Дарданелы, Тэафраст — у Гібралтарскім праліве. Карфагеняне ведалі М.ц. ў паўн. ч. Атлантычнага ак. Назіранні за цячэннямі ў адкрытым акіяне праводзіў Х.​Калумб у час плавання ў Амерыку. М.ц. класіфікуюцца: паводле паходжання на дрэйфавыя цячэнні, градыентныя (уласна-градыентныя, якія ўзнікаюць у выніку нагонаў і згонаў вады каля берага, а таксама канвергенцыі і дывергенцыі марскіх плыней у адкрытым акіяне, і барыградыентныя — ад рэзкай змены атм. ціску), суспензійныя (у выніку дзеяння прыліваўтваральных сіл), кампенсацыйныя цячэнні і сцёкавыя (ад сцёку рэк), сейшавыя (пры сейшавых ваганнях узроўню вады); паводле ўстойлівасці цячэння — пастаянныя, перыядычныя (прыліўна-адліўныя), часовыя; паводле глыбіні размяшчэння — паверхневыя (да глыб. 10—15 м), глыбінныя, прыдонныя (магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў); паводле характару руху — меандруючыя (бесперапынныя хвалепадобныя выгіны, якія звязаны з рэльефам дна), прамалінейныя (пасатныя, якія звязаны з пастаяннымі вятрамі), цыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і рухаюцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, у Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы), антыцыкланічныя (кругавыя, у Паўн. паўшар’і — па гадзіннікавай стрэлцы, у Паўд. — супраць); паводле фізіка-хімічных уласцівасцей — цёплыя, халодныя (т-ра вады ў якіх вышэйшая або ніжэйшая за т-ру вод, якія іх акружаюць), салёныя, распрэсненыя (падзел умоўны). Самыя вял. М.ц.: Гальфстрым, Паўночна-Атлантычнае цячэнне, Антыльскае цячэнне, Канарскае цячэнне, Бразільскае цячэнне, Бенгельскае цячэнне — у Атлантычным ак.; Курасіо, Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне, Каліфарнійскае цячэнне, Усходне-Аўстралійскае цячэнне — у Ціхім ак. Сярод пастаянных М.ц. добра выяўлены таксама Паўночныя Пасатныя цячэнні, Паўднёвае Пасатнае цячэнне і Заходніх Вятроў цячэнне. М.ц. садзейнічаюць абмену водных мас, змене берагоў (разбурэнне, намыванне новай сушы), пераносу льдоў, моцна ўздзейнічаюць на клімат у розных частках зямнога шара і інш.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 10, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)