ПАНІ́ЗНІК (Сяргей Сцяпанавіч) (н. 10.5.1942, в. Бабышкі Міёрскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскае мед. вучылішча (1962), ф-т журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-паліт. вучылішча (1967). З 1967 ваен. журналіст. З 1977 у газ. «Вячэрні Мінск», з 1980 на Дзяржтэлерадыё БССР, у 1982—96 у выд-ве «Юнацтва», адначасова ў 1992—94 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны, у 1996—99 вучоны сакратар Літ. музея Я.​Купалы. Друкуецца з 1959 (мае псеўд. Сяргей Папар). У зб-ках паэзіі «Кастры Купалля» (1967), «Палявая пошта» (1972), «Крона надзеі» (1975), «Чало і век» (1979), «Слова на дабрыдзень» (1982), «Мацярык» (1984), «Стырно» (1989), «А пісар земскі...» (1994) і інш. услаўленне роднага краю і яго духоўнай спадчыны, пераемнасці пакаленняў, філас. роздум над часам і гісторыяй свайго народа. Аўтар кн. публіцыстыкі «Пасля вогненных вёсак...» (1980). Аповесці «Браніслава» (1985), «Асвейская трагедыя» (1992) пра Саласпілскі лагер смерці. Піша для дзяцей: зб-кі вершаў «Адкуль вясёлка п’е ваду» (1981), «Жыцень» (1986), «Мы — грамацеі!» (1989), «Золкая зёлка» (1999). З 1990 укладае штогоднік гіст. л-ры «Бацькаўшчына». Даследуе бел.-лат., бел.-ўкр., бел.-чэш. гіст. і культ. сувязі. Перакладае паэзію з інш. моў (зб. «Сустрэча роднасных сусветаў», 1997). На некат. яго вершы напісаны песні.

І.​У.​Саламевіч.

т. 12, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛС ((Pauls) Раймандс) (н. 12.1.1936, Рыга),

латышскі кампазітар, піяніст, дырыжор, дзярж. дзеяч. Нар. арт. Латвіі (1976). Нар. арг. СССР (1985). Ганаровы чл. Латв. АН. Скончыў Латв. кансерваторыю па класе фп. (1958; кампазіцыі вучыўся ў Я.Іванова, 1962—65), у 1979—83 выкладаў у гэтай кансерваторыі. З 1964 маст. кіраўнік Рыжскага эстр. аркестра, з 1972 вак.-інстр. ансамбляў «Мода», «Рэмікс», дзіцячага «Зязюлька». З 1982 гал. рэдактар муз. перадач і кіраўнік джаз-аркестра Латв. радыё, старшыня Дзярж. к-та Латвіі па культуры. З 1988 міністр культуры Латвіі, з 1993 саветнік прэзідэнта Латвіі па пытаннях культуры і мастацтва. У 1998—2000 старшыня Новай партыі. Прэзідэнт акц. т-ва «Музычны цэнтр «Вернісаж». Аўтар 6 мюзіклаў, у т. л. «Сястра Кэры» «Шэрлак Холмс» (паст. абодва 1979), «Лясны лебедзь» (1995), зінгшпіля «Вялікая ўдача» (паст. 1977), 4 балетаў, у т. л. «Кубінскія мелодыі» (паст. 1963), балетных мініяцюр, эстр. музыкі і папулярных песень (больш як 350), джазавых кампазіцый, адметных пераўтварэннем інтанацый лат. фальклору, музыкі для т-ра і кіно, апрацовак нар. песень і інш. Лаўрэат 1-га Усесаюзнага конкурсу маладых кампазітараў (1961). Дзярж. прэмія Латвіі 1977.

Літ.:

Петерс Я. Р.​Паулс: Версии. Видения. Док. Рига, 1986;

Исаковская Т.И. Р.​Паулс: Творч. портрет. М., 1988.

Р.Паўлс.

т. 12, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНАГА МУЗЕ́Я ФІЛІЯ́Л «ВЯ́ЗЫНКА» Засн. 4.8.1945 у в. Вязынка Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Адкрыты 20.6.1948. Агульная пл. 232,6 м², у т. л. пад экспазіцыяй 85,2 м². Размешчаны ў хаце, дзе 7.7.1882 нарадзіўся Я.​Купала, на ёй устаноўлена мемар. дошка (30.6.1946). З 1972 філіял уваходзіць у Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка». Экспазіцыя складаецца з мемар. і гісторыка-літ. частак. У мемар. пакоі (адноўлены ў 1964) зберагаюцца асабістыя рэчы бацькоў паэта, мэбля, посуд канца 19 ст. У гісторыка-літ. частцы — архіўныя дакументы, аўтабіягр. матэрыялы, фотаздымкі, творы мастакоў Э.​Агуновіча, Я.​Раманоўскага, В.​Шаранговіча, што адлюстроўваюць дзіцячыя і юнацкія гады Я.​Купалы. Зберагаюцца таксама прылады працы і рэчы хатняга ўжытку. У летні перыяд на тэр. філіяла дзейнічае выстаўка твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Вязынцы і філіялу прысвяцілі свае творы бел. (П.​Панчанка, Р.​Барадулін, К.​Буйло, А.​Вялюгін, Е.​Лось, П.​Прыходзька, С.​Шушкевіч і інш.), рус., укр., лат., арм. (Ю.​Ванаг, П.​Гарэцкі, А.​Грашы, Р.​Лубкіўскі, Л.​Хаўстаў, А.​Юшчанка), англ. і балг. (У.​Мэй, А.​Тодараў) і інш. паэты; мастакі М.​Бельскі, Р.​Віткоўскі, С.​Каткоў, А.​Кроль, М.​Купава, У.​Пашчасцеў, І.​Пратасеня, І.​Рэй, К.​Харашэвіч і інш.

Літ.:

Вязынка: Купалаўскі мемарыяльны запаведнік: [Фотаальбом]. Мн., 1982.

Ж.​К.​Дапкюнас.

Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». Хата, у якой нарадзіўся паэт.
Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка». Мемарыяльны пакой.

т. 9, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЗЕ́МЯ»

(«Ziemia», «Зямля»),

краязнаўчы ілюстраваны часопіс. Орган польскага краязнаўчага т-ва. Выходзіў у 1910—14, 1919—20, 1922—50 у Варшаве на польск. мове. У 1912—13 меў дадаткі. Публікаваў матэрыялы па польск., бел., укр., рус., літ., лат., эст. археалогіі, этнаграфіі, фалькларыстыцы, эканоміцы, урбаністыцы, экалогіі, гісторыка-краязнаўчыя нарысы і працы, біягр. звесткі пра дзеячаў навукі і культуры, апісанні палацава-замкавых комплексаў, культавых збудаванняў, помнікаў гісторыі, інфармаваў пра дзейнасць краязн. т-ваў, музеяў, пра міжнар. турысцкія кангрэсы. Змяшчаў агляды навінак л-ры, рэцэнзіі на працы даследчыкаў, карты, планы, схемы, рэпрадукцыі карцін, здымкі жыхароў розных этнагр. мясцін, помнікаў архітэктуры, узораў нац. адзення і інш.

Беларусі і яе сумежным рэгіёнам прысвечаны публікацыі Ю.​Смалінскага «Каптур і намітка на Літоўскай Беларусі», В.​Шукевіча «Былыя каралеўскія лясы ў Літве» (абедзве 1911), «Нарысы з Белай Русі», У.​Загорскага «Старая Вільня» і «Замак у Крэве», М.​Федароўскага «Віцебск і Віцебшчына» (усе 1912), А.​Лантоўскага «Мінская епархія» (1913), Ф.​Рушчыца «Вільня і мастацтва» (1922), Е.​Лісевіча «Нацыянальныя і адміністрацыйныя адносіны ў Навагрудскім ваяводстве», В.​Хенеберга «Слонім», Я.​Якубоўскага «Нясвіж» (усе 1925), Ч.​Пяткевіча «Хойнікі» (1927), Р.​Харашкевіча «Вёска Осава ў Столінскім павеце», Ю.​Сускага «У Лунінецкім павеце» (абедзве 1930), А.​Наляпінскага «Нарач і ваколіцы» (1934), Г.​Ястшэмбец-Каменскага «Каралеўскае мястэчка Моталь» (1935), А.​Хоміча «Смалярні на Віленшчыне» (1939). У часопісе супрацоўнічалі Я.Булгак, З.Глогер, Б.​Дыбоўскі, Машынскі, С.​Удзеля і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 7, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Перасве́р, перасвір, перасверт ’вага-рычаг у студні з жураўлём’ (круп., барыс., ДАБМ, камент., 809; круп., Сл. ПЗБ), пірасʼвер ’тс’, пераабірай (круп., Шатал.), сюды ж перасве‑ равацца ’перавесіцца’ (паст., ігн., Сл. ПЗБ). Да пера- і асвер (гл.), якое прыйшло з лат. мовы, параўн. лат. svirat sviru ’вага-журавель (у калодзежы)’, svert ’нахіляць, вешаць, паднімаць з дапамогай рычага’ (Лаўчутэ, Балтизмы, 52 і інш. літ-pa), літ. persisverti ’перавесіцца’ (Сл. ПЗБ, 3, 500).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ОСМАРЭГУЛЯ́ЦЫЯ (ад осмас + лат. regulo накіроўваю),

сукупнасць фіз.-хім. працэсаў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. асяроддзі арганізма жывёл. Уласціва большасці жывёл. Існуюць 2 крайнія тыпы рэакцыі на асматычны стрэс. Пойкіласматычныя жывёлы асматычна лабільныя, асматычная канцэнтрацыя вадкасцей іх цела залежыць ад асяроддзя. Гамойасматычныя жывёлы асматычна стабільныя, пры змене навакольнага асяроддзя асматычны ціск іх унутр. вадкасцей застаецца адносна пастаянным. Адрозніваюць таксама гіперасматычных жывёл (прэснаводныя жывёлы, марскія храстковыя рыбы), якія падтрымліваюць больш высокую канцэнтрацыю асматычна актыўных рэчываў ва ўнутр. вадкасцях, чым у навакольным асяроддзі, і гіпаасматычных жывёл (марскія касцістыя рыбы, марскія паўзуны і некат. ракападобныя), што маюць ніжэйшую за асяроддзе канцэнтрацыю рэчываў. У млекакормячых асн. орган О. — ныркі, здольныя выдзяляць гіпатанічную мачу пры лішку вады і асматычна канцэнтраваную — пры яе недахопе. Прыстасаванне сістэм О. да ўмоў арыднай зоны ўключае шэраг механізмаў — павелічэнне канцэнтрацыйнай здольнасці нырак, што дазваляе абыходзіцца без пітной вады (кенгуровы пацук), павелічэнне трываласці да абязводжвання (асёл), выкарыстанне мачавой к-ты як канчатковага прадукту азоцістага абмену (паўзуны, птушкі), наяўнасць насавых залоз, якія выдзяляюць соль (некат. яшчаркі) і інш. У О. прымаюць удзел гіпаталамус, гіпофіз, наднырачнікі, шчытападобная і падстраўнікавая залозы, а таксама сенсорныя органы і рухальныя сістэмы. Эвалюцыя О. спрыяла асваенню разнастайных умоў існавання.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Маргаві́ца ’маланка’ (лоеў., ДАБМ, к. 311; Ян.). Балтызм. Параўн. літ. mirgė̃ti ’мігаць, мігцець’, mar̃guoti ’тс’, лат. mir̃gu, mir̂dzêt ’пералівацца, бліскаць’. Суфікс аформлен, як у лексемы бліскавіца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́лін, мёлін ’млён у жорнах’ (Нік. Очерки; Касп.; талач., Шатал.). Балтызм. Параўн. лат. miļetis, літ. milinỹs ’тс’ (Блесе, SB, 5, 15; Вяржбоўскі, 498–500; Лаўчутэ, Балтызмы, 55).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́ла ’бялізны неахайны чалавек’ (Касп.). Балтызм. Параўн. лат. liels, латгальск. lels ’вялікі, высокі’ (Блесэ, 5, 15). Аднак Слаўскі (5, 406) адносіць бел. слова (якое паслужыла крыніцай для польск. łyła ’нязграбны, неабчэсаны чалавек’) да экспрэсіўных, параўноўваючы яго з чэш. (у Юнгмана) laula ’ёлуп, неабчэсаны чалавек’, лат. ļūļa ’дурыла, расцяжпа’, літ. liūlỹs ’непаваротлівы, нязграбны, няўклюда’ (∼ літ. liūliúoti ’люляць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НЕРО́Н Клаўдзій Друз Германік Цэзар

(Nero Claudius Drusus Germanicus Caesar; 15.12.37, г. Анцыо, Італія — 9.6.68),

старажытнарымскі імператар [54—68]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў. Сын сенатара Гнея Даміцыя Агенабарбы. і Агрыпіны. Усыноўлены імператарам Клаўдзіем (50), ажаніўся з яго дачкой Актавіяй (53). Пасля забойства Клаўдзія абвешчаны імператарам. Да 62 пад уплывам прэфекта прэторыя Бура і свайго б. настаўніка Сенекі правіў у згодзе з сенатам, потым перайшоў да палітыкі рэпрэсій і канфіскацый. Загадаў забіць маці (59), жонку (62), потым прыбліжаных — Сенеку, паэта Лукана, пісьменніка Петронія і інш. Калі ў 64 моцны пажар зруйнаваў б. ч. Рыма, стаў праследаваць яўрэяў і хрысціян, каб адвесці ад сябе падазрэнне ў падпале горада. З 64 публічна выступаў як спявак і акцёр. Пасля здрады прэтарыянскай гвардыі скончыў жыццё самагубствам. Н. прысвечана біяграфія Светонія, некалькі трагедый 19 ст., оперы К.​Мантэвердзі, Г.​Ф.​Гендэля, А.​Рубінштэйна і інш.

Літ.:

Светоний Гай Транквилл. Жизнь двенадцати цезарей: Пер. с лат. М., 1993;

Федорова Е.В. Императорский Рим в ліцах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Амфитеатров А.В. Зверь из бездны. Т. 1—2. М., 1996;

Сизек Э. Нерон: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1998.

Нерон.

т. 11, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)