гонг

(англ. gong, ад малайск. gong)

1) ударны музычны інструмент у выглядзе металічнага дыска з загнутымі краямі;

2) гукавы сігнал, які падаецца ўдарамі ў кавалак металу, рэйку, а таксама самі гэтыя прадметы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

флексато́н

(ням. Flexaton, ад лац. flexio = выгіб + гр. tonos = павышэнне голасу)

ударны музычны інструмент, які складаецца са стальной гібкай пласцінкі і двух шарыкаў на гібкіх ножках, прымацаваных да аднаго канца гэтай пласцінкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

НІКАНО́ВІЧ (Мікола) (Мікалай Уладзіміравіч; 15.4.1902, в. Кляннік Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — кастр. 1944),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў гімназіі ў г. Чэрвень. З 1921 настаўнічаў, з 1928 супрацоўнік газ. «Чырвоная змена». У 1933 рэпрэсіраваны, рэабілітаваны ў 1956. З 1933 працаваў у газ. «Уральский рабочий», «Советский Дон». У Вял. Айч. вайну прапаў без вестак на фронце. Друкаваўся з 1922. Аўтар зб-каў апавяданняў «Золак» і «Радасць» (1926), «Крык працы» (1928), «Вясновы прамень» (1929). У апавяданнях, абразках, допісах і нататках выкрываў цемру, прымхі, п’янства, заклікаў моладзь разгортваць асв. работу. Жыццё і побыт старой і новай вёскі, цяжкая доля вясковай жанчыны, станаўленне новага чалавека, грамадз. вайна — тэмы апавяданняў 1920—30-х г., аповесцей «Мяцеліца», «У паўстанцаў» (абедзве 1930) і інш. Пераадольваючы наіўную рамантызацыю, маралізатарства, захапленне маладнякоўскай паэтыкай, авалодваў прынцыпамі рэаліст. адлюстравання рэчаіснасці (апавяданні «Светлая даль», «Кацярына», «Зімовымі досвіткамі» і інш.). У 1929 у газ. «Чырвоная змена» і «Савецкая Беларусь» апубл. урыўкі з раманаў «У дні барацьбы» і «Вяснянка», у 1931 у час. «Чырвоная Беларусь» — урывак з аповесці «Скарабея». Для яго прозы характэрны рамант. прыўзнятасць, жыццесцвярджальны пафас, лірызм, шчырасць. На бел. мову пераклаў аповесці «Ташкент — горад хлебны» А.​Няверава, «Ударны атрад» А.​Дончанкі, кн. Е.​Ф.​Бурчэ «Прыгоды ў паветры».

Тв.:

Летнім днём: Выбр. Мн., 1960;

Светлая даль: Апавяданні. Аповесці. Замалёўкі. Мн., 1985.

І.​У.​Саламевіч.

М.Нікановіч.

т. 11, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

трашчо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Прыстасаванне, пры дапамозе якога ўтвараюць трэск, шум, стук, лёскат. — Ну, хоць бы з парачку трашчотак! — Гаворыць дзядзька: — Ну, нічога, І так мы зробім шуму многа І ўсім зайцам задамо страху! Колас. Адно вартаўнікі хадзілі па вуліцы ды бесперастанна трашчалі трашчоткамі. Чарот. // Ударны музычны інструмент, які складаецца з набору драўляных дошчачак.

2. перан. Разм. Той (тая), хто многа, не сціхаючы, гаворыць; балбатун (балбатуха). — Ды што вам гаварыць, трашчоткам, — стары чамусьці раззлаваўся, махнуў рукой і лёг на печы. Шамякін.

3. Машына для ачышчэння насення лёну.

4. Спец. Прыстасаванне для свідравання адтулін у цяжкадаступных месцах або з вялікім дыяметрам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РЫХЛІ́ЦЕЛЬ,

машына (прылада) для рыхлення цяжкіх, камяністых, зляжалых і мёрзлых грунтоў з мэтай аблягчэння наступнай работы землярыйна-трансп. машын. Выкарыстоўваюцца пры пракладцы каналаў, траншэй, буд-ве дамбаў, дарог; для выдалення з грунту каранёў, пнёў, камянёў пасля работы карчавальніка; для разбурэння старых дарожных пакрыццяў; у горнай справе — для раскрыўных работ. Бываюць агульнага (з 3—5 зубамі) і спец. (з 1, часам 2—3 зубамі) прызначэння, гусенічныя і колавыя з гідраўлічнымі або канатнымі механізмамі кіравання, навясныя і прычапныя да гусенічных і колавых трактароў, пасіўнага і актыўнага (з вібрацыйным рабочым органам) дзеяння.

Р. пасіўнага дзеяння — мнагастоечныя (для суцэльнага рыхлення) і аднастоечныя (для паласавога рыхлення і рыхлення-кратавання). Р.-кратавальнік робіць кротавую кратовую* дрэну і адначасова рыхліць глебу (на глыбіню да 1,2 м). Рабочы орган — нож з лемехам і дрэнер (гл. Кратавальнік). Меліярац. навясны Р. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства выкарыстоўваюць для суцэльнага або паласавога аб’ёмнага рыхлення глебагрунтоў цяжкага мех. саставу (глыбіня рыхлення 1,3 м). Грунт, прамерзлы да 0,7 м, рыхляць трактарнымі навяснымі або прычапнымі Р. Разбурэнне мёрзлага грунту без парушэння суцэльнасці вядуць ба́равымі і дыска-фрэзернымі машынамі, якія падзяляюць маналіт грунту на блокі. Выкарыстоўваюцца таксама Р. з вінтаклінавым рабочым органам, экскаватары з вінтавымі прыстасаваннямі і пнеўмамолатамі і інш. У дарожным буд-ве выкарыстоўваюць Р. ў выглядзе зменнага прыстасавання да бульдозера. Рыхленне грунту пад вадой пры рабоце землясоснага снарада робіцца спец. разрыхляльнікамі, глыбокае рыхленне тэрас з адначасовым унясеннем угнаенняў пад закладку вінаграднікаў і садоў — Р. тэрас (маюць 2 рабочыя органы ў выглядзе выгнутых карпусоў).

Літ.:

Строительные машины для механизации гидромелиоративных работ. М., 1985;

Производительность и долговечность землеройных мелиоративных машин. Киев, 1988.

В.​М.​Кандрацьеў.

Рыхліцелі: а — трохстоечны на базе колавага трактара (1 — нож, 2 — стойка, 3 — апорны каток); б — рыхліцель-кратавальнік (1 — дрэнер, 2 — зуб); в — клінавы (1 — накіроўная штанга, 2 — ударны груз, 3 — асіметрычны клін); г — аб’ёмнага рыхлення канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (1 — V-падобная стойка, 2 — лямеш).
Рабочыя органы рыхліцеляў: 1 — сагнуты; 2 — з падпятнікам; 3 — клін-баба з зубамі; 4 — зуб-рыхліцель гідраўлічнага экскаватара; 5 — аб’ёмнага рыхлення.

т. 13, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бараба́н, ‑а, м.

1. Ударны музычны інструмент у выглядзе шырокага цыліндра або рамы, на якія з аднаго ці двух бакоў нацягнута скура. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора. Гартны. З вясны да восені кожнай раніцы чуюцца тут гукі горна, гулкія ўдары барабана, дзіцячыя галасы, смех, песні. Хомчанка.

2. Спец. У розных машынах і механізмах — рухомая дэталь, якая мае форму цыліндра. На версе стары Тодарчык ці сама Волька Янкава кідаюць снапы ў барабан — у чорную ляпу малатарні. Пташнікаў. Сцёпка паспеў расстраляць усе патроны і зноў зарадзіў барабан. Хомчанка.

3. Спец. Цыліндрычная або шматгранная частка будынка, якая падтрымлівае купал. На выступе густа раслі дрэвы, а між дрэў шарэла вузкая будыніна, падобная на царкву без барабанаў і купалаў. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

інструме́нт м. спец., тс. перан.

1. Instrumént n -(e)s, -e, Wérkzeug n -(e)s, -e, Gerät n -(e)s, -e;

ша́нцавы інструме́нт вайск. Schánzzeug n -(e)s;

чарцёжныя інструме́нты Zéichengeräte pl;

2.: муз. музы́чны інструме́нт Musíkinstrument n;

стру́нны інструме́нт Stréichinstrument n;

духавы́ інструме́нт Blásinstrument n;

уда́рны інструме́нт Schlágzeug n -(e)s, -e

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

тале́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Сталовая пасуда круглай формы з шырокім дном і прыўзнятымі краямі. Дэсертная талерка. □ Стол заслалі, прынеслі талеркі з вяндлінаю .. і селі піць чай. Колас. На талерках дыміцца лёгкай парай вараная ружаватая трусяціна. Навуменка. // Колькасць стравы, якая ўмяшчаецца ў такую пасуду. [Дзядзька:] — Была б у калгасе сталовая, то капусты б міску вычарпаў, адбіўную б умяў ці верашчакі б талерку блінамі вымачаў. Бялевіч. У міг з’явіўся на стале «журавель» з гарэлкай, а поруч з ім міска мёду і талеркі маласольных агуркоў. Васілевіч.

2. толькі мн. (тале́ркі, ‑рак). Ударны музычны інструмент, які складаецца з двух металічных дыскаў. Аркестравыя талеркі.

3. Спец. Назва розных дэталей, якія маюць форму дыскаў. Буферныя талеркі.

•••

Не ў сваёй талерцы — у нязвычным стане, не ў звычайным для сябе настроі.

[Ад ням. Teller.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звон, звана́ і зво́ну, ж.

1. звана́; мн. званы́, ‑о́ў. Ударны сігнальны падвясны інструмент (з медзі або з меднага сплаву) у выглядзе ўсечанага пустога конуса з падвешаным усярэдзіне ўдарнікам (языком). Царкоўны звон. □ А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо і слухаюць тую Алёнчыну песню. Грахоўскі. Адзванілі званы на званіцах, І збуцвелі, паніклі крыжы, Знакі цемры-імжы. Колас.

2. зво́ну. Гук, які ўтвараецца гэтым інструментам, а таксама металічнымі або шклянымі прадметамі пры ўдары. Звон касы. Звон шклянак. Звон ланцуга. // Гудзенне насякомых, спеў птушак і інш. Камарыны звон плыў над млявым, ціхім балотам... Бялевіч. Заплюшчыць [Сцёпка] вочы — і чуе звон жаваранкаў, адчувае пах суніц, свежага сена, хвоі. Хомчанка.

3. зво́ну; перан. Пагалоскі, плёткі. Не хацеў.. [Пятро] чуць таго звону, што ўжо яго Улляна разнесла па сяле. Ракітны.

•••

Званіць ва ўсе званы гл. званіць.

Малінавы звон — вельмі прыемны, мяккі па сваім тэмбры звон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Та́мбур 1 ’прыбудова, частка памяшкання перад галоўным уваходам, прысенак’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), та́мбор ’ганак’ (Лекс. Бел. Палесся). Праз рус. та́мбур ’тс’ або польск. tambor ’тс’ з французскай мовы, дзе архітэктурны тэрмін tambour з’явіўся ў выніку метанімічнага пераносу значэння слова tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 512; Фасмер, 4, 17–18), гл. тамбу́р.

Та́мбур 2 ’род вязання або вышывання вочка ў вочка’ (ТСБМ), ’кручок для вязання або пляцення’ (Касп.; мсцісл., бых., ЛА, 4; Бяльк.), тамбу́р ’кручок для пляцення карункаў’ (Стан.), тамбу́рка ’тс’ (Касп., Бяльк.), та́мбурка, та́мбарка, та́нбурка ’кручок для вязання’ (Шатал., Мат. Гом., Сл. ПЗБ; ЛА, 4), та́мбурак ’тс’ (в.-дзв., паст., рас., ЛА, 4), тамбу́рак (Шатал., ЛА, 4), та́мбырка, та́нбырка ’прылада для вязання’ (Мат. Маг.), сюды ж та́мбурны ’ланцужковы (шоў)’ (Мат. Гом.). Праз польск. tambor, tamborek, tamburek ’пяльцы’ з франц. tambour ’тс’, якое сталася вынікам метанімічнага пераносу паводле падабенства з tambour ’барабан’ (ЕСУМ, 5, 512; Фасмер, 4, 17–18). Гл. тамбу́р.

Та́мбур 3 ’падстаўка для вядра каля калодзежа’ (Сл. Брэс.). Перанос значэння з тамбу́р 1 (гл.) паводле знешняга падабенства.

Тамбу́р ’барабан’ (ТСБМ), сюды ж та́мбор ’вялікі і малы барабаны ў ваўначосцы’ (ТС). З франц. tambour ’барабаншчык’, роднаснага да нар.-лац. t̥anbū́r ’лютня, мандаліна’ (ЕСУМ, 5, 511–512; Голуб-Ліер, 477; Фасмер, 4, 17–18). Стахоўскі (Этимология–1965, 209) звязвае з с.-тур. tambur ’пяціструнны музычны інструмент’, што суадносіцца з араб. tunbūr ’тс’. Магчыма пасрэдніцтва ўкраінскай мовы, дзе тамбу́р ’ударны ўсходні інструмент, старажытны музычны струнны інструмент’; тэхнічны тэрмін, відаць, з польск. tambor ’барабан’ (у тым ліку ў тэхнічным значэнні).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)