рабочы орган пракатнага стана, які забяспечвае асноўную аперацыю пракаткі — абцісканне загатоўкі для надання ёй патрэбных памераў і формы.
Ліставыя валкі пракатныя (наз. таксама гладкімі) выкарыстоўваюцца для пракаткі лістоў, палос і стужак, сартавыя — для пракаткі фасоннага (сартавога) металу круглага і квадратнага сячэння, рэек, двухтаўровых бэлек і інш. Бываюць чыгунныя і стальныя (асабліва зносаўстойлівыя робяць з керамічных цвёрдых сплаваў); суцэльналітыя і зборныя. Трываласць і зносаўстойлівасць валкоў пракатных павышаюць легіраваннем, тэрмічнай апрацоўкай, наплаўкай цвёрдых і звышцвёрдых сплаваў і інш. Стальныя валкі пракатныя выкарыстоўваюцца на блюмінгах, слябінгах, абціскных клецях сартавых станаў і на станах халоднай пракаткі.
Валкі пракатныя: а — схемы валкоў блюмінга (1), сартавога (2) і лістапракатнага (3) станаў; б, в — валкі ліставыя і сартавыя (1 — прывадны канец, 2 — шыйкі, 3 — бочка, 4 — выраб: ліставы і двухтаўровы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛЮ́МІНГ, блумінг (англ. blooming),
пракатны стан для абціскання стальных зліткаў вял. папярочнага сячэння масай да 12 т і больш у блюмы. Часам блюмінг выкарыстоўваюць для пракаткі слябаў і фасонных загатовак для буйных двухтаўровых бэлек, швелераў і інш. профіляў. Прадукцыйнасць блюмінга да 6 млн.т блюмаў за год.
Асн. часткі блюмінга: рабочая клець з валкамі пракатнымі, гал. электрарухавікі (для націскнога ўстройства), абсталяванне для прывядзення ў рух валкоў (шпіндэлі і інш.). Блюмінгі бываюць: аднаклецевыя (рэверсіўныя 2-валковыя і нерэверсіўныя 3-валковыя); здвоеныя з 2 паслядоўна размешчаных клецяў; бесперапынныя з некалькіх паслядоўна размешчаных нерэверсіўных клецяў; спецыялізаваныя (аднаклецевыя рэверсіўныя) для атрымання загатовак шырокапалічных бэлек Дыяметр пракатных валкоў ад 750 да 1500 мм і болей. У б.СССР першы блюмінг пабудаваны ў 1933 на Макееўскім металургічным з-дзе (Данецкая вобл.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ЦЦІ,
1) у фізіцы, перыядычныя змены амплітуды выніковага вагання пры складанні двух гарманічных ваганняў блізкіх частот; асобны выпадак амплітудна-мадуляваных ваганняў (гл.Амплітудная мадуляцыя). Калі A1 і A2 — амплітуды складаемых ваганняў, то амплітуда выніковага вагання змяняецца ад A1 + A2 да A1 − A2. Метад Біцці выкарыстоўваецца для вымярэння частот, ёмістасці, індуктыўнасці, для настройвання муз. інструментаў і інш. 2) У механіцы — адхіленні паверхняў вярчальных (вагальных) цыліндрычных дэталяў машын і механізмаў ад правільнага ўзаемнага размяшчэння. Радыяльныя Біцці — вынік зрушэння цэнтра (эксцэнтрысітэт) разгляданага сячэння дэталі адносна восі вярчэння. Тарцовыя Біцці — вынік неперпендыкулярнасці тарцовай паверхні дэталі да базавай восі і адхіленняў формы тарца ўздоўж лініі вымярэння. Біцці прыводзяць да павышанага зносу і выхаду са строю дэталяў машын (напр., пры парушэнні балансіроўкі колаў аўтамабіля).
Біцці пры складанні ваганняў блізкіх частот ω1 і ω2; T — перыяд біццяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ЦЯЖКА,
1) кавальская аперацыя, накіраваная на павелічэнне даўжыні загатоўкі пры адпаведным памяншэнні яе папярочнага сячэння. Ажыццяўляецца на молатах і прэсах паслядоўным абцісканнем з паваротам загатоўкі на 90°.
2) Аперацыя халоднай ліставой штампоўкі, у выніку якой з плоскай загатоўкі атрымліваюць танкасценныя пустыя вырабы (дэталі машын, карпусы прылад, каструлі, бітоны і інш.). Робіцца ў выцяжных штампах пуансонам і матрыцай. Глыбокія вырабы атрымліваюць пры паўторных выцяжках з прамежкавым адпалам (для аднаўлення пластычнасці металу). Прынцып выцяжкі выкарыстоўваецца таксама ў пракатцы металу і ў валачэнні.
3) Паказчык дэфармацыі, роўны адносінам даўжынь загатоўкі пасля і да пластычнага дэфармавання.
4) У хіміі, харчовай і парфумернай прам-сці выцяжка — прадукт выбіральнага выцягвання аднаго або некалькіх кампанентаў з сумесі або пэўнай сыравіны ў растваральнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНТРФО́РС (франц. contrefort ад contre-force процідзейная сіла) у архітэктуры, папярочная сценка, верт. выступ ці рабро для ўмацавання нясучай канструкцыі збудавання (пераважна сцяны). Прымае на сябе ціск бакавога распору ад скляпення, ціск грунту на падпорныя сценкі і г. д. Вядомы ў еўрап. архітэктуры стылю готыкі з 12 ст. (сабор у Рэймсе, Францыя; і інш.). 3 развіццём каркасна-апорнай канструкцыі збудаванняў, пры якой асн. нагрузка ад перакрыццяў перадавалася з дапамогай сістэмы падпружных арак, нервюр, аркбутанаў на калоны і апорныя часткі сцен, узніклі ўмацаваныя К. Гэта давала магчымасць патанчаць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць пралёты і праёмы, прастору інтэр’ераў зрабіць больш свабоднай і дынамічнай. У бел. архітэктуры былі пашыраны ў 16—18 ст. Былі ступеньчатыя, трохвугольныя, пастаяннага ці пераменнага сячэння, вонкавыя ці ўнутраныя і г. д.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
будаўнічыя канструкцыі (фермы, аркі, рамы, скляпенні, бэлькі і інш.), зробленыя поўнасцю ці пераважна з драўніны. Д.к. — адны з найб. старажытных (гл.Драўлянае дойлідства). Выкарыстоўваюць у жыллёвых і грамадскіх будынках, мастах, эстакадах, с.-г. збудаваннях і інш.
Адрозніваюць Д.к. з бярвён, брусоў і дошак, якія злучаюцца ўрубкамі, шпонкамі, нагелямі, балтамі, цвікамі, метал. мацаваннямі, а таксама склейваннем (гл.Клееныя канструкцыі). Яны лёгкія і дастаткова трывалыя. Іх устойлівасць супраць загнівання, вільгаці і агню павышаюць антысептычнымі сродкамі, антыпірэнамі, спец. вогнеахоўнымі пакрыццямі, гідраізаляцыяй. У Д.к. выкарыстоўваюць таксама драўнянастружкавыя пліты, драўнянавалакністыя пліты, іншыя драўняныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
эксцэнтрысітэ́т
(ням. Exzentrizität, ад лац. ex = з, па-за + centrum = цэнтр)
1) пастаянная дадатная велічыня, якая характарызуе эліпс і гіпербалу і роўная адносінам адлегласці паміж фокусамі дадзенага канічнага сячэння да адлегласці паміж вяршынямі;
2) адлегласць паміж воссю вярчэння эксцэнтрыка і яго цэнтрам.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
труба́, -ы́, мн. тру́бы і (з ліч. 2, 3, 4) трубы́, труб, ж.
1. Доўгі пусты ў сярэдзіне прадмет пераважна круглага сячэння, прызначаны для правядзення вадкасці, пары і пад.
Водаправодная т.
2. Духавы медны музычны інструмент з раструбам на канцы.
3. Канал у арганізме для сувязі паміж асобнымі органамі.
Матачная т.
4.у знач.вык., каму-чаму і без дап. Пра дрэннае становішча, гібель, пагібель (разм.).
Цяпер нам — т.
Справа — т.
◊
Вылецець у трубу (разм.) — разарыцца, застацца без грошай.
Хвост трубой (разм., жарт.) — не сумаваць, не падаць духам, трымаць сябе самаўпэўнена.
|| памянш.тру́бка, -і, ДМ -бцы, мн. -і, -бак, ж. (да 1 знач.).
|| прым.тру́бны, -ая, -ае (да 1 і 2 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ВЯНКО́ВАЯ КАНСТРУ́КЦЫЯў архітэктуры,
сістэма драўляных вянкоў (гарыз. радоў бярвён, брусоў, плах, дыляў), звязаных у вуглах урубкамі, укладзеных адзін на адзін, што ўтвараюць зруб. Пашырана ў лясных раёнах Еўропы з жал. веку. На Беларусі вядома з 2—3 ст.н.э. ў плямён культур штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай, з 9 ст. — асн. канструкцыя драўляных будынкаў. На такой аснове будавалі жыллё, гасп. і вытв. пабудовы, абарончыя збудаванні (гародні, тарасы, вежы), грамадскія і культавыя будынкі. Вядомы зрубы прамавугольнай, квадратнай (клеці), 8-граннай (гл.Васьмярык), 6-граннай формаў, пастаяннага або пераменнага па вышыні сячэння, ярусныя (чацвярык на чацверыку, васьмярык на васьмерыку і інш.). Спалучэннем некалькіх зрубаў утвараліся падоўжна-восевая, глыбінна-прасторавая, крыжова-цэнтрычная, жывапісна-асіметрычная і інш. кампазіцыі. Вянковую канструкцыю мелі не толькі зрубы, але і іх завяршэнні (гл. ў арт.Закот, Верх, Шацёр). Цяпер вянковую канструкцыю выкарыстоўваюць пераважна ў традыц.нар. жыллі і гасп. пабудовах.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Вянковая канструкцыя. Вянковы двор. Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту. Сектар «Цэнтральная Беларусь».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТЭХНІ́ЧНЫ ТУНЭ́ЛЬ,
гарызантальны або нахілены падземны вадавод замкнёнага папярочнага сячэння з напорным ці безнапорным рухам вады, які пракладваецца без раскрыцця грунту. Паводле воднагасп. прызначэння адрозніваюць гідратэхнічныя тунэлі энергетычныя (падводзяць ваду да ГЭС або адводзяць яе), ірыгацыйныя, вадаскідныя (для скіду лішкаў вады з вадасховішчаў), будаўнічыя (для часовага пропуску вады пры буд-ве гідравузла), камунальныя (водаправодныя і каналізацыйныя; у Мінску іх каля 40 км), камбінаваныя.
Будуюцца горным спосабам (з плоскімі падэшвай і сценамі, скляпеністым перакрыццем) або праходкай механізаванымі і немеханізаванымі шчытамі (круглай формы, з абдзелкай са зборнага ці маналітнапрасаванага бетону). Для бяспечнага правядзення горнабуд. работ перад пастаяннай абдзелкай робяць мацаванне — метал. арачнае, анкернае, напырск-бетоннае, камбінаванае. Абдзелка бетонная або жалезабетонная, камбінаваная (з вонкавым маналітным бетонным кальцом, унутры — стальная ці таркрэт-абалонка з проціфільтрацыйнай пракладкай або без яе). Пад тунэлем часам робяць дрэнаж, на ўваходзе і выхадзе — агалоўкі (парталы) з смеццезатрымальнымі рашоткамі і затворамі, на выхадзе — вадабойны калодзеж і інш.