Вышыня сячэння (у тапаграфіі) 3/371

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫНЯ́ СЯЧЭ́ННЯ РЭЛЬЕ́ФУ,

рознасць вышынь дзвюх суседніх гарызанталей на тапаграфічнай карце ці плане. У залежнасці ад маштабу і прызначэння карты (плана) карыстаюцца вышынямі 0,5; 1; 2,5; 10 м і інш.

т. 4, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛАЖЭ́ННЕ СХІ́ЛАЎ, залажэнне гарызанталей,

адлегласць паміж дзвюма сумежнымі гарызанталямі на тапаграфічнай карце або плане, што дазваляе вызначыць стромкасць схілаў у патрэбным месцы без назіранняў на мясцовасці. Залежыць ад стромкасці схілаў і прынятай для карты вышыні сячэння. Чым больш стромы схіл на мясцовасці, тым меншая адлегласць паміж гарызанталямі на карце (пры аднолькавай вышыні сячэння).

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫЗАНТА́ЛІ, ізагіпсы,

лініі (ізалініі) на картах, якія злучаюць аднолькавыя абсалютныя вышыні рэльефу Зямлі, Месяца і інш. планет. З’яўляюцца асн. спосабам адлюстравання рэльефу на тапагр., агульнагеагр., фіз. і гіпсаметрычных картах. Уяўляюць сабой праекцыі сячэння рэльефу ўзроўневымі паверхнямі, праведзенымі праз зададзены для карты інтэрвал (асноўныя гарызанталі), які наз. вышынёй сячэння рэльефу. Для больш падрабязнага адлюстравання паверхні гарызанталі наносяць праз палавіну (або чвэрць) асн. сячэння (дадатковыя гарызанталі). На Зямлі гарызанталі праводзяцца звычайна адносна ўзроўню Сусветнага ак. (на Беларусі ад узроўню Балтыйскага м. па футштоку ў Кранштаце). Выкарыстоўваюцца для вызначэння абс. і адносных вышынь, стромкасці схілаў, расчлянення і інш. марфалагічных характарыстык рэльефу.

А.​В.​Саломка.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАВО́Д,

гідратэхнічнае збудаванне для падачы вады да месца яе спажывання. Бываюць замкнёнага (трубаправоды, тунэлі) і незамкнёнага (каналы, латкі) папярочнага сячэння. Рух патоку вады напорны або безнапорны (самацёкам). Асн. характарыстыка — прапускная здольнасць (расход вады), якая вызначае памеры папярочнага сячэння. Адрозніваюць вадаводы энергетычныя (дэрывацыйныя і турбінныя; падача вады да ГЭС), асушальныя, арашальныя, сістэм водазабеспячэння. Вырабляюць са сталі, жалезабетону (у т. л. папярэдне напружанага), драўніны і інш.

т. 3, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ФІЛІ МЕТАЛІ́ЧНЫЯ,

даўгамерныя вырабы рознага папярочнага сячэння (вугалкі, швелеры, лісты, трубы, рэйкі і інш). Атрымліваюцца пракаткай (пракатныя профілі), прасаваннем (прасаваныя профілі), гібкай (гнутыя профілі). Адрозніваюць пракатныя профілі з пастаянным сячэннем па даўжыні, пераменныя профілі (памеры па даўжыні ці форма папярочнага сячэння мяняюцца) і спецыяльныя. Прасаваныя профілі ў залежнасці ад канфігурацыі папярочнага сячэння падзяляюцца на суцэльныя і пустацелыя. Іх вырабляюць таксама са сталі, тытанавых, магніевых, медных, нікелевых і інш. сплаваў. Гнутыя профілі атрымліваюць на профілягібачных станах з ліставога металу (сталь, каляровыя металы і сплавы). Шырока выкарыстоўваюцца ў розных галінах вытв-сці.

В.​І.​Шагун.

Профілі металічныя: 1 — квадратны; 2 — круглы; 3 — паласавы; 4 — вуглавы; 5 — двухтаўровы; 6 — швелерны; 7 — чыгуначная рэйка; 8 — трамвайная рэйка; 9 — шпунтавы; 10 — паласа для турбінных лапатак.

т. 13, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫРЭКТРЫ́СА (франц. directrice ад позналац. directrix накіравальная),

прамая, якая ляжыць у плоскасці канічнага сячэння і характарызуецца тым, што адносіны адлегласці r паміж кожным пунктам М гэтага сячэння і яго фокусам F да адлегласці d паміж гэтым жа пунктам і гэтай прамой ёсць велічыня пастаянная, роўная эксцэнтрысітэту ε крывой: r/d = ε. Гіпербала і эліпс маюць па 2 Д. (па адной для кожнага фокуса), парабала — адну.

Дырэктрыса: 1 — эліпса Δ1, Δ2; 2 — парабалы Δ.

т. 6, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́РСТКАСЦЬ канструкцыі,

уласцівасць канструкцыі (цела) супраціўляцца дэфармацыі. Залежыць ад геам. характарыстык папярочнага сячэння элементаў канструкцыі і фіз. уласцівасцей матэрыялу (модуляў пругкасці).

У абсалютна цвёрдага цела (ідэальны выпадак) Ж. бясконца вялікая, у гумы — вельмі малая. Большасць канструкцыйных матэрыялаў па Ж. займаюць прамежкавае становішча. Пры простых дэфармацыях у межах Гука закону Ж. вызначаецца як здабытак модуля пругкасці на тую ці іншую характарыстыку папярочнага сячэння элемента (плошчу, восевы момант інерцыі і інш.). Паняцце Ж. шырока выкарыстоўваецца пры рашэнні задач супраціўлення матэрыялаў. У авіяцыі і ракетнай тэхніцы часта ўлічваюць удзельную Ж. — адносіны Ж. да шчыльнасці матэрыялу. Велічыня, адваротная Ж., наз. падатлівасцю.

І.​І.​Леановіч.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЖО́Р,

вялікая колькасць у рэчышчы ракі ўнутрыводнага лёду і шарашы ў час асенняга крыгаходу або ў пачатку ледаставу. З. памяншае плошчу жывога сячэння ракі, выклікае падняцце ўзроўню і затапленне поймы. Утвараецца звычайна ніжэй парогаў.

т. 6, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),

паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.

т. 12, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)