Таніна́ ’танчыня’ (Ян.), ’тонкасць’ (Бяльк.), ’тонкая галінка’ (мёрск., ЛА, 1), таніня́ ’тонкасць, танклявасць’ (Варл., Барад.). Параўн. укр. тонина́ ’тс’. Дублетныя адпрыметнікавыя ўтварэнні ад тонкі (гл.) як вынік канкурэнцыі блізкіх па семантыцы суф. ‑ін‑а і ‑ін‑я, проціпастаўленых на частцы моўнай тэрыторыі; апошні мае пераважна паўночную арыентацыю, што, паводле Сцяцко (Афікс. наз., 138), звязана з націскам на аснове, параўн. танкі́ ’тонкі’ (вільн., паст., мядз., Сл. ПЗБ). Станкевіч (Язык, 634) беспадстаўна меркаваў, што мае месца семантычная дыферэнцыяцыя таніна (ад танны, гл.) і таніня (ад тонкі, гл.). Пра пашырэнне суф. ‑ін‑я ў літаратурнай мове гл. Пацюпа ў Станкевіч, Язык, 1169–1170.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)