БА́НЦАРАЎШЧЫНА,

гарадзішча жалезнага веку на беразе р. Свіслач каля былой в. Банцараўшчына Мінскага р-на. Пляцоўка авальная (55 × 35 м), з Пн і ПнЗ умацавана 2 валамі выш. каля 2 м і равамі. Культурны пласт 0,2—1,8 м; мае 2 гарызонты: ніжні (3 ст. да нашай эры — 4 ст. нашай эры) адносіцца да штрыхаванай керамікі культуры, верхні — 6—8 ст. (ад яго атрымала назву банцараўская культура). Выяўлены рэшткі драўляных наземных пабудоў з разваламі печаў-каменак, вырабы з жалеза (сярпы, наканечнікі коп’яў, нажы, брытвы), бронзы (пярсцёнкі, фібула, лунніца, бранзалет і інш.), гліны (посуд, тыглі, льячка, прасліцы), шкляная пацерка і інш.

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЯ́К,

гара на Беларусі, 3-і па вышыні пункт, на Мінскім узв. На У Валожынскага р-на Мінскай вобл., каля в. Шапавалы. Выш. 335 м. Каля падэшвы гары бяруць пачатак рэкі Уша (прыток Віліі, бас. Нёмана) і Свіслач (бас. Дняпра). Складзена з чырвона-бурых, часткова завалуненых суглінкаў, месцамі глін, укрытых лёсападобнымі (пылаватымі) суглінкамі. Мае выгляд буйнога марэннага ўзгорка з вяршыняй авальнай формы. Схілы паўн. і паўн.-ўсх. выпуклыя (стромкасць 10—15°), паўд. і зах. пакатыя (стромкасць да 5°). Глебы дзярнова-падзолістыя сярэднесугліністыя, значна змытыя. Верхняя ч. гары ўкрыта лесам, астатняя пад ворывам.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ-МУЗЕ́Й I З’ЕЗДА >РСДРП.

Адкрыты ў 1923 у Мінску ў доме, дзе ў 1898 адбыўся Першы з’езд РСДРП. У першыя дні Вял. Айч. вадны дом згарэў. У 1948 адноўлены. У 1953 перамешчаны бліжэй да р. Свіслач. У залах музея 292 экспанаты (1997), у т. л. дакументы і матэрыялы пра ўзнікненне і дзейнасць першых с.-д. груп у Расіі, жандарскія і паліцэйскія данясенні пра 1 з’езд РСДРП, фотаздымкі дэлегатаў з’езда і матэрыялы пра іх далейшы лёс, «Маніфест Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі» (выд. ў 1898 у Бабруйску) і інш. У мемар. пакоях адноўлена абсталяванне кватэры чыг. служачага мінскага сацыял-дэмакрата П.​В.​Румянцава. З 1992 філіял Нац. музея гісторыі і культуры Беларусі.

С.​М.​Сіманюкоў.

т. 6, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЛО́БА (Мікалай Фёдаравіч) (н. 5.1.1935, г. Гомель),

бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1960). Працаваў з 1952 у канструктарскім бюро Мін-ва гандлю, з 1962 у Ін-це будаўніцтва і архітэктуры, з 1971 у «Белкамунпраекце», з 1974 у «Мінскпраекце». Асн. работы ў Мінску: рэканструкцыя парку імя Горкага (1975) і тэр. стадыёна «Дынама» (1980), арх.-ландшафтныя комплексы ўсх. раёнаў горада на аснове Сляпянскага водна-паркавага паўкальца (Дзярж. прэмія СССР 1989), 17 паркаў і сквераў вакол водна-паркавай сістэмы (1988), добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач ад Камсамольскага воз. да вадасх. Дразды (1989), помнік партызанам-падпольшчыкам братам Сянько (1973, у сааўт.). Сярод інш. работ: праект генплана г. Старыя Дарогі (1967), паркі ў Оршы (1971), Віцебску (1972), Кобрыне (1973), Асіповічах (1982), рэканструкцыя і аднаўленне парку ў Нясвіжы (1990, у сааўт-.).

т. 6, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.​Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.

А.​А.​Воінаў.

Мінскі цырк.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМТРАНСПРАЕ́КТ», Мінскі «Прамтранспраект» Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь,

інстытут прамыслова-транспартнага праектавання. Засн. ў 1961 у Мінску як Бел. пастаянная экспедыцыя Дзярж. праектнага ін-та «Прамтранспраект» (Масква), з 1965 — Бел. аддзел комплекснага праектавання, з 1969 — Мінскае аддзяленне гэтага ін-та. З 1991 самастойны ін-т Мінскі «Прамтранспраект» (арэнднае прадпрыемства). З 1992 — базавая спецыялізаваная арг-цыя Беларусі па буд. праектаванні ўсіх відаў прамысл. транспарту. Па праектах ін-та пабудаваны транспарт аэрапорта «Мінск-2», нафтаперапр. з-даў у Мазыры і Наваполацку, Бел. аўтамаб. і Бел. металургічнага з-даў, ВА «Беларуськалій», «Гомсельмаш», гродзенскага «Азот» і інш.; пабудаваны 19 чыг. станцый, у т. л. Барбароў, Наваполацк, Сітніца; масты цераз р. Свіслач у Мінску і вадасховішча ў Салігорску і інш.

А.​А.​Спаткай.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

наступальная аперацыя войскаў 2-га Бел. фронту (ген.-палк. Г.​Ф.​Захараў) 5—27 ліп.; састаўная частка Беларускай аперацыі 1944 у Вял. Айч. вайну. Удзельнічалі 3, 49, 50, 4-я паветраныя арміі. Задача аперацыі — без аператыўнай паўзы развіць наступленне ў напрамку на Навагрудак, Ваўкавыск, Беласток, завяршыць разгром рэшткаў 4-й і 9-й ням. армій, выйсці да граніцы з Усх. Прусіяй і Польшчай. У ходзе аперацыі адбіты спробы праціўніка вырвацца з акружэння з т.зв. мінскага «катла» ў паўд. і паўд.-зах. напрамках, вызвалены Дзяржынск, Навагрудак, Зэльва, Масты, Ваўкавыск, Гродна, Беласток, фарсіраваны Свіслач і Нёман, сав. войскі выйшлі на подступы да граніцы з Усх. Прусіяй, пачалося вызваленне паўн.-ўсх. раёнаў Польшчы. 11 часцям і злучэнням нададзены ганаровыя найменні «Ваўкавыскіх», 17 — «Гродзенскіх», 24 — «Беластоцкіх».

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Мінскае возера,

штучны вадаём у паўн.-зах. ч. Мінска; месца адпачынку гараджан. Створана ў 1941. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 0,42 км², даўж. 2,2 км (ад моста на вул. Арлоўскай да створу плаціны), найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 0,66 млн. м³. Чаша возера — затопленая пойма р. Свіслач. Берагі супясчаныя. Дно пераважна пясчанае, часткова галечнае і глеістае, у 1974 паглыблена. 11 астравоў (агульная пл. каля 0,06 км²). Сцёк у малаводны год з перакідам вады з Вілейскага вадасх. забяспечвае добрую праточнасць возера. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,5—0,7 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. красавіка. На левым беразе выратавальная станцыя, спарт. комплекс «Дынама», Палац «Юнацтва», на правым — выставачны павільён Міжнар. гандл. палаты.

Ф.​М.​Ашэраў.

Камсамольскае возера.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНІ́ЧНЫ,

рабочы пасёлак у Бераставіцкім р-не Гродзенскай вобл.; чыг. станцыя Берастав ша на лініі Ваўкавыск—Бераставіца. Аўтадарогамі злучаны з Беластокам (Польшча), Ваўкавыскам, г.п. Вял. Бераставіца і Свіслач. За 8 км на Пд ад г.п. Вял. Бераставіца, 71 км ад Гродна. 1,5 тыс. ж. (2000). Аўтабаза, пункт мытнага дагляду «Бераставіца 1-я», эл. станцыя, павільён райкамбіната быт. абслугоўвання. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, б-ка, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі.

Узнік як чыг. ст. Бераставіца з буд-вам у 1885 участка чыгункі Ваўкавыск — Беласток. У 1921—39 у складзе Польшчы, чыг. станцыя ў Вяліка-Бераставіцкай гміне Гродзенскага пав. Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 12.10.1940 пасёлак у Хамантоўскім с/с Крынкаўскага раёна, з 20.9.1944 у Цецяроўскім с/с. З 30.12.1975 рабочы пасёлак. 28.3.1978 перайменаваны ў П.

т. 11, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗААПА́РК.

Засн. як заасад у 1984 у Мінску ў пойме р. Свіслач аматарамі прыроды Мінскага аўтамабільнага з-да (ініцыятар Ф.​І.​Рэўзін). З 1995 сучасная назва. З 1997 дзярж. прадпрыемства. Пл. 17,5 га. Працуюць секцыі: млекакормячых, птушак, паўзуноў, кармлення, вет.; гурток юннатаў. Трымае больш за 600 экз. жывёл каля 110 відаў (1999). Сярод іх: тупайя, мартышка, макака-рэзус, лама, высакародны алень, дзік, дзікабраз, шыншыла, буры мядзведзь, воўк, ліса, пясец, рысь, насуха, тхор, чаротавы кот, султанка, паўлін, асаед, беркут, пустальга, філін, удаў, браз. вуж, жаба-ваданос, квакша, экзатычныя беспазваночныя і інш.; жывёлы, занесеныя ў Чырв. кнігу МСАП: еўрап. муфлон, аліўкавы агуці, даўгахвосты сурок, караткавухі слановы скакунчык, каралеўскі і залаты фазаны, мандарынка, арлан-белахвост, цёмны тыгравы пітон і інш. Многія жывёлы размнажаюцца.

Ю.​В.​Рабаў.

т. 10, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)