Ме́ра, ме́рка ’адзінка вымярэння (мера збожжа ў 20 гарнцаў; круглая пасудзіна з клёпак для сыпкіх цел ≈ 1 пуд; краўцоўскі метр; лубянка; для ручнога абмервання палеткаў; памер за памол у млыне)’, ’велічыня, ступень’ (ТСБМ, Яруш., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Сцяц., Шат., Мат. Гом., Нас.; кір., Нар. сл.). Укр.мі́ра, рус.ме́ра, польск.miara, н.- і в.-луж.měra, чэш.míra, славац.miera, славен.mẹ́ra, серб.-харв.мје̏ра, макед.мера, балг.мяра, ст.-слав.мѣра. Прасл.měra. Утворана ад і.-е. асновы *mē‑ пры дапамозе суфікса ‑ra. І.‑е. адпаведнікі: літ.mãtas, mãstas, ст.-інд.māti ’мерае’, mátram, mátrā ’мера’, лац.mētior ’мераю’, ст.-грэч.μητίς ’рада, розум’, μητιάω ’раблю выснову’, гоц.mēla ’меха — мера збожжа’, mot ’год’, літ.mẽtai ’тс’, ст.-в.-ням.meʒʒan ’мераць’, māa ’мера’ (Бернекер, 2, 50; Траўтман, 179; Мее, 404; Фасмер, 2, 600; Скок, 2, 437; Бязлай, 2, 178; Шустар-Шэўц, 12, 899; Чайкіна, РР, 1972, 2, 112–114). Сюды ж ме́раць, ме́рыць ’вызначаць велічыню, колькасць, ацэньваць’, ’надзяваць для прымеркі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ме́рны ’рытмічны’, ’сярэдні паводле сілы, памераў’ (ТСБМ, Нас., ТС), ме́ршчык ’той, хто мерае’ (Нас.), ме́рыцца ’меціць, намервацца’ (ТСБМ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МЕЛО́ДЫЯ (ад грэч. melōdia спевы, напеў, песня, мелодыя),
асноўны выразны сродак музыкі, у якім у непарыўным адзінстве суіснуюць гукавышынны (уласна меладычны), рытмічны і ладавы бакі. Канкрэтныя мелодыі валодаюць таксама тэмбравай, рэгістравай, дынамічнай і агагічнай выразнасцю. Інтанацыйная прырода М. (гл.Інтанацыя) надае ёй нац., жанравую, часткова сац. характэрнасць, збліжае з чалавечай мовай, што выяўляецца ў гукавым вырашэнні, асэнсаванай расчлянёнасці на матывы («словы»), фразы і сказы, у яе змястоўнай і камунікатыўнай функцыях. Цэласнасць, пластычнасць і злітнасць М. як найважнейшага сэнсавага кампанента музыкі забяспечвае аб’яднанне ў ёй характэрных інтанацый (пытання, воклічу, сцвярджэння і інш.) з агульнымі формамі паступеннага меладычнага руху. Суадносіны гэтых момантаў вызначаюцца стылем і жанрам М., яе прыналежнасцю да пэўнага тыпу — рэчытатыўна-дэкламацыйнага, арыёзнага, кантыленнага. Вакальная першааснова М. (залежнасць ад дыхання і галасавога апарата) выяўляецца ў асаблівасцях яе структуры і дынамічнага разгортвання, уласцівых вак. і інстр. мелодыцы, розным стылям, жанрам і меладычным тыпам. Гэта — хвалевая будова («меладычнае дыханне») і натуральнае ўзмацненне дынамікі пры пераходзе ў верхні рэгістр, а пры зыходным руху і вяртанні ў першапачатковы рэгістр — яе аслабленне. Выразнасць канкрэтнай М. ў многім залежыць ад віду меладычнай хвалі (прамой ці зваротнай), яе працягласці, размяшчэння кульмінацыйнага пункта — у пачатку (т.зв. «вяршыня-крыніца», у высокай ступені ўласцівая ўсх.-слав. песеннасці), сярэдзіне або ў канцы хвалі, а таксама ад рытмічнай і ладавай арганізацыі, але перш-наперш ад інтанацыйнага зместу. У нар. і прафес. музыцы аднагалосая М. нярэдка выступае ў тэрцовых, секставых і інш. дубліроўках. У фальклоры найб. пашырана тэрцовая ўтора, у прафес. музыцы — разнастайныя акордавыя згушчэнні, што ўтвараюць свайго роду шматгалосую мелодыю. Роля М. неаднолькавая ў поліфаніі, гамафоніі, манодыі. У поліфаніі М. адначасова спалучаецца з інш. раўнапраўнымі ёй галасамі. У гамафонных творах М. — вядучы голас, утварае першы план на фоне гарманічнага суправаджэння. У манадычных стылях нар., стараж. культавай, класічнай музыкі народаў Усходу М. — адзіны і паўнацэнны носьбіт маст. зместу. Прафес. музыка 20 ст. характарызуецца выключнай разнастайнасцю меладычных стыляў, у якіх адлюстраваны заканамернасці архаічных фальклорных слаёў і сучасныя складаналадавыя, новамадальныя, дадэкафонныя і інш. структуры. У бел. музыказнаўстве асн. ўвага даследаванняў скіравана на выяўленне меладычных асаблівасцей бел.нар. музыкі і іх ператварэнне ў прафес. музыцы ў крыніцу нац. спецыфікі.
Літ.:
Мазель Л.А. О мелодии. М., 1952;
Ручьевская Е. Мелодия сквозь призму жанра // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Корчмар Л.О. Учение о мелодии в XVIII в. // Вопросы теории музыки. М., 1970. Вып. 2;
Арановский М.Г. Синтаксическая структура мелодии. М., 1991;
Елатов В.И. Мелодические основы белорусской народной музыки. Мн., 1970;
Титова Т.А. О современных аспектах термина «мелодия» // Вопросы методологии современного музыкознания. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
паме́р, ‑у, м.
1. Велічыня чаго‑н. у адным або некалькіх вымярэннях. У сасновым бары, каля самай сядзібы запаведніка, выдзелены для.. [гадавальніка] участак зямлі, памерам у адзін гектар.В. Вольскі.Без канца і меры.. [дрэўцы] рассявала тут усюды старая таполя, памераў незвычайных.Чорны.
2. Ступень развіцця, велічыня, маштаб якой‑н. з’явы, здарэння і г. д. Аляксей падумаў, якія вялізныя памеры наступлення і — колькі тут войск, людзей, што .. нецярпліва, парыўна яшчэ чакаюць сваёй пары!..Мележ.Бадай што няма большай небяспекі, чым тая, памераў якой яшчэ не ведаеш.Карпюк.
3. Мерка, нумар якога‑н. прадмета. З раніцы да позняга вечара топчуць.. [двор] падэшвы чаравікаў самых розных фасонаў і памераў — ад 18‑га да 38‑га нумару.Жычка.
4.Спец. Камбінацыя тых ці іншых элементаў (націскных і ненаціскных або доўгіх ці кароткіх складоў), якая паўтараецца ў вершы і з’яўляецца асновай вершаванага рытму. Перабрана мноства класічных памераў ад ямба да анапеста.У. Калеснік.Кожная з дарэвалюцыйных паэм Купалы пісалася адным намерам.Бярозкін.// Тая ці іншая колькасць і размяшчэнне рытмічных адзінак у музыкальным такце, якія ўтвараюць рытмічны лад музычнага твора.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чачо́тка1, ‑і, ДМ ‑тцы; Рмн. ‑так; ж.
1. Невялікая пеўчая птушка сямейства ўюрковых. Трохі далей, якраз ля і дарогі, у кроне старой разгалістай грушы трапечуць крыльцамі і шчабечуць чачоткі.Хомчанка.
2. Хуткі, рытмічны танец з частым пастукваннем падэшваў і абцасаў аб падлогу, а таксама музыка да гэтага танца. Гралі.. [кравец і каваль] тое, што трэба было на абыходак тутэйшым людзям, — польку, кракавяка, чачотку.Чорны.// Дробнае пастукванне ног (у час танца). Марыя выбіла чачотку і, увайшоўшы ў азарт, пусцілася па кругу.Гроднеў./уперан.ужыв.А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў.Астрэйка.А карась чачотку выбіваюць: Зялёны панцыр цяжкіх лапухоў Спрабуюць скінуць, выскачыць жадаюць У вольны свет травы, вады глухой.Прануза.
чачо́тка2, ‑і, ДМ ‑тцы; Рмн. ‑так; ж.
Від бярозы з прыгожай узорнай драўнінай на разрэзе; карэльская бяроза. [Серада:] Мы яе па-культурнаму пачалі называць: авіябяроза. Бо раней — так сабе па-вясковаму: чачотка дый толькі.Брыль.// Драўніна такой бярозы. Пасучы кон[ей], ён [Нямко] заўсёды што-небудзь рабіў: то плёў лапці, .. то вымайстроўваў якую-небудзь штучку з чачоткі.Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НЕАГЕ́НАВАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), неаген (ад неа... + грэч. genos нараджэнне, узрост),
2-я сістэма кайназойскай эратэмы (групы), адпавядае 2-му перыяду кайназойскай эры гісторыі Зямлі. Назву даў аўстр. геолаг М.Гёрнес у 1853. У стратыграфічнай шкале размяшчаецца пасля палеагенавай сістэмы (перыяду) і папярэднічае антрапагенавай сістэме (перыяду). Удакладненыя храналагічныя рамкі сістэмы 23,8—1,77 млн.г. назад. Падзяляецца на 2 аддзелы — міяцэнавы аддзел (эпоха) 23,8—5,32 млн.г. назад і пліяцэнавы аддзел (эпоха) 5,32—1,77 млн.г. назад.
У неагене аформіліся сучасныя абрысы сушы і мора, завяршылася гораўтварэнне Альпійскай геасінклінальнай вобласці, узніклі сучасныя астраўныя дугі. Хуткі рост гор суправаджаўся складка- і шар’яжаўтварэннем, вулканічнай дзейнасцю, глабальнымі ваганнямі ўзроўню акіяна. Гэтыя працэсы вызначалі пахаладанне клімату і расшырэнне зледзянення Антарктыды пераважна ў 2-й пал. неагену. Ваганні клімату мелі выразны рытмічны характар (у міяцэне прыкладна з 3,7 млн. гадоў). У раннім міяцэне — моцнае пацяпленне і гумідызацыя клімату Зямлі, максімум якіх адбыўся 17—15 млн.г. назад. Потым узмацнілася тэндэнцыя да пахаладання і арыдызацыі клімату, у 1-й пал. пліяцэну з’явіліся покрыўныя ледавікі ў Паўн. паўшар’і. Зніжэнне т-р выклікала дыферэнцыяцыю ландшафтных зон, якія да канца пліяцэну занялі блізкае да сучаснага становішча. На фарміраванне прыродных умоў Еўропы меў уплыў цёплы акіян Тэціс і звязаны з ім вялізны кантынентальны марскі басейн Паратэціс на Пд сучаснай Еўропы, якія з сярэдняга міяцэну пачалі распадацца, утварыўшы Міжземнае мора, Азова-Чарнаморскі і Каспійскі басейны. Да канца неагену сфарміраваліся сучасныя рысы рэльефу і гідраграфічнай сеткі Зямлі. Адклады неагену трапляюцца на ўсіх кантынентах (пясчана-гліністая, маласавая, наземна-вулканагенная фармацыі) і на дне акіянаў (пясчана-гліністая, карбанатна-абломкавая, біягенная і эвапарытавая фармацыі); уключаюць радовішчы нафты, бурага вугалю, лігнітаў, радзей каменнага вугалю. Есць радовішчы серы, каменнай солі, баксітаў, россыпы рэдкіх металаў, а таксама бентанітавых і палыгарскітавых глін, алунітаў, каалінітаў, галузітаў, буд. матэрыялаў, керамічнай і цэментнай сыравіны, ртуці, волава, свінцу, цынку і інш. У раслінным свеце на сушы панавалі вышэйшыя расліны: пакрытанасенныя і голанасенныя. Ва ўмераных шыротах (у т. л. на тэр. Беларусі) асноўным кампанентам лясной расліннасці былі лістападныя дрэвы. У жывёльным свеце з’явіліся хобатныя, коневыя, бавіды і інш.; адбылося адасабленне сярод прыматаў сям. гамінідаў і роду рамапітэк (14 млн.г. назад), які даў першага прамога продка сучаснага чалавека.
На Беларусі ў міяцэне вылучаны 2 надгарызонты: брынёўскі (уключае смалярскі і букчанскі гарызонты) і антопальскі (бурноскі, лозскі, дзятомлінскі і асоцкі гарызонты), пліяцэн адпавядае калочынскаму надгарызонту (з холмецкім і дварэцкім гарызонтамі). Адклады Н.с.(п.) прадстаўлены кантынентальнымі фацыямі рачнога, азёрнага і балотнага генезісу, займаюць значныя плошчы на Палессі. Месцамі выходзяць на паверхню. Магутнасць адкладаў у Падляска-Брэсцкай упадзіне да 36 м, Прыпяцкім прагіне да 60 м. Пераважаюць кварцавыя пяскі, алеўрыты і гліны (з перавагай каалініту, монтмарыланіту), сярод якіх трапляюцца праслоі і лінзы бурага вугалю. Распрацоўваюцца радовішчы тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, шкловых пяскоў, разведаны радовішчы бурага вугалю (Жыткавіцкае, Брынёўскае і Тонежскае).
Літ.:
Стратиграфия СССР Неогеновая система. Полутома 1—2. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),
від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.
Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл.Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.
На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл.гл. таксама да арт.Абраз, Беларуская іканапісная школа.
Літ.:
Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;
Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;
Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд.Мн., 1995.
А.А.Ярашэвіч.
Да арт.Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.Да арт.Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.Да арт.Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).Да арт.Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.Да арт.Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.Да арт.Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.Да арт.Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,
адзін з найб.стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.
Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав.карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.
Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб.стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж.акад.нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.
Літ.:
Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;
Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;
Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;
Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;
Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;
Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.
Ю.М.Чурко.
Да арт.Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
фігу́ра
(лац. figura = вобраз, форма)
1) форма, абрысы чаго-н.;
2) знешнія абрысы чалавечага цела;
3) постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры або жывапісе;
4) перан. чалавек як носьбіт якіх-н. уласцівасцей (напр. палітычная ф.);
5) перан. важная, значная асоба (напр. буйная ф. у навуцы);
6) становішча цела, прадмета (у танцы, пры палёце);
7) ігральная фішка (напр. шахматная ф.);
8) мат. сукупнасць пунктаў на плоскасці або ў прасторы (геаметрычная ф.);
9) муз. меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор;
10) моўны зварот, які надае мове асаблівую выразнасць (напр. стылістычная ф.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ІНТАНА́ЦЫЯў музыцы,
1) у шырокім значэнні — носьбіт сэнсавага пачатку ў музыцы (эмацыянальнага, лагічнага, нац. і сац.-характэрнага). Выяўляецца толькі ў рэальным гучанні, таму побач з рысамі, закладзенымі ў пэўны твор кампазітарам і зафіксаванымі ў нотным тэксце, перадае і непаўторнасць індывід. выказвання, т.зв. І. выканальніцкая.
Тэорыя І., распрацаваная Б.Асаф’евым, на першы план вылучае значэнне меладычнага боку, дзе найб. відавочная сувязь з гукавышыннай (інтанацыйнай) арганізацыяй чалавечай гаворкі, яе мелодыкай. Акрамя таго, мелодыка-інтанацыйны бок знаходзіцца ў зоне актыўнага слухацкага ўспрымання і таму ў найб. ступені даступны для інтанавання і запамінання (постінтанавання). У І. як з’яве перш за ўсё меладычнай у непарыўным адзінстве выступаюць усе аспекты музыкі: гукавышынны, ладагарманічны, рытмічны, тэмбравы, дынамічны і агагічны. У залежнасці ад стылю, аўтарскай задумы і кантэксту на першы план можа выступаць уласна меладычная, гарманічная, тэмбравая і інш. інтанацыйнасць. І. выканальніцкая — асаблівасці агагічнага і тэмбравага, часткова дынамічнага і тэмпавага прачытання муз. тэксту. Пры спевах і ігры на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (напр., струнных) яна выяўляецца і ў вар’іраванні гукаў у межах пэўнай частотнай зоны.
У вузкім значэнні — кароткі меладычны зварот, найчасцей меладычная папеўка, якая ў сістэме муз.-маст. цэлага выконвае ролю найменшай муз. сэнсавай адзінкі. Адрозніваюць І. з моўнай выразнасцю (І. пытання, воклічу, сцвярджэння), жанрава-характэрныя (фанфарныя, маршавыя, рытуальна-заклінальныя), нац.-характэрныя (трыхордавыя папеўкі ў слав. песеннасці). У параўнанні са словам у мове муз. І. менш канкрэтная, больш залежыць ад кантэксту, ёй уласціва значная гісторыка-стылявая абнаўляльнасць. Спецыфічныя значэнні паняцце І. набывае: пры вызначэнні ступені акустычнай дакладнасці ў вак. інтанаванні або пры выкананні на інструментах з нефіксаванай вышынёй гуку (чыстая або фальшывая І.); у вытворчасці ці настройцы інструментаў з фіксаванай вышынёй гуку (арган, фартэпіяна); у зах.-еўрап. сярэдневяковай вак. музыцы (кароткія сольныя фразы святара, што папярэднічалі антыфонам ці псалмам); у інстр. музыцы 16—17 ст. (арганныя ці клавірныя п’есы ўступнага характару, падобныя да прэлюдыі ці інтрады).
Нар. музыка ў яе аўтэнтычных праяўленнях прынцыпова інтанацыйная па сваёй прыродзе і сутнасці. Кожны напеў (найгрыш) пры паўторных выкананнях нібы нараджаецца нанава ў выканальніцкай імправізацыі. Уласцівая нар. музыцы сац.-гіст. абумоўленасць выяўляецца ў працэсе пераінтанавання, калі ідэнтычныя паводле фармальна-муз. паказчыкаў напевы атрымліваюць розную інтанацыйную афарбоўку і інш. семантычную нагрузку. У больш вузкім значэнні І. трактуецца ў адносінах да аўтэнтычнага фальклору як пэўнае спалучэнне тонаў (напр., квінтавая І.), ладава-рытмічныя звароты, характэрныя культуры пэўнага этнагр. рэгіёна Пры гэтым гукавышынныя, ладавыя, рытмічныя і тэмбравыя сродкі выразнасці ў музыцы вуснай традыцыі арганічна раўнапраўныя, а іх экспрэсіўная сіла часта грунтуецца на рознанакіраванасці іх уздзеяння паводле прынцыпу адначасовага кантрасту. У дастасаванні да нар. музыкі асаф’еўская тэорыя І. найб. паслядоўна развіта этнамузыколагамі пецярбургскай школы Я.Гіпіусам, З.Эвальд, Ф.Рубцовым, якія пашырылі асн. палажэнні гэтай тэорыі і на бел. аўтэнтычны фальклор і ў многім садзейнічалі замацаванню школы бел. этнамузыкалогіі.
Літ.:
Асафьев Б.В. Музыкальная форма как процесс. Кн. 1—2. 2 изд. Л., 1971;
Яго ж. О народной музыке. Л., 1987;
Орлова Е.М. Б.В.Асафьев. Л., 1964;
Земцовский И. Б.В.Асафьев и методологические основы интонационного анализа народной музыки // Критика и музыкознание. Л., 1980. Вып. 2;
Эвальд З.В. Социальное переосмысление жнивных песен Белорусского Полесья // Эвальд З.В. Песни Белорусского Полесья. М., 1979;
Рубцов Ф.А. Интонационные связи в песенном творчестве славянских народов. Л., 1962;
Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв.). Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пра́вільны, ‑ая, ‑ае.
1. Які адпавядае правілам, заснаваны на правілах (у 1 знач.); беспамылковы. Правільнае напісанне. □ Ярохін сказаў не на зусім правільнай, але выразнай англійскай мове: — Малайчына! Вы паглядзіце толькі, дзе ён пасадзіў нас. Па пятаку.Шамякін.// Заканамерны, рэгулярны. [Лютынскі:] Севазварот будуецца таксама толькі на строгім і правільным чаргаванні клетак.Крапіва.
2. Які адпавядае сапраўднасці; праўдзівы. [Валя] трымае.. [гадзіннік] у руцэ, просіць дзяўчыну-прадаўшчыцу завесці яго, паставіць стрэлкі на правільны час.Пестрак.
3. Такі, як патрэбна, які прыводзіць да патрэбных вынікаў. Правільны ўчынак. □ Адзіка правільным шляхам да шчасця — да заможнага і культурнага жыцця — для нас, сялян, з’яўляецца калгасны шлях.Брыль.//Разм. Добры, справядлівы (звычайна пра чалавека). — Правільны чалавек наш камандзір, — зазначыў ён нібы сам сабе.Краўчанка.— Правільны чалавек твой бацька, — пахваліў Васільеў.Алешка.
4.Рытмічны, раўнамерны, які дзейнічае пастаянна. Правільны пульс.
5. Які адпавядае правілам прапорцыі, сіметрыі. З аднаго боку над балотам цягнуўся вал досыць правільным паўкругам.Колас.Сталь — белая, бы чыстае срэбра, — правільным авалам астывала ля гарлавіны.Савіцкі./ Пра рысы твару. [Жанчына] мела надзвычай правільны твар з прыемным здаровым смуглым колерам.Карпюк.
6.Спец. Такі, усе стораны і вуглы якога роўны паміж сабой (пра многавугольнік). Правільны многавугольнік.
•••
Правільны дробгл. дроб 2.
Збіцца з правільнай дарогігл. збіцца.
Збіць з правільнай дарогігл. збіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)