КАНСТА́НТА [ад лац. constans (constantis) пастаянны, нязменны] у вершаскладанні, асноўны рытмастваральны кампанент, які вызначае рытмічную прыроду верша. У сілабічным вершаскладанні К. з’яўляецца аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках, у сілаба-танічным вершаскладанні — раўнамернасць чаргавання націскных складоў, у танічным вершаскладанні — раўнамернасць чаргавання аднолькавай колькасці моцных (апорных) націскаў. К. называюць таксама апошні рытмічны націск у радках сілаба-танічнага верша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРШАРА́Д,
радок верша, у якім цалкам змяшчаецца схема памеру вершаванага. У большасці паэт. твораў вершарад супадае з вершаваным радком. Але каб рытмічны малюнак верша зрабіць больш разнастайным, вылучыць інтанацыйна асобныя словы і словазлучэнні і гэтым падкрэсліць пэўныя думкі, паэты ў асобных выпадках графічна дзеляць вершарад на некалькі радкоў: «Ой, зіма, // Зіма, // Зіма! // Весялей цябе // Няма» (П.Броўка, «Зімовыя малюнкі»). Тут 2 вершарады чатырохстопнага харэя падзелены на 5 радкоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКАТУ́РА (ням. Arkatur),
рытмічны рад дэкаратыўных несапраўдных арак на фасадах будынкаў або на сценах унутры памяшканняў. Выконвае ролю фрыза, зрэдку дапоўненага кансолямі, паўкалонкамі, лапаткамі. Узнікла ў раманскай архітэктуры 10—13 ст. Пашырылася ў збудаваннях стыляў готыкі і рэнесансу, у якіх выкарыстоўваліся спічастыя і круглыя аркі ў аздабленні сцен, вежаў, франтонаў, у несапраўднай готыцы і псеўдарускім стылі.
Аркатура на фасадзе царквы Санты-Марыя э Даната ў Венецыі. 12 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРКА́ДА (франц. arcade),
шэраг аднолькавых па велічыні і абрысах арак, якія апіраюцца на слупы або калоны і ствараюць разам з імі рытмічны паслядоўны рад. Бываюць канструкцыйныя (успрымаюць нагрузку верхніх частак будынкаў) і дэкар. (стаяць асобна або ўтвараюць «сляпыя» аркады). Аркады з’явіліся ў архітэктуры Стараж. Рыма. На Беларусі пашырыліся з 16 ст. ў архітэктуры рэнесансу, барока, класіцызму ў адкрытых галерэях гандл. радоў (у Пінску, Нясвіжы), палацаў (у г.п. Ружаны Пружанскага р-на), гасп. будынкаў (лямус брыгіцкага кляштара ў Гродне), а таксама як дэкар. элемент — аркатура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКАРО́ЛА (італьян. barcarola ад barca лодка),
лірычная песня венецыянскіх гандальераў (наз. таксама гандальерай). Муз. памер . Для баркаролы тыповыя мяккае пагойдванне руху мелодыі накшталт плёскату хваляў, манатонны рытмічны малюнак суправаджэння, мінорны лад. З 18 ст. жанр прафес. музыкі; найб. пашыраны ў 19 ст. У такіх баркаролах мажорны лад, памер 12/8, 3/4 і інш. Сустракалася ў операх пераважна італьян. і франц. кампазітараў. Вакальныя баркаролы ёсць у Ф.Шуберта, М.Глінкі, баркаролы для фп. — у Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, А.Лядава і інш. У аснове некаторых баркарол — нар. мелодыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭ́НТ (ад лац. accentus націск),
1) тое, што націск.
2) Знак націску над літарай («вада́»).
3) Асаблівасці вымаўлення, уласцівыя асобе, якая гаворыць не на роднай мове.
4) Вылучэнне, падкрэсліванне таго, што з’яўляецца найб. важным, галоўным у артыкуле, маст. творы і г.д. 5) У музыцы — вылучэнне, падкрэсліванне гуку або акорда. Адрозніваюць акцэнт дынамічны (узмацненне гучання), метрычны (вылучэнне апорных доляў такта), рытмічны (перанясенне націску з апорных доляў на слабыя — сінкопа, рытмічнае падаўжэнне гуку), агагічны (затрымка або зацягванне гуку), меладычны (вылучэнне гуку меладычным скачком або арнаментальнай фігурай). Сродкам акцэнтавання служыць і раптоўная змена гармоніі, тэмбру і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТАНЬЕ́ТЫ (ісп. castanetas ад лац. castanea каштан),
ударны муз. інструмент. Найб. пашыраны ў Іспаніі, а таксама ў Паўд. Італіі і краінах Лац. Амерыкі. Складаюцца з 2 пар (бо́льшая для левай рукі) драўляных ці пластмасавых пласцінак у форме ракавін, змацаваных папарна шнурком, пад які прасоўваюць вял. палец так, каб К. злучаліся асновамі, а канцы іх крыху разыходзіліся. Гук атрымліваюць ударамі ракавін адна аб адну з дапамогай інш. пальцаў. Правай рукой выконваюць рытмічны малюнак, левай — яго апорныя долі. Выкарыстоўваюць К. для суправаджэння танцаў. У еўрап.сімф. аркестрах выкарыстоўваюць аркестравыя К., замацаваныя папарна на канцах спец. дзяржання, пры лёгкім патрэсванні якога здабываецца гук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎСКІЯ МО́ВЫ,
падгрупа фіна-угорскіх моў. Мовы мардвы. Распаўсюджана ў Мардовіі, Башкортастане, Татарстане, Чувашыі, Ніжагародскай, Арэнбургскай, Пензенскай, Саратаўскай і інш. абласцях Расіі. Да М.м. належаць макшанская (мокша-мардоўская) і эрзянская (эрзя-мардоўская) мовы. Шматдыялектныя. У макшанскай мове 7 галосных і 33 зычныя; націск пераважна на 1-м складзе (абумоўлены якасцю галосных словаформы). У эрзянскай мове 5 галосных і 28 зычных; націск фразавы і рытмічны. М.м. аглюцінатыўныя мовы. У значэнні прыназоўнікаў ужываюцца паслялогі. Больш за 10 склонаў, 3 тыпы скланення, адсутнасць катэгорыі роду, 7 ладоў дзеяслова, 2 спражэнні. У лексіцы шмат русізмаў, ёсць цюркізмы, балт. і іранскія запазычанні. 2 літ. мовы, якія сфарміраваліся на аснове макшанскіх і эрзянскіх дыялектаў б. адзінай агульнамардоўскай мовы: макшанская (сфарміравалася да сярэдзіны 1930-х г.) і эрзянская (у канцы 1920-х г.). Пісьменства на розных мардоўскіх дыялектах (лац. і рус. графіка) з канца 17 ст. У аснове мардоўскага пісьма рус. графіка і арфаграфія (з сярэдзіны 18 ст.).
Літ.:
Грамматика мордовских языков: Фонетика, графика, орфография, морфология. Саранск, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛАЎ (Аляксандр Лявонавіч) (11.9. 1876, с. Благавешчанскае Арлоўскай вобл., Расія — 25.10.1914),
расійскі збіральнік і даследчык нар. музыкі, педагог. Вучыўся ў Муз.-драм. вучылішчы пры Маскоўскім філарманічным т-ве (1895—1902). Чл.Музычна-этнаграфічнай камісіі (з 1901), выдавец і рэдактар час. «Музыка и жизнь» (1908—12). З 1907 выкладаў у Нар. кансерваторыі ў Маскве. Аўтар навук. працы «Быліны, іх паходжанне, рытмічны і меладычны склад» (1910) і інш. Запісваў бел. песні ў Магілёўскай і Смаленскай губ. (першы запісаў і апублікаваў бел. быліну «Тры асілкі»), апрацоўваў іх і паказваў у этнагр. канцэртах. У 1908 у дакладзе пра бел.нар. песеннасць адзначыў яе стылявыя адрозненні ад роднасных усх.-слав.муз. культур і зрабіў пераканальную спробу гіст. вытлумачэння гэтай з’явы. У складзеным ім «Ілюстраваным апісанні музычных інструментаў, што захоўваюцца ў Дашкаўскім этнагр. музеі ў Маскве» (1909) змясціў выявы некат. бел.нар. інструментаў, іх замеры і гукарады.
Літ.:
Русская мысль о музыкальном фольклоре. М., 1979. С. 46, 58—62, 65, 279—319.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮА́НС (франц. nuance),
адценне, тонкае адрозненне. 1) У выяўленчым мастацтве ледзь бачны пераход аднаго колеравага тону ў другі (у жывапісе), адной святлоценявой градацыі ў другую (у скульптуры, графіцы). Сукупнасць адценняў (нюансіроўка) выкарыстоўваецца для дасягнення больш тонкай мадэліроўкі выявы.
2) У архітэктуры і горадабудаўніцтве адзін са сродкаў стварэння кампазіцыі будынкаў, збудаванняў, комплексаў і ансамбляў, пры якім выкарыстоўваюцца падобныя маст. якасці асобных элементаў, што ствараюць рытмічны рад. У процілегласць кантрасту, дзе пераважаюць адрозненні аднародных якасцей, Н. згладжвае гэтыя адрозненні, дае магчымасць у пэўнай ступені выправіць няўдалыя суадносіны асобных частак кампазіцыі.
3) У музыцы Н. падзяляюцца на дынамічныя (гл.Дынаміка), тэмпавыя (гл.Тэмп) і тыя, што раскрываюць эмац. характар музыкі (напр., dolce пяшчотна, tenebroso змрочна, con spirito адухоўлена, appassionato страсна, maestoso велічна). Сукупнасць Н. (нюансіроўка) вызначаецца ўнутр. сутнасцю і характарам музыкі, яе стылем і асаблівасцямі структуры муз. твора. Асн. Н. выканання пазначаюцца аўтарам і з’яўляюцца арыенцірам інтэрпрэтацыі твора. Канкрэтны спосаб нюансіроўкі залежыць пераважна ад індывід. творчай манеры выканаўцы, чым тлумачыцца множнасць і непаўторнасць інтэрпрэтацый аднаго твора. Н. пазначаюць звычайна італьян.муз. тэрміналогіяй.