МАРСКО́Е ДНО (прававы рэжым),

глыбакаводнае марское дно, якое размешчана па-за знешнімі межамі кантынент. шэльфа. Прынцыпы і нормы міжнар. прававога рэжыму М.д. вызначаны Канвенцыяй ААН па марскім праве 1982. Паводле Канвенцыі, агульныя паводзіны дзяржаў у адносінах да гэтага раёна павінны адпавядаць яе палажэнням, прынцыпам Статута ААН і інш. нормам міжнар. права ў інтарэсах падтрымання міру і бяспекі і садзейнічання міжнар. супрацоўніцтву і ўзаемаразуменню. Прававы рэжым М.д. не закранае прававога статуса вод, якія яго пакрываюць, і паветр. прасторы над ім. Канвенцыя абвясціла М.д. агульнай спадчынай чалавецтва. Ні адна дзяржава не можа прэтэндаваць на суверэнітэт або суверэнныя правы ці ажыццяўляць іх у адносінах нейкай часткі гэтага раёна М.д. або яго рэсурсаў, ні адна дзяржава, фіз. або юрыд. асоба не можа прысвойваць ніякую частку дадзенага раёна і яго рэсурсы. Гл. таксама Марское права.

т. 10, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

тэрыто́рыя

(лац. territorium, ад terra = зямля)

1) зямельная прастора з пэўнымі межамі (напр. т. раёна, т. горада);

2) вобласць распаўсюджання якіх-н. з’яў (напр. моўная т.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

КО́ЙДАНАЎСКІ РАЁН,

назва Дзяржынскага раёна Мінскай вобл. з 17.7.1924 да 15.3.1932, з 15.3 да 29.6.1932 наз. Койданаўскі нац. польскі раён.

т. 8, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прэсты́ж, ‑у, м.

Кніжн. Аўтарытэт, перавага, якім карыстаецца хто‑, што‑н. Падняць прэстыж. Прэстыж сацыялістычнага лагера. □ — Мне здаецца, таварыш Рыбакоў, — афіцыяльным тонам, каб падтрымаць свой прэстыж, сказаў маёр, — вам трэба давесці гэтую справу да канца. Асіпенка. Няхай у крытыцы Паходні ёсць і доля праўды, але ж трэба думаць аб прэстыжы эмтээс і ўсяго раёна. Хадкевіч.

[Фр. prestige.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ВАРАНГА́Л,

горад на Пд Індыі, у штаце Андхра-Прадэш. Каля 400 тыс. ж. (1990). Цэнтр с.-г. раёна. Вытв-сць баваўняных тканін і дываноў.

т. 3, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДА-КАШАЛЁЎСКІ РАЁН,

на ПнУ Гомельскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 45,9 тыс. чал. (1996), гарадскога 26%. Цэнтр раёнаг. Буда-Кашалёва; г.п. Уваравічы; 269 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 21 сельсавет: Акцябрскі, Буда-Люшаўскі, Бярвенаўскі, Глазаўскі, Губіцкі, Гусявіцкі, Дуравіцкі, Забалоцкі, Івольскі, Камунараўскі, Кашалёўскі, Крыўскі, Ліпініцкі, Марозавіцкі, Мікалаеўскі, Недайскі, Патапаўскі, Рагінскі, Узаўскі, Чабатовіцкі, Шырокаўскі. Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) частка раёна забруджана радыенуклідамі, 10 населеных пунктаў адселены.

Раён размешчаны ў межах Чачорскай раўніны (паўн.-ўсх. частка) і Гомельскага Палесся (паўн.-зах. частка). Паверхня раўнінная. Пераважаюць выш. 130—150 м, найвыш. пункт 157,6 м (каля в. Анастасьеўка). Карысныя выкапні: торф, цэментныя, тугаплаўкія, керамічныя гліны, буд. пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 562 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Дняпро, цякуць Уза, Ліпа і Чачора (прытокі р. Сож). Пераважаюць дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя глебы. Пад лясамі 22,5% тэр. раёна; лясы ў асноўным хваёвыя і чорнаальховыя; найб. масівы на З — Борхаўская лясная дача і інш. На тэр. раёна біял. заказнік Буда-Кашалёўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 106,5 тыс. га, з іх асушана 27,7 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 13 калгасаў і 16 саўгасаў; 2 птушкафабрыкі, 25 фермерскіх гаспадарак. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., лёгкай (ільновалакно) і буд. матэрыялаў прам-сці. Лясгас. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Бабруйск—Гомель, аўтадарога Магілёў—Гомель. У раёне 25 сярэдніх, 13 базавых і 3 пач. школы, 6 муз. і дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 35 дашкольных устаноў, 46 клубаў, 44 б-кі, 5 бальніц, 33 фельч.-ак. пункты. Выдаецца газ. «Авангард».

т. 3, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НЦАВІЦКІ РАЁН,

на ПнУ Брэсцкай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,7 тыс. км². Нас. 37,7 тыс. чал. (1996), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. км². Цэнтр раёнаг. Ганцавічы; 36 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 8 сельсаветаў: Агарэвіцкі, Дзяніскавіцкі, Любашаўскі, Люсінскі, Малькавіцкі, Нацкі, Хатыніцкі, Чудзінскі.

Раён у межах паўд.-ўсх. ч. Прыпяцкага Палесся. Паверхня плоскахвалістая раўнінная, пераважна выш. 150—160 м, найвыш. пункт 195,8 м (на Пн раёна, каля в. Шашкі). Карысныя выкапні: торф, буд. пяскі гліны. Сярэдняя т-ра студз. -5,7 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 645 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Найб. р. Лань (на ёй вадасх. Лактышы) з прытокамі Нача, Цна, Бобрык. Пашыраны тарфяна-балотныя, дзярнова-падзолістыя, забалочаныя глебы. Лясы займаюць 53% тэр. раёна; пераважна хваёвыя, чорнаальховыя і бярозавыя. Пад балотамі — 16 тыс. га, найб. балотныя масівы Саніта, Падвялікі Мох, Пусташ-Дабралуцкае, Галь, Пятрова Паляна. На тэр. раёна гідралагічны заказнік Падвялікі Мох і частка заказніка Выганашчанскае, біял. заказнік Борскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,1 тыс. га, з іх асушана 29,4 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 14 калгасаў і саўгасаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля. Пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Лясгас. На тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Ганцавічы—Лунінец, аўтадарогі Ганцавічы—Лунінец, Ганцавічы—Пінск. У раёне 15 сярэдніх, 8 базавых і 3 пач. школы, 18 дашкольных устаноў, 32 клубы, 28 б-к, 5 бальніц, 11 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Агарэвічы; цэрквы Юр’еўская (1896) у в. Будча, Георгіеўская канца 19 ст. ў в. Вял. Круговічы, Юр’еўская (1867) у в. Чудзін. Выдаецца газ. «Савецкае Палессе».

К.​Р.​Кірэенка.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТРЫНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—31 і 1935—60. Утвораны 17.7.1924 у складзе Полацкай акр. (да 26.7.1930). Пл. 913 км², нас. 34,9 тыс. чал. (1925). 821 нас. пункт. Цэнтр раёнаг.п. Ветрына. Падзяляўся на 12 сельсаветаў. 8.7.1931 раён скасаваны, яго тэр. далучана да Полацкага р-на. 12.2.1935 адноўлены. Пл. новага раёна 1,1 тыс. км². З 21.6.1935 у складзе Полацкай акр., з 20.2.1938 — Віцебскай вобл., з 20.9.1944 — Полацкай вобл. 20.1.1960 скасаваны, яго тэр. перададзена ў склад Ушацкага і Полацкага р-наў.

т. 4, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-ВІ́ЦЕБСКІ РАЁН,

назва Віцебскага раёна ў ліп.вер. 1924 у адрозненне ад Паўн.-Віцебскага р-на, які называўся Лосвідскім, потым Кузняцоўскім. Цэнтр — г. Віцебск.

т. 12, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ РАЁН,

на У Гомельскай вобл. Утвораны 8.12.1926. Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 20,7 тыс. чал. (1995), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 12,9 чал. на 1 км². Цэнтр раёнаг. Ветка, 88 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 11 сельсаветаў: Вяліканямкоўскі, Данілавіцкі, Маланямкоўскі, Неглюбскі, Прыснянскі, Радужскі, Свяцілавіцкі, Стаўбунскі, Хальчанскі, Шарсцінскі, Яноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986), адселена 16 700 жыхароў з 53 населеных пунктаў.

Большая ч. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся, паўн., паўд.-зах. і ўсх. часткі — на Чачорскай раўніне. Паверхня раўнінная, пераважаюць выш. 120—150 м, найвыш. пункт 188,9 м (на ПдУ раёна, каля в. Старое Закружжа). Карысныя выкапні: торф, вапна, мел, гліны для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 580 мм за год. Вегетац. перыяд 193 сут. Рака Сож з прытокамі Беседзь, Нёманка, Спонка, Ліпа. У поймах рэк шмат старыц. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лясамі 30,3% тэр. раёна. Найб. лясістасць на ПнЗ па левабярэжжы Сажа. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя і чорнаальховыя. Балоты займаюць 10,3 тыс. га. Біял. заказнік Веткаўскі.

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 51 тыс. га, з іх асушана 16,6 тыс. га. На 1.1.1996 у раёне 5 калгасаў і 10 саўгасаў. Конезавод «Гомельскі». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя, кармавыя культуры, бульбу, агародніну. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэгла, сталярныя вырабы), тэкст. (пража, пакрывалы, ручнікі), харч. (масла, крухмал) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Гомель—Ветка—Свяцілавічы—Чачэрск, Буда-Кашалёва—Ветка—Добруш. Суднаходства па Сажы і Беседзі. У раёне 11 сярэдніх, 3 базавыя, 5 пач. школ, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 15 дашкольных устаноў, 26 клубаў, 21 б-ка, 4 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў, пансіянат для ветэранаў Вял. Айч. вайны і працы. Помнік архітэктуры — сядзіба пач. 19 ст. ў в. Хальч. Вёска Неглюбка — цэнтр ткацкага рамяства. Выдаецца газ. «Голас Веткаўшчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 4, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)