ПАЛЕАПАТАМАЛО́ГІЯ (ад палеа... +грэч. potamos рака + ...логія),
навука аб стараж. рэках, якія захаваліся ў выглядзе алювіяльных адкладаў і пахаваных рачных далін; частка палеагеаграфіі і гідралогіі рэк. Пры вывучэнні стараж. рэк выкарыстоўваюць комплекс геал., геамарфалагічных, палеанталагічных і інш. метадаў. П. высвятляе ўмовы намнажэння, заляганне, склад, фацыяльную зменлівасць алювіяльных адкладаў, іх узрост, суадносіны з ледавіковымі, марскімі і інш. тыпамі адкладаў, асаблівасці расліннага і жывёльнага свету ў былых рачных сістэмах. Праводзяцца палеагеаграфічныя рэканструкцыі стараж. рачной сеткі, вызначаецца скорасць цячэння, расходы вады, энергія эразійнага размыву і г.д. Алювій пахаваных далін мае ў сабе розныя карысныя выкапні (напр., россыпы высакародных і рэдкіх металаў, вял. запасы прэснай вады). Рэкі, што існавалі ў познім пратэразоі і раннім палеазоі (да дэвону), наз.эарэкамі, у познім палеазоі і мезазоі — пратарэкамі, у палеагене і неагене — палеарэкамі, у плейстацэне — прарэкамі. Заснавальнік П. (1929) чэш. вучоны Ф.Ржыкоўскі. На Беларусі навук. даследаванні ў галіне П. праводзіліся пад кіраўніцтвам Г.І.Гарэцкага (Дзярж. прэмія СССР 1971 за палеапатамалагічныя даследаванні).
Літ.:
Горецкий Г.И. Основные проблемы палеопотамологии антропогена // Бюл. комиссии АНСССР по изучению четвертичного периода. 1974. № 42;
Яго ж. Особенности палеопотамологии ледниковых областей (на примере Белорусского Понеманья). Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГОНАПЕРАКУ́ЛЬНІК,
збудаванне для механізаванай разгрузкі насыпных грузаў з чыг. паўвагонаў. Разгрузка ажыццяўляецца пры перакульванні або нахіленні паўвагонаў, якія замацоўваюцца на спец. платформе, у падоўжным ці папярочным напрамках. Адрозніваюць вагонаперакульнікі бакавыя, тарцовыя (лабавыя) і камбінаваныя (шматразова паварочваюць або нахіляюць вагон вакол папярочнай, потым падоўжнай восі). Бакавыя і тарцовыя вагонаперакульнікі бываюць перасоўныя і стацыянарныя, камбінаваныя — толькі стацыянарныя. Вагонаперакульнікі забяспечваюць разгрузку 20—30 вагонаў за гадзіну. Выкарыстоўваюцца на чыгунках, коксахім. і металургічных з-дах, у марскіх і рачных партах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЙМАВЫЯ ГЛЕ́БЫ, алювіяльныя глебы,
тыпы глеб, якія ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыяд. затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю (населенасцю жывымі істотамі), інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфал. профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, мех. складу, ступені агляення, колькасці гумусу П.г. падзяляюцца на поймавыя дзярновыя, поймавыя дзярновыя забалочаныя і поймавыя тарфяна-балотныя глебы. Найб. пашыраны на Палессі. Большасць П.г. вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму (арашэнне, асушэнне). Выкарыстоўваюць пад сенажаці і пашы, радзей пад вырошчванне агародніны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́Р (англ. monitor),
клас нізкабортных браніраваных ваен. караблёў з малой асадкай, прызначаных для нанясення артыл. удараў па берагавых аб’ектах праціўніка, знішчэння яго караблёў у прыбярэжных раёнах мора і на рэках.
Назва ад аднайм. карабля, пабудаванага ў пач.грамадз. вайны 1861—65 у ЗША Пазней падобныя марскія М. з’явіліся ў Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і інш. З канца 19 ст. яны замяняліся браняносцамі берагавой абароны, з пач. 20 ст. — лінейнымі караблямі. Рачныя М. (будаваліся з канца 1860-х г., упершыню з’явіліся на Дунаі) выкарыстоўваліся для артыл. падтрымкі сухап. войск, высадкі дэсанта, аховы ўласных і парушэння варожых рачных камунікацый. У СССР (Кіеў) у 1934—37 пабудаваны 7 рачных М., у т. л.«Жалезнякоў», для Дняпроўскай ваеннай флатыліі (ДВФ; з 1940 частка ў Дунайскай флатыліі). Буд-ва марскіх і рачных М. спынена пасля 2-й сусв. вайны.
З вясны 1922 у Пінску (Зах. Беларусь), дзе пасля польска-сав. вайны 1919—20 была адноўлена польск. Пінская флатылія (ПФ), базіраваліся рачныя М. «Мазыр» (у 1923 перайменаваны ў «Торунь») і «Варшава», з 1926 (пасля расфарміравання польск. Віслінскай флатыліі) — М. «Пінск» і «Гарадзішча». Яны пабудаваны ў 1920 у Данцыгу (Гданьску, у гіст. л-ры часам наз. «гданьскія М.»). У 1924—26 у Кракаве для ПФ пабудаваны і больш лёгкія М. «Кракаў» і «Вільна». 17—21.9.1939 у час паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь усе М. затоплены («Вільна» сеў на мель на Прыпяці і 18 вер. ўзарваны экіпажам). У вер.—кастр. 1939 караблі падняты і адрамантаваны сав. маракамі. Пасля пераўзбраення і перайменавання («Варшава» ў «Віцебск», «Гарадзішча» ў «Бабруйск», «Торунь» у «Вінніцу», «Кракаў» у «Смаленск», «Пінск» у «Жытомір») яны ўключаны ў ДВФ з гал. базай у Пінску, а пасля расфарміравання флатыліі (чэрв. 1940) — у Пінскую ваенную флатылію. Летам—восенню 1941 у ходзе абарончых баёў на Прыпяці, Бярэзіне, Дняпры М. знішчаны.
Літ.:
Павлович Р. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;
Яго ж. Мониторы польской Пинской флотилии: история и судьба // Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мн., 1998. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛО́ТНЫЯ ВО́ДЫ, тарфяныя воды,
утвараюцца на балотах, характарызуюцца павышанай колькасцю арган. рэчываў, кіслай рэакцыяй і цёмна-карычневым колерам. Балотныя воды вярховых балотаў маюць невял. агульную мінералізацыю (да 60 мг/л), у іх хім. саставе пераважаюць іоны кальцыю і магнію. Агульная мінералізацыя водаў нізінных балотаў 60—550 мг/л, уключаюць іоны магнію, калію, натрыю, амонію, жалеза, хлору і інш. Арганічных рэчываў 75—168 мг/л, пераважна гумусавыя, ёсць гумінавыя кіслоты. Балотныя воды ўплываюць на хім. састаў рачных водаў; агрэсіўныя ў адносінах да бетону.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́К (Stratiotes),
род кветкавых раслін сям. жабнікавых. 1 від — Р. звычайны, або алоэпадобны (S. aloides). Пашыраны ў Еўразіі. Трапляецца ў прэсных стаячых і слабапраточных водах, утварае зараснікі, якія прыводзяць да абмялення вадаёмаў. На Беларусі расце ў старыцах, рачных затоках, азёрах.
Шматгадовыя алушчаныя ў ваду (усплываюць у час цвіцення) травяністыя расліны выш. 15—45 см. Лісце сабранае ў разетку, лінейна-ланцэтнае, цвёрдае, з пілаватым краем, якім лёгка парэзацца (адсюль назва). Кветкі аднаполыя, белыя, даволі буйныя. Плод — ягадападобны. Кармавыя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЮВІЯ́ЛЬНЫЯ РАЎНІ́НЫ,
нізінныя прасторы, якія ўтварыліся ў выніку акумуляцыйнай дзейнасці вял. рэк на месцы шырокіх і доўгіх паніжэнняў зямной паверхні [напр., Паданская раўніна (Італія), Вял. Кітайская раўніна]. Паверхня алювіяльных раўнін складаецца з шырокіх поймаў, фрагментаў рачных тэрас. На Беларусі найб. паніжаныя месцы (да 130 м над узр. м.) з амаль плоскім рэльефам заняты балотамі і забалочанымі ўчасткамі з пясчанымі дзюнамі (выдмамі). Значныя ч.Бел. Палесся (Гомельскае і Прыпяцкае Палессі) — фрагменты алювіяльных і водна-ледавіковых раўнін, дзе на месцы Прыпяцкага прагіну намножыліся водна-ледавіковыя адклады, алювій Дняпра і яго прытокаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ СУДНАБУДАЎНІ́ЧА-СУДНАРАМО́НТНЫ ЗАВО́Д.
Засн ў 1918 як суднарамонтныя майстэрні для рамонту суднаў Дняпроўскай ваен. флатыліі. У 1921 пабудаваны машыннае аддзяленне, кавальскі, ліцейны, сталярны і кляпальны цэхі. З 1935 пасля пашырэння суднарамонтны з-д. У 1938 пачаў суднабудаванне. У 1941 эвакуіраваны ў г. Сталінград, дзе выпускаў боепрыпасы для фронту. У 1944 пачалося аднаўленне ў Гомелі. У 1946—50 узведзены новы будынак з-да. З 1959 сучасная назва. Асн. прадукцыя (1997): цеплаходы «Палессе» на падводных крылах і інш. пасажырскія цеплаходы розных мадыфікацый; рамонт рачных суднаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́НСКАЯ НІЗІ́НА, Аквітанская нізіна,
на ПдЗ Францыі, у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Гарона, паміж Цэнтр.Франц. масівам і Пірэнеямі. Выш. да 200—300 м. Працягласць каля 200 км. Размешчана на месцы перадгорнага тэктанічнага прагіну; складзена пераважна з рыхлых кайназойскіх адкладаў. У рэльефе — чаргаванне шырокіх рачных далін (р. Гарона з прытокамі, прытокі р. Адур) і плоскіх, месцамі ўзвышаных, міжрэччаў; уздоўж Біскайскага заліва — пясчаная забалочаная частка нізіны — Ланды, з вял. колькасцю азёр. Масівы шыракалістых і пасаджаных хваёвых лясоў, міжземнаморскія хмызнякі. Сады, вінаграднікі, пасевы збожжавых, вырошчваецца тытунь. Найб. горад — Бардо.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ ШЭ́РАЯ (Anser anser),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.
Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.