БРУК (Саламон Ільіч) (н. 1.7.1920, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

рускі этнограф. Чл.-кар. АН СССР (1987), д-р геагр. н. (1965), праф. (1971). Засл. дз. нав. Расіі (1980). Скончыў Маскоўскі ун-т (1947). З 1956 у Ін-це этналогіі і антрапалогіі Расійскай АН. Распрацаваў тэарэт. прынцыпы, метады і спосабы этнічнага картаграфавання. Асн. працы па этнічнай геаграфіі і краіназнаўстве: «Колькасць і рассяленне народаў свету» (1962), «Насельніцтва зямнога шара» (1965), «Краіны і народы: Зямля і чалавецтва» і «Праблемы этнічнай геаграфіі і картаграфіі» (1978; усе ў сааўт.), «Насельніцтва свету: Этнадэмаграфічны даведнік» (2-е выд. 1986). Дзярж. прэмія СССР 1987.

т. 3, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЛЕ́НЬЕЎ (Іван Іванавіч) (?—22.2.1784),

расійскі астраном, геадэзіст, падарожнік. Вучань Л.Эйлера. Атрымаў падрыхтоўку ў акад. абсерваторыі. З 1771 ад’юнкт у Геагр. дэпартаменце Пецярбургскай АН. Прапанаваў новы метад вызначэння геагр. даўгаты. У 1768 накіраваны ў Якуцк для назірання за праходжаннем Венеры праз дыск Сонца. Справаздача надрукавана асобна («Назіранні з выпадку праходжання Венеры па Сонцы, у Якуцку зробленае капітанам І.​І.​Ісленьевым», СПб., 1769) і ў «Каментарыях» АН (т. 14, 1770). Абследаваў Сібір, Паволжа, Прыдняпроўе і інш. раёны. Кіраўнік экспедыцыі 1773 у Беларусь (Рагачоў, Магілёў, Віцебск, Полацк і інш. гарады). Складальнік шэрагу геагр. карт.

Н.​Ю.​Бярозкіна.

т. 7, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁВА (Яўгенія Антонаўна) (н. 28.8.1924, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. актрыса. Засл. артыстка Беларусі (1989). Скончыла студыю Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1949); працавала ў гэтым тэатры ў 1949—94. Створаныя ёю вобразы адметныя шчырасцю, праўдзівасцю, нар. гумарам. З лепшых роляў: Поля («Характары» паводле В.​Шукшына), Дама («Цытадэль славы» К.​Губарэвіча), Аксана («Таблетку пад язык» А.​Макаёнка), Альжбета, Жанчына («Паўлінка», «Тутэйшыя» Я.​Купалы), Акуліна («Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.​Мележа), Суседка («Ажаніцца — не журыцца» паводле Далецкіх і М.​Чарота), Маці Мотэла («Памінальная малітва» паводле Шолам-Алейхема) і інш.

М.​А.​Бартніцкая.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАВАЛЁЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (31.12.1915, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 18.12.1991),

украінскі скульптар. Нар. мастак СССР (1979). Скончыў Кіеўскі маст. ін-т (1942). Майстар станковага і манум. партрэта (П.​Чайкоўскага, Л.​Равуцкага, абодва 1945; А.​Фёдарава, 1985, і інш.). Творы вылучаюцца дакладнай пластычнай прапрацоўкай і жывапіснасцю форм. Аўтар помнікаў А.​Пушкіну ў Кіеве (1962) і Нью-Йорку (1970), М.​Лысенку ў Кіеве (1965), М.​Гогалю ў с. Гогалева Палтаўскай вобл. (1984) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1950, Дзярж. прэмія Украіны імя Т.​Шаўчэнкі 1975.

Літ.:

Янко Д. О.​О.​Ковальов. Київ, 1964.

Аляксандр Аляксандравіч Кавалёў. Помнік А.​Пушкіну. 1962. Кіеў.

т. 7, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖБАНКО́Ў (Расціслаў Георгіевіч) (н. 30.10.1930, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1954). З 1959 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі вугляводаў, бялкоў, прыродных і сінт. палімераў. Даследаваў і сістэматызаваў спектральныя характарыстыкі асн. стэрэаізамерных форм вугляводаў, выявіў асн. тыпы канфармацыі монацукрыдаў і іх палімераў, распрацаваў комплекс спектраскапічных метадаў тонкага структурнага аналізу розных відаў палімераў.

Тв.:

Физика целлюлозы и ее производных. Мн., 1983 (разам з П.​В.​Казловым);

Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988 (разам з В.​П.​Пановым).

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРАДАВО́ЛЬЦАЎ-АФІЦЭ́РАЎ ГУРТКІ́.

Дзейнічалі ў 1880-я г. Нарадавольская Ваен. арг-цыя з гурткамі ў Пецярбургу, Кранштаце і Гельсінгфорсе ўзнікла ў 1881. У канцы 1881 выканком «Народнай волі» пачаў пашыраць дзейнасць Ваен. арг-цыі. У пач. 1882 член Цэнтр. ваен. групы М.​Рагачоў наведаў Мінск, Віцебск, Вільню з мэтай стварэння ваен. гурткоў з мясц. афіцэраў. У 1882—83 афіцэрскія гурткі існавалі ў Мінску, Пінску, Гродне, Бабруйску, Оршы і Магілёве. Яны падпарадкоўваліся Ваен.-рэв. цэнтру «Народнай волі». У Мінску такі гурток існаваў і ў 1884—85 пасля правалу Цэнтр. ваен. групы «Народнай волі» і арышту яе кіраўнікоў.

М.​А.​Сакалова.

т. 11, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУДРА́ЕЎ (Уладзімір Георгіевіч) (3.6.1899, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 25.3.1963),

партыйны і дзярж. дзеяч БССР. Скончыў спец. курсы пры ЦК ВКП(б) (1950). З 1925 на прафс. рабоце. З 1933 на парт. рабоце ў Чырвонаслабодскім, Глускім і Парыцкім р-нах. З 1940 2-і сакратар Мінскага, 1-ы сакратар Палескага, Беластоцкага абкомаў КП(б)Б. З 1943 1-ы сакратар Беластоцкага, Віцебскага абкомаў КП(б)Б. З 1950 1-ы нам., з 1952 нам. старшыні СМ БССР. У 1956—58 міністр хлебапрадуктаў БССР. Чл. ЦК КПБ у 1949—60. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1947—59, Вярх. Савета СССР у 1946—54.

т. 8, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ АКРУ́ГА,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Бабруйск. Пл. 14,5 тыс. км², нас. 499,8 тыс. чал. (1924). У 1924—27 уключала 12 раёнаў (Асіповіцкі, Бабруйскі 1-ы і 2-і, Буда-Кашалёўскі, Гарадзецкі, Глускі, Жлобінскі, Клічаўскі, Парыцкі, Рагачоўскі, Свіслацкі, Стрэшынскі), 3 гарады (Бабруйск, Жлобін, Рагачоў), 4 мястэчкі (Асіповічы, Глуск, Парычы, Стрэшын), 145 сельсаветаў. На працягу 1927 у складзе Бабруйскай акругі са скасаванай Слуцкай акругі перададзены Любанскі, Слуцкі, Старадарожскі, Старобінскі, Чырвонаслабодскі р-ны; Бабруйскія 1-ы і 2-і р-ны аб’яднаны ў адзіны Бабруйскі р-н, Гарадзецкі і Стрэшынскі скасаваны, Буда-Кашалёўскі р-н перададзены ў склад Гомельскай акругі. Акр. газ. «Камуніст». 26.7.1930 Бабруйская акруга скасавана.

т. 2, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРАЧО́Ў (Уладзімір Карпавіч) (14.7.1926, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне эканомікі. Д-р эканам. н. (1977), праф. (1979). Засл. дз. н. Латвіі (1986). Скончыў Ленінградскі дзярж. ун-т (1957). З 1968 у Мінскім радыётэхн. ін-це, з 1969 у БДУ (у 1971—78 заг. кафедры палітэканоміі). У 1978—92 заг. кафедры палітэканоміі Рыжскага ін-та інжынераў грамадз. авіяцыі. З 1992 на прамысл. прадпрыемствах Рэчыцы. Даследуе тэаратыка-метадалагічныя праблемы фарміравання эканам. свядомасці, методыкі выкладання і вывучэння эканам. тэорыі ў ВНУ, метады эканоміка-матэм. аналізу работы прамысл. прадпрыемстваў.

Тв.:

Экономическое сознание как фактор развития общественного производства при социализме (методологический анализ). Мн., 1977;

Экономические знания — наука и идеология. Рига, 1988.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́НЦБУРГ (Аляксандр Ільіч) (1.3.1907, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 15.11.1972),

бел. і рускі кінааператар і рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1955), Расіі (1969). Скончыў Ленінградскі электратэхн. ін-т (1934). Працаваў на кінастудыі «Ленфільм» (з 1925), імя М.​Горкага (з 1943), «Беларусьфільм» (1948—58). Аператар маст. фільмаў «Сустрэчны» (1932, з Ж.​Мартавым і У.​Рапапортам), «Камсамольск» (1938), «Член урада» (1940), «Валерый Чкалаў» (1941), «Два байцы» (1943), «Канстанцін Заслонаў» (1949), фільмаў-спектакляў «Паўлінка» (1952), «Пяюць жаваранкі» (1953), «Хто смяецца апошнім» (1954). Яго аператарскаму майстэрству характэрны лаканізм кампазіцыі ў пабудове кадра, увага да маст. дэталі і пейзажу. Сааўтар сцэнарыя і аператар фільма «Хрустальны чаравічак» (1961), па сваіх сцэнарыях паставіў фільм «Аднойчы ноччу» (1962, з Э.​Файкам) і «Гіпербалоід інжынера Гарына» (1966).

т. 5, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)