МО́ШЭЛЕС ((Moscheles) Ігнац) (23.5.1794, Прага — 10.3.1870),

нямецкі піяніст, дырыжор, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Пражскай кансерваторыі, з 1808 — у Вене ў І.​Г.​Альбрэхтсбергера і А.Сальеры. З 1816 гастраліраваў па еўрап. краінах. З 1821 у Лондане, да 1846 праф. каралеўскай Акадэміі музыкі, у 1832—41 дырыжор і адзін з дырэктараў Каралеўскага філарманічнага т-ва. У 1846—70 праф. Лейпцыгскай кансерваторыі. Майстар фп. імправізацыі, развіваў традыцыі В.​А.​Моцарта і І.​Гумеля Выступаў у фп. дуэтах з Ф.Мендэльсонам. Інтэрпрэтатар і прапагандыст музыкі Л.​Бетховена. Па даручэнні Бетховена зрабіў клавір яго оперы «Фідэліо» (1814). Аўтар 8 фп. канцэртаў, камерных ансамбляў і інш.

т. 10, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРЖА́НАЎ (Віктар Карпавіч) (н. 15.8.1919, г. Тамбоў, Расія),

расійскі піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1966). Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1941). Вучань С.​Фейнберга (фп.) і А.Гедыке (арган). З 1946 саліст Маскоўскай філармоніі. З 1947 выкладчык Маскоўскай кансерваторыі (з 1964 праф., з 1985 заг. кафедры), у 1973—78 адначасова праф. Вышэйшай муз. школы ў Варшаве. Выступае як саліст і ансамбліст. Вядзе курсы фп. майстэрства. Аўтар артыкулаў па муз. педагогіцы. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў у Маскве (1945), Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.​Шапэна ў Варшаве (1949). Дзярж. прэмія Расіі 1996.

т. 11, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУХА́ЛЬСКІ (Уладзімір Вячаслававіч) (2.4.1848, Мінск — 23.2.1933),

рас. і ўкр. піяніст, педагог, кампазітар і муз. дзеяч. Засл. праф. Украіны (1928). Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1874) і выкладаў у ёй. З 1876 у Кіеўскім муз. вучылішчы (з 1877 дырэктар). З 1913 праф. Кіеўскай кансерваторыі (у 1913—14 першы дырэктар). Зрабіў значны ўклад у развіццё ўкр. муз. культуры і адукацыі. Стварыў школу піяністаў, вядомую за межамі Украіны. Аўтар оперы «Валерыя» (паст. 1923), «Маларасійскай (Украінскай) фантазіі» для аркестра, канцэрта для фп. з арк., «Эцюдаў у арпеджыях», фп. п’ес, рамансаў і інш. Сярод вучняў А.​Браілоўскі, У.Горавіц, Р.​Коган, Л.Нікалаеў і інш.

т. 13, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБІНШТЭ́ЙН ((Rubinstein) Артур) (28.1.1887, г. Лодзь, Польшча — 20.12.1982),

польскі піяніст. Вучыўся ў Варшаве і Берліне ў Р.​Брайтгаўпта, М.​Бруха, І.​Падарэўскага і інш. З 1898 канцэртаваў у розных краінах свету. З 1937 жыў у ЗША, з 1954 — у Францыі. Выступаў як саліст і ансамбліст у дуэтах і трыо са скрыпачамі Я.​Хейфецам, Г.​Шэрынгам, віяланчэлістамі Р.​Пяцігорскім, Э.​Феерманам. Адзін з лепшых выканаўцаў твораў Ф.​Шапэна, І.​Брамса, К.​Шыманоўскага. Значнае месца ў рэпертуары займалі творы ісп. і браз. кампазітараў. Аўтар фп. і камерных твораў, мемуараў «Мае маладыя гады» (1973).

Літ.:

Хентова С. А.​Рубинштейн. М., 1971.

т. 13, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБАДЖАНЯ́Н (Арно Аруцюнавіч) (22.1.1921, г. Ерэван — 11.11.1983),

армянскі кампазітар, піяніст. Нар. арт. Арменіі (1962). Нар. арт. СССР (1971). Скончыў Ерэванскую (1947) і Маскоўскую (1948) кансерваторыі. Аўтар «Гераічнай балады» для фп. з арк. (1950), фп. трыо (1952), санаты для скрыпкі і фп. (1959), канцэрта для віяланчэлі (1962), 2 струнных квартэтаў, твораў для фп., у т. л. «6 карцін» (1965), эстрадных песень (найб. папулярныя «Песня першага кахання», «Не спяшайся», «Загадай жаданне», «Лепшы горад зямлі»), музыкі да спектакляў і кінафільмаў і інш. Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэміі Арменіі 1967, 1983.

Літ.:

Григорян А. Арно Бабаджанян. М., 1961;

Аматуни С.Б. Арно Бабаджанян: Инструм. творчество. Ереван, 1985.

т. 2, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́РНСТАЙН ((Bernstein) Леанард) (25.8.1918, г. Лорэнс, штат Масачусетс, ЗША — 14.10.1990),

амерыканскі дырыжор, кампазітар, піяніст. Вучыўся ў Гарвардскім ун-це і Муз. ін-це Кёртыс. Удасканальваўся ў С.Кусявіцкага. Гал. дырыжор Нью-Йоркскіх філарманічнага (1958—69) і гарадскога (1945—48) аркестраў. З 1944 гастраліраваў як дырыжор і выканаўца фп. партыі ва ўласных і класічных творах, інтэрпрэтатар класічнай і сучаснай музыкі, у т. л. Дз.​Шастаковіча. Аўтар опер «Хваляванні на Таіці» (1956), «Ціхае месца» (1986), балетаў, мюзіклаў (у т. л. «Вестсайдская гісторыя», 1957), аперэты «Кандыд» (1956), 3 сімфоній (1943—63), вак. цыклаў, музыкі да кінафільмаў і інш. У кн. «Бясконцая разнастайнасць музыкі» (1966) выступіў супраць авангардызму.

т. 3, с. 121

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РАВІЦ ((Horowitz) Уладзімір Самойлавіч) (1.10.1904, г. Бярдзічаў, Украіна — 5.11.1989),

амерыканскі піяніст укр. паходжання. Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1921). Шмат канцэртаваў. З 1928 у Нью-Йорку. Адзін з буйнейшых піяністаў-віртуозаў 20 ст. Яго выкананне вызначалася бліскучай тэхнікай, бурным тэмпераментам, дынамічным напорам і разам з тым рамант. адухоўленасцю, паэт. вытанчанасцю, своеасаблівасцю трактоўкі. Сусв. вядомасць атрымаў перш за ўсё выкананнем буйных твораў Ф.​Ліста (многія ва ўласных, больш віртуозных апрацоўках), а таксама Ф.​Шапэна, П.​Чайкоўскага, С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, Р.​Шумана, М.​Мусаргскага, Д.​Скарлаці і інш. Сярод вучняў Б.​Джайніс.

Літ.:

Коган Г. Владимир Горовиц // Сов. Музыка. 1965. № 1;

Schonberg H. The great pianists. New York, 1963.

У.С.Горавіц.

т. 5, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ФМАН (Hofman, Hofmann) Іосіф (Юзаф; 20.1.1876, г. Кракаў, Польшча — 16.2.1957), польскі піяніст, педагог, кампазітар; адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу. Вучыўся ў Берліне ў М.​Машкоўскага і А.Рубінштэйна. У 1886—1946 канцэртаваў у краінах Еўропы і ЗША. З 1898 у ЗША. Заснавальнік (1924), праф. (з 1924), дырэктар (1926—38) Муз. ін-та Кёртыс у Філадэльфіі. Вядомы найперш як выканаўца твораў Ф.​Шапэна, а таксама Р.​Шумана, Ф.​Мендэльсона, Р.​Шуберта, Ф.​Ліста, Машкоўскага. Аўтар арк. і фартэпіянных твораў, кніг па тэхніцы фартэпіяннай ігры, якія маюць значную практычную каштоўнасць.

Тв.:

Рус. пер. — Фортепианная игра: Ответы на вопр. о фортепианной игре. М., 1961.

т. 5, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́СКІН (Міхаіл Сямёнавіч) (14.1.1905, Кіеў — 21.4.1991),

расійскі музыказнавец, піяніст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1962). Д-р мастацтвазнаўства (1946). Скончыў Ленінградскі ін-т гісторыі мастацтваў (1924), Ленінградскую кансерваторыю (1925), з 1935 выкладаў у ёй (праф. з 1947). Вучыўся ў Б.Асаф’ева і інш. Даследаваў замежную і рус. музыку, оперную і балетную драматургію, муз. гістарыяграфію.

Тв.:

Новая фортепианная музыка. Л., 1928;

Вопросы музыкальной драматургии оперы: На материале классич. наследия. Л., 1952;

История и современность. Л., 1960;

Зарубежная музыка первой половины XIX в. М., 1967;

О западно-европейской музыке XX в. М., 1973;

И.​Стравинский. 2 изд. Л., 1979;

И.​С.​Бах. М., 1982;

Очерки, статьи, заметки. Л., 1987.

т. 6, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫЛЁЎ (Аляксандр Львовіч) (3.9.1803, Масква — 11.9.1858),

рускі кампазітар, піяніст. Музыцы вучыўся ў бацькі, прыгоннага музыканта Л.​С.​Гурылёва, дырыжора і скрыпача аркестра графа У.​Р.​Арлова. У 1831 разам з бацькам атрымаў вольную, працаваў у Маскве. Яркі прадстаўнік дэмакр. кірунку ў рус. рамансе. Многія яго песні сталі народнымі. Найб. вядомыя песні, блізкія да быт. раманса: «Матачка-галубачка», «Аднастайна гучыць званочак», «Сарафанчык», «Уецца ластаўка», а таксама рамансы «Разлука» («На заранку туманнага юнацтва»), «Вам не зразумець майго смутку» і інш. Значная галіна яго творчасці — фп. музыка, у якой вылучаюцца варыяцыі на тэмы нар. песень, рамансаў, опер, а таксама фп. п’есы. Збіраў і апрацоўваў нар. песні.

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)